/Лёгіка эвалюцыі/

Па-за кантэкстам прэзідэнскіх выбараў і беларускага палітычнага каляндара

Паводле даволі пашыранага ўяўленьня, зьмены ў грамадстве адбываюцца праз палітычныя трансфармацыі, чаргаваньне палітычных эліт ці зьяўленьне новых палітычных лідараў.

Не цяжка заўважыць, што вось ужо 10 год, як менавіта такая схема прыкладаецца і да нашага грамадства. Каб упэўніцца у гэтым, дастаткова зьвярнуць увагу на тое, што іррацыянальная гульня пад назвай «выбары» штораз заангажоўвае ў сябе ня толькі палітыкаў, паліттэхнолягаў ды палітычна актыўных грамадзянаў, але і шматлікія НДА, прысутнасьць якіх у публічнай прасторы выяўляецца адно з набліжэньнем выбарчых кампаній. Гэтак жа сама і міжнародныя фундацыі, якія пасьля прэзідэнскіх выбараў 2001 г. страцілі былую цікавасьць да сітуацыі ў краіне, калі й пачынаюць актывізоўвацца, дык толькі з той жа самай нагоды — чарговай палітычнай падзеі ў Беларусі.

Гэткім чынам, я хачу сьцвердзіць, што ад сярэдзіны 90-х гг. практычна ўсё незалежнае беларускае грамадства прызвычаілася жыць паводле адной і той жа простай схемы — «ад выбараў да выбараў». І менавіта беларускі палітычны каляндар стаўся самым вызначальным фактарам дзейнасьці ня толькі палітыкаў, што цалкам натуральна, але і пераважнай большасьці трэцьцяга сектару ды шэрагу міжнародных структур.

А паколькі ўсе надзеі на зьмену сітуацыі ў краіне ўскладаюцца на палітычную апазіцыцыю, то кожная параза завяршалася ў папярэднія гады прыкладна аднолькава — расчараваньнем у палітыках, апатыяй і дэзарыентаванасьцю грамадскіх актывістаў ды шматлікіх НДА. З’едлівая, ацэнка патэнцыі беларускай апазыцыі завяршае, як правіла, чарговы цыкль палітычнай актыўнасьці. Нарэшце, у публікі гэта спараджае добра знаёмы ёй эфект deja vu.

Але сітуацыя паўтараецца, і з набліжэньнем палітычных кампаній хібы татальнай заангажаванасьці ў палітыку зноў робяцца заўважнымі. Напрыклад, сярод актыўнай часткі беларускага грамадства пачынае даволі істотна падаць узровень крытычнага стаўленьня да шмат якіх рэчаў. Усё, што не ўкладаецца ў палітычныя схемы, ігнаруецца. А некаторыя палітыкі пачынаюць прадукаваць фантастычныя ідэі. Спашлюся тут хаця б на ідэю генерала Фралова з кампаніяй адхіліць Лукашэнку ад удзелу ў выбарах да саміх выбараў ці прапанову З. Пазьняка наладзіць «народнае галасаваньне».

Чаму так адбываецца і што адбываецца яшчэ?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, я меней за ўсё схільны скрытыкаваць палітычную апазіцыю і сказаць, што галоўная праблема палягае ў яе слабасьці, як тое звычайна даводзяць ліберальныя аналітыкі і палітолягі. Дастаткова ўзгадаць, што ў сярэдзіне 90-х гадоў палітычная апазіцыя, якая сёньня мае тых жа самых лідараў, была адной з самых магутных на пост-савецкай прасторы.

Наўрад ці сьведчыць пра яе слабасьць і той факт, што ад сярэдзіны 90-х гг. і да прэзідэнскіх выбараў 2001 г. ёй фактычна удалося цалкам падпарадкаваць сабе трэцьці сектар. Тое ж адбывалася і з шэрагам недзяржаўных газет, якія сістэмна тыражавалі «чорна-белую» карцінку беларускай рэчаіснасьці, прадукаваную апазіцыйнымі палітыкамі і партыйнымі экспертамі.

Справа, між тым, палягае ў іншым, а менавіта: у самой рэчаіснасьці, якая ад тых часоў істотна зьмянілася.

Па-першае, неабходна прызнаць, што ў другой палове 90-х гг., калі пачаў назірацца спад пратэстных настрояў, большасьць беларускага насельніцтва ўжо знайшла для сябе адказы на некаторыя базавыя пытаньні сацыяльнага і эканамічнага жыцьця. А таму ў тым выглядзе, у якім палітычная апазіцыя існавала да сярэдзіны 90-х гадоў, яна для большасьці беларускага насельніцтва аказалася надалей непатрэбнай.

З гэтага зрабім яшчэ адну выснову, якая палітычнай апазіцыі тычыцца найменей, а менавіта, інтэлектуальная супольнасьць краіны ня здолела своечасова адрэфлексаваць сур’ёзныя зрухі, што адбыліся ў беларускім грамадстве. А, калі, і адрэфлексавала іх, дык ня здолела давесьці новае разуменьне сітуацыі да апазіцыйных палітычных структур.

Па-другое, праблема палягае і ў самім трэцьцім сектары, які альбо актыўна палітызаваўся (НДА ператвараліся ў філіі палітычных партый), альбо бюракратызаваўся, займаючыся дэманстрацыяй сваёй еднасьці і імітацыяй супольнай дзейнасьці. Інакш кажучы, шмат якія НДА паступова страчвалі сэнс усялякай працы з рознымі сацыяльнымі групоўкамі ды актуальнымі ці патэнцыйнымі (экс-тэрыторыяльнымі) супольнасьцямі беларускага грамадства. А страта цікавасьці з боку міжнародных дабрачынных інстытуцый да працэсаў, што адбываліся ў краіне, паспрыяла далейшай маргіналізацыі беларускага трэцьцяга сэктару.

Нарэшце, праблема палягае і ў тым, што большасьць цяперашняга беларускага грамадства зусім не жыве паводле таго самага палітычнага каляндара, які прапануюць ці навязваюць яму ці то ўлады, ці то апазіцыя, ці то ўлада і апазіцыя разам. Большасьць насельніцтва, як кажуць філёзафы, жыве ў іншай тэмпаральнасьці і зусім іншымі падзеямі. Тое азначае, што ў нашым грамадстве адбыўся яшчэ адзін зрух: а менавіта, калі ня большасьць, дык ладная частка беларускага грамадства аднолькава старонне ставіцца зараз як да ўлады, так і да палітычнай апазіцыі. А той новы імідж апазіцыі, які насёньня ўдала рэпрезентуе А. Мілінкевіч, яшчэ не пасьпеў істотна зьмяніць уяўленьні большасьці беларускага насельніцтва пра апазіцыю, і, тым больш, — стаўленьне да яе.

Парадаксальным пацьверджаньнем такога зруху зьяўляюцца факты, якія, як можа падацца, супярэчаць адзін аднаму, а менавіта, абыякава-пасіўнае стаўленьне большасьці беларускіх грамадзянаў да вынікаў мінулагодніх парляменцкіх выбараў і рэферэндума і даволі імклівы рост рэйтынгу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, які як, вядома, да апошняга часу не належыў да апазіцыйнай палітычнай эліты.

Тое азначае, што найбольш істотныя зьмены ў беларускім грамадстве адбыліся не ў сістэме палітычных каардынат і не ў стаўленьні да феномэна беларускай палітыкі (хаця і тут зьмены, безумоўна, мелі месца), а ў рэчышчы грамадзянскай самаідэнтыфікацыі і жыцьцёвых перспектываў, не зьвязаных з палітыкай, а таксама ў рэчышчы прыватнага і індывідуальнага стаўленьня да сітуацыі ў краіне.

Па вялікім рахунку, сьвядомасьць людзей, якія ўжо інакш успрымаюць сітуацыю ў краіне, не належыць ніводнаму з палітыкаў. У тым ліку і А. Лукашэнку. Яны не ідэнтыфікуюць сябе ні з уладай, ні з апазіцыйнымі палітычнымі структурамі. У рэальнасьці гэтыя людзі ўяўляюць зь сябе дысперсную групоўку, хаця іх (публічна не заманіфеставанае) стаўленьне да сёньняшняй беларускай сітуацыі, у тым ліку і палітычнай, — аднолькава негатыўнае. Гэтую групоўку можна назвать грамадзянскай апазіцыяй [1].

Гэткім чынам, мы маем у пэўным сэнсе парадаксальную сітуацыю: беларускі трэцці сектар, які мусіў бы дэпалітызоўвацца і тым самым стацца лідарам грамадзянскай апазыцыі, не зьяўляецца насёньня аніякім рэпрезентантам гэтай новай групоўкі людзей, якая, у сваю чаргу, рэальна ёсьць тым, што звычайна называюць грамадзянскай супольнасьцю.

Што да апазіцыйных палітычных партый, то схема палітычнай актыўнасьці «ад выбараў да выбараў», а таксама дэпалітызацыя значнай часткі беларускага грамадства не дазволілі ім заўважна пашырыць сваю электаральную базу ды кола сваіх прыхільнікаў.

Па-за палітычным кантэкстам у беларускім грамадстве адбываліся і яшчэ некаторыя важныя працэсы, што будуць уплываць на далейшую хаду падзеяў у краіне. Ахарактарызую іх каротка [2].

У беларускім грамадстве рэальна паўстала патрэба ў агульна-нацыянальных аб’яднальных сымболях. Маладыя людзі, якія напярэдадні значных спартовых спаборніцтваў з удзелам нацыянальных каманд ці беларускіх спартовых зорак абвешваюцца зялёна-чырвонымі сьцягамі і ходзяць па вуліцах, зусім не дэманструюць падтрымку сённяшняму рэжыму. Іхныя паводзіны матываваныя цалкам натуральным комплексам патрыятычных пачуцьцяў. Другі прыклад перамога К. Сітнік на конкурсе «Эўрабачаньня». Эмацыйная рэакцыя самых розных людзей (галоўным чынам тых, каго за савецкім часам называлі «простыя людзі») была надзвычай шчырая. А эмацыйны падтэкст — відавочны: «Мы — беларусы! І вось што мы можам!».

Узмацненьне пранезалежніцкіх настрояў. Гэта цалкам відавочны і натуральны працэс, які адбываецца нягледзячы на дэбеларусізацыю грамадства, што праводзіць сёньняшняя ўлада. Апошняе адбываецца з даволі простай прычыны: інтуітыўна ўлада адчувае, што нацыяналістычная ідэалёгія зьяўляецца ці, прынамсі, магла б быць моцным і дастаткова сур’ёзным канкурэнтам яе аўтарытарнай ідэалягічнай мадэлі. Фактычна любая нацыяналістычная ідэя ў той ці іншай ступені — таталітарыская. А рэальным і найбліжэйшым канкурэнтам адной таталітарнай ці аўтарытарнай ідэалёгіі зьяўляецца заўсёды іншая таталітарная ці аўтарытарная ідэалёгія.

У больш мягкім варыянце гэта выглядае так: нацыянальная ідэалёгія рэальна ёсьць грунтам фармаваньня грамадзянскай ідэнтычнасьці. І, наадварот, грамадзянская самавызначанасьць пры пэўных умовах лёгка ператвараецца ў падставу фармаваньня нацыянальнай (па-за этнічнай) ідэнтычнасьці. У любым выпадку гэтыя працэсы разбуральныя для той сістэмы ўлады, якая адзінай падставай свайго існаваньня мае самую сябе.

Дыстанцыяваньне ад сённьняшняй улады — яшчэ адзін працэс, у аснове якога ляжыць вычарпаньне папулісцкага рэсурсу А. Лукашэнкі. Таму не надта эфектыўная насёньня мадэль «наўпроставай камунікацыі з народам» замяняецца мадэльлю апасродкаванай камунікацыі праз ідэалягічную вертыкаль.

Дамінаваньне індывідуальных жыцьцёвых праектаў над калектывісцкімі. Пасьля прэзідэнскіх выбараў 2001 г. значная маса беларускага насельніцтва зрушыла зь мёртвай кропкі і «пусьцілася ў вольнае плаваньне». Ня маючы рэальных магчымасьцяў для самарэалізацыі ані ў палітычнай, ані ў публічнай прасторы яна аддае перавагу індівідуальным праектам свайго ўласнага жыцьця над калектывісцкімі. Адбываецца гэта паводле прыкладна такога прынцыпу: «Ды пайшлі вы ўсе на хрэн, не замінайце жыць». Гэта і ёсьць славутая беларуская стабільнасьць.

Набліжэньне да кропкі, калі навязаны страх у грамадстве пачне страчваць сваю рэгулятыўную функцыю ў паводзінах значнай колькасьці людзей. Гэтага яшчэ не адбылося, але гэта адбудзецца. Прычынай можа стацца любы збой у функцыянаваньні сёньняшняй «стройнай» сістэмы ўлады.

Пошук кірункаў геапалітычнага разьвіцьця краіны, што перадусім зьяўляецца справай беларускіх інтэлектуальных і культурніцкіх контр-эліт. Лішне казаць, што абраны ўладай геапалітычны кірунак зьяўляецца часовым. Аднак покуль у беларускім грамадстве ня будуць завершаны працэсы нацыянальнай і культурніцкай самаідэнтыфікацыі, а таксама працэсы самавызначэньня культурніцкіх і інтэлектуальных эліт і не адбудзецца іх кансалідацыя на падставе шэрагу базавых і беларусацэнтрычных каштоўнасьцяў, дагэтуль грамадства будзе знаходзіцца ў стане «падвешанага» геапалітычнага выбару.

Са сказанага я зраблю толькі адну выснову: мадэль палітычных трансфармацый, якая падманліва ўяўляецца самым кароткім шляхам зьмены палітычнай сітуацыі ў краіне, у беларускай рэальнасьці не зьяўляецца самай эфектыўнай. Палітычныя зьмены ў Беларусі адбудуцца адно тады, калі будуць прысьпешаны працэсы, што адбываюцца ў па-за палітычным кантэксьце, а менавіта: у сфэры грамадзянскай актыўнасьці, нацыянальнай і культурніцкай самаідэнтыфікацыі, а таксама, калі будзе давершаны працэс сапраўднай кансалідацыі беларускіх культурніцкіх і інтэлектуальных эліт на падставе базавых (агульна-эўрапейскіх) і беларусацэнтрычных каштоўнасьцяў.

1. В. Акудовіч Фрагменты, згубленныя па дарозе ў друкарню. Гл.: http://worvik.com/news/2005/11/25/131

2. Што да іншых працэсаў гл. Ales Ancipienka. Belarus or the «Other Europe», Beyond the New Borderline. In: Idea of Europe. Warsaw, 2004. Pp. 237 — 242.