Краіны Азіі, Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі: стратэгічная пераарыентацыя ці дэзарыентацыя?

Сяргей Богдан

Рэзюмэ

Стасункі Беларусі з развіванымі краінамі ў 2019 годзе абмяжоўваліся галоўным чынам зносінамі з дзяржавамі Азіі і Блізкага Усходу. Афрыка з Лацінскай Амерыкай амаль зніклі з далягляду беларускай дыпламатыі. Казаць пра застой ці інертнасць Мінска не выпадае – беларускі бок выпрабоўвае новыя метады і падыходы ў сваім супрацоўніцтве з гэтымі рэгіёнамі.

Палярызацыя свету і дамінаванне ў ім Захаду на чале з ЗША падштурхоўваюць Мінск не толькі да збліжэння з апошнімі, але і да адрэгулявання ўласнай палітыкі ў іншых рэгіёнах свету так, каб яна не замінала без патрэбы стасункам з Захадам.

Тэндэнцыі:

Замаруджванне і замарожванне

У штогадовым пасланні народу і Нацсходу 19 красавіка прэзідэнт Лукашэнка абвесціў пра нарошчванне супрацы з краінамі т. зв. “далёкай дугі” (Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі). Але кантакты з адпаведнымі дзяржавамі скараціліся, і сур’ёзнае палітычнае ўзаемадзеянне ў агляданы перыяд мела месца толькі з Кітаем, Турэччынай і Егіптам.

Красамоўнымі ў гэтым сэнсе былі сустрэчы беларускага лідара ў кулуарах Бішкекскага саміту ШАС у чэрвені. Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Афганістана Ашрафам Гані было зазначана, што дасягнутыя раней дамоўленасці не выкананыя, а ў гутарцы з прэм’ер-міністрам Пакістана Імран Ханам Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што “праз шэраг абставінаў працэс узаемадзеяння ў эканоміцы і гандлі замарудзіўся”.1

Стаўленне да Руху недалучэння таксама адлюстроўвае працэс маргіналізацыі супрацоўніцтва з краінамі “далёкай дугі”. На самітах Руху ў ліпені і кастрычніку беларускія дэлегацыі ўзначальвалі адпаведна прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

Не атрымліваецца дамагчыся, каб у структуры экспарту долі ЕАЭС, Еўрасаюза і іншых краін сталі прыблізна аднолькавымі. Больш за тое, у 37 замежных установах (з 57) не выконваюцца пастаўленыя заданні па экспарце тавараў. Па ўскосных прыкметах ёсць падставы меркаваць, што гэта ў асноўным установы ў краінах “далёкай дугі”.2

Мінск, зрэшты, не сядзеў склаўшы рукі. Дваццаць дзевятага студзеня прэзідэнт Беларусі падоўжыў на 2019–2020 гады дзеянне ўказа ад 24 верасня 2009 года № 466, які садзейнічае прасоўванню продажаў беларускай прадукцыі на новых рынках. Дваццаць другога красавіка стала вядома пра заключэнне паміж Беларуссю і Манголіяй міжурадавага пагаднення аб вылучэнні экспартнага крэдыту на пастаўкі беларускай тэхнікі.

Беларускі бок працягнуў выкарыстоўваць і гуманітарныя механізмы, да якіх ён звярнуўся ў апошнія гады, каб палепшыць стасункі з аддаленымі рэгіёнамі. Так, у 2015–2019 гадах Сірыі было перададзена чатыры партыі гуманітарнай дапамогі, прынята на адпачынак больш за тысячу сірыйскіх дзяцей.

У 2019 годзе на адпачынак былі запрошаныя і дзеткі з іншых краін, у тым ліку такіх розных, як Японія і Егіпет. У красавіку гуманітарная дапамога была аказаная пацярпелым ад цыклону Мазамбіку і Зімбабвэ. Упершыню Мінск вылучыў гранты на навучанне ў беларускіх ВНУ студэнтам з арабскіх краін, у прыватнасці Егіпта і Сірыі.

Беларусь выкарыстоўвае чалецтва ў ЕАЭС і хаўрусніцтва з Расіяй для падвышэння сваёй важнасці ў стасунках з некаторымі краінамі. Так, 14 лютага Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі, Ірана і Турэччыны ў Сочы. А ў студзені беларуская дэлегацыя ўзяла ўдзел у перамовах аб падпісанні пагаднення пра вольны гандаль паміж Егіптам і ЕАЭС у Каіры. Гэтая тэма зноў фігуравала падчас перамоваў прэзідэнтаў дзвюх краін у чэрвені.3 Таксама тэма ўзаемадачыненняў з ЕАЭС адыгрывала значную ролю ў перамовах з сінгапурскай дэлегацыяй на чале з старшым дзяржміністрам гандлю Ко По Кунам (3–5 чэрвеня).

Ракеты і рухавікі ад Кітая

Кітай заставаўся адным з прыярытэтаў у знешняй палітыцы краіны. Адметна, што толькі ў КНР Мінск вырашыў пашырыць сваю сетку замежных прадстаўніцтваў, калі ў ліпені Савет міністраў пастанавіў адкрыць генконсульства ў кітайскім Чунцыне.

2–3 красавіка Беларусь наведала намесніца старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Шэнь Юэюэ. А 25–26 красавіка адбыўся рабочы візіт прэзідэнта Лукашэнкі ў Кітай. Ён узяў удзел у ІІ форуме міжнароднага супрацоўніцтва “Пояс і шлях”, сустрэўся са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і яго намеснікам Ван Цішанем. Падчас візіту было падпісана больш за 20 дамоваў і пагадненняў.

Мелі месца і больш спецыялізаваныя кантакты. Так, 5–6 верасня ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Народнай палітычнай кансультацыйнай рады правінцыі Гуандун Дэн Хайгуанам.

Найвышэйшыя ўрадоўцы працавалі і з кітайскім бізнесам. Аляксандр Турчын, першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі, 1 ліпеня сустрэўся з кіраўніком карпарацыі SINOMACH Чжанам Сяолунем (у 2014 годзе паміж урадам Беларусі і SINOMACH было падпісана пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве, у рамках якога пабудавана Віцебская ГЭС). Дваццаць дзевятага ліпеня Аляксандр Турчын сустрэўся с кіраўніком “Грынлэнд Груп” Чжанам Юйлянам.

Чатырнаццатага кастрычніка ў Беларуска-Кітайскім прамысловым парку “Вялікі камень” афіцыйна адчыніўся супольны завод МАЗ і кітайскай карпарацыі “Вэйчай” па вытворчасці рухавікоў. Будаўніцтва пачалося ў красавіку 2018 г., кошт праекта склаў USD 20 млн, з іх 14 млн – кітайскія інвестыцыі. На заводзе можа весціся дробнавузлавая зборка рухавікоў (да 20 тыс. у год) стандартаў Еўра-5 і Еўра-6. У ліпені ў “Вялікім камені” пачалося будаўніцтва завода па вытворчасці механічных скрынак перадач (да 20 тыс. у год) – яшчэ адзін супольны праект МАЗ і “Вэйчай”. Кошт праекта – USD 17 млн (70% складуць кітайскія інвестыцыі).4

Працягвалася і вайсковае супрацоўніцтва: адбыліся візіты начальніка Аб’яднанага штаба Цэнтральнай вайсковай рады КНР Лі Цзочэн (28–31 траўня) і намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення распрацоўкі ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі Цэнтральнай вайсковай рады КНР Лю Шэн (14–16 верасня). Хутчэй за ўсё, гаворка ішла і пра працяг рэалізацыі пагаднення аб распрацоўцы зенітна-ракетнага комплексу. На гэтую версію ўказвае і візіт у КНР беларускай дэлегацыі 2–6 снежня, а таксама прагаворка Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што “цяпер працуем над ракетай новага пакалення, з кітайскай базай”.5

Стасункі з КНР дадаткова развіваліся праз шматбаковыя механізмы міжнароднага супрацоўніцтва, створаныя Пекінам. Так, 17 студзеня Беларусь стала чальцом Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый (АБІІ).

Хаця Беларусь з’яўляецца толькі назіральніцай у ШАС, 14 чэрвеня прэзідэнт Лукашэнка ўзяў удзел у саміце ШАС у Бішкеку, а прэм’ер Сяргей Румас – у Ташкенце (2 лістапада).

20–23 кастрычніка КНР наведаў міністр абароны (на той час) Андрэй Раўкоў, каб узяць удзел у ІХ Пекінскім форуме па пытаннях бяспекі “Сяншань”.

9–12 снежня начальнік Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Алег Воінаў узяў удзел у сустрэчы кіраўнікоў органаў міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва чальцоў ШАС у Пекіне. Зважаючы на блізкасць Пекіна і Ісламабада, працоўны візіт у Пакістан беларускай вайсковай дэлегацыі на чале з Алегам Воінавым 17–19 снежня таксама мог быць звязаны з нейкімі праектамі трохбаковага характару.

Беларусь забяспечвала падтрымку КНР на міжнароднай арэне. Так, 29 красавіка ў Мінску адбылася міжнародная канферэнцыя Групы падтрымкі “Ядвабнага шляху” Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Імпрэза была арганізаваная з ініцыятывы Нацыянальнага сходу Беларусі.

Ад Манголіі да Бангладэш – спрэс адны кансультацыі

Узаемадзеянне з В’етнамам працягвалася, але, хутчэй, па інерцыі. Так, 25–26 чэрвеня адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі пад кіраўніцтвам чальца ЦК Кампартыі В’етнама, галоўнага рэдактара газеты “Нянзан” Нгуен Хыў Тхуана.

23–27 верасня з працоўным візітам у В’етнаме была дэлегацыя, ачольваная намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Ігарам Ляшэнкам. Падчас візіту падпісаны мемарандум па пастаўцы каўчуку для “Белшыны”, а таксама машынакамплектаў грузавікоў МАЗ.

Дваццаць шостага верасня ў правінцыі Хынгйен быў урачыста адкрыты завод па зборцы грузавікоў МАЗ. На ім будуць выпускаць да 3 000 машын штогод. В’етнамскаму боку належыць 70% супольнага прадпрыемства, рэшта – беларускаму. Агульны аб’ём інвестыцый – каля USD 10 млн.

12–13 снежня Беларусь наведалі старшыня Нацыянальнага сходу В’етнама Нгуен Тхі Кім Нган і намеснік прэм’ер-міністра Выонг Дзінь Хюэ. На сустрэчы абмяркоўваліся праекты па пастаўцы ў Беларусь в’етнамскага каўчуку і сельгаспрадукцыі, а таксама прыспешаная сертыфікацыя беларускіх мяса-малочных і птушкагадоўчых прадпрыемстваў у В’етнаме.

Хаця ў мінулым годзе аб’ём таваразвароту склаў каля USD 200 млн (USD 115 млн у 2018 годзе), гэта далёка да пастаўленай прэзідэнтамі абедзвюх краін у 2017 годзе мэты дасягнуць таваразвароту ў USD 500 млн.

У супрацоўніцтве з іншымі краінамі Азіі варта адзначыць толькі візіт у Беларусь міністра камерцыі Бангладэш Ціпу Муншы (23–25 красавіка) і паездку міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна ў Афганістан (4–5 красавіка).

Турэцкія аднадумцы

Цягам апошніх гадоў галоўным партнёрам Мінска на Блізкім Усходзе стала Турэччына. 15–16 студзеня Беларусь наведаў міністр абароны гэтай краіны Хулусі Акар, якога прыняў прэзідэнт Лукашэнка.

15–16 красавіка адбыўся візіт прэзідэнта Лукашэнкі ў Турэччыну. Аднак, нягледзячы на палітычныя кантакты, таваразварот у 2019 годзе скараціўся на 10% у параўнанні з 2018 годам (USD 984 млн).

Зрэшты, казаць пра заняпад стасункаў з Турэччынай у эканамічнай сферы не выпадае. У красавіку распачалася зборка трактароў “Беларус” на новазбудаваным заводзе ў Кырыкале ў рамках трохбаковага праекта з удзелам Гянджынскага аўтазавода (Азербайджан).

27–28 жніўня Беларусь наведаў міністр замежных спраў Турэччыны Маўлют Чавушаглу.

9–10 верасня ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя турэцкага парламента, а 31 кастрычніка завітаў міністр сельскай гаспадаркі Турэччыны Бекір Пакдэмірлі.

ІТ-тэхналогіі для Егіпта

Супраца з Каірам таксама была заўважнай, але моцна саступала зносінам з Анкарой. Напрыканцы красавіка дэлегацыя Міншчыны на чале з намеснікам губернатара вобласці наведала егіпецкае губернатарства Паўднёвы Сінай, а ў траўні на “MILEX 2019” у Мінск прыехаў намеснік міністра вайсковай прамысловасці Егіпта.

17–18 чэрвеня прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі ажыццявіў афіцыйны візіт у Беларусь. Гэта першы такі візіт, хаця Аляксандр Лукашэнка быў у гэтай краіне двойчы (апошні раз – у студзені 2017 года). Ас-Сісі сустрэўся з прэзідэнтам і прэм’ерам, а таксама з кіраўнікамі буйных беларускіх прадпрыемстваў.

З 2016 года таваразварот з Егіптам штогод амаль падвойваўся. Па афіцыйнай інфармацыі, ужо ў працэсе падрыхтоўкі да візіта беларускія прадпрыемствы падпісалі кантракты на пастаўку сваёй прадукцыі ў Егіпет на суму каля USD 70 млн.

Побач з традыцыйным прасоўваннем прадукцыі машынабудавання і харчовай прамысловасці МЗС звяртае ўвагу і на магчымасці айчыннай інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай індустрыі. У прыватнасці, у сакавіку беларускае пасольства зладзіла прыезд у Каір прадстаўнікоў буйной беларускай IT-кампаніі “Сінэзіс”.

3–4 верасня ў Мінску прайшло VI паседжанне Беларуска-Егіпецкай супольнай гандлёвай камісіі з удзелам першага намесніка міністра гандлю Егіпта Ахмада Антэра, які таксама сустрэўся з беларускім прэм’ерам Сяргеем Румасам.

8–10 снежня ў Егіпет выправіўся міністр прамысловасці Павел Уцюпін. Яго суправаджалі прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку гендырэктар ААТ “МАЗ”. Падчас перамоваў была ўзгоднена пастаўка першай партыі машынакамплектаў МАЗ на завод Helwan Machinery and Equipment.

У чаканні кантрактаў на аднаўленне Сірыі

Што датычыць рэшты краін Блізкага Усходу, то можна адзначыць хіба афіцыйны візіт у Беларусь 22 ліпеня міністра замежных спраў Сірыі Валіда аль-Муалема. У апошнія гады таваразварот паміж краінамі складае каля USD 40 млн, амаль цалкам за кошт беларускага экспарту. Мінск спадзяецца ўзяць удзел у аднаўленні гэтай краіны, якое прафінансуюць знешнія фундатары.

У астатнім галоўным фарматам зносін з рэгіёнам былі кансультацыі МЗС Беларусі на ўзроўні намеснікаў міністраў з адпаведнымі ведамствамі замежных краін: Ірана (сакавік і ліпень), Ірака (верасень), Катара, ААЭ і Амана (апошнія тры – у лістападзе).

Мала звязанай з Блізкім Усходам была паездка 21–23 траўня начальніка Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Алега Воінава ў Ліван і Сірыю. Размова ішла пра пашырэнне беларускага ўдзелу ў Часовых сілах ААН у Ліване.

На гэтым фоне больш значнымі выглядалі кантакты з бізнесоўцамі з ААЭ і Кувейта. Васемнаццатага красавіка прэзідэнт Лукашэнка і кіраўнікі кабінета міністраў сустрэліся з кіраўніцтвам Дубайскага міжнароднага фінансавага цэнтра (МФЦ).

Дваццаць дзевятага красавіка першы намеснік прэм’ер-міністра (на той час) Аляксандр Турчын абмеркаваў з дэлегацыяй Кувейцкага фонду арабскага эканамічнага развіцця пытанні вылучэння льготнага крэдыту на будаўніцтва абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера ў Гродне.

24–25 верасня Беларусь наведала дэлегацыя дзелавых колаў ААЭ, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўрада ААЭ і буйных эмірацкіх кампаній (Elite Agro, First Bank of Abu Dhabi, Senaat General Holding Corporation, Аl Jaraf Fisheries, International Holdings Company).

Ці засталося нешта ад кантактаў з Афрыкай і Лацінскай Амерыкай?

16–17 студзеня адбыўся візіт у Беларусь прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы, падчас сустрэчы прэзідэнт Лукашэнка запрапанаваў яму “стратэгічнае партнёрства”. У 2018 годзе было ўкладзена некалькі шматмільённых кантрактаў на пастаўку ў Зімбабвэ беларускай тэхнікі пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця Беларусі і Рэзервовага банка Зімбабвэ, аднак на пачатак 2020 года пра ажыццяўленне паставак не паведамлялася.

Складанасці ў вядзенні спраў з афрыканскімі краінамі сталіся прычынай перадаручэння “афрыканскага напрамку” кіраўніку спраў прэзідэнта Віктару Шэйману. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман наведаў шэраг краін Афрыкі. Вядзецца работа па стварэнні супольных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы, а таксама транспартнай кампаніі па грузаперавозках на поўдні кантынента. Беларусь увайшла ў праект па будаўніцтве сонечнай электрастанцыі ў Зімбабвэ.

Канчаткова маргіналізаваўся лацінаамерыканскі кірунак беларускай дыпламатыі. Выключэннем можа падацца Венесуэла, падтрыманне стасункаў з якой тлумачыцца непазбежнымі матэрыяльнымі стратамі для беларускага боку ў выпадку зрынання венесуэльскага ўрада.

Высновы

Палітыка ў дачыненні да краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі збольшага вызначаецца станам беларускіх стасункаў з Захадам і Расіяй – і ў цэлым, і ў асобных галінах. У агляднай будучыні не варта чакаць вяртання да кантактаў з дзяржавамі, што сур’ёзна супрацьстаяць Захаду.

Фактычна стасункі з “далёкай дугой” будуць у асноўным засяроджаныя на зносінах з нешматлікімі партнёрамі. КНР і Турэччына застануцца ў іх ліку, наконт іншых краін такой упэўненасці быць не можа. Разам з тым цяперашнія змены беларускай палітыкі ў развіваным свеце зусім не ёсць наступствам нейкай палітычнай дэзарыентацыі Мінска, але планамернай і плаўнай стратэгічнай пераарыентацыяй.