Беларусь і развіваныя краіны: крытычная аптымізацыя адносін

Сяргей Богдан

Рэзюмэ

Беларусь у 2017 г. праводзіла адносна стрыманую палітыку ў дачыненні да краін развіванага свету, за выняткам Кітая. Але гэтая палітыка хутчэй з’яўлялася пачаткам крытычнай пераацэнкі гэтых адносін, а не застоем. Скарачаўся персанал МЗС, шукаліся новыя схемы супрацы з развіванымі дзяржавамі. Поўнай рэвізіі палітыкі датычна гэтай катэгорыі краін не адбылося: не пераадолена схільнасць беларускіх урадоўцаў ставіць нерэалістычныя задачы, рабіць акцэнт на развіцці эканамічнага ўзаемадзеяння пры занядбанні адпаведнай падрыхтоўкі суб’ектаў гаспадарання. Аднак крытычны падыход на гэты конт нарастаў цягам года і датычыўся нават супрацы з Кітаем. Ссоўваліся і галіновыя акцэнты, цяпер увага надаецца не толькі прасоўванню прадукцыі машынабудавання, але і харчовай прамысловасці ды інш.

Тэндэнцыі:

Лепшая кітайская будучыня

Галоўным напрамкам для Мінска быў Пекін – не проста важны партнёр, велізарны рынак або крыніца інвестыцый. КНР ёсць галоўнай надзеяй беларускага кіраўніцтва на лепшую будучыню. Мінск спадзяецца, што калі трымацца кітайскага боку, то, зважаючы на ўздым КНР, раней ці пазней гэтая вялізная краіна пераробіць глабальныя правілы і расклады і, у прыватнасці, дасць беларускім сябрам лепшую долю дый абароніць іх ад Захаду і Расіі. Пры гэтым Мінск мяркуе, што час працуе на яго ў гэтых спадзяваннях, а праблемы з Масквой ці Захадам у такой логіцы ўспрымаюцца як часовыя цяжкасці.

Мінск падтрымліваў глабальныя амбіцыі Пекіна і 13–15 траўня прэзідэнт Лукашэнка ўзяў у Пекіне ўдзел у форуме “Адзін пас і адзін шлях” (АПАШ). Беларускія ўлады гавораць, што Беларусь задзейнічана ў двух з чатырох “ключавых маршрутаў новага сухаземнага Ядвабнага шляху”.1 Аднак у рэчаіснасці Мінску даводзіцца змагацца за сваё месца ў гэтай ініцыятыве, бо Беларусь не належыць ні да аднаго з афіцыйных калідораў АПАШ і з'яўляецца дадаткам да расійскага напрамку.

Беларусь таксама далучаецца да міжнародных структур, у якіх дамінуе Кітай, накшалт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Кітайскі бок адзначае гэтую пазіцыю. Цягам года Беларусь наведалі шэсць кітайскіх чыноўнікаў міністэрскага ўзроўню, а таксама кіраўніцтва трох кітайскіх правінцый, мелі месца кантакты і з буйным кітайскім бізнесам (“Мідэа Груп”, “Сінамач”, China UnionPay ды інш.).

Мінск імкнецца да ўсебаковага партнёрства з КНР, нягледзячы на праблемы эканамічнага ўзаемадзеяння з гэтай краінай. Беларусь з сярэдзіны 2000-х церпіць вялікі дэфіцыт у гандлі з КНР, і гэтае пытанне ў 2017 г. рэгулярна ўздымалася на двухбаковых перамовах.

У Пекіне рэагуюць на нараканні Мінска, вылучаючы апошняму некаторую дапамогу. Напрыклад, па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна было падпісанае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе на будаўніцтва сацжылля ў Беларусі. У чэрвені Пекін паставіў чарговую партыю бронетэхнікі як дапамогу беларускаму войску. Кітай таксама адкрыў рынак для беларускага харчавання: у 2016 г. – для малочнай прадукцыі, а ў 2017 г. – для мяса. У абсалютных лічбах экспарт апошняга выглядае пакуль сціпла, але Кітай важны як альтэрнатыва расійскаму рынку.

Зрэшты, нават зацверджаныя ў траўні беларускім урадам заданні па нарошчванні экспарту ў Кітай у 2017–2020 гг. паказваюць, што Мінск не разлічвае бліжэйшым часам пераадолець гандлёвы дэфіцыт. Горш за тое, у 2017 г. экспарт беларускіх тавараў у Кітай зменшыўся на 23,3% і склаў USD 362,7 млн, а імпарт павялічыўся на 28,8%, дасягнуўшы USD 2,743 млрд. У выніку адмоўнае сальда вырасла да USD 2,381 млрд.

Мінск карыстаецца кітайскімі грашамі і тэхналогіямі для перабудовы прамысловасці. Напрыклад, кітайскі крэдыт на больш як USD 192 млн на будаўніцтва новага завода атрымаў “Амкадор”. Кітайская CITIC Construction Co. у 2017 г дабудавала аўтазавод “БЕЛДЖЫ”, завяршыла другі этап мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната. Zoomlion пачала ў Магілёве супольную з МАЗам вытворчасць будаўнічай і камунальнай тэхнікі і падпісала пагадненне з заводам “Строммашына”.

Побач з дасягненнямі існуюць і супярэчнасці. Мінск так і не дамовіўся з кітайскай кампаніяй Zongshen пра продаж ёй “Гомсельмаша” на прымальных для Беларусі ўмовах.2 Пачалося будаўніцтва завода па вытворчасці рухавікоў “МАЗ-Вэйчай”, які створыць альтэрнатыву Мінскаму маторнаму заводу.

Неадназначная сітуацыя існуе і вакол самага гучнага беларуска-кітайскага праекта – індустрыйнага парка “Вялікі камень”. На думку беларускага кіраўніцтва, менавіта ён і павінен стаць інструментам для беларускага ўдзелу ў кітайскай ініцыятыве АПАШ.3

Беларускія ўрадоўцы хваляцца, што парк будуецца з выпераджэннем тэрмінаў. Але намеснік прэм’ера Анатоль Калінін прызнае, што “большыя задачы па прыцягненні інвестыцый і рэзідэнтаў” яшчэ толькі трэба выканаць.4 Беларускія ўлады настойваюць, што ў парк павінны прыйсці найноўшыя тэхналогіі, што сведчыць пра трывогу беларускага боку на гэты конт. Адно з выйсцяў Мінск бачыць у прыцягненні ў парк кітайскіх дзяржкарпарацый, у тым ліку абарончай прамысловасці.5

Мінск спрабуе атрымаць стратэгічную падтрымку Пекіна і ў бліжэйшай перспектыве. У прыватнасці, урад у 2017 г. вёў перамовы аб размяшчэнні беларускіх аблігацый на кітайскім рынку, што дазволіць Мінску прыцягнуць значныя сродкі. З другога боку, падчас травеньскай сустрэчы беларускага і кітайскага кіраўнікоў Пекін паабяцаў разгледзець магчымасць вылучэння Мінску сродкаў для завяршэння мадэрнізацыі яго НПЗ, якая ўмацуе эканамічную незалежнасць Беларусі. Мінск просіць ад КНР для гэтага праекта прыкладна USD 1 млрд незвязаных крэдытаў на закупку заходніх тэхналогій.6

Блізкі Усход: зацішша як ніколі

Мінск ставіць на развіццё стасункаў з заможнымі арабскімі манархіямі, асацыяванымі з Захадам, а таксама блізкаўсходнімі і паўднёваазіяцкімі рэжымамі (Турэччына, Егіпет, Пакістан), якія блізкія гэтым манархіям. У той самы час Беларусь мінімальна кантактуе з іх рэгіянальнымі апанентамі – Іранам, Іракам і Сірыяй.

Што датычыць узаемадзеяння ў 2017 г., то няварта пераацэньваць значэнне “рабочага візіту” беларускага прэзідэнта ў ААЭ ў лістападзе, які працягваўся амаль два тыдні, але быў звязаны з мінімальнымі афіцыйнымі кантактамі.

Больш важным напрамкам для беларускай палітыкі ў рэгіёне была Турэччына. Падчас травеньскага форуму ў Пекіне Лукашэнка сустрэўся з турэцкім прэзідэнтам Эрдаганам. Яны дамовіліся актывізаваць работу па стварэнні супольных вытворчасцяў.7 27 ліпеня ў Беларусь завітала дэлегацыя турэцкага ўраду, а да канца года ў Беларусі былі яшчэ два турэцкія міністры.

Беларускі ўрад кантактаваў з буйнымі турэцкімі кампаніямі – будаўнічай “Эмсаш”, тэлекамунікацыйнай “Turkcell”. Беларускія “Гомсельмаш” і “Амкадор” працуюць над адкрыццём супольных вытворчасцяў у Турэччыне.

Таваразварот з Турэччынай склаў у 2017 г. 114,9% ад аб’ёму 2016 г і дасягнуў USD 942,1 млн. Пры гэтым склалася трэцяе па велічыні адмоўнае для Беларусі сальда – USD 673,4 млн, але з прычыны імавернага рээкспарту цяжка ацаніць уплыў гэтага росту паставак на баланс вонкавага гандлю краіны.

Кантакты з краінамі з процілеглай рэгіянальнай групоўкай, засяроджанай вакол Ірана, былі надта сціплымі. Беларусь аказала гуманітарную дапамогу Сірыі і прыняла на адпачынак некалькі дзясяткаў сірыйскіх дзяцей.

Афрыка сканчаецца на Егіпце і Судане

14–17 студзеня прэзідэнт Лукашэнка наведаў Егіпет і Судан, дзе падпісаў мемарандумы ў галіне культуры і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва ды абвесціў гатоўнасць да супольнай вытворчасці ў галіне машынабудавання, што будзе не першай спробай гэта зрабіць. Як паведаміў пасол Беларусі ў Егіпце Рачкоў, зборка тэхнікі МАЗа спынілася ў 2015 г., але зборка трактароў МТЗ працягваецца.8 Лукашэнка асобна сустрэўся з міністрам абароны і вайсковай прамысловасці Егіпта С. Собхі.

У выніку ў 2017 г. экспарт у Егіпет у параўнанні з папярэднім годам сапраўды вырас з USD 43,5 млн да USD 76,1 млн пры значна меншым імпарце – USD 14,5 млн і USD 21,3 млн адпаведна.

Падобна адбываўся і візіт у Судан. Лукашэнка падкрэсліў, што Мінск не прыслухоўваецца да “сусветных цэнтраў сілы”, і гэта прагучала красамоўна ў святле міжнароднай напружанасці вакол Судана. Пазней у Мінску пабывала суданская дэлегацыя на чале са старшынёй суданскага парламента Ібрагімам Амерам. Былі падпісаныя дарожная карта супрацоўніцтва і пагадненне паміж “Беларусьнафтай” і міністэрствам нафты і газу Судана.

Кантакты з Суданам мала адбіліся на эканамічных адносінах. Экспарт скараціўся з USD 34,3 млн да USD 9,9 млн, а імпарт вырас з USD 3,9 млн да USD 12,1 млн.

Узаемадзеянне з краінамі Афрыкі на поўдзень ад Сахары мела эпізадычны характар.

Паўднёвая Азія: прарыву з Пакістанам не адбылося

Стасункі з Пакістанам прынеслі мала плёну, нягледзячы на імклівае развіццё адносін з гэтай краінай у апошнія тры гады, узаемаадкрыццё пасольстваў і мноства кантактаў разам з двума візітамі прэзідэнта Лукашэнкі ў Пакістан і падпісанне больш за 70 дакументаў. 1–5 лютага Беларусь наведаў Міян Рэза Рабані, старшыня сената пакістанскага парламента.9

Разумеючы абмежаваныя магчымасці пакістанскага боку, Мінск заклікае да кааперацыі з трэцімі краінамі і супольнай рэалізацыі маштабных праектаў, канкрэтна называючы “Пакістанска-кітайскі эканамічны калідор”.10

Беларускі ўрад ставіць мэту дасягнуць да 2020 г. таваразвароту з Пакістанам у USD 1 млрд, але гэта фантастычная лічба. Нават у 2017 г., пасля хвалі інтэнсіўных кантактаў, экспарт вырас толькі да USD 64,3 млн (у 2016 г. – USD 50,4 млн).

11-12 верасня прэзідэнт Лукашэнка накіраваўся ў краіну, якая з’яўляецца традыцыйным апанентам Пакістана, Індыю. Падчас гэтага візіту былі падпісаныя мемарандумы па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай сферы, нафтагазавым сектары ды інш. Апроч таго рознага кшталту дамовы падпісалі БКК, “Белзарубежстрой”, МТЗ, “Гомсельмаш” і БелАЗ.

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі беларускі кіраўнік абяцаў спрыяць заключэнню пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Індыяй і прапанаваў Індыі стварыць у Беларусі навукова-тэхналагічны індустрыйны парк.

Экспарт у Індыю ў 2017 г. параўнальна з папярэднім годам павялічыўся з USD 272,5 млн да USD 308,1 млн, імпарт – з USD 134,1 млн да USD 147 млн, дадатнае сальда захавалася.

Паўднёва-Усходняя Азія: стасункі развіваюцца самі па сабе?

2 сакавіка Беларусь наведаў міністр грамадскай бяспекі В’етнама То Лам, а 26–28 чэрвеня адбыўся афіцыйны візіт прэзідэнта В'етнама Чан Дай Куанга. В’етнам з’яўляецца традыцыйным партнёрам Беларусі ў рэгіёне. Новым у часе перамоў было тое, што Мінск не толькі чакана прапанаваў павялічыць пастаўкі прадукцыі машынабудавання і калійных угнаенняў, але і дэклараваў гатоўнасць павялічыць сустрэчныя закупкі в'етнамскіх тавараў, у прыватнасці каўчуку і сельскагаспадарчай прадукцыі.11

30 траўня – 1 чэрвеня Беларусь наведала дэлегацыя Тайланда. Падчас перамоў абмяркоўвалася стварэнне базавых рамак для развіцця стасункаў, якія дагэтуль адсутнічалі. Мінск заклікаў тайландскіх урадоўцаў перагледзець неспрыяльныя тайландскія тарыфы для беларускіх тавараў.

У выпадку з В’етнамам і Тайландам відавочная адсутнасць выразнай карэляцыі паміж палітычнымі захадамі. В’етнам з’яўляецца даўнім партнёрам Беларусі, Мінск стварыў усе магчымасці для развіцця ўзаемадзеяння з гэтай краінай і паміж урадоўцамі дзвюх краін адбываецца мноства кантактаў, але гандаль з В’етнамам не нашмат большы за беларускі гандаль з Тайландам, дзе нічога з памянёных спрыяльных умоў няма.

Насамрэч экспарт у В’етнам у 2017 г. скараціўся ў параўнанні з папярэднім годам з USD 76,7 млн да USD 76,3 млн, а імпарт вырас з USD 44,2 млн да USD 59 млн. З Тайландам жа ў гэтыя гады экспарт таксама скараціўся з USD 54,1 млн да USD 50,8 млн, а імпарт вырас з USD 34,7 млн да USD 38,4 млн.

Лацінская Амерыка: амаль зніклы напрамак

Лацінская Амерыка засталася на ўзбоччы беларускіх вонкавых зносін. Пераадолець крызіс у стасунках з гэтым рэгіёнам, які пачаўся ў выніку заняпаду партнёрства з Венесуэлай пасля абвастрэння сітуацыі ў гэтай краіне, Мінск пакуль не змог. Нават блізкі да беларускага кіраўніка В. Шэйман, які доўгі час займаўся сувязямі з Лацінскай Амерыкай, апошнім часам пераключыўся на стасункі з Афрыкай.

Заключэнне

Беларускі ўрад пачынае праводзіць палітыку да развіваных краін меншымі сродкамі. Гэта не азначае знікнення зацікаўленасці ў гэтым напрамку, бо пры сціпласці дасягнутых вынікаў па большасці асобна ўзятых краін, агулам узаемадзеянне з імі дае магчымасць кампенсаваць адмоўнае сальда, закрыццё рынкаў і іншыя праблемы на астатніх напрамках. У кожным разе Мінск скараціў колькасць і знізіў узровень візітаў у агляданым годзе.

Выняткам застаецца і застанецца КНР. У дачыненні да гэтай краіны Мінск праводзіць асобную, стратэгічна арыентаваную палітыку, якая заснаваная на пагарджанні складанасцямі ў больш кароткатэрміновай перспектыве дзеля меркаванай выгады ў больш аддаленай перспектыве.

Як адкрыта прызнаюць самі беларускія ўрадоўцы, Беларусь не можа працаваць па кожнай краіне асобна. Таму яна мусіць засяродзіцца на пэўных краінах у кожным рэгіёне, якія дапамогуць ёй выйсці на рэгіянальны рынак. Гэтая палітыка, своеасаблівае эканамічнае прычэпліванне-bandwagoning здаюцца адной з мадэляў беларускага прыходу ў развіваны свет.

Крытычная пераацэнка і больш гнуткія падыходы будуць пашырацца ў беларускай палітыцы ў дачыненні да развіванага свету. Варта чакаць захавання афіцыйных кантактаў на даволі стрыманым узроўні ў параўнанні з тым, што мела месца да сярэдзіны 2010-х гг.