Польшча і Беларусь: новае адкрыццё?

Ганна Марыя Дынэр

Рэзюмэ

Беручы пад увагу ўсё часцейшыя сустрэчы прадстаўнікоў уладаў Польшчы і Беларусі на палітычным узроўні, 2016 год можна прызнаць «новым адкрыццём» ва ўзаемадачыненнях паміж абедзвюма дзяржавамі. Змена стасункаў стала магчымай дзякуючы паляпшэнню зносін Еўрапейскі Саюз – Беларусь, а перш за ўсё адмене санкцый, за якія выступала Польшча. Таму абедзве дзяржавы маюць шанцы на большае выкарыстанне патэнцыялу, абумоўленага суседствам, агульнай гістарычнай спадчынай, у развіцці турызму і інтэнсіфікацыі эканамічных кантактаў. Аднак сапраўдным выклікам застануцца нявырашаныя двухбаковыя справы, якія датычаць дзейнасці Саюза палякаў Беларусі і ўступлення ў сілу малога прымежнага руху.

Тэндэнцыі:

Палітычныя стасункі

Хоць 2016 год цяжка лічыць пераломам у зносінах Польшчы і Беларусі (чым быў бы, напрыклад, візіт прэзідэнта Беларусі ў Польшчу або прэзідэнта Польшчы ў Беларусь), аднак з 2010 года адбываліся найбольш інтэнсіўныя палітычныя і эканамічныя кантакты. Змена палітыкі Польшчы стала вынікам не столькі істотных палітычных і эканамічных трансфармацый у Беларусі, колькі агульнай сітуацыі ў рэгіёне. Можна меркаваць, што становішча ва Украіне схіліла беларускія ўлады да змены падыходу да партнёраў з Еўрасаюза. Асабліва істотным было рашэнне дзяржаў Еўрасаюза, прынятае 15 лютага 2016 года, аб адмене санкцый у дачыненні да Беларусі. Хоць гэтага кроку чакалі з восені 2015-га, ён значна палепшыў стасункі паміж Польшчай і Беларуссю толькі ў 2016 годзе.

Беларускія ўлады станоўча адрэагавалі на тое, што ўрад Польшчы актыўна выступаў за адмену санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі. Крыху больш за месяц пасля гэтага рашэння, 23 сакавіка 2016 года, адбыўся першы з восені 2010-га візіт міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча у Беларусь. Як галоўная мэта сустрэчы Вітальда Вашчыкоўскага з Уладзімірам Макеем заяўлялася тое, што абедзве дзяржавы павінны засяродзіцца на вырашэнні актуальных двухбаковых праблем, а не палітызаваць іх.

Падчас візіту польскі міністр сустрэўся і з прэзідэнтам Беларусі А.Лукашэнкам. Дваццатага ліпеня ў Варшаве адбыліся двухбаковыя палітычныя кансультацыі на ўзроўні МЗС. У сустрэчы ўдзельнічалі міністр замежных спраў В.Вашчыкоўскі і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Падчас кансультацыі было падпісана пагадненне пра супрацоўніцтва ў галіне адукацыі.

Інтэнсіўныя палітычныя кантакты працягваліся і восенню. Дзясятага кастрычніка 2016 года з афіцыйным візітам прыбыў у Варшаву міністр замежных спраў Беларусі У.Макей. Падчас паездкі ён сустрэўся з прэзідэнтам Анджэем Дудай і міністрам замежных спраў В.Вашчыкоўскім. Разам з палітычнымі і эканамічнымі пытаннямі перамовы датычылі таксама супрацоўніцтва ў межах кітайскага праекта Новага шаўковага шляху. Падчас візіту ў Варшаву беларускі міністр даў інтэрв’ю газеце Rzeczpospolita, у якім сцвердзіў, што Беларусь не бачыць у дзеяннях НАТА пагрозы для сваёй бяспекі.1

Дваццаць чацвёртага кастрычніка ў Мінску пачаўся польска-беларускі эканамічны форум «Добрасуседства», у якім прыняў удзел віцэ-прэм’ер Матэвуш Маравецкі. У сваіх выступленнях ён закрануў пытанне эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, а таксама кітайскі праект Новага шаўковага шляху і магчымасці, якія ён дае для развіцця польска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва.

Падчас шматлікіх палітычных сустрэч, якія спадарожнічалі форуму, беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў папрасіў міністра М.Маравецкага, каб Польшча падтрымала беларускія намаганні ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Андрэй Кабякоў закрануў тэму будучага энергетычнага супрацоўніцтва з Польшчай і дзяржавамі Еўрасаюза, падкрэсліваючы, што ў 2018 годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю першы энергаблок Астравецкай АЭС.

У межах форуму «Добрасуседства» таксама адбылася сустрэча польска-беларускай камісіі па эканамічным развіцці. Дамовіліся, што камісія павінна збірацца раз або двойчы на год. Восьмага лістапада ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя польскага міністэрства сельскай гаспадаркі з віцэ-міністрам Рышардам Зарудскім.

Відавочныя былі і кантакты ў галіне бяспекі: 23–24 лістапада ў Варшаве адбыліся кансультацыі паміж міністэрствамі абароны абедзвюх краін. Другога снежня польская ваенная інспекцыі згодна з Венскім дакументам наведала беларускую 111-ю Гвардзейскую артылерыйскую брыгаду.

У 2016 годзе развіваліся і парламенцкія кантакты. Другога жніўня ў Мінску сустрэліся старшыня Савета Рэспублікі (вышэйшая палата беларускага парламента) Міхаіл Мясніковіч і віцэ-маршалак Сойма Рышард Тарлецкі. Падчас свайго знаходжання ў Беларусі віцэ-маршалак Тарлецкі сустрэўся таксама з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчынай.

Чарговая група польскіх парламентарыяў наведала Мінск 5 снежня. Дэлегацыю ўзначальваў маршалак сената Станіслаў Карчэўскі, які сустрэўся з прэзідэнтам Беларусі А.Лукашэнкам, старшынёй Савета Рэспублікі М.Мясніковічам і Палаты прадстаўнікоў У.Андрэйчанкам. У выніку сустрэчы была створана польска-беларуская парламенцкая група і наладжана супрацоўніцтва паміж вышэйшымі палатамі парламентаў абедзвюх дзяржаў (Сенатам і Саветам Рэспублікі).

У 2016 годзе аднавіліся экспертныя кансультацыі ў галіне транспарту, сельскай гаспадаркі і інвестыцый. Працягвалася тэхнічнае супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі банкамі абедзвюх дзяржаў. Плануецца таксама аднавіць пасяджэнні камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій.

Дзякуючы актыўнасці польскага ўрада Беларусь падпісала з Еўрасаюзам Партнёрства дзеля мабільнасці (MOST). Яно было запушчана 13 кастрычніка ў Люксембургу з мэтай забеспячэння лепшага кіравання міграцыйнымі патокамі. Тым самым кантакты выйшлі далёка па-за тэхнічны ўзровень, да якога зводзіліся ў ранейшыя гады. Можна прагназаваць, што ў чарговыя гады інтэнсіўнасць стасункаў на розных палітычных узроўнях будзе падтрымлівацца.

Двухбаковыя дамовы

У сакавіку ўдалося вырашыць праблему, звязаную з выдачай віз. На тэрыторыі Беларусі было запушчана 8 візавых цэнтраў у абласных гарадах – Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, а таксама ў Пінску, Баранавічах і Лідзе. Гэта значна спрашчае працу польскіх консульскіх аддзелаў, а перш за ўсё зварот грамадзян Беларусі па візы. Тым больш што, як і ў ранейшыя гады, Польшча выдала беларусам амаль 400 тыс. віз.

У 2016 годзе было падпісана польска-беларускае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі. На падставе гэтага дакумента была створана супольная кансультацыйная камісія, якая павінна каардынаваць працу школ для польскай меншасці ў Беларусі і для беларускай меншасці ў Польшчы. Тут трэба зазначыць, што дамова павінна спрасціць супрацоўніцтва ВНУ. На дадзены момант усе ВНУ Беларусі падтрымліваюць кантакты з ВНУ і навуковымі ўстановамі Польшчы.

У 2016 годзе працягвалася праца над дамовай аб супрацоўніцтве Польшчы і Беларусі ў галіне воднай гаспадаркі з асаблівым націскам на сістэму маніторынгу Буга, а таксама над дамовай аб супрацоўніцтве ў галіне вяртання воднага шляху Е-40 Днепр – Вісла. У планах таксама падпісанне двухбаковай дамовы аб прымежным супрацоўніцтве. Варта адзначыць, што 23 жніўня 2016 года А.Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які дазваляе прыязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі Аўгустоўскага парку без віз. Аднак пералічаныя вышэй дамовы – гэта толькі частка пытанняў, звязаных з супольнай дамоўна-прававой базай, якія патрабуюць далейшай працы.

Эканамічнае супрацоўніцтва

Польшча для Беларусі – гэта трэці пасля Расіі і Украіны гандлёвы партнёр. Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, гандлёвы абарот паміж дзяржавамі ў 2016 годзе дасягнуў амаль USD 2 млрд, з чаго USD 815.9 млн склаў беларускі экспарт у Польшчу, а USD 1183 млн – польскі экспарт у Беларусь.2 Рост складае 7% у параўнанні з 2015 годам, калі гандлёвыя абароты склалі USD 1.8 млрд. Развіццё палітычных стасункаў паспрыяла павелічэнню гандлёвага абмену паміж дзяржавамі, асабліва беручы пад увагу становішча ў рэгіёне.

Рэгіянальнае супрацоўніцтва

Як і ў папярэднія гады, важным элементам двухбаковых стасункаў былі кантакты на мясцовым узроўні. Аднак, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, яны складалі толькі частку польска-беларускіх стасункаў і не былі іх галоўным стрыжнем. Сёмага верасня 2016 года Гродна і Аўгустаў падпісалі дамову аб развіцці прымежнага супрацоўніцтва. Дамову аб супрацоўніцтве ў галіне дрэваапрацоўкі падпісалі Падляскае ваяводства і Гродзенская вобласць. Падчас снежаньскага візіту ў Беларусь польскіх парламентарыяў было вырашана кожны год праводзіць Форум рэгіёнаў абедзвюх дзяржаў. Гэта часткова пераклікаецца з падобным супрацоўніцтвам, якое мела месца паміж Польшчай і Расіяй.

Супрацоўніцтва паміж мясцовымі ўладамі канцэнтравалася таксама на вырашэнні праблем памежжа. У кастрычніку падляскі ваявода Ежы Ляшчынскі і старшыня гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў прапанавалі стварыць новы памежны пераход паміж Польшчай і Беларуссю пад назвай Сафіева – Ліпчаны. Пункт пропуску прызначаўся б для пешых, веласіпедыстаў і легкавых аўтамабіляў масай да 3.5 тонаў. Пераход павінен спрашчаць шлях да беларускага парку Аўгустоўскі канал, а таксама скарачаць шлях з Аўгустова да Гродна з больш чым сотні кіламетраў да 57 км. Да мяжы абодвух бакоў вядуць пад’язныя дарогі, а на польскім баку ўжо нават ёсць тэрыторыя, прызначаная для будаўніцтва прымежных аб’ектаў.

Стварэнне пераходу асабліва істотнае, калі ўлічыць павелічэнне турыстычнага руху на гэтым адрэзку мяжы. З 2016 года турысты змогуць наведаць Беларусь таксама праз памежны пераход Рудаўка– Лясная (тым самым ён стаў другім пунктам пропуску такога тыпу пасля памежнага пераходу Белавежа– Пярэраў). Аднак ініцыятыва мясцовых уладаў патрабуе ўзгаднення на дзяржаўным узроўні.

Надалей развівалася супрацоўніцтва польскіх і беларускіх суб’ектаў у межах праграмы Еўрасаюза «Польшча – Беларусь – Украіна 2014–2020». Асабліва актыўна супрацоўнічаюць Дзяржаўная пажарная служба і беларускае міністэрства надзвычайных сітуацый (МНС). Абедзве службы плануюць рэалізаваць 8 праектаў, пераважна ў галіне развіцця інфраструктуры па барацьбе са стыхійнымі бедствамі (пажары, паводкі) у прымежных рэгіёнах. Дваццаць трэцяга лістапада была таксама падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж універсітэтам МНС і Галоўнай школай пажарнай службы.

У сваю чаргу 30 праектаў у сферы турызму прапанавала суб’ектам з Польшчы Гродзенская вобласць. Тым самым праграма «Польшча – Беларусь – Украіна 2014–2020» становіцца важным элементам, які стымулюе польска-беларускае рэгіянальнае супрацоўніцтва. Здаецца таксама, што ў будучым супрацоўніцтва на гэтым узроўні павінна паспрыяць эканамічным і асабістым кантактам.

Патэнцыял супрацоўніцтва

Нягледзячы на паляпшэнне палітычных стасункаў, перад абедзвюма дзяржавамі стаіць доўгі шлях да поўнай рэалізацыі патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва. Асноўнае значэнне будзе мець пабудова транспартнай інфраструктуры (найперш прымежнай), асабліва калі беларускія ўлады вырашацца запусціць дамову аб малым прымежным руху з Польшчай.

Згодна з дадзенымі польскай памежнай службы, у 2016 годзе сухапутную мяжу з Беларуссю пераходзілі больш за 7 мільёнаў 925 тысяч разоў3 (рост каля 1% у параўнанні з 2015 годам), а ўступленне ў сілу МПР або павелічэнне бязвізавага турыстычнага руху ў Гродзенскую вобласць яшчэ больш павялічыць нагрузку на памежныя пераходы. Таму неабходна будзе павялічыць прапускную здольнасць пераходаў для тых, хто перасякае мяжу ў турыстычных мэтах на легкавым аўтамабілі, пешкі, на ровары або па вадзе. Неабходна таксама павялічыць колькасць грузавых аўтамабіляў, якія афармляюцца. Апошняе асабліва значна, бо чэргі на межах узнікаюць рэгулярна.

Адным з найважнейшых элементаў супрацоўніцтва з Польшчай для Беларусі з’яўляецца энергетыка. У 2018 годзе будзе запушчаны першы энергаблок Астравецкай АЭС, і беларускія ўлады стараюцца, каб адным са спажыўцоў аказалася Польшча. Аднак гэта патрабуе вялікіх выдаткаў на развіццё наяўных энергетычных камунікацый.

Польшча і Беларусь маюць значныя магчымасці развіцця супрацоўніцтва ў галіне турызму. Перадусім гаворка ідзе пра як найбольшае выкарыстанне патэнцыялу Белавежскай пушчы і Аўгустоўскага канала. Абедзве дзяржавы ўжо думаюць над стварэннем супольнай камісіі па кіраванні Аўгустоўскім каналам, што павінна паспрыяць яшчэ лепшаму выкарыстанню турыстычнага патэнцыялу гэтага рэгіёна.

Патэнцыял развіцця маюць таксама эканамічныя кантакты: беларускія ўлады шукаюць і патрабуюць замежных інвестыцый, асабліва з дзяржаў Еўрасаюза. Беларусь пры гэтым указвае, што прадукт, створаны на яе тэрыторыі, можа свабодна ўвозіцца на ўсю тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза. Аднак значным абмежаваннем у гэтай галіне можа быць палітыка Расіі (забарона імпарту спажывецкіх прадуктаў з краін Еўрасаюза, а таксама ўсё большы гаспадарчы пратэкцыянізм і выкарыстанне гандлёвых войнаў у палітычных мэтах).

Таму выразна бачна, што дзякуючы суседству, супольнай гістарычнай і прыроднай спадчыне абедзве дзяржавы маюць значны патэнцыял для супрацоўніцтва і абмену досведам. І гэты патэнцыял надалей выкарыстоўваецца ў невялікай ступені.

Заключэнне

Нягледзячы на інтэнсіфікацыю палітычных кантактаў, надалей застаецца нявырашаным такое пытанне, як дзейнасць Саюза палякаў Беларусі (як прызнанага толькі ўладамі Рэспублікі Польшча, так і прызнанага мінскімі ўладамі). Аднак рашэнне праблемы СПБ запатрабуе значных дыпламатычных намаганняў і добрай волі з боку абедзвюх дзяржаў.

Да нявырашаных спраў трэба дадаць гістарычныя пытанні. Яны датычаць перш за ўсё перадачы т.зв. «белага катынскага спісу» і будаўніцтва вайсковых могілак у Курапатах. Яны павінны стаць прадметам інтэнсіўнай працы польска-беларускай групы па гістарычных пытаннях.

Усё яшчэ не ўступіла ў сілу дамова пра малы прымежны рух. Афіцыйна беларускі бок спасылаецца на аргумент, звязаны з благім станам прымежнай інфраструктуры. У студзені 2016 года кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Леанід Мальцаў заявіў, што кошт увядзення МПР на мяжы з Польшчай і Літвой складзе BYN 100 млн (з чаго 45 млн – гэта кошт дамовы з Польшчай). Гэтыя грошы павінны паслужыць павелічэнню колькасці памежных пераходаў, іх абнаўленню і адкрыццю пераходаў для пешаходнага руху. Леанід Мальцаў таксама падкрэсліў, што ўсе тры дзяржавы павінны звярнуцца па сродкі Еўрасаюза на паляпшэнне функцыянальных магчымасцяў прымежнай інфраструктуры. У той жа час як Польшча, так і Беларусь падкрэсліваюць неабходнасць двухбаковага супрацоўніцтва, звязанага з аховай межаў.

Таму відавочна, што для вырашэння праблемных спраў ва ўзаемадачыненнях, а таксама для развіцця патэнцыялу супрацоўніцтва абедзве краіны павінны яшчэ больш інтэнсіфікаваць узаемныя кантакты, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні. Толькі тады можна будзе казаць пра заўважныя змены ў стасунках абедзвюх дзяржаў.