|
Сarbon copy. Тэорыя і практыка канцэптуальнага вулічнага супраціву 04.02.10
Прысьвячаецца Сяргею Каваленку й навагодняй яліне ў Віцебску Вулічная актыўнасьць апошніх гадоў надта ж нагадвае копію копіі, зробленай пад капір. Контркультура, вулічныя пратэсты ў траўні 1968-га, Памаранчавая Альтэрнатыва ў сярэдзіне 1980-х у Польшчы (Pomarańczowa Alternatywa) – усё гэта, вядома ж, ужо было. І, на першы погляд, на асноведзі вычарпанасьці (у нашым сацыякультурным асяродку) фармату масавых вулічных акцыяў, ужо, у прынцыпе, не магчыма прыдумаць нешта новае. Аднак мы дазволім сабе з гэтым не пагадзіцца. Мы хацелі бы засяродзіць увагу на ўнікальнай, на нашую думку, культурнай зьяве, якая ня толькі дадае дынамікі нашаму сацыякультурнаму полю, але і абсалютна выдзірае з пэрэфэрыйнай канвы нашую публічнасьць. Мы называем гэта – канцэптуальным вулічным супрацівам. Практыка Здавалася, ані напрыканцы ХХ-га, ані напачатку ХХІ-га стст. нельга гаварыць пра пасьпяховыя і эфэктыўныя вулічныя акцыі, калі ў іх удзельнічае менш за некалькі тысяч чалавек. Аднак адмаўленьне ад масавасьці і стаўка на іншыя каштоўнасьці дазваляе зірнуць на іншы капыл на акцыі невялікіх, мабільных і творчых згуртаваньняў. Гэткага кшталту акцыі, безумоўна, можна і трэба трактаваць па-рознаму. Адныя бачаць у іх стоадсоткавы арт і выключна мастацкі сэнс, іншыя ўважаюць іх за апазыцыйныя пэрмормансы і г.д. Нам, у сваю чаргу, здаецца хібным і першае, і другое, таму і хацелася бы даць уласную назву гэтым акцыям і акрэсьліць іх месца ў публічнай прасторы. Безумоўна , трэба адзначыць, што ў беларускай культурнай прасторы былі, вядома ж, і акцыі, больш яскравыя за вывешваньне сьцягоў Міронам. Можна прыгадаць і “Падарунак прэзыдэнту” Алеся Пушкіна, і зашыты рот Славаміра Адамовіча. Аднак гэта былі аднаразовыя акцыі, і таму абсалютна не выпадае разглядаць іх у кантэксьце нашай размовы пра канцэптуальны вулічны супраціў. Вяртаючыся ж да акцыяў Мірона, трэба адзначыць, што галоўнае для нас, калі мы гаворым пра акцыі гэтае групы, – пасьлядоўнасьць. І калі зь сярэдзіны 1990-х канцэптуальна ў дзеяньнях Мірона нічога не зьмянілася, то, зь іншага боку, не адбылося і адыходу ад першапачатковых каштоўнасьцяў. Калі гаварыць пра дзеяньні Мірона сьцісла, варта адзначыць толькі тое, што ў асноўным яны абмяжоўваюцца вывешваньнем нацыянальных бела-чырвона-белых сьцягоў у цяжкадасяжных месцах. І былі распачатыя з нагоды рэфэрэндуму 1995 году, пасьля зьмены дзяржаўнай сымболікі. Напэўна, колькі словаў трэба сказаць і пра акцыі арт-групы “Вайна”, згаданую вышэй. Вылучым адно некаторыя іх, на нашую думку, знакавыя акцыі. Групавы сэкс у Біялягічным музэі як партрэт сучаснага расейскага грамадзтва. Заварваньне рэстарацыі “Опричник” (актывісты групы заварылі дзьверы ў рэстарацыі Міхаіла Лявонцева ў Маскве). І акцыя “Мент у папоўскай рызе”, якая ляканічна тлумачыць, што адбылося з расейскім грамадзтвам за “сытыя” гады (актывіст групы ў рызе праваслаўнага сьвятара, пад якой была апранутая форма супрацоўніка МУС, увайшоўшы ў краму, дэманстратыўна набраў пяць пакетаў прадуктаў і, не разьлічыўшыся, пранес іх наўпрост цераз касы). Тэорыя Канцэптуальны вулічны супраціў не зьяўляецца ані гістарычным, ані структурным паняткам і пагатоў ня можа ўважацца за нейкі палітычны рух. Гэта ўсплёскі грамадзянскіх актыўнасьцяў, якія дазваляюць сабе выйсьці па-за межы трывіяльнай крытыкі інстытуцыяў у грамадзтве кантролю. Напэўна, варта адразу ж пазначыць усе кропкі над і. Чаму канцэптуальны, чаму вулічны і чаму, урэшце, супраціў? Што датычна першага – гэта сапраўды найскладанейшы момант. Вызначыць мяжу паміж канцэптуальным выказваньнем і брутальным хуліганствам часьцяком здольныя адно інсайдэры пратэстнага руху. Аднак, не зважаючы на гэта, канцэпт адыгрывае выключную ролю як гэткі каталізатар да пераасэнсаваньня сацыяльнай рэчаіснасьці. У якасьці прыкладу можна згадаць мэтафарычны вобраз Медзьведзяняці, да якога апэлюе арт-група “Вайна”. З дапамогай мэтафарычнай адсылкі да вобразу сацыяльнай рэчаіснасьці, група дзеліцца сваім бачаньнем публічнасьці і адначасова правакуе зразумець ідэю свайго выказваньня. Іншая справа, што, у прынцыпе, канцэпт не падпадае пад адназначную, “слушную” інтэрпрэтацыю. Але пра гэта ніжэй. Супраціў. Трэба выразна разьмяжоўваць і разумець розьніцу паміж, да прыкладу, гарадзкімі партызанамі (Urban Guerrilla) і канцэптуальным вулічным супрацівам. Гарадзкая партызанка – форма палітычнай барацьбы, хай і аформленая ня самым паліткарэктным спосабам. У сваю чаргу, канцэптуальны вулічны супраціў ня ставіць перад сабой ані палітычныя мэты, ані задачы, якія можна было бы інтэрпрэтаваць у палітычным кантэксьце. Валянцін Акудовіч кажа, што “неўзабаве мы будзем адрозьнівацца адзін ад аднаго толькі воляй ды супраціву сытуацыі Нідзе і Ніхто”. Калі так, то канцэптуальны вулічны супраціў сёньня – гэта калі Ніхто выходзяць з сытуацыі Нідзе, прапісваючы сябе ў вызначанай сацыяльнай рэчаіснасьці і ёй жа аказваючы супраціў. Ня шляхам падрыву або разбурэньня рэальна існых інстытуцыяў, а, хутчэй, інвэстуючы публічную прастору дыскурсам карнавалу. Тымсама групы канцэптуальнага вулічнага супраціву ня горш за прафэсійных грынмэйлераў шантажуюць рэчаіснасьць і банкрутуюць сацыяльныя інстытуты, пазбаўляючы іх якой-колечы надзеі на апэляцыю да разумнага сэнсу і г.д. (Правілы чытаньня) Сэнс лякальнага канцэптуальнага супраціву часамі сапраўды складана зразумець. Часам жа дэкадаваць тую або іншую акцыю ў выразнае, лягічнае паведамленьне папросту немагчыма. Але гэта зусім не азначае адсутнасьць сэнсаў. Папросту іх варта шукаць на алягічным, на першы погляд, мастацкім узроўні. У дадзеным выпадку, выйсьце па-за межы звыклых акцыяў пратэстных груп – ня патасная пастава, а хутчэй змушаная мера. І лёгіка гэтага рашэньня вельмі простая. Мы выдзелім толькі два моманты. Па-першае, гэтае нежаданьне атаясамляцца з апазыцыяй, якая фактычна зьяўляецца люстраным адбіткам дзейснай улады, яе эстэтычным клёнам. Дык вось гэтае нежаданьне і стымулюе пошук альтэрнатыўных формаў выказваньня. А па-другое, рэалізацыя прынцыпу, які быў сфармуляваны яшчэ Эбі Гофманам і працуе дагэтуль: “Выразнасць – ня нашая мэта. Нашая мэта – зьбіць усіх спанталыку. Нас не разумеюць – і гэта выдатна: разумеючы нас, яны знайшлі бы спосаб нас кантраляваць”. Хоць, безумоўна, у канцэптуальным вулічным супраціве прысутнічаюць і слабыя месцы. Абвінавачваньні ў татальнай другаснасьці і лякальным змалёўваньні Флюксуса (Fluxus), самапіяры і адсутнасьці разумных стратэгіяў. Гэтым абвінавачваньням складана штосьці супрацьпаставіць. Акрамя аднаго. Нашае сацыякультурнае асяродзьдзе сёньня ня толькі спрыяльнае для капіяваньня вонкавых пратэстных практык. Яно прадугледжвае яшчэ і рэальную крымінальную адказнасьць – і, вядома ж, не за парушэньні капірайту. У гэтым сэнсе візуальная абгортка пратэсту, на першы погляд, і можа здавацца ідэнтычнай. Але зьмяняецца галоўнае – кантэкст пратэсту і адказнасьць за свае дзеяньні. Тобок памаранчавыя графіці на вуліцах нэдэрляндзкіх местаў у 1960-х і памаранчавыя графіці на польскіх вуліцах у 1980-х – гэта ўсё-ткі прынцыпова розныя паводле сэнсу формы вулічнага выказваньня. Мякка кажучы, сыстэма ня любіць, калі зь яе ня толькі сьмяюцца, але й выстаўляюць у дурнях ды не ўспрымаюць сур’ёзна. Гэта як з абдзяўбанымі наркаманамі. Можна бясконца саджаць іх у турму й марнаваць на іх утрыманьне бюджэтныя грошы. А можна даць ім у рукі, умоўна кажучы, фарбы і атрымліваць свае 30% ад продажу пост-трыпавых карцін. Гэткім чынам, і кантралюючы, і павялічваючы паступленьні ў бюджэт за кошт маргінальнай і патэнцыйна пратэстнай групы. Мы хочам, каб нас слушна зразумелі: мы не параўноўваем актывістаў канцэптуальнага вулічнага супраціву з наркаманамі. Мы адно хочам паказаць лёгіку сыстэмы, якая тлумачыць, чаму на Захадзе падобныя рухі пайшлі на спад. Найпрасьцейшае тлумачэньне – зьмянілася карціна сьвету, зьмяніліся выклікі грамадзтву і г.д. Усё гэта, мабыць, слушна, але нам усё-ткі хацелася бы акцэнтаваць увагу на іншым. Разнастайныя саміты (ад G8 да G20), офісы транснацыянальных карпарацыяў, парлямэнты, асамблеі і працоўныя групы, якія прымаюць рэзалюцыі ў абарону правоў якіх заўгодна меншасьцяў… Дзеля пасьпяховай камунікацыі з гэтымі структурамі трэба ня толькі быць зь імі на адной хвалі – трэба быць часткай інфармацыйнага мэйнстрыму, каб заняць годнае месца ў праграме дня. Іншымі словамі, выклікі заходняга грамадзтва змушаюць пратэстныя рухі ня толькі бясконца падвышаць колькасьць, але і ў цэлым стала павялічваць сваю капіталізацыю на рынку грамадзянскай супольнасьці. Адначасова пратэстныя арганізацыі самыя ўсё больш і больш узалежніваюцца ад тыхсама знакаў, супраць якіх, уласна, і выступаюць. Гэтак, бадай найбольш пашыраным, сапраўды глябальным рухам сёньня стаўся рух... антыглябалістаў. Пры гэтым далейшае пашырэньне шэрагаў руху яго ўдзельнікамі толькі вітаецца. Вобраз антыглябаліста, закручанага ў “арафатку” і з “кактэйлем Молатава” ў руцэ, сёньня ўжо ня менш брэндавы за “Coca Cola” альбо McDonalds. Адпаведнасьць Вяртаючыся да культуры канцэптуальнага пратэсту, на Захадзе яна зрушылася ў бок гэпэнінгаў, флэш-мобаў і папросту арт-праектаў, якія, у пэўнай ступені, адлюстроўваюць актуальныя сацыяльныя праблемы. Гэта зьвязана, безумоўна, не зь перамогай дэмакратыі, а са здольнасьцю сыстэмы інкарпараваць і ўбудоўваць у сябе сацыяльную меншасьць, якая думае крытычна. Адныя атрымліваюць свабоду ў межах унівэрсытэцкіх аўдыторыяў, другія – у сьценах Эўрапарлямэнту, трэція – у галерэйным фармаце. Тобок, па сутнасьці, тыя сацыяльныя групы, якія і былі ініцыятарамі ды выканаўцамі канцэптуальнага вулічнага супраціву ў Паўночнай Амэрыцы і Заходняй Эўропе, сёньня маюць празрыстыя далягляды й неабсяжную ніву для самарэалізацыі па-за маргінальнымі пратэстнымі групамі. Адначасова няздольнасьць і нежаданьне нашай сыстэмы ўпісваць у сябе крытычную сацыяльную меншасьць дазваляе ня толькі цьвердзіць пра канцэптуальны вулічны супраціў тут і цяпер. На нашую думку, можна гаварыць і пра тое, што менавіта групы канцэптуальнага вулічнага супраціву найбольш адпавядаюць нашаму ўзроўню публічнасьці, узроўню нашай публічнай палітыкі і ўзроўню ўсёй нашай публічнай культуры. Той цырк, які ўяўляе зь сябе сёньня нашая публічная прастора (у тым ліку і палітычная) не прадугледжвае адваротнай сувязі, не прадугледжвае ратацыі эліт, па вялікім рахунку, не прадугледжвае нават адказнасьці – як з боку ўлады, гэтак і з боку апазыцыйных лідэраў. Менавіта таму карнавал і зьяўляецца найбольшым увасабленьнем сацыяльна-палітычнага пратэсту, які абсалютна адпавядае нашай постсавецкай сацыяльнай рэчаіснасьці. Немагчыма й папросту бессэнсоўна ўсе няўдачы нашых пратэстных рухаў тлумачыць страхам людзей перад уладай або перад рэпрэсіямі з боку тойсама ўлады. Слабы аўтарытарызм – абсалютна ня тая палітычная сыстэма, якая здольная здушыць усе грамадзянскія актыўнасьці. Асабіста нам праблема бачыцца ў іншым. А менавіта – у камунікатыўнай неадпаведнасьці. Ува ўмовах анамальнай постсавецкай публічнасьці, якая не прадугледжвае сытуацыі дыялёгу, недальнабачна дый папросту безразважна выглядаюць спробы гуляць паводле правілаў ды выступаць у ролі суб’екту. Рыфмуючыся з тактычнымі мэдыя й сучаснымі формамі камунікацыі, канцэптуальны вулічны супраціў для нас сёньня – адна зь нешматлікіх, калі не адзіная форма публічнага выказваньня, цалкам адпаведнага нашым магчымасьцям. Пагатоў ува ўмовах грамадзтва “татальнай iнфармацыi”менавіта гэткае выказваньне здольнае быць заўважным – а гэта азначае, быць адпаведным.
|
|
© 2003-2010 «Наше Мнение» Комментарии. Материалы виртуального клуба экспертов. Встречи. Мониторинг прессы Публикация писем читателей не означает согласияавторов проекта © дизайн сайта | matepuana.com |