Магчымая будучыня беларускага нейтралітэту і шляхі яго развіцця

(Фрагменты раздела работы «Элементы нейтралітэту ў беларускай знешняй палітыцы і палітыцы нацыянальнай бяспекі»)

Беларусь пачала актыўна ажыццяўляць канстытуцыйнае палажэнне аб нейтралітэце. Гэта не азначае аўтаматычнага прыняцця гэтага нейтралітэту іншымі дзяржава, хаця менавіта ад такога прыняцця ў значнай ступені залежыць паспяховае фармаванне беларускага нейтралітэту. У разуменні многіх расійскіх палітыкаў Беларусь можа быць або на баку Масквы па ўсіх і кожным пытанні, або супраць яе. Для іх Беларусь проста не можа быць саюзнікам са сваёй уласнай пазіцыяй па некаторых пытаннях, нават калі гэта нейтральная пазіцыя, якая не супярэчыць расійскай палітыцы. Яшчэ большай праблемай для Расіі з’яўляецца беларускі нейтралітэт у галіне знешняй палітыкі і абароны. 

Гэта не дзівіць, улічваючы важнасць Беларусі для бяспекі Расіі і падозранні Расіі адносна таго, што нейтралітэт будзе выкарыстоўвацца толькі як прыкрыццё для дрэйфу краіны ў бок Захаду. У гісторыі постсавецкіх краін ёсць некалькі прыкладаў інструменталізацыі нейтралітэту для такога дрэйфу – сапраўднага або інтэрпрэтаванага ў Крамлі такім чынам (гл. першую частку даследавання). 

Аднак праблема ў тым, што беларускі нейтралітэт не прымаецца і нават не прызнаецца як такі і іншымі партнёрамі краіны, у тым ліку на Захадзе. Прыкладам могуць быць рэакцыі нямецкіх палітыкаў і экспертаў да ўзнікненння элементаў нейтралітэту ў палітыцы беларускага ўрада. 

У кастрычніку 2015 года Андрэй Дынько сведчыў, што нямецкія палітыкі, эксперты і чыноўнікі аднадушныя ў сваім недаверы знешнепалітычным ініцыятывам Лукашэнка (якія на той момант засноўваліся на элементах нейтралітэту) і лічаць, што Крэмль можа навязаць Беларусі любое рашэнне, у тым ліку стварэнне авіябазы[1]. Падобны скептыцызм выказаў эксперт Фонду імя Конрада Адэнаўэра Вольфганг Зэндэр. На канферэнцыі ў маі 2016 года ён падтрымаў імкненне Мінска да палітыкі шматвектарнасці, але адразу ж выказаў сваю цвёрдую ўпэўненасць у тым, што “рана ці позна Беларусь апынецца ў сітуацыі, калі яна будзе вымушаная стаць на той ці іншы бок”[2]. 

Афіцыйныя асобы суседніх краін часта згаджаюцца з гэтай думкай. 8 ліпеня 2016 года міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў: “Аб’ектыўна Беларусь мусіць успрымацца як адно цэлае з Расіяй. Беларусь прымала самастойныя рашэнні па некаторых пытаннях, аднак наша ўспрыняццё не змянілася”[3]. 

Нягледзячы ні на што, нейтралітэт стаў справай, за якую гатовая змагацца, прынамсі значная частка беларускай эліты, у тым ліку людзі, якія сёння адказваюць за кіраванне дзяржавай. Лукашэнка і іншыя беларускія чыноўнікі дэманструюць, што Беларусь адмаўляецца падтрымаць тыя палітычныя захады Пуціна, якія ўжо ўцягнулі Расію ў палітычную і ваенную канфрантацыю з цэлым шэрагам краін. З практычнага пункту гледжання, не мае значэння, на аснове якіх поглядаў – этычных і маральных ці прагматычных – яны супрацьстаяць гэтай палітыцы Крамля. 

Верагодна, беларускае кіраўніцтва, лічыць гэтую палітыку Крамля безнадзейнай і асуджанай на правал. Лукашэнка пасмяяўся з “гістарычных прэтэнзіяў” Расіі на Крым, сказаўшы, што ў такім выпадку патрэбна аддаць Манголіі большую частку Еўразіі, у тым ліку Расію, бо гістарычна манголы таксама валодалі гэтымі землямі[4]. 

Як зазначае палітычны каментатар Валер Карбалевіч, пасля таго як Расія пасварылася з Турэччынай у лістападзе 2015 года, “Расія, якая была крыніцай падтрымкі [для беларускага ўрада], ператварылася ў крыніцу праблем. Прыйшоў час адвяслоўваць ад гэтага [пуцінскага] “Тытаніка”[5]. 

Гэта будзе няпростай задачай, улічваючы тую незаменную ролю, якую грае Расія для беларускай эканомікі. Тым не менш, гэта магчыма. Мінск ужо паспяхова дыстанцыяваўся ад рызыкоўных задумаў Расіі і іншых краін у міжнароднай палітыцы, спасылаючыся на міжнароднае права. Прыкладам, Беларусь не прызнала законнасці шэрагу палітычных праектаў, некаторыя з якіх падтрымліваліся Расіяй, у тым ліку аддзялення Косава, Паўднёвай Асетыі, Абхазіі, Крыма (хай сабе і з агаворкамі) і Карабаха якраз спасылаючыся на міжнароднае права. 

Але і без спасылак на міжнароднае права, Беларусь таксама паслядоўна дыстанцыявалася ад іншых значных расійскіх знешнепалітычных крокаў: не толькі ў такіх аддаленых мясцінах, як Блізкі Усход, але і ва Ўсходняй Еўропе, дзе Мінск імкнецца захаваць добрыя адносіны з Украінай і аднавіць добрыя стасункі з Захадам. 

На дадзены момант беларускі нейтралітэт па-ранейшаму вельмі абмежаваны, і Крэмль захоўвае значны ўплыў у краіне. Але калі Беларусь здолее асцярожна дыстанцыявацца ад палітыкі Пуціна, змяняючы сваю палітэканамічную базу ў  напрамку дыверсіфікацыі і развіваючы належныя адносіны з Расіяй і Захадам, яна можа стаць нейтральнай. 

Фінляндыя пасля Другой сусветнай вайны здолела пабудаваць нейтралітэт не ў ідэнтычных, але ў параўнальных умовах жорсткага савецкага кантролю. Фінскія ўлады старанна пазбягалі канфрантацыі з Масквой, прымалі законныя інтарэсы СССР і адначасова з гэтым будавалі ўласную краіну ды паступова развівалі ўсё больш незалежную і нейтральную палітыку. Беларусь магла б зрабіць тое самае. 

У апошнія гады Мінск ужо ішоў гэтым шляхам. Напрыклад, ён імкнуўся знайсці сярэдні шлях паміж Расіяй і яе шматлікімі супернікамі на Захадзе, былымі краінамі Савецкага Саюза або Блізкага Усходу. Але ён таксама прызнаў жыццёва важныя інтарэсы Расіі, якія беларускі ўрад лічыць абгрунтаванымі і, напрыклад, працягвае ўдзельнічаць у Адзінай сістэме СПА. 

Бясспрэчна, для рэалізацыі мадэлі нейтралітэту беларускаму ўраду патрэбна вырашыць некалькі складаных задач. Перш за ўсё, неабходна забяспечыць прызнанне беларускага нейтралітэту з боку замежных партнёраў, у першую чаргу Расіі. Для гэтага Мінск павінен даказаць, што ягоны нейтралітэт не скончыцца тым, што Беларусь зойме празаходнюю і антырасійскую пазіцыю. 

Іншымі словамі, нейтралітэт Беларусі павінен быць прымальным для Масквы. Гэта азначае разумнае самаабмежаванне для беларускай знешняй палітыкі і палітыкі нацыянальнай бяспекі, а таксама разумнае самаабмежаванне ва ўнутранай палітычнай дыскусіі. Такая палітыка можа быць паспяховай і быць прынятай Расіяй і іншымі краінамі толькі тады, калі яна будзе падтрымлівацца вельмі шырокімі групамі беларускага грамадства. 

Такая палітыка можа аказацца папулярнай сярод большасці насельніцтва. На жаль, падчас апытанняў грамадскай думкі людзей, як правіла, апытваных просяць выбраць толькі паміж Расіяй (еўразійская інтэграцыя) і Захадам (Еўропа, ЕС, АПАД) або пытанне ставіцца ў іншай форме, якая скажае колькасць тых, хто падтрымлівае варыянт нейтралітэту для Беларусі. Аднак нават без паўнавартаснага абмеркавання варыянта нейтралітэту ў апытанні грамадскай думкі, праведзеным восенню 2014 года, каля 20  адсоткаў беларусаў выбралі нейтралітэт ў якасці лепшай мадэлі арыентацыі беларускай знешняй палітыкі, у той час як дзесяць адсоткаў аддалі перавагу далучэнню да ЕС, і 30 адсоткаў падтрымалі ўдзел ў Еўразійскім эканамічным  саюзе. ягледзячы на спрэчную фармулёўку пытання, лічбы паказваюць, што варыянт нейтралітэту з’яўляецца жыццяздольным варыянтам з пункту гледжання грамадскай адтрымкі. Адметна, што вынікі апытання былі абнародаваныя памочнікам прэзідэнта Кірылам Рудым: гэта можа сведчыць пра сур’ёзнае стаўленне беларускага да магчымасці развіцця нейтралітэту. 

Тым не менш, большасць апазіцыі і СМІ, не залежных ад беларускага ўрада, а таксама звязаныя з імі супольнасці аналітыкаў на сённяшні дзень не гатовыя падтрымаць нейтралітэт. Асабліва неахвотна яны падтрымліваюць мадэль нейтралітэту, якая прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне з Расіяй (як гэта было ў фінскай мадэлі пасля Другой сусветнай вайны). 

Праблема, праўдападобна, носіць усеагульны характар і не абмяжоўваецца толькі Беларуссю. Анягож усе іншыя варыянты знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі, акрамя ўступлення ў АПАД (НАТО) і ЕС, былі адхіленыя кіроўнымі элітамі дзяржаў рэгіёна цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў, і Мінску будзе вельмі цяжка змяніць гэты лад думак. Але цяперашні беларускі ўрад не мае іншага выбару, акрамя як пераканаць шырэйшыя колы беларускай апазіцыі ў неабходнасці падтрымаць варыянт нейтралітэту. Ён здолее зрабіць гэта толькі калі палітычны рэжым стане больш плюралістычным і ўсеахопным (інклюзіўным), а канструктыўныя сілы апазіцыі будуць браць удзел у кіраванні краінай. 

Шырэйшая грамадская падтрымка нейтралітэту неабходная, сярод іншага, і для таго, каб пераканаць Расію, што нейтралітэт – гэта сапраўдная мэта ўсіх асноўных палітычных сілаў Беларусі. У адваротным выпадку існуе надзвычай высокая рызыка – калі не абсалютная пэўнасць, – што Расія будзе ўспрымаць беларускі нейтралітэт як канцэпцыю, якую падтрымлівае толькі нейкая асобная палітычная групоўка і якая будзе адразу адкінутая Мінскам як толькі расстаноўка сіл ва ўнутранай беларускай палітыцы зменіцца. 

Гэтаксама, каб пераканаць Расію ў сапраўднасці і шчырасці беларускага нейтралітэту, Мінску патрэбны вайсковы патэнцыял, які б гарантаваў, што бяспека Расіі не будзе пастаўленая пад пагрозу з-за слабасці Беларусі або з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі. Для гэтага Беларусі патрэбныя больш эфектыўныя і развітыя ўзброеныя сілы. Акрамя таго, Мінск павінен звярнуць увагу на расійскія патрэбы і чуллівыя месцы ў галіне бяспекі пры фармаванні такіх ўзброеных сіл, напрыклад, разбудаваўшы належную сістэму супрацьпаветранай абароны. Нават калі Мінск выканае ўсе гэтыя ўмовы, хутчэй за ўсё, Расія будзе настойваць на нейкім рэзервовым механізме прамога расійскага ваеннага ўмяшання ў выпадку, калі беларуская армія не зможа спыніць агрэсію, якая будзе пагражаць Расіі. 

Ці такія механізмы, самаабмежаванне і асцярожнасць падрываюць нейтралітэт і могуць патэнцыйна знішчыць беларускую незалежнасць? Такая верагоднасць існуе. Аднак, як паказаў досвед Фінляндыі, гэтая мадэль дазволіла Фінляндыі не толькі выжыць, але і наладзіць выдатныя стасункі з Савецкім Саюзам і дасягнуць поспехаў у развіцці. 

Источник: Центр Острогорского

[1] Андрэй Дынько. З пачутага ў Берліне: «Мы Лукашэнку не давяраем», а авіябазу лічаць вырашанай справай, Наша Ніва, 17 кастрычніка 2015 года, http://nn.by/?c=ar&i=158272 

[2] Павлюк Быковский. Минский диалог: кому выгодна белорусская многовекторность, Deutsche Welle, 06 мая 2016 года, http://tinyurl.com/jyxvb94

[3] Глава МИД Литвы: НАТО не считает Беларусь угрозой, но видит ее как одно целое с Россией, TUT.BY, 8 июля 2016 года, http://news.tut.by/politics/503736.html

[4] Лукашенко: Если Крым – это Россия, то Россия – это Монголия, День, 9 октября 2014 года, http://day.kyiv.ua/ru/news/091014-lukashenko-esli-krym-eto-rossiya-rossiya-eto-mongoliya

[5] Валер Карбалевіч. Расея без саюзьнікаў, Радые Свабода, 07 жніўня 2014 года, http://www.svaboda. org/a/26518099.html