Сярод найбольш значных і запамінальных падзеяў бягучага году ў ахове здароўя першынство безумоўна належыць наведванню Аляксандрам Лукашэнкам Рэспубліканскага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі. Падчас візіту галіна не толькі спазнала дозу найвышэйшай крытыкі, але і была папярэджана што з вясны яе «будут шевелить».

Сістэма напружылася — не жартачкі, калі сам начальнік краіны не гаворыць, як звычайна, пра «передовое-мировое здравоохранение», а абяцае санкцыі, прычым у форме двухсэнсоўных эўфемізмаў. «Пастаноўкі на від» працягнуў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які на выніковай калегіі Мінздрава актуалізаваў праблему медычнай этыкі і стаўлення да пацыентаў, а заадно назваў дэградацыяй развіццё сталічнай медыцыны. У выніку амаль увесь люты медычныя начальнікі навыперадкі распавядалі народу пра тое, што сістэма мабілізуецца, а пацыентаў у паліклініках і бальніцах будуць прымаць як бліжэйшых сваякоў пад страхам жорсткіх разбіральніцтваў па фактах скаргаў на неналежнае стаўленне.

Акрамя вербальна-выхаваўчых пасылаў, сярод прыкметаў «шевеления» сістэмы былі заўважаныя серыя начных праверачных рэйдаў адміністрацыяў мінскіх шпіталяў для высвятлення хто спіць на працоўным месцы, а таксама чуткі пра працу спецыяльных праверачных камісіяў у сталічных клініках. Прычым складзены гэтыя структуры павінны былі быць з адміністратараў раённых і абласных бальніц і ўзмоцнены супрацоўнікамі Камітэту Дзяржкантролю такога ж раённага звяна.

Але, як кажа народная мудрасць — «сапраўдныя справы толькі ў пракурора». Днямі сайт charter97.org (ГІПЕРССЫЛКА) агучыў інфармацыю з ліста «для службовага карыстання», дасланага Генеральнай пракуратурай у Міністэрства аховы здароўя. Дакумент утрымлівае інфармацыю аб выніках маніторынгу, праведзенага сілавым ведамствам у галіне аховы здароўя дзеля знаходжання асобаў, якія маюць дачыненне да карупцыі. У выніку было выяўлена каля 150 лекараў рознага рангу, дзеянні якіх утрымліваюць рысы карупцыйных правапарушэнняў. Цікава тое, што вядзецца не пра «левыя» бальнічныя ці падробленыя рэцэпты на псіхатропныя прэпараты, а пра ўдзел гэтых «заплямленых» калег у прафесійных міжнародных форумах і канферэнцыях. Справа ў тым, што рэгістрацыйныя ўнёскі і пражыванне спецыялістаў у гатэлях бралі на сябе спонсары гэтых мерапрыемстваў, сярод якіх, па меркаванні Генпракуратуры, фармацэўтычныя кампаніі і недзяржаўныя фонды, «падкантрольныя замежным спецслужбам».

Безумоўна, праблема карупцыі вельмі актуальная для нашай краіны. Беларусь традыцыйна нізка каціруецца ў міжнародных рэйтынгах успрыняцца карупцыі і ахова здароўя стала з’яўляецца прадметам цікавасці профільных праваахоўных структур, нягледзячы на несувымернасць абароту хабарных грошай у ей у параўнанні з той жа прамысловасцю ці будаўніцтвам. Праўда, па словах намесніка старшыні Следчага камітэту (а раней — намесніка Генпракурора) Андрэя Шведа — у цэлым сітуацыя з карупцыяй у краіне ў апошнія гады застаецца стабільнай. «Аднак гэта не значыць, што работа праваахоўных органаў аслаблена. Мы пастаянна аналізуем сітуацыю і прымаем канкрэтныя меры да яе паляпшэння», — дадаў сп. Швед.

Ад сябе дадам, што не толькі канкрэтныя, але і творчыя, бо каб падняцца над узроўнем выяўлення звычайнага хабарніцтва да выкрыцця подкупа айчынных спецыялістаў замежнымі фармкампаніямі і вярбоўкі замежнымі спецслужбамі, трэба мець адмысловую міліцэйска-чэкісцкую крэатыўнасць.

Не можа не цікавіць сама метадалогія згаданага маніторынгу. У сучасных умовах на замежную канферэнцыю айчынны лекар можа выехаць альбо як прыватная асоба ў вольны час, ці толькі з дазволу вышэйшага кіраўніцтва з умовай напісання справаздачы пра знаходжанне ў замежжы, нават калі ў гэты перыяд спецыяліст быў у адпачынку за свой кошт. Безумоўна, большасць такіх паездках адбываецца за кошт спонсараў, бо ўдзел у міжнародных семінарах і кангрэсах каштуе амаль «непад’ёмных» для беларускага лекара грошай, не кажучы ўжо пра выдаткі на пражыванне. Спонсарамі выступаюць, як правіла, прадстаўніцтвы фармкампаній ці недзяржаўныя фонды (напрыклад фонд Сораса). Падобная практыка ні для каго не сакрэт, у тым ліку і для кіраўніцтва спецыяліста, што выязджае. Адсюль простае пытанне — калі звесткі, прыведзеныя ў пракурорскім лісце ўзятыя са справаздачаў лекараў аб удзеле ў навучальных (навуковых) імпрэзаў, ці варта ў бліжэйшы час чакаць маштабнага выкрыцця патуральнікаў карупцыі з ліку рознага ўзроўню медычных чыноўнікаў? З іншага боку, калі звесткі здабытыя не з сістэмы Мінздрава, а пры дапамозе самастойных аператыўных дзеянняў, ці значыць гэта, што медычныя спецыялісты шчыльна апякаюцца спецслужбамі, якія адмыслова сочаць за тым ці паехаў доктар у Беласток на закупы ці ў Варшаву на сімпозіум?

Якія б сапраўдныя мэты не ставілі б перад сабой арганізатары маніторынгу, дабратворнага ўплыву на сістэму такімі метадамі наўрад ці можна дамагчыся. Так крыніцы сайта charter97.org у Мінаховы здароўя ужо цяпер паведамляюць пра тое, што пачаліся размовы з фігурантамі спісу пракуратуры, якія больш нагадваюць допыты. І хоць варыянт паўнавартаснага крымінальнага пераследу кагосьці з іх малаверагодны, але культывавання атмасферы недаверу і «палявання на ведзьмаў» чакаць можна на раз. Заканамерным вынікам будзе зніжэння айчыннага прадстаўніцтва на міжнародных прафесійных форумах, ад чаго горш стане пацыентам, бо камунікацыя з калегамі — неабходная ўмова прафесійнага росту сучаснага лекара. Цікавым ходам было б публічнае выстаўленне прэтэнзіяў з боку медработнікаў да галіновага міністэрства за нізкі заробак, які не дазваляе прафесійна развівацца і выконваць належным чынам свае абавязкі — але гэта, вядома, з серыі неверагоднасцяў.

Праблема ўзаемадачынення медычных прафесіяналаў і фармвытворцаў мае планетарны характар. У развітых краінах вытворцы лекаў фундуюць медычныя даследаванні, а таксама наймаюць лекараў як кансультантаў і лектараў. Механізмамі абароны ад карупцыі выступаюць этычныя нормы, грамадская дыскусія і, вядома, галоснасць. Так нядаўна партал medscape.com апублікаваў адноўлены Dollars for Docs List ад незалежнай журналісцкай ініцыятывы ProPublica. Згаданы спіс утрымлівае інфармацыю пра лекараў, якія за апошнія 4 гады атрымалі больш за 500 тыс. даляраў за лекцыі і кансультацыі ад фармвытворцаў. Ганаровае першае месца ў ім займае медычны дырэктар псіхіятрычнай праграмы тэрапіі залежнасцяў Jon Draud з Тэнэсі, які зарабіў такім чынам больш за мільён даляраў. Medscape.com звярнуўся па каментар да доктара J. Scully — старшыні Амерыканскай псіхіятрычнай асацыяцыі, які адзначыў, што, яго, вядома, уражваюць падобныя лічбы, асабліва таму, што Асацыяцыяй вядзецца вялікая праца ў галіне медычнай і псіхіятрычнай этыкі, і большасць лідэраў думак у ягонай галіне рэальна глядзяць на ролю фармвытворцаў і іх працу з лекарамі. Тым не менш спецыяліст выразіў упэўненасць у фармальнай законнасці атрыманых прыбыткаў і падкрэсліў неабходнасць эфектыўнай камунікацыі з грамадствам на гэтую тэму. У нас жа, як бачым, новы віток дыскусіі на гэтыя тэмы адбываецца пакуль што толькі ў міжведамасным фармаце пад грыфам «Для служебного пользования».

Што ж датычыцца фармкампаній, акрэдытаваных у Беларусі, то за гады рынкавага сацыялізму большасць з іх так адаптаваліся да мясцовых умоваў, што здольныя хутка аднавіць пашкоджаныя каналы камунікацыі з лекарскім асяроддзем. Больш надзейнай абаронай ад негатыўных уплываў фармгрошай на медработнікаў можа стаць, безумоўна, павышэнне статуса апошніх у грамадстве. Справядлівасць гэтага сцверджання ілюструецца хаця б прыкладам айчынных стаматолагаў, многія з якіх зарабляюць на сябе самі і могуць сабе самастойна дазволіць прафесійнае развіццё ў выглядзе камунікацыяў з калегамі на замежных семінарах і майстар-класах. Але пытанне ці хоча дзяржава вырашаць гэтую ці іншыя праблемы аховы здароўя, ці, хоча як звычайна, «шевелить» і «встряхивать» усё і ўсіх у гэтай краіне.

Упершыню апублiкавана Завтра твоей страны