Кліматычныя анамаліі – прадвесьце будучых катастроф

Хаця з рознымі праявамі экалягічнай праблемы мы сутыкаемся апошнім часам усё часьцей, яе сур’ёзнасьць яўна недаацэньваецца. Больш за тое, сучасны дыскурс глябалізацыі фактычна цэнзуруе розныя спробы мадэляваньня экалягічнай будучыні, выціскаючы на маргінэз усялякія неаптымістычныя сцэнары разьвіцьця сучаснай цывілізацыі (падобна да таго, як чалавечая псыхіка выштурхоўвае ў падсьвядомае любы траўматычны досьвед ці апакаліптычныя візыі індывідуальнай будучыні).

Да таго ж экалягічныя праблемы найчасьцей успрымаюцца як лякальныя, г.зн. зусім не зьвязваюцца з тымі тэхналягічнымі механізмамі, на падставе якіх паўстала і развівалася цяперашняя цывілізацыя і, адпаведна, штодзённы лад жыцьця і спажываньня.

1. Візыя сутнасьці глябальных праблемаў

Сутнасьць сучасных глябальных праблемаў (і перадусім экалягічнай) палягае ў сутыкненьні дзьвюх вялікіх сыстэмаў, – біясфэры і чалавечай цывілізацыі. Больш канкрэтна, гаворка йдзе пра несумяшчальнасьць прынцыпаў функцыянаваньня кожнай зь іх.

Нармальнае функцыянаваньне біясфэры як адзінай сыстэмы магчыма адно праз існаваньне надзвычай вялікай разнастайнасьці жывых істотаў (біялягічных відаў, экалягічных сыстэмаў). А таксама праз іхняе ўзаемадзеяньне паводле прынцыпу ўзаемадапаўняльнага падзяленьня роляў дзеля выжываньня кожнага біялягічнага віду і, адпаведна, ўсёй біясфэры. Існаваньне праз узаемадапаўняльную разнастайнасьць, гэткім чынам, ёсьць базавым прынцыпам функцыянаваньня біясфэры. Гэты прынцып можна сфармуляваць і так: жыцьцё як біялягічны фэномен прынцыпова немагчымае ў адным экзэмпляры.

Што ж да чалавечай цывілізацыі, дык механізмы яе разьвіцьця зусім іншыя. Яе базавым тэлеалягічным прынцыпам ёсьць уніфікацыя, стандартызацыя, масавасьць і разбурэньне (зьмяншэньне) разнастайнасьці. Дарэчы, разбурэньне разнастайнасьці тычыцца тут ня толькі прыродных сыстэмаў, але й традыцыйных (лякальных) культураў, якія ад сучасных адрозьніваюцца наяўнасьцю жорсткіх механізмаў рэгуляцыі паводзінаў канкрэтнай папуляцыі людзей у пэўным прыродным асяродку.

«Сэнс» разбурэньня разнастайнасьці на карысьць разьвіцьця сучаснай цывілізацыі палягаў у двух рэчах – у «вызваленьні» ўсё большай энэргіі, якую назапашваюць у сабе жывыя прыродныя сыстэмы. І/альбо дзеля «набыцьця» тэрыторыі, якая патрэбная чалавеку для будаўніцтва дарог, паселішчаў ці вядзеньня сельскай гаспадаркі.

Гэткім чынам, няцяжка заўважыць, што далейшае разьвіцьцё чалавечай цывілізацыі паводле прынцыпу пераразьмеркаваньня энэргіі і тэрыторыі вядзе да катастрафічнай сытуацыі, у якой засталыя прыродныя сыстэмы ня будуць здольныя забясьпечыць ніводную з біялягічных функцыяў падтрыманьня жыцьця. А менавіта, функцыі кругазвароту вады і яе біялягічнай ачысткі, кіслародны балянс, тэмпературны рэжым, абарону ад касьмічных промняў і г.д. і г.д.

2. Канцэпцыя ўстойлівага разьвіцьця

Відавочна, што несупадзеньне базавых прынцыпаў функцыянаваньня біясфэры і чалавечай цывілізацыі не пакідае чалавецтву хоць якіх іншых варыянтаў выжываньня, акрамя «кампрамісу», які канкрэтныя грамадзтвы, людзі (і ўсё чалавецтва) мусяць самі навязваць сабе.

Сутнасьць гэтага кампрамісу палягае ў наступным. Усе віды чалавечай дзейнасьці (і ўзьдзеяньня на прыродныя сыстэмы) мусяць быць «упісаныя» ў межы лякальных альбо глябальных экалягічных абмежаваньняў. Найбольш сур’ёзныя зь іх глябальныя абмежаваньні. Можна выдзеліць пяць такіх абмежаваньняў.

1. Прасторава-структурнае абмежаваньне. Яно палягае ў тым, што для кожнага віда жывых істот ці экалягічнай сыстэмы існуе пэўны оптымум біялягічнай прасторы (тэрыторыі). Звужэньне яе ніжэй за дапушчальную норму негатыўна ўплывае на колькасьць канкрэтнай папуляцыі жывёлаў (расьлінаў) і разнастайнасьць біялягічных відаў, а ў выніку – на здольнасьць лякальных экалягічных сыстэмаў да самааднаўленьня. Калі ж створаныя чалавекам штучныя сыстэмы ці тэрыторыі, занятыя пад гарады, разглядаць у якасьці новых структурных адзінак біясфэры, тады ў плянэтарных маштабах гэтае абмежаваньне будзе задаваць пэўнае скрайняе значэньне прасторавых суадносінаў прыродных і штучных экалягічных сыстэмаў, а таксама іншых тэрыторый, на якіх ужо не існуюць натуральныя экалягічныя сыстэмы. Канкрэтным прыкладам парушэньня гэтага абмежаваньня ў Беларусі зьяўляецца памяншэньне лясістасьці да значэньня суаадносінаў меншае за адну траціну. Практычна гэта азначае, што там, дзе лес займае менш за 30% ад тэрыторыі, якраз і назіраюцца працэсы эрозыі глебы.

2. Часавае абмежаваньне. Гэтае абмежаваньне можна сфармуляваць наступным чынам. Дынаміка зьменаў навакольнага асяроддзя ня мусіць пераўзыходзіць тэмпы натуральных працэсаў адаптацыягэнезу ўсёй сукупнасьці натуральных экалягічных сыстэмаў, найбольш характэрных для гэтай тэрыторыі. На глябальным узроўні зьмены ня мусяць парушаць дынаміку адаптацыягэнезу ўсёй біясфэры Зямлі. Інакш кажучы, узьдзеяньне чалавека на прыродныя сыстэмы мусіць улічваць тэмпаральнасьць самарэпрадукаваньня як мінімум найбольш адметных экалягічных сыстэмаў, ад якіх залежыць устойлівасьць больш шырокіх сыстэмаў (напрыклад клімату на лякальных тэрыторыях ці ў маштабе ўсёй плянэты).

3. Біягеахімічнае абмежаваньне. Яно зьвязанае з «падлучэньнем» чалавека да натуральных біяхімічных цыкляў (колазваротаў розных хімічных элемэнтаў і біяхімічных спалучэньняў у прыродзе). Гэтае абмежаваньне забараняе пераўзыходзіць асыміляцыйныя здольнасьці прыродных экалягічных сыстэмаў (здольнасьць улучаць у іх цыклі чужародныя хімічныя элемэнты ці іх спалучэньні) альбо зьніжаць гэтыя здольнасьці ў выпадку вялікіх аб’ёмаў выкідаў хімічных рэчываў у прыроднае асяроддзе.

4. Рэчыва-папуляцыйнае абмежаваньне. Яно вызначаецца агульнымі дапушчальнымі аб’ёмамі выняцьця з прыроднага акружэньня біялягічна актыўнага матэрыялу, які надалей у працэсе выкарыстаньня абіятызуецца чалавекам (страчвае свае біялягічна-арганічныя якасьці). Сёньня гэтае абмежаваньне тычыцца практычна ўсіх біялягічна актыўных кампанэнтаў прыродных сыстэм, якія выкарыстоўвае чалавек. Элемэнтарным прыкладам парушэньня гэтага абмежаваньня зьяўляецца вылаў рыбы ў сусьветным акіяне ў аб’ёмах, што падрываюць рэпрадукцыйную здольнасьць марскіх экасыстэмаў.

5. Тэмпературна-энэргетычнае абмежаваньне. Яно зьвязанае з парушэньнем энэргетыкі біясфэры ў выніку паступленьня ў навакольнае асяроддзе дадатковых (вырабленых чалавекам) колькасьцяў энэргіі і цяпла, а таксама ў выніку зьмены альбеда зямлі. (Варта заўважыць, што ўсе апісаныя абмежаваньні добра паддаюцца фармалізацыі і на іх аснове можа быць пабудаваная матэматычная мадэль аптымальнага ўзаемадзеяньня чалавека і прыроды.)

Парушэньне ж усіх гэтых абмежаваньняў пагражае чалавецтву буйнамаштабнымі сацыяльнымі і прыроднымі катаклізмамі.

Гэткім чынам, устойлівае разьвіцьцё, якое цягам апошніх дваццаці гадоў разглядаецца як само сабой зразумелая канцэпцыя разьвіцьця сучаснай цывілізацыі, немагчымае, калі будуць перакрочаныя глябальныя экалягічныя абмежаваньні. (Ня блытаць прапанаваную тут канцэпцыю абмежаваньняў з выкладзенай у кнізе Мэдоўзаў «Limits to Growth».)

Канцэпцыя глябальных абмежаваньняў хоць прынцыпова і не забараняе эканамічны рост, але ўсё ж такі зьмяшчае яго ў строгія экалягічныя рамкі. І гаворка тут ідзе ня толькі пра экалягічную рэвалюцыю ў прамысловых тэхналёгіях, але і пра самыя розныя палітычныя, культурніцкія і цывілізацыйныя зрухі, што вынікаюць з сур’ёзнасьці экалягічнай праблемы.

Досьвед апошніх дваццаці гадоў, на жаль, дэманструе, што на шляху адэкватных дзеяньняў у кірунку вырашэньня гэтай праблемы прагрэсу не адбылося. Бо лякальныя варыянты яе вырашэньня пакуль аніяк ня здольныя спыніць агульную тэндэнцыю макраўзроўневай дэградацыі біясфэры.

 

Метки