7 лістапада падзабыты прывід камунізму дашкандыбаў да чарговае гадавіны. З гэтай нагоды тэлеканал АНТ разрадзіўся сьвяточным канцэртам «Назад у СССР», выкананым у чорна-белых традыцыях «Блакітных агеньчыкаў». Мясцовая папса мусіла паўтарыць эстрадныя песьні 60-х гадоў.

Няма патрэбы казаць, што Беларусь амаль адзіная краіна, дзе сьвяткуецца «кастрычніцкая рэвалюцыя», а настальгія па савецкім часе ёсьць неад’емным складнікам рэжымнае прапаганды.

Таксама ня варта ўзгадваць, што ніводная тутэйшая зорка, чый «адрас — Савецкі саюз» — не дарастае да ўзроўню тагачаснае музыкі (хаця тоны губной памады й кічавыя блясткі мусяць сьцьвярджаць адваротнае).

Але цікава іншае. Чаму бязьвінныя песенькі пра ландышы і мядзьведзяў, якія круцяць зямную кулю, сталіся адвакатамі камуністычнага прывіду? Чаму менавіта яны, а не піянэрскія сьпевы пра крэйсэр «Аўрору» ці «вечна жывога Леніна»?

Эстрадныя песенькі падкрэсьлена апалітычныя, легкадумныя, яны нічога ня ведалі пра партыйныя зьезды, генэральных сакратароў ды лёсавызначальную рыторыку чарговае пяцігодкі. Гэтыя сьпевы выклікалі насьцярожлівасьць асобных савецкіх бонзаў, але людзі эстраду любілі — і да яе ўцякалі.

Уцякалі ад стомленае хлусьні й партыйнага шамканьня, ад дэфіцыту й нішчымнасьці, ад натоўпаў мармуровых Ленінаў і надрыўна-жабрачага энтузіязму бітваў за ўраджай. Уцякалі ад несправядлівасьці, блату, ГБ і страхалюдных ГОСТаў шэрых крояў.

Уцякалі ў сьвет багаты й казачны, дзе ўсе жанчыны густоўна апранутыя, а мужчыны рыцары, дзе ёсьць месца каханьню, шчасьцю і дзіўным дзівосам — на гарачых далёкіх выспах, у «краіне Аленіі» ці ў кампаніі зь «мішкамі».

Уцякалі ў кічавыя фантазіі, лагодныя, пяшчотныя, бліскучыя — і прыватныя. І гэтыя ўцёкі сталіся масавымі.

Так немцы шалелі ад Марыкі Рок, калі вакол падалі бомбы, а ў рэйхстагу гістэрычна скавытаў фюрэр.

Але сёньня нікому не прыйдзе ў галаву паўтараць сьпевы колішняй зоркі Трэцяга рэйху — каб не выклікаць міжвольнае настальгіі па тагачаснай «стабільнасьці».

У казачна-апалітычных, мэлядраматычных жаночых сьпевах ёсьць нешта палітычна ангажаванае. Ёсьць здрадніцкая дамова паміж уцёкамі і рэжымным дазволам на гэтыя ўцёкі.

Кічавыя фантазіі ня маюць алібі — і тое, што выглядала сэнтымэнтальна-духоўным супрацівам, становіцца абаронай крывавае гнюснасьці.

Нездарма Гёбэльс усяляк падтрымліваў «уцякацкія» фільмы, а легкадумныя песенькі на радыё прашываліся «пракладкамі» нацысцкай рэклямы. (Фармат сучасных музычных станцый!)

Уцякацкая эстрада 60-х, якую камуністы ўсяляк лаялі за ідэалягічную абыякавасьць, сталася найлепшым адвакатам савецкіх часоў.

Шчасьце — без камуністаў, але з камуністычнаю сытасьцю; казка, якой ніколі не было; скрадзеная ўмоўнасьць, якая выдаецца за праўду.

І нэйтральна-пяшчотныя песенькі, своечасова й удала прысабечаныя, прыдадуцца для прапаганды як нішто іншае.

Канцэрт «Назад у СССР» — гэта ня толькі гульня ў настальгію са старым пакаленьнем, але й спроба завэрбаваць моладзь байкамі пра сьлёзы радасьці й каўбасу за 2.20.

Але што паказальна. Для аднаўленьня Савецкага Саюзу рэпертуару савецкіх сьлёзаў яўна недастаткова.

І зьяўляецца на экране паўтор песьні «Besame Mucho» (пра якасьць выкананьня лепей прамаўчаць); узгадваецца «Ямайка» Рабэрціна Ларэці і нарэшце — трымайце мяне — на «Блакітным агеньчыку» скача тутэйшы двайнік… Элвіса Прэсьлі.

Прэсьлі, як вядома, камуністам ня быў.

Болей за тое, ягоныя песьні на савецкай эстрадзе ня граліся, не паўтараліся — і не ўзгадваліся, а сам амэрыканскі рок-кароль быў сталым аб’ектам ідэалягічных кпінаў.

І тут — кантрабанда. Самае дзіўнае, што гэтая кантрабанда амаль незаўважная. А нахабнае (і бяздарнае) прысабечваньне чужых любоўных сьпеваў выглядае натуральнаю часткай савецка-лукашэнкаўскага канцэрту.

Як у дзяржаўнае рыторыцы кантрабандаю ўводзяцца незалежніцкія лёзунгі, так і ў забаўках абкрадаюцца ідэалягічныя ворагі. (Калі так пойдзе, то адвакатамі савецкай улады неўзабаве абвесьцяць і Сьпілбэрга з Лукасам.)

Падобная тактыка — нешта новае для ідэалягічнага апарату.

Але вынікам удалага крадзяжу чужой маёмасьці была й застаецца імітацыя.

Адвакаты здольныя таскаць кліентам новую кроў — але не дапамогуць прывідам ачуняць, дый самі згубяцца ў чорна-белым палоне сьценяў.