Абжыванне канцлагеру

Жыццё савецкага беларуса – гэта абжыванне канцлагеру. У канцлагеры ўсталёўваўся калючы дрот, гмырыліся вышкі, ля баракаў сацыялістычнага лагеру пільнавала варта – але жыхар беларускага бараку забіваў сабе ў сценку цвік, вешаў карцінкі, саджаў кветачкі і нават аўтаматныя чэргі слухаў, як калыханку. Ён абжываў прастору смерці, зялёная траўка прарастала праз асфальт рэпрэсій.

Канцлагер загадзя забіваў усіх, хто супраціўляўся, нават тых, хто быў здольны пра волю падумаць. Бязлітаснасць спараджала паслухмянасць, але дэманстрацыйна-ветлівая згода падточвала сістэму знутры. Партыйныя заклікі абжываліся і неўпрыкмет змяняліся, хаця вонкава заставаліся тымі ж самымі [1]. У камуністычную сістэму праточвалася тутэйшае жыццё – і каб яго скарыць патрабаваліся ўжо новыя рэпрэсіі. Але таленты маскавання савецкага беларуса і аслабленне праз тое савецкага апарату зрабілі сваю справу –  рэжым сканаў, хаця савецкія абалонкі яшчэ засталіся.

Увогуле, жыццё ў канцлагеры ішло хвалямі.

Першае ажыўленне прыпала на часы беларусізацыі, калі адраджэнцы ўдала скарысталі партыйную рыторыку, каб разбудаваць беларускую культуру. Яны былі сцятыя і расстраляныя, але ўжо ў 60-ыя гады адбылося новае ажыўленне – ізноў у межах існых структураў: у звязе пісьменнікаў, у Акадэміі Навук,а дыскусіі разгортваліся на старонках легальных газетаў.

Пасля падмарозкі – гэтым разам “абжытая” сістэма ўжо не здольная была па-карніцку забіваць – адбыўся абвал бараку і часовае вызваленне. Цікава, што на апошняе хвалі Беларускі Народны Фронт ахайна пачынаў з падтрымкі перабудовы, абвешчанай партыяй, але хутка выйшаў па-за гэтыя межы.

Абжыванне сістэмы, выкарыстанне ейных прыладаў на сваю карысць можна заўважыць нават у такіх адладжаных цырымоніях, як савецкія святы. З пяцідзесятых гадоў яны  гублялі камуністычны імпэт і пакрысе прысабечваліся – і нават нацыяналізаваліся. 8 сакавіка даўно страціла азнакі “працоўнае” барацьбы, тлусцеў і расплываўся Новы год, 1 Мая згубіла мілітарны пафас і нават галоўнае камуністычнае свята 7 лістапада мусіла пазычаць ветэранаў з 9 Мая [2].

Хаця “камунізм быў рэжымам, у якім Другая Сусветная вайна ніколі не сканчалася” [3], нават гэтая вайна выкарыстоўвалася на свой капыл. Так нататка пра 3 ліпеня ў галоўнае газеце беларускіх камуністаў “Звязда” за 1954 год – дробная, гэта і блізка не штосьці галоўнае, гаворыцца толькі пра “працоўных горада”, якія сабраліся разам з партыйнымі, савецкімі, камсамольскімі ворганамі ў тэатры оперы і балету.

У 1964 годзе “Звязда” прысвячае гэтай даце ўжо першыя старонкі двух нумароў. Акцэнт робіцца цяпер на “вялікім подзвігу гераічнага народу”. 1974 год – гэта машэраўскі трыюмф савецкіх беларусаў. Цырымоніі пачаліся ажно ў чэрвені, у Мінск прыехалі – з міжнародным візітам – польскія і чэскія камуністы, а для ветэранаў вайны арганізавалі шыкоўнае відовішча на мінскім стадыёне.

Затое напрыканцы 80-ых гадоў дзень вызвалення Мінска ад фашыстаў – ужо проста Дзень горада. Лукашэнка скарыстаўся гэтаю датай – і вярнуў ёй муміфікаваны мілітарны ляскат, але не здолеў быў спыніць працэсаў нацыяналізацыі.

Савецкія формы жывіліся беларускай энэргіяй, хавалі пад сваёй абалонкаю змест, які прарастаў насуперак, але самі па сабе гэтыя формы – даўно трупы. І ўжо існуюць формы зусім не савецкія. Накінутыя ж савецкія ватоўкі, паабшываныя й  паабжываныя – толькі трымаюць людзей у канцлагеры.

Даўно прыйшоў час вызваліцца.

Спасылкі:

1. Пра гэтыя непрыкметныя змены цікава напісаў Аляксей Юрчак у кнізе пра апошняе савецкае пакаленне: Алексей Юрчак, Это было навсегда, пока не кончилось. Последнее советское поколение, Москва 2014.

2. На “прыватызацыю” і “нацыяналізацыю” савецкіх святаў звяртаецца ўвага ў артыкуле: Andrei Rasinski, Zmiany mit?w radzieckich od BSRR do czas?w ?ukaszenki (artyku? w druku. Komunizm na peryferiach, t. 2, red. M. Bogus?awska, Z. Gr?becka, Warszawa-Krak?w 2016).

3. Arpad Szakolczai, Reflexive Historical Sociology, London 2000, s.215.