На працягу шэрагу апошніх гадоў чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя прадпрынялі шэраг адміністрацыйных крокаў па абмежаванню імпарту лекаў у Беларусь. Прычым часта пасля ўведзенных абмежавальных захадаў чыноўнікі вымушаны былі скасоўваць свае рашэнні. У некаторых выпадках нават прэзідэнт вымушаны быў умешвацца ў сітуацыю для зняцця напружання ў беларускім грамадстве ў сувязі з захадамі Міністэрства. Аднак спробы рэгулявання дзяржавай фармацэўтычнага рынку перыядычна прыводзяць да канфлікту інтарэсаў лабістаў айчынных вытворцаў з буйнымі імпарцёрамі лекаў, якія маюць цесныя сувязі з наменклатурай?

Кухлей Зьміцер. Рынак лекавых сродкаў з’яўляецца адным з самых перспектыўных у Беларусі. На працягу апошніх год ён пастаянна павялічваўся і ў 2014 годзе склаў болей за USD1 млрд. Прычым фармацэўтычны рынакмае высокі патэнцыял росту на працягу бліжэйшых гадоў. Колькасць аптэк пастаянна павялічваецца — прыкладна на 5% на год. Аднак у асноўным гэтае павелічэнне ідзе за кошт пашырэння прыватных аптэк ібуйныхсетак у сталіцы і вялікіх гарадах. Напрыклад, у г. Мінск сканцэнтравана трэцяя частка ад агульнай колькасці прыватных аптэк па краіны. Болей за тое, яны складаюць 90% ад агульнай колькасці аптэчных гандлёвых кропак у сталіцы, у той час як дзяржаўныя кропкі размеркаваны раўнамерна па краіне.

Для дзяржавы аптэчная сетка і кошты на лекі з’яўляюцца важным сацыяльным фактарам. Значная колькасць спажыўцоў фармацэўтычнай прадукцыі складае базавы электарат дзеючага кіраўніцтва. У краіне існуе жорстакае ліцензаванне і рэгуляванне фармацэўтычнай дзейнасці, у тым ліку коштаў на лекі. Прычым, беларускія лекі нашмат танней, чым іх замежныя аналагі. Так сярэдні кошт айчыннай упакоўкі лекаў складае USD1,36, а імпартнага –USD4,72.

Некалькі годтаму прэзідэнт А. Лукашэнка даў заданне чыноўнікам павялічыць долю беларускай прадукцыі на фармацэўтычным рынку да 50%. Варта адзначыць, што ўжо ў 2009 годзе болей за 50% прадаваемых лекаў у Беларусі былі айчыннай вытворчасці ў натуральных аб’ёмах. Аднак іх доля ў грашовым выражэнні склала тады толькі 18%. У студзені 2015 года гэтая лічба павялічылася ўжо да 39%.

Тым не менш, беларускія бізнэсоўцы не імкнуцца інвеставаць свае сродкі ў вытворчаць фармацэўтычных сродкаў, нягледзячы на дзяржаўную праграму імпартазамяшчэння і падтрымку айчынных вытворцаў. Сярод пяці буйных вытворцаў лекавых сродкаў тры прадстаўляюць дзяржаўныя прадпрыемствы і дзве сумесныя беларуска-балгарскія і беларуска-галандскія кампаніі.

Буйны беларускі бізнэс фактычна кантралюе імпарт замежнай фармацэўтычнай прадукцыі. Большасць імпарту лекаў у краіну прыходзіцца на 10 прыватных аптовых аператараў, якія маюць свае падкантрольныя аптэчныя сеткі. Акрамя таго, дзяржаўная сетка аптэк аказалася ў закладніках палітыкі імпартазамяшчэння дзякуючы існаванню абмежаванняў на закупку замежнай фармпрадукцыі. Гэта стварае магчымасці для набліжаных да наменклатуры фірмаў праз дзяражаўныя тэндэры стаць пасрэднікамі паміж замежнымі вытворцамі і дзяржаўным рознічным гандлем. Напрыклад, адна з найбольш буйных аператараў-імпарцёраў– кампанія «Іскамед», якая належыць брату сенатара А. Шакуціна — С. Шакуціну, з’яўляецца буйным пастаўшчыком замежных лекавых сродкаў у дзяржаўную сетку аптэк і бальніц.

Чыноўнікі імкнуцца згладзіць канфлікт інтарэсаў паміж айчыннымі вытворцамі і імпарцёрамі лекавых сродкаў. Так, Міністэрству аховы здароўя атрымалася настаяць на перамовах па дамове аб ЕАЭС на пераносе з 2025 года на 2016 год утварэння агульнага фармацэўтычнага рынку. Гэта палегчыць доступ танных беларускіх лекавых сродкаў на расейскі рынак пры ствараемых зараз адміністратыўных захадах па абмежаванню імпарту. Пры тым, што экспарт беларускай фармацэўтычнай прадукцыі з кожным годам дынамічна павялічваецца не толькі на расейскі рынак, а і ў іншыя краіны.

Відавочна, што ніводная з лабісцкіх груповак вытворцаў і імпарцёраў лекавых сродкаў не мае вырашальнага ўплыву для канчатковага замацавання сваіх пазіцый і перамогі. Гэта будзе перыядычна прыводзіць да супярэчлівых захадаў Міністэрства аховы здароўя на фармацэўтычным рынку, якія могуць часова выводзіць яго з раўнавагі.