Адна з сама распаўсюджаных фразаў у сённяшняй Беларусі: «Вы самі ўсё разумееце…» Ёй прысаромлены адміністратары, калі пасля няўцямных званкоў зрываецца выступ гурта, яе выгукаюць чыноўнікі, калі трэба тэрмінова арганізаваць ячэйку БРСМ дзесьці ў Шклоўскай вар’ятні, яе шэпчуць настаўнікі, у чарговы раз адпраўляючы вучняў на ненавісны хакей. Бывае яшчэ дададуць, патупіўшы вочы: «вы разумееце, у якой краіне вы жывяце».

Усе разумеюць усё. Але гэтая фраза не такая простая, як падаецца. Яна мае, прынамсі, тры кодавыя слаі — з розных часоў і для розных паводзінаў.

Першы слой — намёк на застрашэнне й карніцкі апарат, які ўсё бачыць, усё чуе — і толькі паспрабуй ухіліцца. Асцярожны ківок на таемныя службы, якія сочаць і падслухоўваюць, — бярэ пачатак з 30-х гадоў, калі тэрор быў усеагульным і варанкі збіралі ахвяраў начамі. Гэты слой амаль стачыўся, але рэшткі яшчэ засталіся.

Наступны слой — куды паважанейшы — з брэжнеўскае традыцыі. Гэта слой бюракратычнага алібі. Па-першае, чыноўнік тут — частка бюракратычнай машыны, які адмаўляецца ад уласнага твару й не жадае асабіста адказваць за загад, спасылаючыся на ананімныя правілы. Другі чыннік супрацьлеглы: вымаўляючы «вы самі ўсё разумееце», шпунцік машыны намякае, што асабіста нязгодны, што, як чалавек, ён, мо’ і паспачуваў бы — але ёсць інструкцыі і абставіны. Фраза «вы самі ўсё разумееце» неўпрыкмет перадавярае цэнзуру й забароны самім падначаленым.

Падмігнуўшы грамадзяніну, абуранаму дзікаю пастановай, «вы разумееце ў якой краіне вы жывяце», чыноўнік абменьвае бюракратычную пасаду на чалавечнасць, а наведніка пераўтварае ў добраахвотнага бюракрата.

Нарэшце, трэці слой, што меўся, як і два папярэдніх, яшчэ за савецкім часам — расквітнеў у сучаснае Беларусі і ёсць рэшткамі карнавальнага смеху, уплішчанага ў аўтарытарныя калідоры. Фраза «Вы самі ўсё разумееце» тут азначае: «мы разумеем, што краінай кіруюць дурні, што загады тупей не бывае– дык давайце цішком парагочам з „ідыёта самага настаяшчага“.

Чалавек употайкі смяецца, залічыўшы ў саюзнікі вертыкальніка, — і такім чынам падпарадкоўваецца. На нізавым узроўні ў Беларусі падпарадкаванне купляецца намёкамі на кпіны з улады, змоўніцкай патаемнаю згодай, што на версе сядзіць блазан: падпарадкаваны цешыцца з уласнае перавагі (ён «ўсё зразумеў»!), але і чыноўнік радуецца: загад цяпер выкананы.

Першая постмадэрнісцкая дыктатура ў свеце, які імкліва старэе, кіруе з дапамогай зацуглянага карнавальнага смеху, яна купляе падпарадкаванне за патаемныя здзекі з сябе самой.

А таму — не варта лічыць сябе разумнейшымі. Не трэба з вертыкальнікамі «ўсё разумець». Патрабуйма дакументаў і расшыфровак.

Няхай усё станецца ясным.