Бізнэс як закладнік палітыкі

? Первый секретарь посольства РБ в Польше Зеленко высказал заинтересованность в использовании в Беларуси некоторых «неолиберальных достижений» Польши, а также во взаимодействии малого и среднего бизнеса двух стран. Имеются ли в Польше политические и деловые круги, заинтересованные в таком сотрудничестве? Насколько широко сегодня поддерживается в Польше жесткая позиция министра иностранных дел Сикорского по белорусскому вопросу?

Зьміцер Кухлей. Сярод польскіх дзелавых колаў існуе вялікая зацікаўленасць для супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі, аднак на палітычным узроўні існуюць вялікія перашкоды да паляпшэння ўзаемадачыненняў.

Нягледзячы на складаныя палітычныя адносіны паміж афіцыйным Мінскам і Варшавай Польшча на працягу апошніх гадоў трымаецца ў першай дзясятцы найбуйнейшых інвестараў у беларускую эканоміку, а імпарт польскіх тавараў у Беларусь расце на працягу апошніх трох год. Польскія дзелавыя колы прымаюць актыўны ўдзел у дзелавых сустрэчах і форумах, якія арганізуюцца беларускімі ўладамі. У асноўным гэта прадстаўнікі бізнэс колаў з Падляскага і Паморскага ваяводстваў.

Варта зазначыць, што беларусы з’яўляюцца асноўным рухавіком развіцця малога і сярэдняга бізнэсу на прымежных з Беларуссю польскіх тэрыторыях Падляскага ваяводства. Паводле звестак польскіх мытнікаў у 2012 годзе беларусы купілі і вывезлі тавараў больш чым на 250 мільёнаў даляраў (800 млн злотых). Кошт набытых тавараў у параўнанні з 2011 годам павялічыўся на 137 мільёнаў злотых.

Пры гэтым сярод пераважнай большасці палітычных сіл Польшчы існуе кансэнсус наконт сітуацыі ў Беларусі, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Падставай для нейкіх зрухаў можа стаць толькі вызваленне палітвязняў. Тады паміж двума найбольш папулярнымі палітычнымі сіламі – апазіцыйнай партыяй “Права і справядлівасць” і кіруючай партыяй “Грамадзянская платформа” – могуць узнікнуць рознагалоссі ў абранні далейшых крокаў па развіццю польска-беларускіх дачыненняў.

Кіруючая сёння партыя “Грамадзянская платформа” мае больш мяккую рыторыку ў адносінах да афіцыйнага Мінска і ў большай ступені адлюстроўвае інтарэсы бізнес колаў. Напрыклад, “Грамадзянская платформа” мае дастаткова высокія рэйтынгі падтрымкі ў Падляскім ваяводстве, рост якіх быў найбольш дынамічным сярод іншых рэгіёнаў у другой палове 2000-х. У немалой ступені падтрымка забяспечвалася і разуменнем ролі памежнага гандлю ў эканамічным развіцці Падляшша. “Грамадзянская платформа” выступала з прапановай аб адмене платных віз для беларусаў. Падобная ініцыятыва знайшла шырокі водгук сярод жыхароў Падляскага ваяводства. Для прадстаўнікоў кіруючай партыі і быў накіраваны зварот сакратара амбасады РБ у Варшаве сп. Зелянко пра выкарыстанне “асобных неаліберальных” дасягненняў у Беларусі. 

“Права і справядлівасць” адрозніваецца больш жорсткай рыторыкай і рашучымі захадамі ў адносінах да беларускага кіраўніцтва. Падчас кіравання гэтай партыі быў сфармаваны найбольшы пакет падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Іміджу беларускага кіраўніцтва ў польскім грамадстве шмат пашкодзілі спробы паставіць пад кантроль Саюз палякаў у Беларусі, а таксама далейшы пераслед яго актывістаў і, асабліва, вядомага журналіста Андрэя Пачобута. Праз польскія СМІ гэта рэтранслявалася як уціск польскай меншасці, што стварыла рэзка адмоўнае ў адносінах да афіцыйнага Мінску грамадскае меркаванне ў Польшчы. Адпаведна палітык, які паспрабуе стаць на абарону пазіцый беларускага кіраўніцтва ці можа быць западозраны ў гэтым, зруйнуе свае рэйтынгі і падтрымку.  У польскім парламенце такіх палітычных сіл не прадстаўлена.

Адзіны, хто скрытыкаваў дзеянні кіраўніка польскага МЗС на ўсходнім кірунку падчас абмеркавання даклада «Аб задачах знешняй палітыкі ў 2013 годзе», быў прадстаўнік апазіцыйнай фракцыі "Салідарная Польшча". Аднак гэтая фракцыя выступае за яшчэ больш рашучыя дзеянні Варшавы ў адносінах да беларускага кіраўніцтва. Беларускім уладам застаецца толькі супрацоўніцтва з Самаабаронай, прадстаўнікі якой ужо наведвалі нашу краіну ў 2013 годзе. Аднак роля гэтай партыі ў палітычным жыцці краіны зведзена фактычна да мінімума.