Самаабарона Белай Русі

? Руководство РОО "Белая Русь" и польской партии "Самооборона" подписали соглашение о сотрудничестве. В чем усматривается выгода "Белой Руси" от такого соглашения и каковы вероятные перспективы такого сотрудничества? Каково место и влияние партии "Самооборона" в политической системе Польши?

Зьміцер Кухлей. Апошні візіт прадстаўнікоў Самаабароны і сустрэча з кіраўніцтвам “Белай Русі” з’яўляюцца элементамі плану дзеянняў беларускага кіраўніцтва па аднаўленню беларуска-еўрапейскіх афіцыйных дачыненняў. Гэта і было засведчана падчас сустрэчы заявамі лідараў, паводле якіх супраца бачыцца "у плане аналітыкі, выбара шляхоў інфармавання насельніцтва дзвюх краін". Менавіта такія задачы ставяцца перад беларускай арганізацыяй вышэйшым кіраўніцтвам, інтарэсы якога прадстаўляў старшыня “Белай Русі” і першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Радзько 

Спробы наладзіць супрацоўніцтва паміж Белай Руссю і Самаабаронай адбываюцца ўжо не ў першыню. Часцей за ўсё гэтыя сустрэчы праходзяць у перыяд, калі афіцыйны Менск актывізуе заходні вектары замежнай палітыкі.

Дэлегацыя Самаабароны наведвала Беларусь напачатку прэзідэнскай выбарчай кампаніі 2010 г. Тады польскіх прадстаўнікоў узначальваў харызматычны старшыня Самаабароны Андрэй Лепер, які мае даўнія стасункі з беларускім бокам. Яшчэ ў 2004 годзе Леппер быў адным з замежных прадстаўнікоў, што выступілі ў якасці альтэрнатыўных міжнародных назіральнікаў і падтрымалі вынікі парламенцкіх выбараў і рэферэндуму па скасаванню абмежаванняў на прэзідэнскі тэрмін.

Супрацоўніцтва паміж Белай Руссю і Самаабаронай было навязана менавіта падчас кіраўніцтва польскай партыяй Андрэя Лепера, які прыхільна адносіўся да палітыкі А. Лукашэнкі. А. Лепера ў свой час нават называлі  польскім Лукашэнкам. Сапраўды, гэтых двух палітыкаў збліжае папулісцкая рыторыка і прыход у палітыку з сельскай гаспадаркі. У сярэдзіне 2010-х гадоў партыя Лепера займала значныя пазіцыі ў польскім грамадстве і была дастаткова ўплывовай палітычнай сілай. У 2005 годзе Самаабарона нават уваходзіла ў урад парламенскай меншасці ў якасці аднаго з партнёраў партыі “Права і справядлівасць”. Партыя таксама мела сваіх міністраў і фракцыі ў рэгіянальных парламентах.

Зараз кантакты працягваюцца па інерцыі і з-за адсутнасці ў беларускага боку іншых магчымасцяў і палітычных сіл у ЕС, якія выказвалі бы жаданне супрацоўнічаць з адыёзнымі партнёрамі з Беларусі. Пры гэтым кантакты адбываюцца паміж арганізацыямі, якія маюць розны юрыдычны статус і адпаведна функцыі ў сваіх грамадствах: грамадскай арганізацыяй (РГА “Белая Русь”) і палітычнай партыяй (“Самаабарона РП”). Для далейшага развіцця Белай Русі гэтае супрацоўніцтва мае супярэчлівае значэнне.

З аднаго боку, сустрэчы павінны засведчыць іншы, палітычны узровень, на які спрабуе выходзіць Белая Русь. Аднак да гэтага часу беларускі прэзідэнт падазрона ставіцца да трансфармацыі цалкам лаяльнай Белай Русі ў палітычную партыю і не дае ходу ініцыятыве беларускай наменклатуры.

З другога боку, супрацоўніцтва навязваецца з цалкам на сённяшні час маргіналізаванай палітычнай групоўкай. Самаабарона безнадзейна змарнавала ўвесь свой патэнцыял і мае незаўважныя пазіцыі ў польскім грамадстве, асабліва пасля смерці лідара Андрэя Лепэра ў 2011 годзе. Яе прадстаўнікоў няма ў польскім Сейме ўжо другую кадэнцыю. Мізэрнае прадстаўніцтва мае гэтая партыя і ў мясцовых самакіраваннях.

Такім чынам, апошняя сустрэча з польскімі палітыкамі з Самаабароны не ў стане паўплываць на змену меркавання афіцыйнай Польшчы ў адносінах да беларускага кіраўніцтва. Сустрэча можа быць выкарыстана беларускім бокам ва ўнутраных прапагандысцкі мэтах як сведчанне прарыву на заходнім кірунку і для стварэння чарговай ілюзіі для расійскага кіраўніцтва наконт зыходу Беларусі на Захад.

Паміж Белай Руссю і Самаабаронай нейкае сталае супрацоўніцтва ў будучым маларэальнае. Белая Русь прэтэндуе на вядучую ролю ў палітычным працэсе Беларусі, хаця пакуль і выкарыстоўваецца вышэйшым беларускім кіраўніцтвам у сваіх мэтах. Польская самаабарона, у сваю чаргу, ужо цалкам і, хутчэй за ўсё, назаўсёды згубіла свой уплыў на польскую палітыку.