Гадзіла мая дарагая

Жыцьцё захаваецца і пасьля ядзернай катастрофы, але радавацца яму будуць адны беларусы.

Анэкдот паводле рэклямы.

Гадзіла! Гадзіла!

Інасіра Хонда. «Гадзіла», 1954

1. Герой-паўзун пасьля Хірасімы

У 1954 годзе на радасьць усяму непрагрэсіўнаму чалавецтву пабачыў сьвет фільм Інасіра Хонды «Гадзіла». Герой гэтай японскай стужкі – велізарны паўзун, абуджаны ядзернымі выбухамі. Ён амаль незьнішчальны, топча японскія гарады і спапяляе ворагаў радыяцыйным полымем.

Фільм меў надзвычай шалёны посьпех. Пасыпаліся працягі й перайманьні: «Гадзіла супраць Масуры», «Радан – птушка сьмерці», «Неверагодны Варан» – дзясяткі варыянтаў паўзунова-мутантнай тэматыкі.

Практычныя амэрыканцы пазнаёмілі нас з сусьветна вядомым брэндам у 1998 годзе, памясьціўшы галоўную японскую пачвару ў Нью-Ёрк і даручыўшы кіраваць паўзуновымі «скокамі» Роланду Эмэрыху.

Але й японцы не забылі сваю любую жывёлінку. «Мэгагадзілу», Масуру (антырадыяцыйнага матыля) і, канешне, саму Гадзілу (урачысты крык, лапы, хвост) – нядаўна маглі назіраць і беларускія тэлегледачы (з улікам апошніх дасягненьняў японскіх тэхналёгій).

Усяго празь дзевяць гадоў пасьля Хірасімы нарадзілася радыяцыйная істота, якая дасюль ня злазіць з экранаў, карыстаецца пашанаю і любоўю ды набывае ўсё новых прыхільнікаў.

Чаму бутафорскую вампуку з радыяцыйнай пачварай так упадабаў японскі глядач, «якога можна западозрыць у чым заўгодна, акрамя несур’ёзнага стаўленьня да Хірасімы» [1] ?

І чаму беларускае мастацтва за дваццаць гадоў пасьля Чарнобылю так і не стварыла анічога падобнага?

Ёсьць «Чарнобыльская малітва» і «Чарнобыльскія мадонны», «Ваўчыная яма» і трэшавы «Рэйнджэр з атамнай зоны», маюцца шматлікія вершы пра «чорныя хмары» і процьма публіцыстычных артыкулаў.

Але ўсе гэтыя творы безнадзейна сур’ёзныя, сьлязьліва-змрочныя ці чарнушныя.

А дзе здаровы беларускі мутант? Дзе мілая й пацешная пачвара, любая нам і ўсяму сьвету? Дзе доўгачаканая беларуская Гадзіла?

Чаму яна так і не нарадзілася?

Дасьледчык фантастыкі Юры Ханюцін кажа пра псыхалягічную кампэнсацыю. У японскім фільме «ў міталягічнай форме перапісваецца мінулае… «Гадзіла» дапамагала забыць і супакоіцца» [2] .

Акрамя таго японскаму забаўляльнаму кіно не было патрэбы браць на сябе ролю палітычных інстанцый: дзяржава й грамадзтва спраўна займаліся дапамогаю пацярпелым.

Зь беларускім мастацтвам сытуацыя іншая. Яно здаўна (і вымушана) бярэ на сябе абавязкі адсутных грамадзянскіх інстытутаў.

Вынікі для мастацтва несуцяшальныя.

Але беларускія Гадзілы усё ж такі маюцца. Праўда, улучаныя яны ў гісторыі палітычныя.

2. Дзесяць мільёнаў гадзілаў

Калі глядзець беларускую тэлевізію, то складваецца сталае ўражаньне, што ў Беларусі выхаваны новы біялагічны від. Прадстаўнікі гэтага віду жывуць у заражаных зонах, не скардзяцца (на Ўкраіне і ў Расеі паміраюць); не баяцца стронцыя й цэзія, усім задаволеныя і бесьперапынна дзякуюць Бацьку.

Прапаганда, калі ўсё за межамі Беларусі падаецца як кепскае, а ў межах як радасна-ўквітнелае, стварае карціну абсалютнага шчасьця (якое наўпрост павялічваецца ў прысутнасьці Лукашэнкі). У зьвязку з чарнобыльскай катастрофаю эфэкт атрымліваецца «гадзілічны»: хворых няма, пакутаў няма, дэфэкты й мутацыі адсутныя, нават калі й маюцца.

Падобнае ўжо назіралася ў таталітарных краінах (пачварнага не існавала!) – жабракі былі зьнішчаныя, бязногі герой кіраваў самалётам, а мутацыі былі дазволеныя толькі «на Захадзе» [3] .

На тэрыторыі Беларусі зьявілася 10 млн. гадзілаў, якія ня ведаюць пра свае болі, сьмерці і занядбаньне, а адзіная крыніца няшчасьця – «недастаткова глядзеў тэлевізар»!

3. Гадзіла Вусатая

Супрацьлеглае «мутанцкае» апавяданьне куды «кампактнейшае» і крэатыўнейшае.

Праўда, спачатку на ролю галоўнага чарнобыльскага злыдня прэтэндавала КПСС (з Савецкім Саюзам), але пачвара адпала па прычыне свайго распаду й забароны.

Аднак неўзабаве Гадзіла набыла знаёмыя вусы, сіплы голас, палітычныя амбіцыі і нязьменна зьвязваецца з чарнобыльскай катастрофай [4] .

Згодна з апавяданьнем, гэтая рукастая Гадзіла зьявілася ў 94-м годзе самавыкапам (вэрсія: з удзелам расейскіх рыдлёвак), хутка праявіла свае найгоршыя рысы і заключыла запавет з чарнобыльскай зонай, куды ссылае апазыцыйных студэнтаў.

«Палітычны Чарнобыль, зьнішчэньне мовы, забойства Канстытуцыі…» Карціна цікавейшая за афіцыёзную (і нельга сказаць, што непраўдзівая), але бедная дый нішчымная… Асабліва калі параўнаць яе зь японскай Гадзілай.

4. Здароваму грамадзтву – здаровую Гадзілу!

Беларускае мастацтва лемантуе й вые, абірае самыя цёмныя колеры і ня здольнае іх асьветліць. (Нат «Ваўчыная яма» Быкава глядзіцца чарнушкай.) І гэта нездаровая рэакцыя грамадзкага арганізму.

Можна колькі заўгодна абурацца «цынізмам і безгустоўнасьцю» «чарнобыльскіх» анэкдотаў і вершыкаў (пра «радыёняню з Чарнобылю», пра дзьве самыя вясёлыя нацыі – украінцаў і беларусаў), але менавіта гэты фальклёр быў здаровай праявай жыцьця. Людзі здольныя кампэнсаваць боль і сьцвярджаць гэтым жыцьцё.

Пакуль беларускія гадзілы пасаджаныя на палітычныя ланцугі: і няма ні вырашэньня праблемаў, ні мастацтва.

Хопіць нявечыць жывёлу – адпусьціце яе на папас!

Здароваму грамадзтву – здаровую Гадзілу!

А дакладней так: здаровая Гадзіла (з крыкам, ікламі, лапамі) – ёсьць зарукаю здаровай беларускай сьвядомасьці.

-------------------------------

[1] Ханютин Ю. Реальность фантастического мира. М.: Искусство, 1977, с. 48.

[2] Там же, с.49.

[3] Смирнов И.П. Эволюция чудовищности // Новое литературное обозрение, 1993, №3.

[4] Цытата: «У Беларусі дзьве бяды: Чарнобыль і Лукашэнка!»

---------------------------------

Метки