Варшава не здолела скокнуць вышэй галавы

? 1 января 2012 года председательство в ЕС перешло от Польши к Дании. Какие главные достижения и неудачи «варшавской» политики ЕС в отношении Беларуси? Каких перемен в отношениях Брюсселя и Минска следует ожидать при посредничестве Копенгагена?

Зьміцер Кухлей. Нягледзячы на значную ролю, якую Беларусь займае ва ўсходняй палітыцы Польшчы, афіцыйнай Варшаве не атрымалася вырашыць «беларускае пытанне», чаму ў значнай ступені перашкодзіла вяртанне расейскай рэнты і фінансавы крызіс эўразоны, які адцягнуў ўвагу лідараў краін ЭЗ, у тым ліку Польшчы.

Падчас старшынства Даніі ў наступныя паўгады ўвага Эўразвязу да сваіх усходніх суседзяў, асабліва ў адносінах да Беларусі, зменшыцца, а аб\`ектыўныя чыннікі працягнуць заставацца неспрыяльнымі для аднаўлення беларуска-эўрапейскага дыялогу. Пры гэтым захаваецца закладзенны Варшавай падыход да пачатку дыялога на палітычным узроўні паміж Беларуссю і Эўразвязам, які прадугледжвае выкананне беларускімі ўладамі падставовых умоў, у першую чаргу вызваленне палітвязняў.

За перыяд старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе беларуска-еўрапейскія дачыненні заставаліся ў такім жа замарожаным стане, якімі яны і былі з 19 снежня 2010 года. Нягледзячы на спробы польскай дыпламатыі ўцягнуць афіцыйны Менск у беларуска-еўрапейскі дыялог, ніводзін з бакоў не пажадаў рабіць іншаму саступкі. Пасля правалу папярэдняй палітыкі «ўцягвання», якая панавала ў 2008-2010 гадах, польскія палітыкі прытрымліваліся жорсткай пазіцыі і патрабавалі ад беларускіх уладаў выканання пэўных падставовых умоў для пачатку аднаўлення беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.

Працяглы валютны крызіс, які выклікаў падзенне ўзроўню жыцця і нарастанне сацыяльнай напружанасці ў Беларусі, аслабляў пазіцыі дзеючага прэзідэнта ў краіне і выклікаў спадзевы ў афіцыйнай Варшавы аб непазбежнасці саступак з боку Аляксандра Лукашэнкі з надзеяй на атрыманне заходняй дапамогі. Аднак матывацыя беларускага боку ў наладжванні дачыненняў з заходнімі партнёрамі значна саслабела пасля таго, як стала вядома аб вяртанні расейскай нафтагазавай рэнты.

Варта зазначыць, што «беларускае пытанне» з\`яўлялася адным з асноўных ва ўсходняй палітыцы Польшчы, якая атрымала магчымасць праз сваё старшынства ў другім паўгоддзі 2011 года паспрабаваць сябе ў якасці сур\`ёзнага рэгіянальнага лідара, здольнага накіроўваць агульную знешнюю палітыку ЭЗ. Аднак падчас прэзідэнства Польшчы ўнутры Эўразвяза саспелі значныя праблемы, якія пачалі пагражаць самому існаванню ЕС, што адпаведна адцягнула ўвагу еўрапейскіх лідараў значна болей, чым парушэнні правоў чалавека на ўсходніх межах.

На пачатку старшынства Польшчы беларускае кіраўніцтва зрабіла шэраг сімвалічных крокаў насустрач патрабаванням Захаду: пачаўся працэс вызвалення палітвязняў, планавалася аднаўленне дзейнасці Грамадска-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзідэнта, а таксама стартавала дэманстратыўная кампанія па трансфармацыі РГА «Белая Русь» ў палітычную партыю, што павінна было сведчыць аб намеры змяніць выбарчую сістэму напярэдадні парламенскай кампаніі 2012.

Аднак як толькі стала вядома аб магчымасці вяртання расейскіх датацый, працэс ўнутрыпалітычнага пацяплення быў згорнуты і афіцыйны Менск нават пайшоў на абвастрэнне адносінаў з Польшчай. Спадзевы на вяртанні добразычлівасці крамлёўскіх палітыкаў на пачатку парламенскай і прэзідэнскай кампаній ў Расейскай Федэрацыі і сталі падставай зрыву ўдзелу беларускай дэлегацыі ў саміце кіраўнікоў краін Усходняга Партнёрства, якое з\`яўлялася адным з асноўных падзей падчас прэзідэнства Польшчы і меркавалася як магчымасць да пачатку беларуска-еўрапейскага дыялогу.

У адрозненне ад Масквы Еўрасаюз, які перажывае жорсткі фінансавы крызіс, не змог сфармуляваць беларускаму кіраўніцтва прывабную альтэрнатыву, якая пераўзыйшла бы выгоды інтэграцыйных ініцыятываў Масквы. Вуснамі польскага прэм\`ера Дональда Туска Захад прапанаваў гранты і крэдыты ад міжнародных структур на суму да 9 млрд далляраў за дэмакратычныя змены, што для беларускага прэзідэнта з\`яўляецца загадзя непрымальнай рызыкай.

Такім чынам, аб\`ектыўныя чыннікі складваліся не на карысць аднаўлення дыялогу на палітычным узроўні паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем, і польскай дыпламатыі не атрымалася «скокнуць вышэй галавы». Тым не менш, у заслугу Варшаве варта дадаць тое, што беларускае пытанне не сыходзіла з парадку дня еўрапейскай палітыкі.

З пачаткам старшынства Даніі ў Еўрасаюзе ўвага да Беларусі значна зменшыцца. Данія да гэтага часу ўстрымліваецца ад акрыцця паўнавартаснага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі, а яго функцыі выконвае афіцыйнае прадстаўніцтва ЕС у Менску. З часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі ў 1992 годзе адносіны паміж Беларуссю і Даніяй не адрозніваліся дынамізмам як на палітычным, так і эканамічным узроўні, за выключэннем пэўнай актывізацыі падчас беларуска-еўрапейскага пацяплення 2008-2010 гадоў.

Аднак пасля падзей 19 снежня 2011 года гэтыя стасункі былі замароджаны і ўкладваліся ў агульны фармат палітыкі ЕС, якая базавалася на выкананні беларускім бокам падставовых умоў для пачатку палітычнага дыялога. Хутчэй за ўсё Данія будзе прытрымлівацца гэтага падыходу і надалей, тым болей што на парадку дня Еўрасаюза застаецца вырашэнне болей важных праблем: рэцэсія эканомік еўрапейскіх краін, няўпэўненасць на рынках і ратаванне еўразоны.