Позірк культуры на разломе

? Представляя коллективу «Беларусьфильма» нового гендиректора, министр культуры П. Латушко заявил, что киностудия должна вернуть авторитет белорусскому кино и добиться признания за рубежом. Чем белорусский кинематограф может завоевать авторитет и международное признание? Что нужно для этого сделать, кроме смены руководства «Беларусьфильма»?

Андрэй Расінскі: Аўтарытэт і міжнароднае прызнанне беларускае кіно можа заваяваць, па-першае, сваім адметным позіркам. Гэта позірк культуры, якая знаходзіцца на разломе. Культуры, багатай праваслаўнай спадчынай і каталіцкаю дысцыплінай; культуры – ад Полацка да Вялікага Княства – са шматмоўем, войнамі, закалотамі. Культуры, што памятае пра паўстанні, партызанку, цуды, фальклёрныя дзівосы і велічныя постаці.

Беларуская культура – гэта культура франціра, памежжа – і яна сама здольная спараджаць новыя кінажанры й абнаўляць старыя. Першыя ластаўкі ўжо з’явіліся: бульба-хорар Андрэя Кудзіненкі “Масакра”. Вельмі спадзяюся, што бульба-хорар будзе развівацца надалей.

Натуральным для Беларусі будзе й такі жанр, як вэстэрн. Пры гэтым падзеі вэстэрну могуць разгортвацца ў 20-ыя гады ХХ стагоддзя – ці ў часы Вялікага Княства падчас чарговай вайны.

Жаночыя гісторыі пра Барбару Радзівіл ці Саламею Русецкую – падстава для беларускіх меладрамаў.

Здымаць беларускія фільмы ёсць каму: ёсць рэжысёры (Кудзіненка, Колбышаў, Канановіч), ёсць сцэнарысты (Качан, Курэйчык) – справа за кінакампаніяй.
Новы дырэктар кінастудыі Алег Сільвановіч добра ведае кіно і ведае, як здымаюцца фільмы. Ён не абцяжараны савецкімі забабонамі і слушна кажа пра кіно, якое мусіць зацікавіць шырокага гледача.

Але – і тут другі чыннік. Сістэма беларускай кінавытворчасці да нядаўняга часу – гэта архаічны бюракратычны апарат, аніяк не прыстасаваны да сучаснага рынку. Было заяўлены прадусарства дый падатковыя ільготы – тое, што зрабіць трэба было яшчэ пазаўчора. Ільготны рэжым кінавытворчасці прыводзіць, нарэшце, да з’яўленне адметнае кінашколы (як гэта адбылося ў Румыніі; а пра звышпаспяховую ў кінематаграфічным плане Чэхію я, увогуле, не кажу). Для маленькае Беларусі гэта шанец.

І тут на гульню ўплываюць эканамічныя й палітычныя моманты. Беларуская эканоміка калапсуе. Палітычны рэжым абвальваецца; укладанне якісьці грошай становіцца рызыкоўным (хаця кіно само па сабе – рызыкоўная штука; а фільмы здымалі й падчас крызісаў). Зрэшты, наступныя падзеі могуць прыцягнуць увагу да Беларусі (і нават выклікаць моду на беларускую тэму). Выглядае толькі, што краіна ўжо ідзе не па шляху Чэхіі, а Румыніі.