Вымушаная палiтыка Варшавы

? Министр иностранных дел Польши Р. Сикорски заявил о том, что Беларусь будет приглашена на осенний саммит «Восточного партнерства» на высшем возможном уровне. Что означает это заявление в контексте сложившихся после 19 декабря отношений Минска и Варшавы? Какие выгоды для Минска имеет программа «Восточное партнерство» при польском председательстве в ЕС?

Зьміцер Кухлей. Цяперашні стан двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Польшчай, замежная палітыка якой фармуецца ў фарватары агульнаеўрапейскай палітыкі, нагадвае сітуацыю, якая склалася пасля выбараў 2006 года. Як і некалькі год таму адзінай умовай пачатку перамоваў паміж ЕС і афіцыйным Менскам фактычна выстаўляецца вызваленне палітвязняў, на што згодна з нядаўнімі заявамі беларускае кіраўніцтва ўжо амаль пагадзілася.

Пры гэтым, як Менск, так і Варшава ў аднолькавай ступені зацікаўлены ў нармалізацыі як двухбаковых стасункаў, так і адносінаў па лініі Беларусь – ЕС, у тым ліку ўдзелу Беларусі ў сумесных праектах у рамках ініцыятывы Усходняе Партнёрства. Старшынства Польшчы ў ЕС у наступныя палову гады прымушае польскае кіраўніцтва накіраваць максімум сваіх высілкаў на вырашэнне беларускага пытання, а ў афіцыйнага Менску як ніколі раней існуе патрэба ў збалансаванні ўсходняга вектару сваёй замежнай палітыкі, мінімізацыі дыктату Масквы і атрыманні замежнай фінансавай дапамогі.

Беларусь з’яўляецца выразным прыярытэтам ўсходняй палітыкі Польшчы, якая імкнецца рэалізаваць даўнюю мару аднавіць свой статус рэгіянальнага лідэра ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і заахвоціць інтэграцыю ўсходніх суседзяў у еўра-атлантычныя структуры, што аўтаматычна павысіць вагу Польшчы ў гэтых структурах. Варта зазначыць, што пасля ўступлення ў ЕС у 2004 годзе Польшча становіцца галоўным “адвакатам” актывізацыі палітыкі Эўразьвяза адносна Беларусі і запуск ініцыятывы Еўрасаюза Усходняе ў 2008 годзе Партнёрства здзейснены, галоўным чынам, дзякуючы актыўнасці Польшчы і жаданнем апошняй граць галоўную ролю пры фармаванні ўсходняй палітыкі ЕС.

Да пачатку прэзідэнскіх выбараў 2010 у польскай замежнай палітыцы пераважаў двухбаковы падыход  у адносінах да Беларусі: падтрымка беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці і адначасова супрацоўніцтва з беларускім афіцыйным кіраўніцтвам. Напярэдадні прэзідэнтскіх выбараў 2010 года беларуская апазіцыя губляе падтрымку Польшчы (як і болей шырока – Захаду). Найбольш яскравай прыкметай ахалоджвання адносінаў польскага кіраўніцтва да беларускай апазіцыі з’явілася адмова падтрымліваць празаходняга кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі і няўдзел А. Мілінкевіча ў якасці кандыдата ў выбарчай кампаніі.

Варта зазначыць, што ў 2008 годзе Польшча з’яўлялася адным з галоўных ініцыятараў аднаўлення дыялогу з беларускімі ўладамі нягледзячы на поўнае ігнараванне беларускім бокам 12 умоваў, акрамя ўмовы вызвалення палітычных вязняў, якія з’яўляліся падставовымі дзеля наладжвання стасункаў паміж ЕС і Беларуссю ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства. У немалой ступені дзеля “карэктыроўкі” падыхода да “свавольнага” суседа з падачы Польшчы і пры актыўным удзеле Швецыі быў зроблены рэбрэндынг Еўрапейскай палітыкі суседства ў выглядзе ініцыятывы УсП, дзе колькасць умоваў, якія выстаўляліся для выканання беларускаму боку, была мінімальнай. Тады ж Польшча выступіла з ініцыятывай зняцця забароны ўезду на тэрыторыю ЕС для большасці прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва, на якіх пасля прэзідэнскіх выбараў 2006 года былі накладзены санкцыі, што з увагі на далейшае развіццё падзей было неапраўданым авансам беларускаму боку: ні парламенскія выбары 2008 года, ні прэзідэнскія 2010 года, як і ўнутрыпалітычная сітуацыя за гэты час не змяніліся ў лепшы бок.

З 1 ліпеня 2011 г. Польшча бярэ на сябе старшынства ў ЕС, што прадастаўляе шанец палякам рэалізаваць свае амбіцыі па ўзмацененню ролі Польшчы ў еўраатлантычных структурах і ад поспехаў польскай дыпламатыі на ўсходнім кірунку шмат у чым будзе залежаць вага Польшчы на еўрапейскім кантыненце. Таму нягледзячы на канфлікт у дачыненнях паміж афіцыйным Менскам і Варшавай у паслявыбарчы перыяд палякі вымушаны вяртацца да традыцыйнага двухбаковага падыходу ў сваёй палітыцы ў адносінах да Беларусі – палітыкі дыялогу з афіцыйным Менскам пры адначасовай падтрымцы грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. Пры гэтым можа быць задзейнічаны механізм абумоўленасці з больш жорсткімі і канкрэтнымі патрабаваннямі эканамічнай лібералізацыі і доступу заходняга капітала да працэсу прыватызацыі ў Беларусі, што для беларускага боку ва ўмовах валютна-фінансавага крызісу з’яўляецца прымальнымі выдаткамі ў гульні з Захадам.

У сваю чаргу запрашэнне на саміт УсП прадстаўнікоў афіцыйнага Менску стварае магчымасць для беларускага кіраўніцтва вярнуцца да ранейшай палітыкі балансавання паміж РФ і ЕС, гуляючы на супярэчнасцях гэтых міжнародных суб’ектаў. Аднаўленне стасункаў з ЕС спрыяльна скажацца на імідж Беларусі сярод міжнародных фінансавых інстытутах і надасць болей шанцаў атрымаць макраэканамічную фінансавую дапамогу па стабілізацыі валютна-фінансавай сістэмы і правядзення рэформаў.

Варта падкрэсліць высокую верагоднасць аднаўлення перамоваў па сумесных праектах у энергетычнай, транзітнай і іншых сферах паміж Беларуссю і краінамі-партнёрамі у рамках УсП: беларускі бок быў найбольш падрыхтаваным сярод іншых партнёраў па УсП па колькасці прапанаваных да рэалізацыі ў рамках УсП праектаў, актуальнасць якіх на працягу апошняга году яшчэ больш павялічылася.

Пры гэтым, прадстаўніцтва Беларусі на асеннім саміце на найвышэйшым узроўні малаверагоднае. Нават у лепшыя часы пацяплення стасункаў паміж ЕС і Беларуссю на устаноўчым саміце УсП у траўні 2009 года Беларусь прадстаўлялі міністр замежных спраў і першы віцэ-прэм’ер. Акрамя таго, хутчэй за ўсё сам А. Лукашэнка не выявіць жадання ўдзельнічаць у саміце асабіста, як гэта здарылася і падчас устаноўчага саміта УсП у 2009 годзе, што дазволіць пазбегнуць закранання канфліктных момантаў, датычных унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, і дасягнуць лепшага выніку ў наладжванні эканамічнага супрацоўніцтва, у чым найбольш за ўсё зацікаўлены беларусы.