Навошта Мінкультуры фокус-групы

?Министерство культуры РБ вводит практику фокус-групп «для профессиональной и объективной оценки» качества белорусской кинематографической продукции. Насколько профессиональна и объективна такая оценка? Прислушается ли Минкультуры к ее результатам?

Практыка фокус-групаў – распаўсюджаная з’ява, калі трэба даведацца пра меркаванні людзей і іхнія наступныя паводзіны. Гэта форма сацыялагічнага тэсту. Яна шырока выкарыстоўваецца гандлёвымі кампаніямі, якія такім чынам спрабуюць ацаніць, як будзе ўспрыняты той ці іншы брэнд, як можна гэты брэнд палепшыць дый што для гэтага неабходна.

Кінафільм – як тавар, што прадаецца – таксама можна пратэставаць на фокус-групах. Гэта почасту робіцца ў Галівудзе. Мэтавую групу адбіраюць, паказваюць ёй карціну. Потым аналізуецца рэакцыя публікі: а што ёй не спадабалася, чаму, што трэба змяніць, дадаць ці прыбраць — каб карціна прадавалася лепей. Пасля такога тэставання часам перапісваліся фіналы карцінаў – найчасцей, сумныя змяняліся на шчаслівыя; выразаліся асобныя сцэны (напрыклад, занадта жорсткія, якія не пасуюць сямейнай аўдыторыі).

Раней такую ацэнку рабілі прадусары (а то й цэнзары), якія абапіраліся на ўласны досвед, густ і інтуіцыю. Але, паколькі карціна, асабліва высокабюджэтная – гэта сур’ёзная індустрыя, то ў якасці дадатковай падстрахоўкі было ўведзена тэставанне на фокус-групах. Яно не адмяняе прадусарскага прадбачання, хаця дадае аргументаў, што спасылаюцца на навуку; гэта сярэднестатыстычнае меркаванне ў той ці іншы момант, ацэненае з пэўнай памылкай. (Не абавязкова гэтае сярэднестатыстычнае меркаванне будзе паляпшаць фільм: так аўтарская версія «Апакаліпсіса сёння» Фрэнсіса Форда Копалы мае трагічнейшы й глыбейшы фінал, чым той, які ўпадабала шырокая публіка). Але – як нейкае вымяральнае меркаванне, што падказвае, як пойдуць зборы – практыка фокус-групаў выкарыстоўваецца.

Тое, што Міністэрства культуры вырашыла звярнуцца да такога сацыялагічнага тэсту, можна было бы вітаць, калі б не асобныя заўвагі.

Па-першае, фокус-групы для беларускага кіно сёння, гэта ўсё роўна, што лекцыі пра дэбет і крэдыт для племені, якое й грошы не ўжывае. Сучаснае беларускае кіно «не ўжывае» прадусараў, продаж і маркетынг сваёй прадукцыі. А без гэтага практыка фокус-групаў – мякка кажучы, не зусім дарэчная.

Па-другое, фокус-групы ладзіць не бізнэс, а бюракратыя. Тады гэта, у лепшым выпадку – імітацыя, старанная галачка ў бюракратычнае справаздачы (няхай сабе, гэтая галачка модная).

Нарэшце, у беларускай «вертыкальнай» сістэме ёсць адна галоўная фокус-група, дакладней, адзін «фокус-цар». І ўсе мы яго ведаем (на жаль, занадта доўга). А ва ўмовах, калі штукарствы цара давялі краіну да паўнавартаснага эканамічнага крызісу, ужо не да дзяржаўных кінапраектаў (а іншых няма!) – і тым болей, не да фокус-тэстаў (што і каго ацэньваць?).

Хаця не, у прынцыпе можна расказваць пра эканоміку ў Антарктыдзе.