Самакіраваныя знешнія пазыкі

? Изданный 25 февраля указ № 75 «О внешних займах органов местного управления и самоуправления» наделяет областные исполкомы правом привлекать внешние займы в иностранной валюте для реализации инвестиционных проектов. Как повлияет принятие Указа на проекты трансграничного сотрудничества Беларуси и ЕС? Какие еще существуют возможности привлечения валюты в белорусские регионы кроме размещения облигаций за рубежом?

Зьміцер Кухлей. Указ “Аб знешніх пазыках органаў мясцовага кіравання і самакіравання” з’яўляецца адным з наспелых крокаў рэагавання беларускага кіраўніцтва на негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы краіны і спробай павялічыць эфектыўнасць выкарыстання фінансавых рэсурсаў мясцовымі уладамі. Гэты ўказ сведчыць таксама і аб тым, што рэспубліканскія органы ўжо не ў стане залучыць неабходныя для Беларусі замежныя пазыкі і інвестыцыі, таму спрабуюць прыцягнуць да гэтага працэсу рэгіянальныя ўлады.

Праводзімая ў апошнія гады беларускімі ўладамі лібералізацыя эканамічнай дзейнасці адбываецца за кошт павелічэння фінансавай залежнасці мясцовых органаў улады ад рэспубліканскіх і як пабочнага эфекту цэнтралізацыі кансалідаванага бюджэту краіны праз скарачэнне колькасці плацяжоў у мясцовыя бюджэты. У сваю чаргу фінансавая недастатковасць мясцовых бюджэтаў патрабуе павелічэння ўдзельнай вагі бязвыплатных паступленняў у мясцовыя бюджэты з рэспубліканскага, які ўжо не ў стане забяспечваць ранейшыя патрэбы мясцовых бюджэтаў у датацыях.

Да гэтага часу мясцовыя ўлады атрымлівалі на свае патрэбы сродкі праз бязвыплатныя паступленні з рэспубліканскага бюджэту або з 2009 года праз размяшчэнне аблігацый ў дзяржаўных банках на ільготных умовах. Падобная структура прыбытковай часткі мясцовых бюджэтаў, калі значная доля сродкаў фармуецца за кошт бязвыплатных паступленняў і льготных крэдытаў, не спрыяе напаўненню бюджэтаў з мясцовых крыніц і іх эфектыўнаму выдаткаванню: запатрабаванымі з’яўляюцца сувязі паміж чыноўнікамі розных узроўняў дзяржаўнага кіравання і ўменнем “выбіваць” неабходныя датацыі.

Умовы атрымання сродкаў мясцовымі бюджэтамі праз замежныя пазыкі значна горшыя за тыя, да якіх прызвычаіліся мясцовыя чыноўнікі, што будзе стымуляваць большую фінансавую адказнасць мясцовых органаў улады і матываваць да болей актыўнага пошуку напаўнення бюджэтаў з мясцовых крыніцаў.

Выдаткі на абслугоўванне і пагашэнне замежных пазык неабходна будзе несці мясцовым бюджэтам, пры гэтым доля мясцовых крыніц ў прыбытковай часткі мясцовых бюджэтаў на працягу апошніх гадоў стабільна змяншаецца. Заяўленая беларускімі ўладамі лібералізацыя прадпрымальніцкай дзейнасці ў краіне адбываецца ў значнай ступені за кошт змяншэння фінансавай незалежнасці мясцовых органаў улады і рэгіёнаў праз скарачэнне мясцовых падаткаў і збораў, доля якіх за апошнія дзесяць гадоў зменшылася да мінімума. Апошняе наводзіць на думку, што вяртанне пазык будзе ажыццяўляцца з улікам сродкаў з рэспубліканскага бюджэта. Тым не менш, падобныя меры павінны зменшыць нагрузку на рэспубліканскі бюджэт, а таксама ўрад па прыцягненню замежных інвестыцый і нацыянальны банк па стабілізацыі валютнага рынку. Кіраўніцтва кожнай вобласці і Мінска атрымалі заданні па прыцягненню замежных інвестыцый, аб’ёмы якіх у 2011 годзе ў разы перавышаюць планавыя заданні 2010 года.

Пазыкі мясцовых органаў улады фармальна не будуць мець характар дзяржаўнага знешняга доўгу краіны, што палепшыць статыстычныя паказнікі па знешняму дзяржаўнаму доўгу  Беларусі і дазволіць абыйсці існуючыя абмежаванні на яго велічыню. Аднак у Беларусі мясцовыя органы ўлады і бюджэты не з’яўляюцца самастойнымі і залежаць ад Цэнтра, таму займы фактычна з’яўляюцца дзяржаўнымі.

Пазітыўным момантам указа з’яўляецца дэлегаванне большых паўнамоцтваў мясцовым органам улады і іх большая гнуткасць у залучэнне замежных інвестыцый у развіццё сваіх рэгіёнаў, а таксама матываванне мясцовых органаў да большай фінансавай самастойнасці і пошуку новых крыніц напаўнення мясцовых бюджэтаў. Негатыўным бокай з’яўляецца дадатковая нагрузка на мясцовыя бюджэты праз невысокі крэдытны рэйтынг беларускіх мясцовых органаў улады і адпаведна меней выгаднымі ўмовамі атрымання крэдытных сродкаў, а таксама абмежаванасць мясцовых крыніц у прыбытковай частцы беларускіх мясцовых бюджэтаў.