Ісламісты ў арабскім сьвеце як у Беларусі нацыяналісты

? Комментируя события на Ближнем Востоке и в Северной Африке, А. Лукашенко заявил, что эти массовые протесты обусловлены излишней исламизацией и радикализацией региона, которой можно было избежать при своевременном международном вмешательстве.

Какова роль исламского радикализма в этих социальных волнениях? Какие основные причины этих выступлений против действующих политических режимов?

Сергей Богдан. Калі ў людзей няма магчымасці выказваць свае крыўды да дзяржавы і магутных прадстаўнікоў істэблішмэнту праз выбары, парлямэнт, суды, СМІ, дэманстрацыі, гэта ня значыць, што крыўды разыйдуцца самі сабой. Яны застануцца – нібыта нябачныя дыктатарам, нібыта вырашаныя шляхам гвалту над незадаволенымі з боку сілавых структураў.

Аднак калі такога кшталту палітычны рэжым абмяжуецца толькі гвалтам і прыгнётам, ня робячы крокаў, каб – хай сабе і не прызнаючы рацыі сваіх апанэнтаў – вырашыць нейкія грамадзкія праблемы, дык ён будзе зноў і зноў сутыкацца з «бунтамі». Гэта асноўная мадэль тых падзеяў, якія мы бачым апошнія месяцы ў шэрагу арабскіх краінаў.

Іншая справа, што пасьля працяглага ўладараньня такога рэжыма, асабліва калі гэта рэжым, заснаваны на панаваньні прэзыдэнта і яго сям\`і (а не, скажам, хунта ці партыйная дыктатура), то бок без прысутнасці алігархаў ці патэнцыйна апазыцыйных сэгмэнтаў (як то фракцыяў), у палітычнай сфэры застаецца толькі «выпаленая зямля». Г.зн. у грамадзтве пасьля падзеньня такога тырана няма вядомых палітыкаў, не асацыяваных з яго кіраваньнем, няма сур\`ёзных палітычных інстытуцыяў (адсутнічае павага да закона, не функцыянуюць самастойна многія дзяржінстытуты, дзяржаўныя кадры некваліфікаваныя, адсутнічае інстытуцыяналізаваная палітычная і грамадзянская супольнасьць, няма якасных СМІ), і ўвогуле ў свядомасці грамадзтва няма ўяўленьня пра тое, якія мадэлі палітычных паводзінаў, палітычнага дзеяньня можна скарыстаць для выпраўленьня сытуацыі, апрача традыцыйных/канвэнцыйных (культурна абумоўленых, як джыгад, альбо вядомых з часоў дыктатуры, кшталту выпраўленьне праблем праз вайсковае становішча), альбо інстынктыўна абумоўленых (лінчаваньне).

Уяўленьне пра фармаваньне палітыкі ў рамках негвалтоўнага, плюралістычнага абмеркаваньня і прыняцьця празрыстых рашэньняў у межах адмысловых інстытуцыяў з  далейшым кантролем іх празрыстага выкананьня – гэта ўяўленьне, якое проста ня можа выжыць сярод шырэйшых колаў грамадзтва пасьля дыктатуры пэрсаналістычнага тыпу.

У гэтым рэчышчы і адбываюцца падзеі ў арабскім сьвеце. Людзі змагаюцца супраць дыктатураў (а іншых мадэляў кіраваньня яны дагэтуль магчыма і не спазналі) так, як умеюць – абапіраючыся на вядомыя ім схемы – рэлігійныя, этычныя, паддаючыся эмоцыям. Іслам і яго рыторыка ці сымбалі непазьбежна прысутнічае ў гэтых бунтах, бо ёсьць важнай часткай нават сэкулярнай арабскай культуры, гэтаксама як і каталіцтва прысутнічала ў польскай «Салідарнасьці».

Да таго ж, не забываймася, што арабскія грамадзтвы культурна і адукацыйна разьвітыя горш, чым напрыклад савецкія цэнтральнаазіяцкія рэспублікі ці Іран. Толькі адзін прыклад: паводле дасьледаваньня ЮНЭСКА, зробленага ў 1990-х гг., па колькасьці перакладзенай з замежных моваў кніжнай прадукцыі ЎСЕ арабскія краіны, разам узятыя, саступалі адной дзесяцімільённай Грэцыі. Інтэлектуалы чытаюць па-ангельску і француску, і ў гэтым сэнсе абыякавыя да арабшчыны (праўда, тут сваю ролю грае і спэцыфіка бытаваньня літаратурнай і народных моў у арабскім сьвеце, якая зьбівае з панталыку спробы выправіць становішча). То бок культура масаў – гэта рэлігійная традыцыйная культура зь яе непазбежна ключавым рэлігійным складнікам. Дарэчы, з яе аўтаматычна ніяк не вынікае падтрымка фундамэнталізма, але толькі абавязковая прысутнасьць у нацыянальнай палітыцы пэўных сымбаляў рэлігійнай афарбоўкі.

Іншы момант – менавіта ісламісцкія рухі, а не лібэралы ці нават кансэрватары, здольныя выжыць ва ўмовах дзесяцігоддзяў надзвычай брутальных дыктатураў. Прычынаў таму шмат, узгадайма адну, падставовую. Толькі ісламізм (традыцыйнага, папулістычнага ці фундамэнталісцкага кшталту) – гэтаксама як у Беларусі нацыяналізм – даваў рады матываваць людзей на палітычную дзейнасьць з высокай рызыкай даўгачасовай страты свабоды або нават жыцьця, бо абяцаў ім узамен нешта істотнае – напрыклад, узнагароду ў іншым жыцьці ці высокі статус шагіда (пакутніка). Камунізм і нацыяналізм маглі быць іншымі варыянтамі, аднак першы быў зьнішчаны савецкай палітыкай у арабскім сьвеце, а другі – дыскрэдытаваны з-за ягонага выкарыстаньня самімі дыктатарамі ў якасьці эрзац-ідэалёгіі.

Але як няма адзінага «іслама», так няма і адзінага фронту (радыкальных) ісламістаў. Апрача вышэйзгаданага падзелу на тры кшталты, існуе яшчэ шмат іншых падзелаў. Таму і сэнсу казаць пра нейкую агульную «ісламізацыю» няма, ёсьць ўздым плоймы групаў і плыняў, якія маюць рэлігійна угрунтаваную ідэалёгію і свой рэсэнтымэнт да Захаду, які прынамсі лагодна, а часам і прыязна ставіўся да багдадзкіх, каірскіх, туніскіх галаварэзаў ва ўладзе. Проста раней усе сядзелі па турмах ці падпольлях, і нікога апрача дыктатараў па ТБ не паказвалі, а цяпер нарэшце ўсе пабачылі тое, што і без таго існавала і пра што самі арабскія грамадзтвы добра ведалі. Больш «пабожнымі» грамадзтвы дакладна ня сталі, проста нарэшце СМІ змаглі перадаць больш адэкватную карцінку зь месцаў.

І ўрэшце толькі такім чынам – праз удзел мясцова ўкарэненых палітыкаў і рухаў – і можа быць сфармаваная мадэль дзяржавы і палітыкі, заснаваная на захаваньні свабодаў, правоў, законнасьці і масавым удзеле грамадзянаў, якую часам называюць дэмакратыяй. Не праз стварэньне «пераходных» урадаў з людзьмі, якія маюць дыплёмы добрых заходніх унівэрсытэтаў, але дыктатуру перажылі на сытых замежных працах, гадамі любячы сваю радзіму па-за яе межамі і не рызыкуючы схапіцца з дыктатурай. І калі эгіпецкае грамадзтва будзе выбіраць, дык мала сумневу каго – сябра «Братоў-мусульманаў», што адсядзеў гадоў дзесяць у турме за супраціў рэжыму, ці былога кіраўніка МАГАТЭ эль-Барадэі, які свае гады адсядзеў у мяккіх венскіх фатэлях?

Тэгеран