Уже можно подводить предварительные итоги президентской кампании-2010. Какие главные итоги данной кампании во внутриполитическом контексте? В условиях массового задержания лидеров оппозиции, какое будущие может ожидать белорусскую оппозицию в целом?

Зьміцер Кухлей.Дзякуючы спрыяльнай замежнапалітычнай сітуацыі беларускае кіраўніцтва рашылася напрыканцы выбарчай кампаніі на рэалізацыю самага жорсткага сцэнару супрацьстаяння з апазіцыяй і працягнула рэпрэсіі супраць сваіх супернікаў у паслявыбарчы перыяд. Дзеянні ўлады 19 снежня і пасля даты выбараў падкрэслілі тое, што А. Лукашэнка не здатны для ўнутрыпалітычнага дыялогу з сваімі апанентамі і мяркуе, што гэты шлях згубны для яго персанальнай улады.

Стан «дэ жа вю», які ўзнік 19 снежня ўвечары, яшчэ болей узмацніўся ў наступныя некалькі дзён, калі карная машына дзяржавы абрынулася на ўсе структуры грамадзянскай супольнасці, якія прымалі актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Падзеі на «Плошчы» і ў наступныя некалькі дзён нагадалі аб прэзідэнскіх выбарах 2006 года, толькі мінулым разам арышты, ператрусы і затрыманні дэмакратычных актывістаў распачаліся ўжо падчас выбарчай кампаніі, зараз жа молах дзяржаўнай машыны разгарнуўся пасля закрыцця выбарчых участкаў.

Паслявыбарчыя ператрусы і арышты лідэраў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а ў апошнія дні і незалежных СМІ, сведчаць аб тым, што кіраўнік дзяржавы спалохаўся нават той дэкаратыўнай лібералізацыі, якая распачалася яшчэ ў 2008 годзе і падчас прэзідэнскай кампаніі 2010 года атрымала кульмінацыю. Ва ўмовах палітычнай адлігі 2008–2010 года дэмакратычная апазіцыя пачала пакрысе набіраць вагу ў грамадстве, а кандыдаты ў прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі выйшлі за рамкі адведзеных ім адміністрацыяй А. Лукашэнка першапачатковых роляў спарынг-партнёраў.

Беларускія ўлады, зняволіўшы кандыдатаў у прэзідэнты і лідэраў беларускай апазіцыі, вырашаюць на гэтым этапе некалькі задачаў. Па-першае, усе гэтыя асобы будуць выкарыстоўвацца ў якасці закладнікаў для гандлю з Захадам. Па-другое, зняволенне лідэраў апазіцыйных партый і рухаў прыпыніць на пэўны час актыўнасць іх прыхільнікаў. Па-трэцяе, жорсткасць А. Лукашэнка 19 снежня і ў наступныя дні пасля выбараў вяртае ў грамадства страх і палітычную апатыю, ад якой ужо паступова пачало пазбаўляцца грамадства падчас лібералізацыі 2008–2010 гадоў.

Жорсткія дзеянні з боку сілавых органаў А. Лукашэнка падчас разгону мірнай дэманстрацыі і рэпрэсіі, якія працягваюцца дагэтуль, выклікалі раскол у беларускім грамадстве: з аднаго боку гэтыя дзеянні паўплывалі на радыкалізацыю настрояў апазіцыйна настроеных грамадзян, а з другога дзякуючы масіраванай прапагадзе праз беларускія сродкі масавай інфармацыі ў прыхільнікаў А. Лукашэнка і апалітычнага абывацеля ствараецца вобраз ворага. Прастора для дыялогу паміж гэтымі групамі грамадства свядома звужаецца беларускім кіраўніцтвам.

У бліжэйшыя месяцы пачнецца гандаль паміж Захадам і афіцыйным Менскам «палітычнымі зняволеннымі», якіх А. Лукашэнка ўзяў з запасам, скарыстаўшы з досведу 2006 года, калі падобныя дзеянні выклікалі спярша крызіс у адносінах паміж РБ і ЕЗ, а потым прывялі да пачатку дыялога і пацяплення паміж Беларуссю і Еўразвязам. У чарговы раз адміністрацыяй прэзідэнта будзе распачата спроба стварыць «канструктыўную» апазіцыю дзеючаму кіраўніцтву дзяржавы з часткі былой апазіцыі — спроба ўцягнуць у сваю гульню былога кандыдата ў прэзідэнты Раманчука гэта пацвярджае. Адной з асноўных задач «канструктыўнай» апазіцыі з’яўляецца лабіяванне інтарэсаў афіцыйнага Менску на Захадзе. Для астатніх дэмакратычных актывістаў у бліжэйшы год чакаюцца цяжкія часы, калі яны будуць вымушаны вярнуцца да напаўлегальнай дзейнасці.

У кароткачасовай перспектыве ізаляцыя лідэраў будзе замінаць дзейнасці дэмакратычных сілаў, аднак наперад могуць выйсці асобы, якія былі пасунуты на другі план падчас выбарчай кампаніі 2010 года, напр. Аляксандр Мілінкевіч. Цэнтраімклівыя тэндэнцыі ў стане беларускай апазіцыі будуць павялічвацца і могуць паўстаць ці аднавіць сваю актыўнасць блок (-і) палітычных сілаў.

Напярэдадні парламенскіх выбараў пад ціскам вонкавых чыннікаў і гульні А. Лукашэнка з Захадам беларускае кіраўніцтва «прыадпусціць лейцы» і зноў распачне кіраваную лібералізацыю палітычнага працэсу.

Дзейсны кіраўнік краіны разлічвае захоўваць уладу перыядычна павышаючы градус рэпрэсій, расколваючы беларускае грамадства і супрацьпастаўляючы гэтыя часткі адну супраць другой. Адначасова А. Лукашэнка працягне гуляць на супярэчнасцях паміж Расіяй і Захадам і выбіваць прэферэнцыі як з усходняга, так і з заходніх партнёраў, такім чынам захоўваючы стабільнасць сацыяльна-эканамічнай сістэмы Беларусі.