«Сегодня я принял политическое решение, но решение, которое будет иметь и финансовые последствия. Я отозвал вето на возможность участия Беларуси в „Северном измерении“», —заявил 2 ноября в Минске министр иностранных дел Польши Радослав Сикорский. Какие дивиденды может получить Беларусь в случае присоединения к проекту ЕС «Северное измерение»?

Андрэй Валодзькін. Перш за ўсё трэба адзначыць, што 2 лістапада Беларусь атрымала толькі статус назіральніка, а не паўнавартаснага удзельніка «Паўночнага вымярэння» («ПВ»). Гэтак сама, як паўтара гады таму яна атрымала статус назіральніка пры Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ). На першы погляд, абедзве падзеі можна нзваць значнымі поспехамі «паўночнага вектару» беларускай знешняй палітыкі. Аднак тут варта ўзгадаць, што мы атрымалі статус назіральніка ў «ПВ» адначасова з Канадай і Злучанымі Штатамі, а ў СДБМ гэткі ж статус ужо даўно маюць такія далёкія ад Паўночнай Еўропы краіны, як Італія, Францыя і Украіна. Такім чынам, поспех гэты даволі ўмоўны, бо статус назіральніка зусім не азначае прызнання за пэўнай краінай нейкіх асаблівых правоў і інтарэсаў у Паўночнай Еуропе. Аб тым, што гэта хутчэй фармальнасць, сведчаць і словы міністра замежных спраў Нарвегіі Й. Г. Стёре. Каментуючы рашэнне аб наданні Беларусі статуса назіральніка ў «ПВ», ён адзначыў, што гэта фактычнае прызнанне таго, што яна ужо і так удзельнічае ў шэрагу праектаў «ПВ». Так, Беларусь з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам і, фактычна, адным з заснавальнікаў створанага ў 2009 г. у межах праграмы «ПВ» Партнерства ў галіне транспарту і лагістыкі. Гэта адбылося таму, што фармат «ПВ» прадугледжвае магчымасць удзелу ў ягоных мерапрыемстваў і трэціх краін. Таму наўрадці статус назіральніка ў «ПВ» нешта прынцыпова зменіць у характэры практычнага ўзаемадзеяння краін Паўночнай Еўропы з Беларуссю. Гэта хутчый сімвалічны акт прызнання таго, што яна больш не разглядаецца як краіна-ізгой у Паўночна-ўсходняй Еўропе.

Што тычыцца самой праграмы «ПВ», яна з’яўляецца рэгіянальнай стрэтэгіяй развіцця Паўночнай Еўропы і рэгіёна Балтыйскага мора, што ажыццяўляецца ў межах агульнай знешняй палітыкі ЕС (кшталту «Паўднёвага (Міжземнаморскага) вымярэння» альбо больш вядомага ў нас «Усходняга партнёрства»), а не інструментам фінансавай дапамогі з ягонага боку. Больш за тое, праграма ўвогуле не мае сваіх уласных крыніц фінансавання. Прымаючы фінскую ініцыятыву аб «ПВ», Еўракамісія адразу зазначыла, што не будзе выдаткоўваць на яе ажыццяўленне ніякіх дадатковых сродкаў — размова можа ісці толькі пра пераразмеркаванне рэсурсаў паміж іншымі фінансавымі інструментамі і праграмамі падтрымкі ЕС (кшталту ІНТЭРРЭГ, ФАРЭ, ТАСІС), якія ўжо дзейнічалі у рэгіёне і узмацненне каардынацыі іх дзейнасці. Такім чынам, даволі цяжка вызначыць прамыя выгады ад ўдзелу ў дадзенай праграме ва ўмовах, калі няма дакладных крытэрыяў па якім можна было б размежаваць праекты і мерапрыемствы «ПВ» ад тых, што ажыццяўляюцца ў гэтым рэгіёне ў межах планавай дзейнасці структурных фондаў Еўрасаюза. Некаторыя эксперты і даследчыкі ў гэтай сувязі адзначаюць, што часцяком у справаздачах ЕС вынікі рэалізацыі адных і тых жа праектаў заносіліся і на рахунак «ПВ», і на рахунак, напрыклад, ІНТЭРРЭГ, што вельмі ускладняе вызначэнне і ацэнку таго ўкладу, які ўносіць у развіццё рэгіёну ўласна праграма «ПВ».

Яшчэ адну праблему ўяўляе тое, што адным з ключавых прынцыпаў рэалізацыі «ПВ» (у адрозненні ад «Усходняга партнерства») з’яўляецца традыцыйнае для паўночнага (скандынаўскага) рэгіяналізму трансмежнае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва на ўзроўні так званай «малой палітыкі» (г.з. ніжэй за дзяржаўную ўладу) — паміж органамі мясцовага самакіравання, структурамі бізнэсу і грамадзянскай супольнасці. З улікам таго, што ўсе гэтыя сектары ў Беларусі пакуль развіты слаба і знаходзяцца ў празмернай залежнасці ад бюракратызму цэнтральных уладаў, магчымасці паўнамаштабнага ўдзелу нашай краіны ў мерапрыемствах праграмы «ПВ» на сёння выклікаюць сур’ёзныя сумневы. Як бачыцца для гэтага, як мінімум, патрэбна сур’ёзная рэформа сістэмы мясцовага самакіравання, якая б надзяліла яе органы не толькі дэкларатыўнымі, але і рэальнымі паўнамоцтвамі і магчымасцямі ў галіне развіцця знешніх сувязяў.

Падводзячы вынікі, скажу, што не варта чакаць ад ўдзелу Беларусі ў «ПВ» нейкіх цудаў. Аднак і недаацэньваць значэнне гэтай праграмы таксама не трэба. Бо ўдзел нашай дзяржавы ў гэтым міжнародным форуме развітых еўрапейскіх краін безўмоўна будзе спрыяць яе хутчэйшаму «адкрыццю» для Еўропы і стварэнню больш пазітыўнага іміджу на міжнароднай арэне. Тым больш, што ў дадзеным выпадку размова ідзе пра досыць элітарны (няхай і шмат у чым віртуальны) «клуб» краін Паўночнай Еўропы, якія нават па мерках Еўрасаюза лічацца найбольш багатымі і развітымі. Мець статус у такім клубе канешне ж вельмі прэстыжна. Таму акрамя пэўных прамых выгад ад рэалізацыі некаторых сумесных праектаў пад эгідай «ПВ» нам варта яшчэ чакаць і выгад ускосных у выглядзе павышэння прывабнасці Беларусі і даверу да яе з боку замежных інвестараў і патэнцыйных эканамічных партнёраў.