Адбітак беларускай эканомікі

? «Просто снимайте интересные фильмы, тогда выстроиться очередь желающих их купить и посмотреть», – сказал глава государства на встрече с деятелями культуры по вопросу развития кинематографии. Формула понятная и на первый взгляд не сложная. Тогда в чем причины стагнации отечественного кинематографа?

Андрэй Расінскі: Гэта не формула, а звычайная дэмагогія. Спроба перакласці ўсю адказнасць на іншых – а сябе, як заўжды, выставіць у белых пальчатках.

Нагадаю, што менавіта такія ж лекі прапаноўваў галоўны гарант «беларускай мове» і літаратуры колькі гадоў таму. Дзе цяпер беларуская мова – і што сталася з Саюзам пісьменнікаў, думаю, лепей не ўзгадваць.

Любое мастацтва – гэта не толькі мастацтва само па сабе, але і прастора, дзе гэтае мастацтва разгортваецца. Гэта камунікацыі й сустрэчы. Што да кіно – гэта яшчэ і вялікая індустрыя (якой, дарэчы, зацесна ў межах невялікай дзяржавы).

На працягу ўсяго «найвышэйшага існавання» прастора камунікацый у Беларусі імпэтна звужалася – і звялася да навязлівых сіплагалосых спеваў.

Творцы з\`ехалі з Беларусі – а хіба не ад задухі?

І калі кіно ў Беларусі ствараецца, то не дзякуючы, а насуперак існай сістэме – насуперак ейных правілаў. Беларускае дакументальнае кіно і анімацыю (а яны на вельмі высокім узроўні) ведаюць у Еўропе (затое не ведаюць на радзіме: не паказваюць).

З ігравымі стужкамі – усё складаней. Але вось вярнуліся ў Беларусь Кудзіненка і Колбышаў – і знялі, змагаючыся з бюракратыяй, дзве вельмі годныя стужкі «Ваўкоў і «Масакру». Але студыя проста не ведае, як прадаваць стужкі: яны гэтага не ўмеюць. Рэкламы, якая мусіла быць – не з\`явілася.

Індустрыя кіно – гэта адбітак беларускае эканомікі. Усё захрасла, з кволым, прыдушаным рынкам, з процьмай абмежаванняў. Хто на такі рынак пойдзе? А беларускае кіно, як кіно маленькай краіны – проста не выжыве без міжнароднай супрацы й міжнароднага пракату.

Але, ведаючы беларускую эканоміку – краіну абмінаюць бокам.

І можна шчэ здзіўляцца, што нештака – насуперак усяму – атрымліваецца.

Пачаліся зрухі.

Але, на маю думку, галоўныя змены ў індустрыі кіно адбудуцца пасля вядомай і чарговай прэм\`еры.

«Лебядзінага возера» па ўсім тэлеканалам.