Эстэтычныя разыходжанні

? Анализируя процессы актуальной культурной политики, вы неоднократно подчеркивали, что действующие белорусские власти последовательно проводят политику присвоения несоветского наследия. Как вы полагаете, можно ли ожидать, что власть в поиске новых идеологических дивидендов реабилитирует Ларису Гениуш, если предположить, что «незалежніцкая» риторика со стороны власти будет только усиливаться?

Андрэй Расінскі. Ларыса Геніюш – гэта тая фігура, да якой сённяшняя ўлада будзе звяртацца ў самую апошнюю чаргу, калі, увогуле, будзе звяртацца. Так, рэжым спрабуе прысабечыць несавецкую спадчыну на сваю карысць – каб атрымаць дадактовую «гістарычную» легітымізацыю. Але, па-першае, гэта вельмі асцярожныя спробы а, па-другое, і самае галоўнае – яны мусяць стаяць на савецка-этатысцкім падмурку.

Можна прысабечыць Вітаўта, які будаваў моцную дзяржаву – і я здзіўляюся, што гэтыя спробы не былі зроблены раней. Можна пахваліць Грунвальдскую бітву – як барацьбу з «нямецка-крыжацкімі агрэсарамі» (анархісцкія «Навінкі» гэта жартаўліва прадказвалі – і вось яно, здзейснілася!). Можна нават з паблажлівым спачуваннем узгадаць БНР – як няўдалы дзяржаўны чарнавік савецкае Беларусі.

Але станоўча выказацца пра Ларысу Геніюш?! У рэжыму з Ларысай Геніюш куды глыбейшыя разыходжанні за разыходжанні палітычныя. Гэта разыходжанні эстэтычныя і, проста – чалавечыя.

Падчас Другой сусветнай вайны Геніюш друкуе свае апалітычныя (і несавецкія вершы) – замест таго, каб ехаць у Беларусь і змагацца ў савецкім партызанскім атрадзе (Геніюш пабывала ў Менску – але ў якасці каго!).

Геніюш была рэпрэсаваная, дапытаная Цанавам – і лагерныя ўспаміны складаюць ейную «Споведзь». У краіне з лініяй Сталіна такія ўспаміны непажаданыя;  гэбізм – дасюль падставовы камень у падмурку рэжыму.

І, бадай, галоўны «грэх» Геніюш. Геніюш, сакратарка БНР, да канца сваіх дзён не прызнавала савецкай дзяржавы, яна нат так і не атрымала савецкага пашпарту (і яго не прасіла). Яна й не падавала прашэнне аб рэабілітацыі – бо перад кім ёй рэабілітавацца? Гэта дзяржава мусіць рэабілітавацца перад ёй. І такое парушэнне этатысцка-савецкіх канонаў – для сённяшняга рэжыму рэч абсалютна непрымальная.

Нарэшце, Геніюш была проста шчыраю верніцай. Але ейная вера была дзейснай і чалавечай – яе ніяк не прышпіліш да бязлітаснага ўхвалення кесараўскай улады.

Вяртанне Геніюш у школьныя падручнікі, святкаванне ейных юбілеяў на дзяржаўным узроўні, зусім не будзе азначаць, што рэжым раптам рэабілітаваў Геніюш.  Гэта будзе азначаць толькі, што сам рэжым – абваліўся.

Што ж, адным расці, другім – мізарнець. Усё – у свае тэрміны.