Рэха Катыні. Агляд польскіх СМІ

? Трагическая гибель польской делегации во главе с президентом Польши Лехом Качиньским стала темой №1 без исключения всех мировых средств массовой информации. Какие в настоящее время звучат комментарии на эту тему в ведущих польских масс-медиа?

Валера Руселік. Gazeta Wyborcza” (http://wyborcza.pl/) на галоўнай старонцы друкуе інтэрвію з сацыёлягам Ежы Шацкім пад назвай “Зараз інакш, чым пяць гадоў таму”. Выданьне цытуе экспэрта: “Сьмерць дыктуе бачаньне апанэнтаў у іншым сьвятле. Маем на ўвазе тое, чым былі наагул, а ня тое, што нядобрага альбо неразумнага сказалі”.

Журналісты прыгадваюць, што роўна 5 гадоў таму, калі памёр Ян Павел ІІ, палякі апынуліся ў падобнай сытуацыі, раптоўна адчуўшы вялізную тугу па каханьні, прыгажосьці ды праўды. Тады ў грамадзтве віравала надзея на тое, што скон аднаго з найвялікшых палякаў зьменіць да лепшага палітычнае жыцьцё ў краіне. Госьць выданьня, аднак, надзеяў журналістаў не падзяляе. Ежы Шацкі згаджаецца, што, безумоўна, уплыў на палітычнае жыцьцё трагедыя пад Смаленскам будзе мець. Аднак сумняецца, што зьмены будуць трывалыя й ня сьціхнуць неўзабаве: “Пяць гадоў таму я быў перапоўнены сумневамі, ці тая зьмена настрояў станецца чымсьці трывалым. І зараз маю, ясная рэч, тыя ж сумневы. Чарговы раз мы назіраем маніфэстацыі добрых пачуцьцяў палякаў, момант задзіночаньня, супольнасьці,узаемнага паразуменьня, але штораз гэта ўсё надзвычай нетрывалае”.

Адначасова сацыёляг адзначае, што па трагедыі найбольш важныя зьмены адбыліся непасрэдна ўва ўмовах польскай палітыкі. Сьмерць кіроўнай эліты краіны, безумоўна, адбілася на ўсёй дзяржаве. І хоць погляды прыжыцьцёвых апанэнтаў Леха Качыньскага наўрад ці зьмяніліся, на другі плян іх адсунула агульнае ўспрыманьне асобы загінулага прэзыдэнта. Сёньня Лех Качыньскі – гэта постаць гераічная і ўжо гістарычная. Нават для яго былых палітычных апанэнтаў і крытыкаў.

Таксама мае зьмяніцца і характар пазатэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў у краіне, лічыць Ежы Шацкі. У атмасфэры нацыянальнай жалобы яны пройдуць больш лагодна, ня будзе гэткіх агрэсіўных палітычных баталіяў.

Што ж да вонкавага рэзанансу ад трагедыі, дык экспэрт адзначае найперш два моманты. Па-першае, маюць актывізавацца прымірэнчыя працэсы ў польска-расейскіх стасунках. Ускосным сьведчаньнем гэтага стаўся паўторны паказ у расейскім этэры фільму Анджэя Вайды “Катынь” – гэтым разам на галоўным дзяржаўным канале краіны. Па-другое, пра трагедыю Катыні 70-гадовай даўніны, нарэшце, даведаўся ўвесь сьвет – тое, чаго гэтак дамагаліся палякі, у тым ліку нябожчык-прэзыдэнт.

Падсумоўваючы гутарку, Ежы Шацкі падкрэсьлівае, што трагедыяй Польшча вытрымала у смаленскім лесе выпрабаваньне на дзяржаўную сталасьць. Нягледзячы на калясальныя страты ў кіроўнай эліце, краіна працягвае жыць, як і раней.

2. Адзін з найбольш аўтарытэтных інфармацыйных парталаў Wprost” (http://www.wprost.pl/) сярод найбольш актуальных тэм зьвяртае ўвагу на выказваньні прэзыдэнта Расеі Аляксанра Мядзьведзева:  “Ніхто ня можа сумнявацца, што польскіх афіцэраў забіў Сталін”. Гэтак Мядзьведзеў засьведчыў публічна відавочнасьць таго, што польскія афіцэры ў 1940 годзе былі расстраляныя паводле загадаў тагачасных кіраўнікоў СССР, у тым ліку і Ёсіфа Сталіна. Адначасова прэзыдэнт катэгарычна абверг меркаваньне пра рэнэсанс сталінізму ў сваёй краіне, а таксама падкрэсьліў недапушчальнасьць атаясамленьня сучаснай Расеі з Савецкім Саюзам. “Ёсьць людзі, якім падабаецца Сталін і ўсё, што зь ім зьвязанае, – цытуе Мядзьведзева “Wprost”. – Бог ім судзьдзя. Аднак у грамадзтве ў ацэнцы Сталіна і тых часоў ня будзе аніякіх зьмен. Расея – гэта не Савецкі Саюз, а на чале Расеі стаяць людзі, якія, спадзяюся, істотна адрозьніваюцца ад Сталіна і яго памагатых”.

Таксама расейскі прэзыдэнт, зьвяртаючыся да нядаўняй трагедыі пад Смаленскам, заявіў, што авіякатастрофа, у якой загінуў яго польскі калега Лех Качыньскі, зьяўляецца выпрабаваньнем ня толькі для Польшчы, але й наагул для міжнародных адносінаў: “Менавіта таму рэакцыя на гэтую трагедыю ўсёй усясьветнай супольнасьці і расейскага грамадзтва была настолькі кансалідаваная”.

3. Тыднёвік Polityka” (http://www.polityka.pl/) у матэрыяле “Палітыка трунаў” на тытульнай старонцы з болем адзначае: “Яшчэ працягваецца нацыянальная жалоба, а ўжо распачынаецца польская вайна трунаў”.

Выданьне паведамляе, што кардынал Станіслаў Дзівіш, кардынал кракаўскі, пагадзіўся на пахаваньне прэзыдэнцкай пары на Вавэлі сярод спачылых каралёў, нацыянальных герояў ды паэтаў – у крыпце Пілсудзкага. Адначасова ў краіне усё больш распальваецца дыскусія наконт абраньня менавіта кракаўскага Вавэлю месцам апошняга спачыну для Леха і Марыі Качыньскіх. Як аргумэнт на карысьць варшаўскай архікатэдры згадваюцца пахаваныя ў ёй апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, прэзыдэнты Нарутовіч і Масьціцкі, арцыбіскуп варшаўскі і прымас Польшчы Вышыньскі ды пісьменьнік Генрык Сянькевіч. Нарэшце, Лех Качыньскі быў прэзыдэнтам ня толькі краіны, але і сталіцы. А яго жонцы Марыі, вядомай сваёй надзвычайнай сьціпласьцю, нібыта пахаваньне ў Вавэлі і наагул можа стацца пасьмяротнай абразай.

Гэтыя ды іншыя прычыны, паводле якіх пару Качыньскіх нельга пахаваць у Кракаве, зьяўляюцца ў прыватных размовах ды на форумах у Інтэрнэце. Аднак неўзабаве могуць перарасьці і ў вулічныя пратэсты, прадракаюць журналісты. Пратэстоўцы вінавацяць аўтараў ідэі пахаваньня загінулага прэзыдэнта зь яго жонкай на Вавэлі у цынічным палітычным разьліку: спагадлівыя настроі ды спачуваньне ў грамадзтве могуць значна пашырыць выбарчую базу будучага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад партыі “Права і справядлівасьць”. Найбольш верагодным гэткім кандыдатам называецца Яраслаў Качыньскі, брат нябожчыка-прэзыдэнта.