Скрадзены абсурд

Скрадзены абсурд

Апошнія гады ёсьць гады скрадзенага абсурду. Зьнявечаная й спакутаваная краіна – і бясконцыя сьвяты: Дажынкі й Зажынкі, Славянскія базары й Дні чарговай еднасьці. Вырваная з крывёю мова на карысьць канцылярскага бязмоўя – і моўная дыарэя па тэлебачаньні; «праваслаўны атэізм» і піянэркі шыхтамі; жабрацтва зь Лядовымі палацамі – і мода ад эскадрона карнікаў; сьляды радыяцыі – і лыжы летам. Усё гэта абсурд. Але гэта скрадзены абсурд.

Як і ўсё на сьвеце, абсурд мае свае правілы й свае абліччы. Экзыстэнцыйны абсурд – гэта абсурд чалавечай істоты, закінутай у нечалавечае; яна набліжаная да сама галоўных і апошніх пытаньняў  і крык у вар’яцтве альбо над магілаю: «Што яно і за што?!» – гучыць у моўкнасьці Бога і ў поўнай абыякавасьці сьвету.

Экзыстэнцыйны абсурд – як цэнтар і стрыжань, як выпрабаваньне чалавека немагчымым, і таму гэта так сур’ёзна. У выніку экзыстэнцыйнага абсурду – незваротнае, сьмерць. Чалавек, як біблейскі Ёў, датрывае да апошняй кропкі і атрымае  адказ.

Камічны абсурд – гэта абсурд чалавечай грымасы, якая агортвае й паглынае сабой немагчымае; мэтафізычныя пакуты трансьлююцца на паверхню жвавага й празьмерна ачалавечанага твару моўнай нястрыманасьцю Хлестакова, альбо анэмічнымі канвульсіямі герояў Бэкета й Ёнэска. Гэта эксцэнтрычна, таму што заўсёды можна сысьці ва ўмоўнасьць, у «быццам бы», у несур’ёзнае.

У адрозьненьні ад абсурду сур’ёзнага – экзыстэнцыйнага – ахвяры абсурду камічнага, нягледзячы на ўсе атрыманыя імі траўмы й выспяткі, ня вядаюць, што такое сьмерць: яны ня ведаюць анічога незваротнага, анічога таго, што немагчыма было б адмяніць. І як пэрсанажы братоў Маркс (ня блытаць з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам), альбо мульцяшныя Том й Джэры пасьля чарговых косткадрабільных прыгод – быццам так і трэба – зноў паўстаюць перад намі жывымі й здаровымі.

Але бывае й так, што Хлестакоў незнарок вырываецца з рук санітараў, альбо сур’ёзны абсурд раптам вырашае пажартаваць. Усе вакол сьмяюцца, але тым, хто апынуўся побач са зьбеглым зусім не да сьмеху.

Гэта абсурд скрадзены.

Спачатку быў ашалелы лыжнік, якога лавілі ў веснавым парку вясёлыя дактары, і толькі потым зьявіўся чалавек, які захапіў уладу і ўвасобіў усё гэта ў жыцьці. Спачатку была пакута незаконнай істоты, пагарджанай і кінутай усімі. Самотнай настолькі, што калі хлапчо ўзбугайнела, то засталося граць у хакей сам насам, моўкнае, па некалькі гадзін на дзень – пад аховай войскаў і арміі стукачоў – дрыготкае, недарэчнае, сьмешнае.

І калі экзыстэнцыйны абсурд – гэта выпрабаваньне чалавека на чалавечасьць у зьнявечаным і нечалавечым сьвеце; калі камічны абсурд – гэта праверка на чалавечасьць ужо самога сьвету, то абсурд скрадзены – гэта адмова ад чалавечага на карысьць чагосьці мізэрнага і пошлага, неістотнага, што хаваецца пад маскай сур’ёзнасьці.

Скрадзены абсурд саромеецца свайго паходжаньня ад чалавечых заганаў – звычайных чалавечых заганаў і хібаў. Ён баіцца чалавечага твару, і хаця сам ёсьць грымасаю, аніяк не выносіць яе і таму прытуляецца да статуі.

Хаця скрадзены абсурд ёсьць эксцэнтрызмам і маргінальнасьцю, ён лічыць сябе стрыжнем і цэнтрам, вакол якога павінен круціцца сьвет. Ён апранае маску сур’ёзнасьці, але пры гэтым «экрануе» чалавека – і сябе самога – ад абсурду сапраўднага, ад глыбінных праблем. Скрадзены абсурд палохаецца абсурду й выступае як апошняе й канчатковае тлумачэньне: «Ва ўсім вінаватыя ворагі; усё пакралі; гэта падкопы пад мяне каштоўнага».

Блазны занялі месца Ёва і ведаюць на ўсё адказы – але не жадаюць пачуць адказ Бога. Пад абалонкамі нагрувашчаных і спустошаных слоў варушыцца неадбуджаны хаос і нямее праўда.

Скрадзены абсурд, як аніхто, крычыць пра сваю неўміручасьць і бесьсьмяротнасьць. Але няма анічога больш сьмяротнейшага за скрадзены абсурд. Яго забываюць пры жыцьці нават ягоныя прыхільнікі  і ўпотайкі зьдзекваюцца зь яго. З гэтага ён шалее яшчэ больш і ўшчыльную набліжаецца да таго, каб сарвацца ў абсурд камічны й абсурд экзыстэнцыйны.

Калі я гляджу на першага прэзыдэнта краіны, якога навязьліва й істэрычна дэманструе нам тэлебачаньне – быццам бяз гэтага ён згубіць сваё існаваньне (гэта ў значнай ступені так), – мне амаль шкада гэтага глыбока няшчаснага чалавека са стомленым і састарэлым тварам, які паўсюль бачыць ворагаў і б’ецца, зацкаваны ўласнымі страхамі, нэрвова папакусаючы сваіх халуёў. Ён імкліва набліжаецца да свайго непазьбежнага палітычнага скону, але не жадае гэтага прыняць.

Але ж скрадзены абсурд набывае неўміручасьць толькі пасьля сваёй сьмерці. Толькі тады скрадзенае вернецца, і вернецца абсурд – экзыстэнцыйны й камічны, у якім недарэка нарэшце зойме ганаровае месца клішаванага камічнага героя, забаўляльнага лыжна-хакейнага фона эпохі 90-ых. І можа – хто ведае? – нет экзыстэнцыйнага пэрсанажа. Грымаса, пэрсанаж-знак, на тле якога адбываліся сапраўдныя падзеі, – праз гэта ён і набудзе сваю доўгачаканую бесьсьмяротнасьць.

Але для гэтага ён мусіць канчаткова (палітычна) сканаць.

Са скрадзеным абсурдам так звычайна і адбываецца.

Андрэй Расінскі

03.11.05

 

Открыть лист «Авторы : публикации»

Метки