/Double surround/

Палітычны нож-фільм: канец беларускай вытворчасьці

1. Што такое нож-фільм

Нож-фільм (snuff movie) — гэта стужка з сапраўдным забойствам, адмыслова засьнятая дзеля продажу. Невядома, ці ёсьць такія фільмы насамрэч. За 35 гадоў ад першай цьмянае згадкі (Эд Сандэрз, кніга «Сям’я…») — ня знойдзена аніводнай групоўкі, якая б рабіла падобныя стужкі.

Скандальны «Нож-фільм» (1976) запрашаў на «сапраўднае» забойства — што было выключна маркетынгавым трукам. А сьмерць жанчыны ў «Гвінэйскай сьвіньні» (1991) — зьяўлялася хітраю пастаноўкай. (Зьляканы актор Чарлі Шын, які выпадкова пабачыў стужку, выклікаў для расьсьледаваньня забойства агентаў ФБР).

Нож-фільм выглядае на сучасны гарадзкі міт — што не перашкаджае кінэматографу ўдосталь карыстацца са страшнае тэмы. «Курсавая» Аляхандра Амэнабара і «8 мм» Джоэля Шумахера трывожаць вышукамі тайных нож-фільмаў — а, паводле расейскай карціны «Немы сьведка», непрыдуманыя сцэны забойства здымаюцца акурат на «Масфільме».

Нат у сэрыяле «Каменская» Траецкае прадмесьце пераўтвораецца ў дэкарацыю мястэчка, дзе ствараюцца падпольныя нож-фільмы.

А вось стаханаўца-экспюатацыйніка Джо д’Амата, які імітаваў папулярную ў 80-ыя тэму, доўга перасьледавала «зарэзаная» ім актрыса — пакуль рэжысэр ня выплаціў маральнае кампэнсацыі.

Зрэдку даходзіць інфармацыя, што існуюць сцэны сапраўдных забойстваў: то канібал зарэгіструе ўласную трызну (Арвід Майвіс апошні), то душагуб запіша пакуты ахвяраў. У Савецкім Саюзе быў маньяк, які любіў здымаць на стужку канвульсіі павешаных піянэраў. Але ўсе гэтыя нечалавечыя кадры праўдзіва схаваныя ў сьледчых архівах.

Кінэматограф жа ў сваім досьведзе невыноснага — адварочваецца ці падстаўляе прыдуманыя муляжы.

Затое не адварочваецца палітычны нож-фільм — ён легальны і любіць пакрасавацца ў прайм-тайм без усялякай цэнзуры.

2. Палітычны нож-фільм і тры ягоныя мэты

Палітычны нож-фільм — гэта стужка з сапраўдным забойствам, гвалтам ці катаваньнем, паказаная дзеля палітычных мэтаў.

Такіх мэтаў некалькі.

1) Застрашэньне.

Дэманстрацыя сьмерці вяртае грамадзянаў у архаічныя часы, калі публічныя пакараньні выконвалі сымбалічную ролю. Пасьля эксцэсаў Францускай рэвалюцыі рэпрэсіўны аппарат сарамліва схаваўся ад вачэй паспалітага люду, але часам адбываецца рэгрэс.

З застрашальнага арсэналу палітычных нож-фільмаў — публічныя павешаньні ў Іране, растрэлы па законах шарыяту ў Чачэніі. Палітычны нож-фільм — паказ забітых міністраў у жывым этэры на загад партыі БОАС (60-ыя гады).

Палітычныя нож-фільмы — гэта й відэафільмы ці фатаграфіі з турмы Абу-Грэйб. Тут захоўваецца звычайнае для нож-фільму сэксуальнае вычварэньне, але мэта карцінак — яшчэ й дадатковае застрашэньне (зрабіць вязьняў пакорлівымі).

Кадры тэрарыстычнай атакі 11 верасьня (якія, дарэчы, здымаліся не забойцамі, а самімі гледачамі-ахвярамі!) — гэта он-лайнавы палітычны нож-фільм, які ня толькі застрашае але й дае справаздачу.

2) Справаздача.

Гэта бюракратычная мэта нож-фільмаў. Гімлер зь інспэкцыяй у канцлягеры, фатаграфіі катаў ля трупаў, відэакасэта з адразаньнем галавы ворага. Справаздача прызначаная для замоўцы і падшываецца ў тэчку для найвышэйшай інстанцыі.

Але сцэны нож-фільмаў здольныя выклікаць зьніштажальны для выканаўцаў эфэкт.

3) Выкрыцьцё — трэцяя мэта палітычных нож-фільмаў.

Амэрыканцы паказвалі немцам кадры канцлягероў — і гэта быў вельмі дзейсны сродак дэнацыфікацыі.

Расейцы дэманстравалі па тэлевізіі чачэнскія справаздачныя касэты з катаваньнямі жаўнераў — і вайна атрымлівала надзвычай моцныя аргумэнты на сваю карысьць. (Нож-фільмы з забіцьцём чачэнцаў абачліва не прадстаўляліся).

Усе мэты палітычных нож-фільмаў паміж сабой пераплеценыя і неаддзельныя адна ад адной.

Справаздача й застрашэньне могуць стацца й выкрыцьцём, калі фільм убачыць іншая аўдыторыя.

3. Канец беларускай вытворчасьці

Сучасная Беларусь ведае тры палітычныя нож-фільмы.

Першы фільм з пэўнасьцю існаваў — і ягоныя ахвяры ўзгадваюць, што здымкі вяліся. Зьбіцьцё апазыцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня — фіксавалася камэрай. Выцісканьне вачэй, тычкі, гвалт. Лукашэнка нат заяўляў, што касэта будзе паказаная — але ніхто яе так і не пабачыў.

Другі нож-фільм існуе ў чутках — што характэрна для найклясычнага снафу. Забойствы палітычных апанэнтаў. Быццам касэта была знойдзеная КДБ, а копія існуе ў Расеі.

Здымкі трэцяга нож-фільму абяцаюць. То істэрыка наконт абароны сябе з аўтаматам, то ўзмацненьне карніцкіх службаў, то замовы, што «памаранчу ня будзе».

Але гэта напалоханы блеф. Праяўленьне любога нож-фільму — і на любым экране — будзе азначаць імгненны покрыш рэжыму і канец беларускае «нож-вытворчасьці».