(У)моўны сіндром

?Российские филологи не согласились с рекомендацией минюста РФ признать единственно правильной формой названия нашего государства «Республика Беларусь» или «Беларусь», заявив, что есть одна норма — «Белоруссия», которую и надо соблюдать. На Ваш взгляд, оправдана ли с точки зрения лингвистики такая жесткая позиция Института русского языка при РАН?

Андрэй Расінскі: Я не з'яўляюся лінгвістам, адкажу, як культуролаг. Гэта не толькі іхняе права, але і абавязак – пільнаваць рускую мову. А згодна з правіламі рускай мовы назва нашай краіны гучыць, як «Белоруссия».

Іншая справа — чаму ў нас такая рэакцыя на гэта.

Першы чыннік на паверхні: старыя каланіяльныя комплексы. Беларусь дасюль не ўпэўнена ў сваёй самастойнасці, яна дасюль грае ў «Саюзныя дзяржавы» і малапатрэбныя «мытныя звязы». А пра масавую дамінацыю расейскай культуры я нават не заікаюся. Правілы чужой кватэры ўсё яшчэ здаюцца сваімі.

Другі чыннік — не такі відавочны. Гэта спроба прысабечыць рускую мову. Але руская мова ў Беларусі — гэта найперш мова канцылярыту. (Руская мова беларускай вуліцы — мякка кажучы, стэрыльная і не зусім жывая. Гэта добра адчуваецца, калі параўнаеш яе хаця бы з мовай Масквы дый Піцера; я не кранаю ўжо правінцыйныя расейскія гарады й вёскі.)

Руская мова ў Беларусі — найперш мова адміністрацыі і чыноўнікаў. І заяўка на свае правілы ў рускай мове — гэта, калі заўгодна, фронда лукашэкаўскага чынавенства, якое патрабуе правоў на выбар хамута і нат не заўважае, што можна, увогуле, ад яго адмовіцца.

Пытанне, што прагучала, знікне само сабой, калі Беларусь напоўніцу стане незалежнай дзяржавай, а беларуская мова верне сабе статус адзінай дзяржаўнай.

Абмяркаваць публікацыю

 

Метки