Дэмакрат у «Будцы галоснасьці»

Памятаеце, як валтузілі адзін аднаго палемісты ўвосень, падчас дыскусіі пра мову тады яшчэ меркаванае беларускай праграмы «Нямецкае хвалі»? У тым ліку толькі пырскі ляцелі і на сайце «Наше мнение».

Але во парадокс: цяпер, калі праект перайшоў у практычную фазу — ні гу-гу! Хаця адэпты беларускасьці, напрыклад, маглі б уперці рукі ў бокі ды запытацца: чаму гэта на сайце DW адпаведныя тэксты даюцца наркамаўкай, а не тарашкевіцай? Ці няма тут зноў падгульвання рэжыму? А мо, наадварот — варта было б пахваліць стваральнікаў за імкненне ўлічыць крытыку. Параіць, як рухаць справу далей. Карацей, хіба не карысна паразважаць, што атрымалася з тае задумы насамрэч?

Падазраю, аднак, што нямногія з учорашніх палемістаў зазірнулі на беларускую старонку «Дойчэ вэле» ў сеціве ці хоць аднойчы злавілі праз трэск этэру хвост той 15-хвіліннай перадачы. Увесь імпэт вычхаўся на тэатэтычнай, апрыёрнай стадыі.

Дык што, галоўнае было — выкрычацца, нагадаць пра сябе ды сваю прынцыповасьць, паставіць да ганебнага слупа «несьвядомага» апанэнта?

Дарэчы, нядаўна Брусэль абвесьціў пра вынікі куды болей важкага тэндэру — на два мільёны эўра (у выпадку зь «Нямецкай хваляю», нагадаю, увесь сыр-бор каштаваў? 138 тысячаў). Новы праект дзьвюхмоўнага перадаваньня на Беларусь, разьлічаны на два гады, здавалася б, варты куды пільнейшай увагі зацікаўленай публікі. Але, здаецца, пара ўжо сышла ў сьвісток.

Вось яна, адна зь бедаў нашае сытуацыі! Прагрэсіўная грамадзкасьць у залежнасьці ад настрою то пасіянарна загараецца нейкім пытаньнем у кантэксьце барацьбы за светлую дэмакратычную будучыню, узводзячы гэтае пытаньне ў лёсавызначальную ступень, то — трапляе ў глыбокае піке апатыі ды фаталізму.

Між тым мазгавыя цэнтры рэжыму ўдзень і ўначы шчыруюць над удасканальваньнем сыстэмы ўтрыманьня ўлады. Дэмакратычная публіка на манер Казадоева са старой камэдыі ўсклікае: «Лёлік, але ж гэта неэстэтычна!» — «Затое танна, надзейна і практычна!», — парыруе «Лёлік» ды тужэй закручвае чарговую шрубку.

У прыватнасьці, інфармацыйны абсяг для апанэнтаў улады (і проста для тых, каму мала бэтэшнае «Панарамы») сьціскаецца з няўмольнасьцю шчыгрынавай скуры. Вось сёння адзіны кандыдат кажа, што разьлічвае на самвыдат ды інтэрнэт. Дык жа і выбіраць няма з чаго! Недзяржаўную прэсу амаль што дабілі, а рэшту выкінулі з шапікаў ды каталёгаў.

З аднаго боку, гэта лёгіка эвалюцыі самой сістэмы. З іншага боку, кладучы руку на сэрца, варта зазначыць, што і самі «так званыя дэмакраты» ў свой час ня надта шчыравалі дзеля абароны незалежных мэдыяў. Лідэрам партый здавалася, што іх бясконцыя каардынацыйныя палітрады — справа найважнейшая. Яшчэ і крыўдзіліся, калі недзяржаўная прэса трохі скубала за пэрманэнтную кансалідацыю з нязьменна нулявым эфэктам.

Калі ж адкруціць час да пачатку 90-х, то ў мяне перад вачыма такі малюнак: сядзіць на дэмакратычнай нарадзе адзін з нацыянальна сьвядомых лідэраў і нешта імпэтна крэсьліць у нататніку. Паварочваецца да мяне: «А як табе во гэтая рыфма?..». Пасьля нямой сцэны высьвятляецца: мой візаві захапіўся складаньнем тэксту для маршу беларускіх жаўнераў. Разумееце, чалавеку здавалася, што для поўнага трыўмфу нестае вось толькі гэтага — удалага адмысловага маршу, пад які мы шчыльнымі радамі пакрочым у сьветлую будучыню. Між тым акрыялая пасьля путчу намэнклятура ішла ўжо ў бязьлітасны наступ на хісткія дэмакратычныя заваёвы, і ў прыватнасьці згусьціліся хмары над сьпікерам Шушкевічам…

Дарэчы, і самому Шушкевічу аўтар гэтых радкоў (маючы тады даволі шчыльныя журналісцкія кантакты са старшынём Вярхоўнага Савета) некалькі разоў даводзіў тэт-а-тэт: трэба тэрмінова разьдзяржавіць СМІ! Абсталяваць інфармацыйную сфэру на цывілізаваны ўзор. Іначай маладой беларускай дэмакратыі хутка будзе капец. Хіба ня бачыце, як падграбаюць пад сябе мэдыі Кебічавы палітрукі?

Шаноўны суразмоўца зацікавіўся маёй спасылкай на досьвед заходніх краінаў, дзе практычна няма дзяржаўнай прэсы. Сказаў, што папросіць, каб яму падрыхтавалі на гэты конт даведку. Але ў найвышэйшай службовай асобы краіны, відаць, было шмат іншых клопатаў, і да раздзяржаўленьня мэдыяў (што зрабіў у Маскве Ельцын) рукі так і не дайшлі. Калі ж распачнецца дыскрэдытацыя Шушкевіча (памятаеце славутую скрыню цьвікоў?), у краіне амаль што ня знойдзецца журналістаў ды СМІ, гатовых абараніць сьпікера-дэмакрата. А вось Ельцына ад чырвона-карычневага рэваншу ўдзячная маскоўская прэса бараніла як ільвіца!

Каюся, іншым разам упадаю ў грэх узьвелічэньня мэдыйнага рамяства дый думаю: паўстань у Беларусі на пачатку 90-х моцная незалежная прэса — мо ўся найноўшая гісторыя краіны пайшла б іншым шляхам? Але гісторыя не цярпіць умоўнага ладу, і сёньня мы маем тое, што маем.

Аднак ці зрабілі высновы прыхільнікі беларускай дэмакратыі — як у самой краіне, так і звонку? Ці ёсьць выразнае ўсьведамленьне таго, як дзейнічаць у інфармацыйнай сфэры?

На жаль, канцэптуальнай гаворкі пра гэта няма і па сёньня. Прасьцей заклінаць, што рэжым манапалізаваў СМІ, не падпускае да іх апанэнтаў, замбуе насельніцтва. Але іншым разам думаецца, што часткова бадай мае рацыю і Лукашэнка, калі кпіць: маўляў, дай ім той этэр — дык ня будуць ведаць, што й казаць.

Памятаеце тэлевізійную «Будку галоснасьці» гарбачоўскіх часоў? Савецкі чалавек, якому прапаноўвалі сказаць у камэру што заўгодна, пачынаў блазнаваць ці слаць банальныя прывітаньні тым, каго й так штодня бачыць…

Баюся, што асобныя нашыя палымяныя дэмакраты на такім экспэрымэнце выглядалі б ня болей пераканаўча, бо ў андэграўндзе іх лексыкон скурчыўся, бадай, да двух слоў — «злачынны рэжым».

Ва ўсякім разе, пачатак цяперашняй выбарчай кампаніі ўразіў прымітыўнасьцю інфармацыйнага суправаджэньня альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. Адна з прэсавых групаў заспаміла скрыні рэдакцыяў доўгімі няўклюднымі справаздачамі пра вандроўкі іхняга лідэра (з абавязковымі «раялямі ў кустах») і ня меней дубовымі інтэрвію, дзе герой выказваецца з ненатуральным патасам ды мкнецца выглядаць сьвяцейшым ад папы рымскага.

Зь іншага боку, вось вам красамоўны прыклад. Папярэдне дамовіўшыся, я закінуў праз электронку ў адзін з перадвыбарчых штабоў некалькі пытаньняў лідэру. Дык што вы думаеце — потым мусіў аж два тыдні нагадваць! Хоць фактычна прапанаваў на сподачку з блакітнай аблямоўкай бясплатны піяр. А там жа знаходзіцца на ўтрыманьні цэлая прэсавая група… Мала таго, што не паварушыліся, дык яшчэ й мой мэйл згубілі («кампутар чысьцілі»), дубляваць давялося.

Такое ўражаньне, што ні ў саміх лідэраў, ні ў іх камандаў — мо за рэдкім выключэньнем — няма элемэнтарнага ўяўленьня пра камунікацыйныя тэхналёгіі, каноны піяру, мэханізмы ўзаемадзеяньня палітыкаў з прэсаю.

Я ўжо не кажу пра хранічнае няўменьне ствараць інфармацыйныя нагоды. Камусьці, мабыць, здаецца, што недзяржаўная прэса мусіць піярыць яго з рання да зьмярканьня за адно тое, што ён увесь з сябе такі прагрэсіўны і дэмакратычны…

Яшчэ адзін штамп дэмакратаў: народ задыхаецца ад недахопу альтэрнатыўнай інфармацыі. Між тым дасьледаваньні групы Манаева сьведчаць: шараговыя суайчыньнікі нашмат болей давяраюць дзяржаўным мэдыям, чым недзяржаўным, і гэты разрыў расьце. Чаму такі парадокс — асобная вялікая гаворка. Але факт тое, што варта ўлічваць гэты фэномэн: мноства суграмадзян, відаць, добра падселі на прапагандысцкі наркотык, забыліся на сам смак непадцэнзурнага слова.

Калі не разважаць, як дастукацца да сьвядомасьці гэтае публікі, дык донары і насамрэч будуць выкідаць грошы на вецер. У лепшым выпадку новыя хвалі будуць лавіць хіба тыя нязломныя антылукашысты, якіх ня трэба «вучыць дэмакратыі».

Можна яшчэ і яшчэ загінаць пальцы, але ў адным артыкуле ўсяго не ахопіш.

У межах жа гэтай публікацыі аўтар хацеў толькі падкрэсьліць: тэхналёгія змаганьня з Сыстэмай на інфармацыйным абсягу — гэта вялікае і складанае пытаньне. Яно вымагае грунтоўнага, усебаковага аналізу. І яшчэ болей — упартага практычнага шчыраваньня. А не банальных заклінаньняў ды тэарэтычнага высьвятленьня, хто найсьвядомейшы, як гэта адбылося у апрыёрнай палеміцы пра забытую зараз праграму «Дойчэ вэле».

Усё ж яшчэ толькі пачынаецца.