/Працяг/

«Паслядоўныя», «расчараваныя» i iншыя

Абвешчанае адкрыцце «Нямецкай хваляй» рускамоўнага вяшчання на Беларусь стала нечым накшталт лакмусавай паперы, якая засведчыла, што ў лагеры прыхільнікаў рэформ еднасці як не было, так і няма, а галоўнае — няма мінімальна акрэсленага агульнага плану існавання краіны «апасля…». Апасля чаго, усе добра ведаюць. Феномен ідэясінкразічнай несумяшчальнасці фундаментальных пазіцый магчымых паплечнікаў у чарговы раз прыцягнуў увагу як прадстаўнікоў палітычных рухаў, так і аналітыкаў-прафесіяналаў, падзвінуўшы сам зыходны факт на другі або трэці план. Усе як адзін рушылі шукаць прычыны і вытокі, карані і падставы, кожны, вядома, с замахам на аб’ектыўнасць і кожны на сваім узроўні тэарэтызавання.

Парадавала смелая спроба Янова Палескага нейкім бокам прывязаць найбольш тыповыя перакананні да класічных плыняў еўрапейскай філасофіі. Як задаволена прарохкаў бы зніклы с экранаў персанаж: «Мощно задвинул! Внушаеть». Але ж я так и не знайшоў для сябе дакладнага адказу на пытанне: ці не можа «кантыянец» хапаць загрудкі «кантыянца»? Па ўсім відаць, што можа.

А значыцца, прыведзеныя крытэры задужа ўмоўныя і мала дапамагаюць зарыентавацца ў канкрэтнай палітыка-лінгвістычнай сітуацыі. З гэтай прычыны вымушаны прапанаваць дылетанцкую эмпірычную сістэму стратыфікацыі сучасных беларускіх «нацдэмаў» (без высвятлення, хто ранейшы — курыца або яйка, што пярвейшае — права або мова) па іх стаўленні да беларускай мовы — менавіта беларускай, бо, пагадзіцеся, мова з безліччу яе дыялектаў, якая гістарычна вылучае незалежную краіну сярод іншых і ў той ці іншай ступені спецыфічная для большай часткі яе тэрыторыі, мусіць лічыцца лінгвістычнай нормай і пунктам адліку. Але пра гэта пазней.

«Паслядоўныя» (добра валодаюць беларускай мовай і актыўна ёю карыстаюцца, выступаюць за татальную беларусізацыю).

«Расчараваныя» (выдатна ведаюць беларускую мову, аднак жа перспектывы яе адраджэння расцэньваюць скептычна; для іх, як і для «паслядоўных» характэрны шырокі спектр афектыўных пачуццяў — ад горкага сарказму да непрыхаванай варожасці, што само па сабе падштурхоўвае да небеспадстаўнай высновы: быць носьбітам беларускай мовы ў сучасным грамадстве — гэта ўжо амаль гарантыя небяспечнага ўнутранага канфлікту).

«Зацікаўленыя» (пасрэдна ведаюць беларускую мову і/або карыстаюцца ёю зрэдку, але пры гэтым па магчымасці падтрымліваюць праграму «паслядоўных», хоць яе ажыццяўленне і пагражае ім такімі-сякімі пабытовымі нязручнасцямі).

— Нарэшце, самая вялікая, маргіналізаваная група — «абыякавыя» (узровень ведаў — часцей як у зацікаўленых, галоўны прынцып: «Няхай будзе як ёсць»; часам нават гатовыя пагадзіцца з панаваннем беларускай мовы ў нейкай тэарэтычна аддаленай будучыні).

Адрозненне прапанаванай мадэлі ад светапогляднай таго ж Янова Палескага ў тым, што яна «завостраная» пад магчымасць свабоднага пераходу індывідуума з аднаго шыхту ў іншы, залежна ад палітычных варункаў, што і адбываецца ў рэчаіснасці. Часта прыходзіцца назіраць, як «паслядоўныя» пераскокваюць да «расчараваных», «абыякавыя» ператвараюцца ў «зацікаўленых» і наадварот.

Паказальна, што ў палітычным жыцці адразу тры апошнія групоўкі прэтэндуюць на ролю «памяркоўнай апазіцыі» ў процілегласць нацыянал-радыкалам і ў гэтым сэнсе складаюць большасць, як дарэчы і ў колькасным плане. Да таго ж, ўладныя інстытуцыі, нягледзячы на тое, што погляды афіцыйнага Мінску і ультранацыяналістаў часам містычным чынам супадаюць, ставяцца да памяркоўных з меншай варожасцю, маюць «расчараваных» і «абыякавых» нават ва ўласных шэрагах, дзе тыя, важна надзьмуўшы шчокі, удаюць «апазіцыю ўнутраную» і дазваляюць сабе «ў пэўных дэталях» не пагаджацца з вышэйшым кіраўніцтвам. Гэтыя факты сведчаць найперш пра тое, што небеларускамоўнае ліберальнае лобі існуе нават на афіцыйным узроўні, у адрозненне ад беларускамоўнага, далей — пра тое, што падзел паміж цяперашняй уладай і ўладай альтэрнатыўна магчымай, не цяперашняй, праходзіць менавіта на лінгвістычным фронце. Іншых за мову невырашальных супярэчнасцяў нямашака!

Рэжым, што існуе зараз, любіць, хаця і фармальна, дэклараваць сваю прыхільнасць да дэмакратычных каштоўнасцяў, да рыначных адносін, адкрытай знешняй палітыкі і г. д., але прапагандаваць беларускую мову, нават фармальна, не адважваецца. Таму аб’ектыўна застаюцца два шляхі: або прызнаць існуючы лад справядлівым і апраўданым і пажадаць (марна) яму асобных паляпшэнняў, або вучыць беларускую мову і далучацца да адпаведнага «дыскурсу» ці будаваць новы, што, зрэшты, зараз амаль тое самае.

Зыходзячы з гэткай прыкрай безальтэрнатыўнай акалічнасці, цікава было прачытаць допіс шаноўнага Юрыя Дракахруста, дзе ён па-езуіцку віртуёзна перакаламуціў паняцці і, забаўляючыся, шмат чаго паставіў проста з ног на галаву. Што «калі расейскамоўны нацыянальны праэкт усё ж існуе»? — слушна пытаецца спадар Дракахруст, абавяргаючы аргументацыю, падобную да прыведзенай мною вышэй. Хай сабе, аднак ці не падобныя гэтыя словы на сакраментальную фразу вядомага Васісуалія Лаханкіна. Рэфлекторны водгук у адказ «А калі ўсё ж не?» тут не дарэчы, бо ён адразу патопіць размову ў багне цыклічных аднастайных рэплік. Лепей разабрацца, якім чынам падмацоўвае аўтар свае аптымістычныя сцверджанні.

Толькі-толькі спыніўшыся пасля бліскучага выкрыцця з дапамогай логікі сафістычных захадаў меркаваных апанентаў, ён раптам перакідваецца да выключна рытарычных прыёмаў і заклікае спадарства «зняць ідэалагічныя акуляры», гледзячы на безумоўна пазітыўныя факты, якія, аднак, не ствараюць ураджання прыналежнасці да цэльнай, доўгатэрміновай, самабытнай канцэпцыі, а нават ім самім напаўсвядома ўспрымаюцца якраз як чарговыя субстытуты расійскіх адпаведнікаў. Гэта чамусьці даволі ўдала ўкладаецца ў старую схему шоу-бізнесу, якую, пры адсутнасці апошняга, узяў на ўзбраенне беларускі афіцыёз. У расіянаў ёсць «Гости из будущего» — зробім і мы сваіх. Забаранілі ў іх піць піва ў парках, дык і мы сваім забаронім.

Прыведзеныя Дракахрустам прыклады кшталту БДГ сапраўды выклікаюць на гэтым фоне сімпатыю ўжо таму, што з’явіліся не ў выніку сляпога і карыслівага капіравання, а шляхам разумнага пераймання або паралельнага развіцця. Хай іх будзе болей! Але ці не спытае нас іншы езуіт: А навошта другія «Известия»? Навошта другая Расія пад назвай Беларусь? Хай сабе нават адпрасаваная, лепшая за арыгінал? Навошта ўвогуле наноў сабіраць стары веласіпед? Зараз перад намі стаіць цяжкое пытанне — пытанне ўласнай ідэнтычнасці. Пазычыць гатовыя рэцэпты мы не можам ні ў германа-аўстрыйскага тандэма, ні ў посткаланіяльных дзяржаў. Арыгінальная схема выратавання мабыць усё-ткі існуе, аднак яна не прымальная для занадта многіх. Пацыент занадта слабы, каб вытрываць аперацыю.

Часу ж, каб акрыяць, застаецца ўсё меней. Вось тут і пачынаецца найбольш захапляльная частка артыкула. Аднаго з герояў Дзюрэнмата аднойчы працінае прыкладна такая думка: «Цяпер я зразумеў, чаго мне бракавала ўвесь час. Мне бракавала ворага!». Подхапам Дракахруст даказвае, што «беларускамоўная» мадэль дэструктыўная, бо яна пабудаваная на перманентным процістаянні расійскаму ўплыву, а за «рускамоўнай», адпаведна, застаецца месца канструктыўнай і гуманнай, бо яна, маўляў, не дэманструе такіх супярэчнасцяў і знаходзіцца ў поўнай гармоніі з акаляючым светам, калі не ўлічваць, зразумела, антыпатыю да дэспатычнага рэжыму. Ну, і скажыце цяпер, што такое прынцыповае адрознівае рускамоўнага беларускага інтэлектуала-дэмакрата ад яго расійскага аднадумца. Хіба спадар Федута не заяўляў надоечы: «Не жадаю жыць у імперыі».

Калі ўсведаміць, што далучэнне ні да якой іншай імперыі ў традыцыйным разуменні, нам на цяперашні час не пагражае, дык застаецца толькі канстатаваць Ваш антырасійскі (хоць і не антырускі) настрой. Навідавоку ледзьве не ірацыянальнае імкненне «маскалізаваных» (хаця мне гэткі выраз падаецца занадта ўжо рэзкім) у адпаведнасці са звыклым для іх «трасяначным» культурным асяроддзем дабудаваць Расію ў іншым вымярэнні, Расію антыімперскую, Расію не шавіністычную, але ўсе ж такі Расію.

Адсюль недалёка да славутых «тых жа рускіх, але са знакам якасці», што падразумявае якраз пэўнае адмежаванне ад «няякасных» рускіх. Менавіта падкрэсленая антырасійскасць русафільскай часткі як улады, так і апазіцыі, своеасаблівая зайздрослівая канкурэнцыя малодшага брата са старэйшым, дагэтуль дазваляе Беларусі не страціць сваю незалежнасць. Аднак ці надоўга хопіць пораху? Здаецца, у такім спаборніцтве нарэшце пераможа ўласнарасійская мадэль — няважна, дэмакратычная ці аўтарытарная.