Пра «нацыянальна дэзарыентаваных»

альбо Спачатку няхай дзіцё вырасьце, а потым ужо будзем яго выхоўваць?

Хацеў бы абстрагавацца ад дыскусіі вакол «Нямецкай хвал», тым больш што гэты прыватны выпадак стаў штуршком да больш шырокай і глыбокай дыскусіі на нашу «вечную» моўную тэму. Фактычна, выкарыстоўваючы гэтую нагоду, мы пачалі моўны дыспут з чыстага ліста — хаця, натуральна, гэтая наша «tabula rasa» «чыстая» вельмі адносна пасьля 15 гадоў грамадзкай дыскусіі пра мову.

Папярэджу адразу, што аддаю перавага суб\\`ектыўна-экпрэсіўнаму ўзроўню — найбольш адэкватнаму, на маю думку, для грамадзка-палітычнай дыскусіі. Пагатоў моўная праблема, на маю думку, носіць у значнай ступені маральна-псыхалягічны характар, а яе грамадзка-палітычныя аспэкты даволі вычарпальна асьвятліў у сваім адказе Віталь Сіліцкі.

Не было б дэмакратаў, была б дэмакратыя?

Стала агульным тонам апошняга дзесяцігодзьдзя зацята крытыкаваць нацыянальна-дэмакратычныя сілы — часам неадэкватна іхняй ролі і магчымасьцям. » Простите за резкость, но именно «национальные» демократы и «просто» демократы привели в 1994 г. к власти А. Лукашенко », — піша Мінянкоў. Ну сапраўды, не было б у нас дэмакратаў, толькі тады была б дэмакратыя, так трэба разумець. Даўно ўжо адзначана, што Беларусь — відаць, адзіная краіна, дзе ўва ўсім «вінавата» апазыцыя. Таму заўсёды знаходзіліся людзі, якія казалі — вось мы новыя, не запэцканыя кепскім іміджам і цяжарам паразаў, мы прыйдзем замест БНФ і зробім лепш. Мы возьмем на ўзбраеньне рускую мову, сацыяльныя лёзунгі і пераможам Лукашэнку.

Дзе гэтыя пераможцы? Дзе гэтыя Драконы, якія пажадалі стаць Драконамі, каб забіць галоўнага Дракона? Дзе іхняя чароўная палачка — руская мова плюс левыя лёзунгі? Дзе і калі дэмакратам, многія зь якіх пасьля рэфэрэндуму 1995 году ўзялі на ўзбраеньне палітычную мімікрыю, руская мова прыносіла адназначны посьпех? Можа справа найперш у ідэях і стане грамадзтва? Можа, тут якраз тая сытуацыя, калі можна працытаваць Ніцшэ — « Мы не злавілі рыбу. Але ці вінаваты мы? Можа, рыбы там проста не было? „.

Другая тэза, якую хацелася б аспрэчыць, — аб адсутнасьці альбо вельмі слабай карэляцыі паміж мовай і палітычнымі паводзінамі. Возьмем мэнтальна самы блізкі нам ўкраінскі прыклад, дзе сацыёлягі знайшлі абсалютна дакладную залежнасьць паміж моўнымі настроямі тых, хто галасаваў за Юшчанку, і тых, хто за Януковіча. Падчас выбараў і нават пасьля актывісты і палітыкі «аранжавых» даводзілі (відавочна, з добрымі намерамі яднаньня нацыі, каб не дзяліць украінцаў), што, маўляў, няма ніякага моўнага падзелу. Маўляў, больш «разьвітыя», адукаваныя, маладыя ўкраінцы галасавалі за Юшчанку, а «недасьпелыя», тыя, у каго не было доступу да альтэрнатыўнай інфармацыі, — за Януковіча (то бок наша, беларуская схема). Папраўдзе ж схема была свая, украінская, больш просталінейная і разам з тым драматычна-красамоўная: за Юшчанку галасавалі ўкраінскамоўныя, за Януковіча — расейскамоўныя. (Вось спасылка: http://www.kiis.com.ua/index.php?id=4&sp=1&num=19) Часам нават адукаваныя, забясьпечаныя, але — за Януковіча!

І чамусьці ніхто не баіцца вулічнай «блакітнай контрарэвалюцыі» ва Ўкраіне, як ніхто і не разьлічвае на добраахвотныя выступы шырокіх народных масаў у падтрымку Лукашэнкі ў чаканы момант «Ікс» адхіленьня яго ад улады. Бо прыхільнікі Лукашэнкі і Януковіча — гэта людзі, назавем яго ўмоўна, эўразійскага тыпу паводзінаў — яны ня здольныя самаарганізоўвацца, іх можна толькі арганізаваць зьверху, пры гэтым толькі моцнай рукой, а іначай разьбягуцца, як данецкія маладзёны-януковічаўцы, нават калі ім заплацілі.

Ды вось дарэчы, і нашы, беларускія, лічбы, якія ў свой час мяне дужа зьбянтэжылі. Паводле апытаньня Цэнтру Лявады падчас леташняга рэфэрэндуму, этнічна рускія грамадзяне Беларусі ўхваляюць дзейнасьць Лукашэнкі ў большай ступені, чым этнічныя беларусы (67 супраць 61). Я якраз заўсёды быў схільны лічыць, што этнічна рускія як больш адукаваная і заможная група нашых грамадзянаў павінны нібыта ў меншай ступені захапляцца «калхозным лідэрам». Але ж не. Выглядае, што цывілізацыйныя, мэнтальныя, нацыянальныя рэчы аказваюцца вышэйшыя нават за сацыяльныя і маёмасныя. Ірацыянальнасьць нейкая.

Ірацыянальная ідэнтыфікацыя

Забаўна, дарэчы, наколькі папулярнае абвінавачваньне нацыянальных пачуцьцяў у ірацыянальнасьці. Не ўпадаючы ў дыскусію ў галіне псыхааналізу, хочацца, аднак, спытаць, а якая сфэра нашага жыцьця цалкам рацыянальная? Матэматыка? Хіба што. Ірацыянальныя — каханьне, нянавісьць, спагада, зласьлівасьць, высакародзтва, любоў да Радзімы, да любімых каманды і сабакі, жаданьне пісаць артыкулы і абірацца ў дэпутаты, — усё ірацыянальна. Ірацыянальна стварэньне любой, самай лібэральнай дзяржавы. Дый сама, напрыклад, лева-лібэральная ідэя, на думку некаторых, ня менш ірацыянальная за іншыя ідэялёгіі, што даказвае сёньняшні разгул паліткарэктнасьці, калі любы крок управа-ўлева забаронены.

У карэктных, нэўтральных, але, як на маю думку, надта эзатэрычных развагах Янава Палескага мне падаўся даволі адметным момант пра першасныя і другасныя « привязанности » і ідэнтычнасьці. Згадзіцеся, што першаснасьць і прыярытэтнасьць самаідэнтыфікацыі моцна залежыць ад кантэксту. Жанчыну-доктара запрашалі у пакой, дзе было яшчэ 10 жанчын, і пыталіся: « Хто вы? „. Яна адказвала: „ Доктар „. Яе пасадзілі ў пакой з мужчынамі-дактарамі і на такое ж пытаньне яна адказала: „ Я жанчына „.

Гэта я да таго, што любая форма ідэнтыфікацыі — гэта адасабленьне ад іншых. Я — мужчына, не жанчына. Мы — беларусы, не японцы, не палякі, не расейцы. Якая з шматлікіх ідэнтыфікацыяў (мужчына, муж, сын, бацька, беларус, сярэдняга ўзросту, журналіст, шахматыст, аматар «NRM», заўзятар NBA) больш важная ў дадзены момант? Магчыма, на паўтары гадзіны на футбольным стадыёне для чалавека самай важнай ідэнтыфікацыяй ёсьць тое, што ён заўзятар менскага «Дынама», але не будзем жа мы ўсур\\`ёз лічыць, што гэтая форма ідэнтыфікацыі грае нейкую істотную ролю ў ягоным астатнім жыцьці (вядома, калі ён ня трэнэр гэтага «Дынама»). Ідэнтыфікацыяў сапраўды можа быць шмат, але, напэўна, адны больш важныя за другія, і ня варта ставіць у адзін шэраг значэньне нацыянальнай і моўнай ідэнтыфікацыяў з ідэнтыфікацыяй філятэліста. Няўжо трэба даказваць, што мы жывем у сьвеце, дзе нацыянальная ідэнтыфікацыя ёсьць неабходным чыньнікам жыцьця, а мова — яе асноўны кампанэнт?

Не магу таксама пагадзіцца з спробай « звужэньня » спадаром Янавам Палескім маштабу беларускага дыскурсу. » И следует ли стремиться в него включиться? Не лучше ли попытаться ощутить себя членом более обширной коммунитарной общности? » — піша ён. Ці не пастаўлена тут усё дагары нагамі? Бо ў рэальнасьці ўключэньне ў беларускі дыскурс сёньня для многіх азначае ўключэньне ў шырэйшы агульнаэўрапейскі (культурны, гістарычны і палітычны) кантэкст. Часта людзі прыходзілі да беларускасьці праз сваё заходніцтва, праз заходнюю музыку і літаратуру, як гэта было ў савецкія 1980-я. На маю суб\\`ектыўную думку, удзельнікі дыскусіі зь «сьвядомага» боку — большыя касмапаліты («чалавекі сьвету»), чым адэпты «лібэральна-маскоўскага», як яго абазначылі, праекту — людзі зь вельмі канкрэтнай «культурнай прапіскай» — масквацэнтрычнай. «Тут Масква ў галаве, тут Масква ў тэлевізары і ў газэце», — сьпявае «Новае неба» ў песьні «Людзі на балоце». Калі зноў згадаць пра рацыянальнасьць, то гэтая любоў да Масквы абсалютна ірацыянальная і прыводзіць да канкрэтных палітычных ілюзіяў і памылак. » Да еще увещевания о том, что Кремль вот-вот сковырнет Лукашенко, которые уже можно признать классикой белорусского политического юмора », — слушна напісаў Віталь Сіліцкі. Наіўнасьць такую можна было яшчэ зразумець у 1996-м — хтосьці рос, пазбаўляўся гэтых ілюзіяў, ну, а кагосьці «заклініла», відаць, назаўжды.

Ці ёсьць жыцьцё пасьля дэмакратыі?

Сёньня ніхто з культурнай публікі не наважыцца сказаць, што беларуская мова непатрэбная ўвогуле — такі мавэтон недапушчальны ў сёньняшняй беларускай інтэлектуальнай супольнасьці. Дапушчальна іншае — рознымі інтэлектуальнымі пабудовамі даказваць, што прывязанасьць да мовы — гэта «перажытак капіталізму», так бы мовіць, рэлікт XIX стагодзьдзя з яго «змрочнай» эпохай пабудовы нацыяў.

Паколькі само існаваньне беларускай мовы ўжо набыло пэўную недатыкальнасьць, то вынайшлі своеасаблівы эўфэмізм — «у прынцыпе мы за беларускую мову, але ня сёньня, ня зараз, „ещё не время“, спачатку трэба вырашыць пытаньне з уладай, з дэмакратыяй». » Глупости все это. Вначале нужно демократизировать страну, а потом уже рюшечками на фартушках заниматься », — піша Фядута. » Вернется демократия, и не будет проблем ни у белорусского, ни у русского (кстати, реально его знают в Беларуси не так уж много людей) языков », — піша Грыгорый Мінянкоў.

І тут я, прызнаюся, нават трошкі ў разгубленасьці — ці гэта « прекраснодушие „, ці проста крывадушны падман? Цікава, што фальш тут пачуў і Янаў Палескі, які прызнаецца, што яму бліжэйшая пазыцыя ‚ненацыяналаў‘. “ Следует признать, что в формуле Адамянца-Федуты-Миненкова „ сначала демократия — потом культура и язык “ присутствует известный заряд лукавства. Или же подлинного неведения (по поводу своих притязаний) », — адзначае Палескі.

(Мяркую, дарэчы, што варта ўвесьці ў шырокі ўжытак некаторыя адэкватныя вызначэньні, каб кожны раз пакутліва не падбіраць словаў. Калі « той бок » называе « нас » « нацыянальна арыентаванымі „, то для „ іх “ адпаведна падыдзе „ нацыянальна дэзарыентаваныя „. І калі, паводле некаторых, ёсьць „нацыянальна альбо лінгвістычна заклапочаныя“, то аўтары гэтага вызначэньня, адпаведна, „нацыянальна імпатэнтныя“ альбо „нацыянальна фрыгідныя“ — гэта на выбар)

Гэтую песеньку — « спачатку дэмакратыя, эканоміка, правы чалавека і г. д., а потым ужо мову » — некаторыя « нацыянальна дэзарыентаваныя » нам бубняць вось ужо 15 гадоў. Дык вось мой надта відавочны і зусім не эзатэрычны прагноз. Калі « пытаньне з дэмакратыяй » будзе вырашана, гэтыя ж « нацыянальна фрыгідныя » людзі будуць казаць нам ТОЕ САМАЕ, што і цяпер — « пакуль ня час займацца мовай, трэба вырашыць спачатку пытаньне… эканомікі, падаткаў, судовай рэформы, адміністрацыйнай рэформы і г.д „.

Застаецца спытацца — а ці ёсьць жыцьцё пасьля дэмакратыі? Дзе тая чароўная рыса, пасьля якой наступіць райская бестурботнасьць? Дзе той « канец гісторыі „, дзе той беларускі Фукуяма, які яго абвесьціць (а потым будзе выбачацца за гэтую памылку)? Дзе той сьвяточны дзень, калі спадары Фядута і Мінянкоў змахнуць з натруджанага лоба кроплі поту і скажуць: „Ну ўсё, дэмакратыю, дабрабыт і правы чалавека пабудавалі, давайце зоймемся мовай!“ Колькі мне чакаць такога „ снисхождения „? 30 гадоў, 50? Была ў сабакі хата! Усё гэта мне нагадвае пачатак 1990-х, калі расейскія дэмакраты казалі прыбалтам: „ Спачатку давайце даб\\`емся дэмакратыі, а потым ужо змагайцеся за незалежнасьць „. Спачатку няхай дзіцё вырасьце, а потым ужо будзем яго выхоўваць?