/Немецкая хваля/

Пазбавіцца Утопіі

Сёньня ў Беларусі рэй вядуць утопіі адсутнасьці. Некаторыя з іх вельмі старыя, некаторыя толькі зараджаюцца — але ўсе яны зьбіваюць з панталыку, прапануюць ступар і запрашаюць у няісныя месцы.

1. Самая архаічная ўтопія — «балванская». Падтрыманая прысабечанай дзяржаўнай машынай, расьпешчаная прапагандай і ганараваная натужным экстазам, гэта ўтопія распавядае, як у 1994 годзе на Беларусі — зь цемры хаосу — зьявілася нешта, дарагое й самае галоўнае — як яно расло і гадавалася, як сталася (і было!) існасьцю краіны і яе вытокам. Хаця балваны, паганскія ідалы, стоды калісьці зьяўляліся пазнакаю племянных мітаў, уладарамі і трымальнікамі дамэнаў — ад тэрыторый «боскіх» фараонаў да імпэратарскай Бізантыі — сёньня балванская ўтопія без-мястоўная; палітычныя карані яе падарваныя.

Праблема ўтопіі ня толькі ў тым, што мясцовы кандыдат некампэтэнтны й непадыходны (у балванскіх гісторый былі й горшыя выканаўцы), але ў тым, што час палітычна-тэрытарыяльных ідальных мітаў прайшоў. У выніку балванскай утопіі Беларусь, якая разглядаецца як асабісты й прысабечаны дамэн прэзыдэнта, адасабляецца й ізалюецца, вырываецца са свайго месца ў сусьветных працэсах; грамадзтва адчужанае ад дзяржавы, а грамадзяне ня маюць дому. Прапаганда малюе месца, дзе трактарысты змагаюцца за ўраджай, а замест Бога — кіраўнік, які «даў вам дождж».

Але ўтопія стодаў разбураецца штодзённай практыкай чалавека — і сусьветнаю інфармацыяй, ад якой немагчыма схавацца. Пры гэтым сама сусьветная інфармацыя становіцца падставай для віртуальнай утопіі далёкіх знакаў.

2. Валянцін Акудовіч, аўтар кнігі «Мяне няма» лічыць, што ў эпоху сеціньня піраміда Хеопса такая ж блізкая, як Мірскі замак, што нацыянальныя культуры расьцярушваюцца і, магчыма, «мы ня будзем мець ніякай культуры»; што пэрспэктывы для беларускай культуры — пагражальныя й зьнішчальныя.

Але, каб піраміда Хеопса сталася блізкай, да яе трэба дакрануцца, адчуць. Віртуальны далёкі знак можа стацца сваім толькі праз высілкі, праз паводзіны, праз асабісты кантакт і досьвед. Трэба знак, існы ў сеціньні й на фота, праз эмоцыі зрабіць сваім: раздрукаваць фота й павесіць яго на сьценку, арганізаваць таварыства аматараў пірамідаў, весьці сябе, як археоляг, фараон, альбо жрэц. Мірскі замак бліжэйшы — таму што ён тут; знакі беларускай культуры бліжэйшыя ня толькі таму, што гэта звыклыя знакі, але й таму, што гэта ня знакі — гэта цялесная, адчувальная прысутнасьць, да якой вы самі можаце дакрануцца.

Але, каб віртуальная ўтопія далёкіх знакаў ня сталася дзейснай, трэба ня толькі штодзённая, не-віртуальная прысутнасьць самаго чалавека, але й трансьляцыя, цыркуляцыя пазнакаў беларускай культуры ў самой Беларусі. Утопія «грамадзянскасьці» (без грамадзянаў) такую цыркуляцыю не прывячае.

3. Утопія «грамадзянскасьці» ў найбольшай ступені праявіла сябе падчас дыскусіі пра «Нямецкую хвалю». Расейскамоўныя інтэлектуалы прапанавалі ідэю «грамадзянскасьці» — у піку нацыянальна-асьветніцкаму праекту. Грамадзянскасьць выглядае вельмі прывабна, але ў сучаснай Беларусі прапановы расейскамоўных калегаў — гэта ўтопія грамадзтва (без грамадзянаў), правоў чалавека (без чалавека) і эканомікі (бяз брэндаў).

Ці магчымы грамадзянін, які карыстаўся бы абстрактнымі («кантыянскімі») правамі — і глядзеў бы на ўсё, як на чысты аркуш паперы, дзе няма гісторыі, а ёсьць толькі «факты» і «статыстыка», якая склалася? Выпускнік ЭГУ ведае, хто такі Чаадаеў, выбітна «ботае па Дэрыдзе», але анічога не ўзгадае пра Ігната Канчэўскага (паверце, далёка ня горшага філёзафа), — які да таго ж пісаў пра вострыя праблемы, ня вырашаныя й дасюль. Што ён скажа Захаду (ці Расеі, калі так хочацца) — і што ён зробіць тут? Ягоны асабісты досьвед, зьнітаваны з унікальным месцам свайго грамадзянства (а гэтым мы й цікавыя іншым), не запатрабаваны, аніяк не пераведзены на мову францускіх штудый і венскіх гурткоў.

Якая можа быць грунтоўнасьць у фэміністскіх досьледах, калі беларуская аўтарка нат і ня чула пра Францішку Уршулю Радзівіл? І ці ня ёсьць такія штудыі другаснымі й «адсутнымі», пустымі? Як можна казаць пра абстрактныя правы і аддзеленую ад гісторыка-культурных каштоўнасьцяў дэмакратыю, калі канкрэтная беларуская культура, як такавая зрэпрэсаваная?

Дарэчы, наша статыстыка вельмі нячуйная: хто-небудзь пытаўся, колькі беларускаслухоўных? Мяркую, наведвальнікі сайту не адмовіліся б імі пабыць. Дэмакратыя не абстрактная. Яна заўжды канкрэтная, і весьці сябе так, быццам у краіне няма болю і ёнкаў у лепшым выпадку нетактоўна.

Акрамя таго, айчынная «грамадзянская» ўтопія ня ўлічвае й эканомікі. Сучасная дзяржава становіцца ахоўніцай, маркетолягам (і манапалістам!) «унікальных культурных формаў»; а годны тавар пазначае месца свайго нараджэньня — і прыстасоўваецца да новых рынкаў. Ірляндзкая мова сталася афіцыйнай у ЭЗ. Павысіць гэта цікавасьць да Ірляндыі? Паспрыяе турызму? Палепшыць гэта — хаця бы ўскосна — продаж доўгатэрміновых культурных ірляндзкіх тавараў? З часам моц і значэньне «ўнікальных культурных формаў» — «унікальных гандлёвых формаў» будзе павялічвацца. Дык навошта адмаўляцца ад гэткае ўнікальнасьці?

Утопіі адсутнасьці прапануюць ізаляцыю, далёкія віртуальныя знакі і паветраны замак бяз глебы пад нагамі. А мо, усё-такі вярнуцца да канкрэтнай і гістарычнай прысутнасьці?