Аўтарытарны эрзац выбарчай кампаніі

Круглый стол проведен в рамках совместного проекта «Диалог экспертных сообществ» журнала АRCHE и сайтов «Наше мнение» и «Новая Еўропа»

Участники:
Валер Булгакаў, публіцыст
Віталь Сіліцкі, палітэканом
Андрэй Ляховіч, палiтычны аналiтык
Валер Карбалевіч,палiтычны аналiтык

Андрэй Ляховіч: З таго моманту, як Віктар Шэйман пайшоў на ніз, можна было чакаць, што пасадаў будуць пазбаўленыя ягоныя вылучэнцы. Але такога не чакаў ніхто. Намесьнік генэральнага пракурора Купрыянаў, першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Шчурко, намесьнік міністра Філістовіч, былыя намесьнікі міністра ўнутраных спраў, судзьдзі, якія мелі дачыненьне да палітычных прысудаў – гэтыя асобы мелі значныя заслугі перад рэжымам. Яны займалі высокія пасады ў структурах, якія ствараюць рэпрэсіўна-кантрольна-судовую машыну рэжыму. І іх ня ціха прыбіраюць з пасадаў, адпраўляюць на пэнсію, на іншую “адказную працу”. Лукашэнка заяўляе, што яны – карупцыянэры, і могуць апынуцца за кратамі.

Якія прычыны скандалу вакол сілавікоў, гэтых адставак? Гэта была прадказальная падзея, ці абсалютна нечаканай?

Валер Булгакаў: Я не займаюся прафэсійна дасьледаваньнем беларускай эліты. Я прыйшоў сёньня на гэты стол, каб паслухаць іншых.

Хачу зьвярнуць увагу на тое, што пры Лукашэнку чысткі беларускай эліты пачаліся ня цяпер, а працягваюцца з другой паловы 1990-х. У 2007-2008 г. было некалькі гучных адставак, якія, здаецца, засланілі сабой больш раньнія кадравыя рашэньні, што суправаджаліся ратацыяй эліт.
Сваім дакладам Аляксандар Лукашэнка пачаў чарговую чыстку. Яна ня мае аналягаў у тым сэнсе, што закранула сілавыя структуры ў нябачаным раней маштабе, паставіўшы пад удар МУС Уладзімера Навумава, генэральную пракуратуру Рыгора Васілевіча, а таксама  ўскосна закрануўшы ведамствы Л. Мальцава і В. Зайцава.

Зьвярну ўвагу на тое, што скандал разгортваецца зь вялікім скрыпам. Імгненна пасадаў пазбавіліся толькі два чыноўнікі генэральнай пракуратуры – Сьнягір і Купрыянаў. Ні на лёс судзьдзі Есьмана і яшчэ двух яго калегаў, якія выконвалі каманды Сьнегіра, ні лёс чыноўнікаў МУС, якія да 10-25 тысячаў рублёў набылі ўчасткі для катэджнага будаўніцтва  на беразе Заслаўскага вадасховішча, гэты даклад пакуль ніяк не паўплываў.

Валер Карбалевіч: Любы крок, які робіць Лукашэнка, выконвае некалькі задачаў. Першае: барацьба з карупцыяй заўсёды папулярная ў грамадзтве і любы выступ Лукашэнкі на гэту тэму падвышае яго імідж-рэйтынг. Мядзьведзеў у Расеі, каб падняць свой рэйтынг на фоне Пуціна, пачаў з змаганьня з карупцыяй. Асабліва  ва ўмовах фінансавага эканамічнага крызісу, калі ў краіне працягваецца сацыяльнае расслаеньне і зноў абвастраецца праблема сацыяльнай справядлівасьці, пра што, дарэчы, сьведчаць многія ўдзельнікі прайшоўшай выбарчай кампаніі.

Другое. Я тут згодзен з спадаром Булгакавым – адбываецца чыстка. Хоць Лукашэнка і дыктатар, але да пытаньня зьмены кадраў у сілавых структурах ён падыходзіць вельмі асьцярожна і заўсёды імкнецца іх публічна растлумачыць. Згадайце, калі ён мяняў старшыню КДБ, заўсёды ён прыходзіў у КДБ, каб растлумачыць, чаму ён мяняе. Так узяць і выкінуць яго з крэсла ён ня мог. Каб скінуць таго ж Шэймана, прыйшлося яго ўвязаць з выбухам 4 ліпеня, хоць ён да гэтага выбуху апошняе дачыненьне мае. Вось і цяпер  – каб правесьці чыстку, трэба неяк абгрунтаваць, растлумачыць грамадзтву і самім сілавікам, чаму ён гэта робіць.

Дарэчы, Сьнягір – гэта не чалавек Шэймана. Шэйман яго звольніў з пасады намесьніка генэральнага пракурора пасьля таго, стаў генэральным пракурорам, бо Сьнягір падпісваў паперы на арышт Паўлічэнкі. Таму казаць што гэта чыстка толькі людзей Шэймана не зусім верна.

А.Л.: Аслабленьне уплыву Шэймана наглядалася з сакавіка 2006 г., калі на месца старшыні КДК быў прызначаны Ломаць. Лукашэнка асабіста ведаў Ломаця з пачатку 1990-ых, калі не раней. Потым, у ліпені 2007 г. на месца яшчэ аднаго вылучэнца Шэймана – Сухарэнкі – пасьля скандалу старшынём КДБ быў прызначаны чалавек Лукашэнкі – Жадобін, які кіраваў ягонай аховай. Зьяўляецца пытаньне: чаму акурат цяпер Лукашэнка вырашыў паставіць на месца сілавікоў? Зараз ужо няма Шэймана – галоўнай фігуры некалі магутнай групы “сілавікоў”.

В.К.: Былі справы міністра Лявонава, старшыні праўленьня Нацбанку Віньнікавай, кіраўніцы справамі прэзыдэнта Жураўковай. Але па адначасова па ўсіх сілавіках – вось такое ўпершыню. Ці будзе працяг? Ня ведаю. Ён як паводзіць сябе? Ён робіць крок і чакае рэакцыі. Калі людзі не пярэчаць – ён яшчэ адзін крок зробіць. Усе зразумелі і апусьцілі свае прэтэнзіі – я думаю, што пакуль перапынак будзе.

А.Л.: Віталь, тваё меркаваньне адносна таго, што адбылося.

Віталь Сіліцкі: Я не крэмлінолаг-драздавед, таму паспрабую паглядзець з макраўзроўню: чым гэтая падзея адрозьнівалася ад ранейшых карупцыйных скандалаў.

Сапраўды, калі адбываліся пасадкі ці разгоны, то праглядваліся нейкія групоўкі. Барацьба кланаў і г.д. Цяпер ударылі па ўсёй клясе, і ня толькі сілавіках. Ідзе зачыстка проста цэлага слою адміністрацыйна-рэпрэсіўнага апарату.

Трэба зразумець, што сам Лукашэнка гэты кампрамат не капаў, гэта роля тых, хто яго абслугоўвае. Ведаеце, першы, ад каго я пачуў пра злоўжываньні вакол Цнянскага вадасховішча, быў Вінцук Вячорка. Ён там жыве і  займаўся гэтай праблемай на грамадзкіх пачатках.

Гэта ўжо проста не замена адной групоўкі на другую, гэта проста расчыстка пляцдарму. 
Навошта гэты пляцдарм? У гэтай сыстэме ёсьць некалькі ўзроўняў страхоўкі і патранажу, “крышаваньня”, безь якіх казаць, што ў цябе ўлада, грошы, уласнасьць, не выпадае. Каб не наехалі, трэба, каб свае людзі былі ў пракуратуры, у сілавых структурах. І цяпер гэты ланцужок некуды зьнік. Ён будзе запаўняцца новымі людзьмі.

Сапраўды, што нехарактэрна – няма пасадак. Калі закончыцца ціха, гэта таксама вельмі важны сыгнал. Гэта значыць, што на макраўзроўні рэжым трансфармуецца менавіта ў бюракратычна-алігархічную мадэль, дзе страх самога Лукашэнкі перад гэтай мадэльлю выкарыстоўваецца дзеля таго, каб гэтая мадэль паўстала.

А.Л.: Прагучалі два супрацьлеглыя сцэнары. Валер Карбалевіч мяркуе, што Лукашэнка захоўвае шчыльны кантроль над тымі працэсамі, якія адбываюцца ў эліце. Такія чысткі – гэта сродак статус-кво. Віталь Сіліцкі ж дапускае, што працэс алігархізацыі ў Беларусі набірае хуткасьць і Лукашэнка гэты працэс ужо хутчэй за ўсё ня можа кантраляваць.

В.С.: Ён кантралюе гэты працэс чым? Капіталы, якія нажываюцца намэнклятурай, не легітымізуюцца. Капіталы можна забраць, перадаць і г.д, таму што яны нелегітымныя. Ці можа Лукашэнка сам кантраляваць? Чым больш складанай становіцца сыстэма, тым больш караля робіць сьвіта. І тут узрастае ўплыў і тых, хто зьбірае інфармацыю, апрацоўвае інфармацыю, падносіць гэтую інфармацыю, ведае, калі паднесьці гэтую інфармацыю. У любым такім рэжыме гэта ўзрастае ўплыў новай групоўкі, якая хутчэй за ўсё і будзе галоўным бэнэфіцыярам перадзелу ўсяго і ўся. І ім зараз патрэбныя новыя людзі  і ў пракуратуры, і ў судах і г.д. То бок яны расчышчаюць пэўныя пасады пад сваіх людзей. Трэба будзе глядзець, каго прызначаць на гэтыя пасады. Тады мы будзем меркаваць.

А.Л.: Сам У. Макей, новы чалавек ва ўладзе, ня мог гэта зрабіць. Ён хутчэй за ўсё выканаўца, а не замоўца гэтага. Тут яшчэ адзін цікавы момант. Купрыянаў да ліпеня 2002 г., г.зн. да прызначэньня намесьнікам генэральнага пракурора, займаў пасаду пракурора Менску. Ен асабіста вёў справы дырэктароў – дырэктара МТЗ Лявонава, дырэктара МЗЛ Калугіна...

В.C.: Ва ўладзе існуе ня толькі пэўная сыстэма прыняцьця рашэньняў, але і маніторынгу і адсочваньня. Кажуць, што гэтая сыстэма апошнім часам памянялася. Зьявіліся нейкія аналітычныя структуры. Павысілася роля КДБ. Ня трэба пераменшваць ролю Зайцава.

В.Б.: Мы не адчуваем вастрыні моманту. Мы скатваемся да агульных высноваў, маўляў Лукашэнка расчышчае некаму дарогу ці рукамі Лукашэнкі нейкая трэцяя асоба расчышчае дарогу сабе і беларускім алігархам. А што калі гэтая  палітычная сыстэма ня можа працаваць іначай? Што калі такія падзеі а прыёры запраграмаваныя яе генэтычнымі  асаблівасьцямі?

Незалежна ад таго, хто стаіць за Лукашэнкам, хто даваў яму інфармацыю, тут існаваў зьбег бягучых палітычных інтарэсаў Лукашэнкі і тых, хто за ім стаіць.

Як мяне, то мы маем справу з руціннай настройкай сілавой, праваахоўнай і юрыдычнай сыстэмы. У разьвітых дэмакратычных супольнасьцях яна адбываецца пры дапамозе дэмакратычных выбараў. У аўтарытарных грамадзтвах расбалянсаваньне сыстэмы можа ліквідоўвацца пры дапамозе “высачайшага” разносу. Гэты разнос – аўтарытарны эрзац выбарчай кампаніі. Карупцыю, некампэтэнтнасьць і дысфункцыянальнасьць найлепей прадухіляюць вольныя выбары, калі ж іх няма, даводзіцца ладзіць чысткі і пасадкі, каб захаваць кіраванасьць сыстэмы. Так што іх наяўнасьць – гэта сьведчаньне ня сілы, а слабасьці.

Лукашэнкаў даклад і наступныя крокі яўна зацьміў фармальна галоўную сёлетнюю палітычную кампанію – парлямэнцкія выбары. Не выпадкова быў абраны і час яе правядзеньня – неўзабаве пасьля апошніх. Можна сказаць, што тым самым Беларусь успупіла ў новы палітычны цыкл. Наперадзе – прэзыдэнцкія выбары 2011 г., да якіх краіна падыходзіць у варунках сусьветнага фінансавага крызісу і размоў пра прыватызацыю.

Выбары не за гарамі. Улады пра іх думаюць ужо цяпер. Лідзія Ярмошына заявіла, што на пачатку 2011 г. магчымае іх сумяшчэньне зь мясцовымі выбарамі.

В.С.: Гэта паказвае, што прысваеньне ўласнасьці і падобныя махінацыі ў прынцыпе беспакараныя. Ну шчоўкнуць за гэта па носе, але ўсё роўна можна атрымаць такія грошы… Разнос перад тэлекамэрамі з вуснаў прэзыдэнта перастае быць крахам усяго жыцьця. І нават адхіленьне ад пасад – можна будзе ўсплыць.

В.Б.: Бальшыня тых, каго згадваў Лукашэнка ў сваім дакладзе – даляравыя мільянэры. Калі б заўтра Лукашэнка пайшоў, а на яго месца прыйшоў бы беларускі Кучма, яны сталі б мульцімільянэрамі.

Іначай кажучы, дэ факта адбылася алігархізацыя намэнклятуры. Гэтыя людзі ня першы год выкарыстоўваюць закрытую палітычную сыстэму Беларусі, каб рабіць свой бізнэс. Доступ да інсайдэрскай інфармацыі і інсайдэрскіх актываў, выкарыстаньне карпаратыўных сувязяў, наяўнасьць іншых нефармальных рэсурсаў ставіць іх у прывілеяванае становішча. 

Савецкая сыстэма магла існаваць больш-менш эфэктыўна толькі пры існаваньні масавага тэрору. Ужо з часоў Хрушчова і Брэжнева цэнтральны апарат ня мог кантраляваць эканамічных працэсаў на месцах. У цяперашняй Беларусі накіраваныя эканамічныя працэсы, здаецца, ужо ставяць пад знак запытаньня сам генэральны палітычны курс...

В.К.:  Сапраўды адбываецца працэс ускладненьня эканамічнай і палітычнай сыстэмы, а таксама працэс набыцьця багацьця намэклятурай. Вядома, што калі чалавек набывае нейкую маёмасьць, ён спачатку набывае эканамічную незалежнасьць, ну а потым і палітычную. Лукашэнка гэта разумее, і баіцца паўтарэньня ў Беларусі расейскай ці ўкраінскай сытуацыі.

Лукашэнка сказаў: нічога, што ў новых людзей не хапае досьведу – навучацца, затое яны красьці ня ўмеюць. Тое самае Лукашэнка гаварыў мінулым годам, калі разганяў кіраўніцтва КДБ. І гэта адбылося – на павышэньне пайшлі людзі без адукацыі, бяз досьведу, маладыя, з рэгіёнаў. Нешта падобнае рабіў Сталін у 1937-1938 годзе, калі бальшавіцкую гвардыю выразаў. А на яе месца прыйшлі зусім маладыя. Атрымаўшы свае пасады з рук самога правадыра, яны яму аддана служылі.

Я ня думаю, што тут стаіць нейкая новая групоўка, якая расчышчае пляцоўку для сябе. Я думаю, што сам Лукашэнка хоча правесьці рынкавыя рэформы, прыватызацыю, але пры гэтым ўсё абсалютна кантраляваць, не дапусьціць умацаваньня ці то алігархаў, ці то намэнклятуры.

В.Б.: Ня варта рабіць такіх вялікіх гістарычных экскурсаў. Падобныя падзеі мелі месца зусім нядаўна па гістарычных мерках – прыгадаем 1983 год, калі з цэнтра прыехалі і звольнілі міністра ўнутраных спраў Беларусі Жабіцкага – нібыта на кепскую раскрывальнасьць злачынстваў у беларускай правінцыі. Разам з Жабіцкім паляцелі галовы трох яго намесьнікаў (Жука, Цімашэнкі, Майданюка), а таксама пракурора БССР Магільніцкага і яго першага намесьніка Дудкоўскага.

В.К.:  А навошта гэта рабіць з такім скандалам? Можна паціхеньку выдаць указ. Значыць, тут ня толькі мяняецца каманда.

В.Б.: Сучасная палітыка мусіць быць відовішчная. Адбыліся абсалютна бляклыя парлямэнцкія выбары. І тут раптам Лукашэнкаў даклад надаў беларускай палітычнай сфэры новыя фарбы.
Лукашэнка ня можа затрымаць час. Зрабіўшы стаўку на стварэньне спажывецкага грамадзтва, ён ня здольны паўстрымаць працэсаў сацыяльнага расслаеньня і, магчыма, алігархізацыі. Нельга вярнуць палітычныя і эканамічныя адносіны на ўзровень 1994-га году, але можна нейкі час з ужываньнем сілавога і рэпрэсіўнага апарату кантраляваць іх так, каб гэта не выклікала сур’ёзную дэстабілізацыю сыстэмы.

В.С.: Трэба паглядзець, якія ратацыі адбудуцца ва ўладзе. Беларускі чыноўнік у сярэднім на 10 гадоў старэйшы за расейскага і на 30 за эстонскага. Амаладжэньне апарату стала неабходным калі? У сярэдзіне гэтага дзесяцігодзьдзя, калі пачалі змагацца з рэвалюцыямі. Гэтая чыстка патрэбная такім рэжымам, яна сама па сабе іманэнтная. Нельга даваць нарастаць мясу ў чыноўнікаў.

А.Л.:  Я б казаў, што на нашых вачах адбываецца палітычная, эканамічная мадэрнізацыя аўтарытарнага рэжыму. Ён становіцца ўсё больш прыстасаваным да выклікаў сытуацыі.
Пашыраецца сетка кантрактаў рэжыму з насельніцтвам. Улада імкнецца прапанаваць грамадзтву больш прывабны вобраз Беларусі. Таму Праляскоўскі па даручэньню Лукашэнкі сустракаўся з музыкамі, а ў прэзыдэнцкай бібліятэцы ў пачатку 2008 г. адбылася выстава кнігаў, прысьвечаных паўстаньню пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

В.Б.: Выпадае гаварыць толькі аб эканамічнай, а не палітычнай мадэрнізацыі. Мадэрнізацыя азначае асучасьніваньне і мае інстытуцыйнае вымярэньне. У выпадку лукашэнкаўскага рэжыму можна гаварыць толькі пра кадравае амаладжэньне. Само ж інстытуцыйнае асяродзьдзе беларускай палітыкі пасьля 1996 году фактычна не зьмянілася. Палітыка як такая скончылася. Тое, што барацьба за ўладу стала бессэнсоўнай, пацягнула за сабой важныя наступствы. Зьверху, на ўзроўні дзяржаўнага сыстэмы – гэта карупцыя і склероз, зь якімі змагаюцца апаратнымі чысткамі. Немагчымасьць атрыманьня значнага палітычнага авансу па ўласнай ініцыятыве, без пратэкцыі ўлады, выклікае масавую сацыяльныя атамізацыю і апатыю зьнізу, а экспансія капіталізму прычыняе выбух спажывецкіх настрояў. Паколькі лесьвіцы сацыяльнага ўзыходжаньня перакрытыя зьверху, бальшыні беларусаў застаецца вытрачваць сваю энэргію на асабістае ўзбагачэньне або банальна сьпівацца.

Паўтаруся, што з пункту гледжаньняў інстытуцыйнай трансфармацыі палітыкі ў Беларусі ня робіцца. Можна гаварыць пра ўзьлёт і падзеньне нейкіх групаў ва ўладзе, аб пэрсанальных траекторыях ключавых пэрсонаў. Пры гэтым  інтарэсы палітычных  інстытутаў застаюцца несфармаванымі. Кажуць пра інтарэсы пэўнай групы ў КДБ, але не пра інтарэсы самога КДБ.
Якая трансфармацыя палітычных інстытутаў? 10 гадоў назад было 25 партый апазыцыйных, а стала 14? Але ці зьмяніўся за гэты час іх функцыянальны статус? Акурат неадпаведнасьць анахранічнай гіпэрцэнтралізаванай палітычнай сыстэмы сучасным рэаліям і ёсьць важнай крыніцай дэстабілізацыі лукашэнкаўскага рэжыму, якую той спрабуе кампэнсаваць гіпэрлібэральнымі эканамічнымі інавацыямі, напрыклад, увядзеньнем таямніцы банкаўскіх укладаў або пляскатай шкалы падаходнага падатку.

В.К.: Калі б гэта была зачыстка перад пачаткам эканамічных рэформаў, бо сапраўды старыя кадры новую палітыку праводзіць ня могуць, трэба было б пачаць з эканамічнага блёку. Прэм’ер, віцэ-прэм’ер, міністар эканомікі, яшчэ хтосьці, а тут ён сілавыя структуры чысьціць.

В.С.: Сідорскага проста няма кім замяніць. І дзеля таго, каб мяняць курс, я ня думаю, што гэтых людзей трэба мяняць. Асабліва Сідорскага ці Пракаповіча ці Сямашку. Гэта нармальныя людзі.

В.К.: Але пры чым тут сілавыя структуры?

В.С.: Якраз такі сілавыя структуры і займаліся фактычна эканамічным мэнэджмэнтам, крышавалі. У Беларусі грошы, уласнасьць і гэтак далей бяз “крышы” ня мае сэнсу.

А.Л.: Я з табой усё ж такі, Віталь, ня згодны адносна тэрміна. Разам з тым, можна спрачацца, ці гэта эрозія, ці гэта мадэрнізацыя. Але мы ўсе кажам пра ўсё большыя прыкметы трансфармацыі, пра тое, што сапраўды нешта мяняецца.

В.С.: Гарбачоў некалі казаў, што сыстэма ўжо ня слухаецца генэральнага сакратара. У Лукашэнкі іншая інстытуцыянальная пазыцыя. Яго палітбюро зьняць ня можа. Калі ўскладняецца сыстэма, аднаму яе ўтрымаць ужо нельга. Патрэбныя моцныя суб’екты, якія забясьпечаць табе падтрымку, а ў абмен ты даеш ім пэўныя даброты.

А.Л: Мы спрабуем вызначыць, якія групы ў складзе кіруючай эліты вызначаюць палітычны курс у Беларусі. Пад час нядаўняй канфэрэнцыі Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў у Кіеве Яраслаў Раманчук казаў, што Сідорскі нібыта знаходзіцца пад хатнім арыштам і нічога не вырашае. У ліпені 2007 г быў вельмі значны разгон у КДБ. Былі са скандалам пазбаўленыя пасадаў Сухарэнка і ягоны першы намесьнік Дземянцей. У красавіку 2008 г. у сваім інтэрвію Сухарэнка нават прызнаўся, што дапускаў магчымасьць трапіць за краты. Зараз скандал закрануў шмат якія сілавыя і судовыя структуры.

То бок Лукашэнка за год мінімум два разы ператрос сілавыя структуры, але разам з тым Сідорскі і Сямашка застаюцца пры пасадах. Гэтыя эканамічныя мэнэджэры, “тэхнакраты” ўзначальваюць урад ужо зь лета 2003 г.

В.С.: Чым адрозьніваецца бюракратыя саўмінаўская эканамічная ад бюракратыі сілавой? Саўмінаўскай трэба трымаць рэальную сытуацыю пад кантролем. Гэта даходы, гэта дабрабыт, гэта сацыяльны кантракт. Не такі ўжо ў нас лішак гэтых кваліфікаваных мэнэджараў, якія могуць утрымаць эканоміку. Куды іх разганяць? Яны пакуль што незамяняльныя.

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на тое, каб эканамічныя мэнэджары трымалі тыя пазыцыі, якія маюць сёньня – ужо тры разы праводзіліся размовы з Расеяй па вызначэньні пошліны на газ. К пачатку 2008 беларускія афіцыйныя асобы на Бухарэсцкім саміце казалі, што дамова па газе будзе заключана ў жніўні 2008 году. Гэтага, натуральна, не адбылося. Гэтага не адбылося 6 кастрычніка падчас сустрэчы з Пуціным, гэта не адбылося, калі Лукашэнка лётаў у Маскву.

А.Л.: Лукашэнка казаў падчас чысткі сілавых структураў, што ў Беларусі ня будзе ніякай намэнклятурнай прыватызацыі. Актуальнае пытаньне: ці вызваляюць гэтыя адстаўкі сілавікоў новыя магчымасьці для яе?

В.С.: Ідзе намэнклятурная прыватызацыя грашовых патокаў. На прыватызацыю сабекоштаў намэнклятура сама ня хоча ісьці. Намэнклятурная прыватызацыя гэта  пакуль што сыстэма дзяржаўных манаполій, якая дазваляе ёй карміцца. Пытаньне, ці будзе сапраўдная прыватызацыя з удзелам расейскіх інвэстараў, транснацыянальных карпарацыяў і гэтак далей. Цяпер прыватызацыя цікавіць уладу ў першую чаргу з кампэнсацыйнага пункту гледжаньня. Трэба прадаваць, каб прыцягваць валютныя рэсурсы. А дзеля гэтай мэты намэнклятурная прыватызацыя не пасуе.

А.Л.: Намэнклятура не гатовая несьці адказнасьць за функцыянаваньне буйных прамысловых прадпрыемстваў. Хоча быць акцыянерам прадпрыемстваў, але ня хоча быць уласьнікам. Бо гэтая надзвычай вялікая адказнасьць: ад гэтага залежыць стабільнасьць палітычнай сытуацыі. Да таго ж рэнтабэльнасьць буйных прамысловых прадпрыемстваў залежыць ад палітычных чыньнікаў. Ад здольнасьці дамаўляцца з Расеяй па ўмовах доступу на расейскі рынак. Ад таго, па якім кошце будзем набываць газ. Але ў Беларусі яшчэ вельмі шмат пляцовак, дзе можна рабіць вельмі хуткія і лёгкія грошы. Напрыклад, кіраўніцтва Беларускай чыгункі аб’явіла аб распрацоўцы пляну акцыянаваньня. У склад яе інфраструктуры ўваходзяць рэстарацыі, бары, гатэлі, кавярні, крамы...

В.С.: Гэтае прадпрыемства захоўвае велізарныя сацыяльныя абавязкі перад грамадзянамі.

А.Л.: У намэнклятуры значныя фінансавыя рэсурсы. Я вельмі раю праехаць каля “Драздоў”, рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Пачалося будаўніцтва катэджнага пасёлку. Спачатку прадавалася зямля 7-9 сотак па 350-400 тысячаў даляраў. І набывалі не замежнікі, а дзеці тых, хто мае ў Беларусі ўладу і ўласнасьць. Зямля прызначалася для абслугоўваньня і будаўніцтва жыльля. Гэта значыць, што толькі катэдж будзе каштаваць больш за мільён даляраў. Калі чалавек набывае такую маёмасьць, значыць, ён мае дастаткова вялікія свабодныя грошы. Думае, што зь імі рабіць, як лепш выкарыстоўваць.

В.Б.: Беларускае падатковае заканадаўства ў гэтым аспэкце гіпэрлібэральнае, калі не сказаць карупцыягеннае. У Беларусі ты купіў нейкі аб’ект нерухомасьці і ня здолеў паказаць, адкуль ты ўзяў на гэта грошы, ты мусіш сплаціць штраф каля 20 % ад яго кошту. У Польшчы ў аналягічнай сытуацыі ты мусіш сплаціць 75 % ад кошту нерухомасьцяў. У падобных момантах як нідзе зырка праяўляецца сумнеўная легітымнасьць беларускага рэжыму. Улада баіцца лішні раз стварыць поле для напружанасьці, “бударажыць народ”, і таму заплюшчвае вочы на тое, што ў дэмакратычных грамадзтвах непрымальнае.  У Эўропе, напрыклад, ты пазычыў у некага грошы пад куплю нерухомасьцяў, будзь ласкаў заплаціць 2 працэнты ад зьдзелкі ў дзяржаўны бюджэт. А ў Беларусі толькі зьбіраюцца абкласьці падаткам пазыкі, зробленыя беларускімі грамадзянамі за мяжой...

В.К.: Але ж у Польшчы Лукашэнка ня можа сказаць на нарадзе – канфіскаваць 10 асабнякоў, пабудаваных каля Заслаўскага вадасховішча.

А.Л.: У нас прагучала пра ўскладненьне сыстэмы. Як працэсы ва уладзе могуць адпавядаць гэтым спробам рэжыму зьмяніць характар адносінаў з Захадам?

В.С.: Зьмена адносінаў з Захадам – гэта таксама ўскладненьне сыстэмы.

Пакуль што Лукашэнка вядзе размову пра тое, каб разьмеркаваць кошт утрыманьня беларускай сыстэмы яшчэ на кагосьці. Але Захад ня пойдзе на такое разьмеркаваньне. Ён выставіць патрабаваньне рэформаў і лібэралізацыі.

Паварот да Захаду яшчэ не фінальны, абсалютна не незваротны. Зьнік прыватны заёмшчык і фактычна зьнікае інвэстар. Застаюцца хто? Расея, міжнародныя фінансавыя арганізацыі і паасобныя ўрады. Любы выбар – гэта жорскае палітычнае абумоўліваньне, калі выгады за адзін і той жа тавар абумоўліваюцца палітычнымі варункамі. І калі не пакрываць адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Расеяй, то Расея можа зь Беларусяй зрабіць усё, што хоча.

Пры крызісе вартасьць актываў падае. І ўжо спадзявацца, што прыватызацыя пакрые столькі, колькі яна магла пакрыць яшчэ паўгоду таму ня варта. Сярод ігракоў на першым месцы не інвэстар, не прыватны крэдытор, гэта дзяржава ці міждзяржаўны крэдытор. Такая суцэльная палітызацыя выратаваньня.

Занатавала Наста Бакшанская. Друкуецца ў скароце.

Обсудить публикацию

 

Другие публикации автора Віталя Сіліцкага

Другие публикации автора Валера Карбалевіча

Метки