Расколу не будзе?

Удзельнікі размовы:

Алесь Міхалевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ

Аляксандр Тамковіч, публіцыст

Аляксандр Тамковіч: Што ж такі адбудзецца на з’ездзе БНФ?

Алесь Міхалевіч: Асноўнымі пытаннямі з’езду будуць абранне кіраўніцтва і зацвярджэнне нашай Праграмы на некалькі бліжэйшых год. Выбіраць будуць не толькі кіраўніка і яго намеснікаў, а таксама і новы склад кіруючага органа – Сойму, у які уваходзіць 51 чалавек.  Упэўнены, што з’езд пройдзе абсалютна па графіку, без нейкіх дадатковых ускладненняў. Хачу расчараваць тых, хто чакае расколу. Ён проста немагчымы. Так, галасаванне будзе канкурацыйным. Будзе тры кандыдата на пасаду старшыні. Але між намі ёсць поўнае разуменне, куды партыя павінна ісці далей.

А.Т.: Наколькі я зразумеў, калі атрымае перамогу Івашкевіч альбо Вячорка, расколу не будзе?

А.М.: Яго не будзе ў любым выпадку. Канешне, важна каго выберуць. У ўсіх кандыдатаў ёсць трошку рознае разуменне, з кім мы павінны ісці, каб перамагчы, і якім чынам павінны перамагаць. Другім словамі, мэта – незалежная, дэмакратычная Беларусь, для ўсіх аднолькавая. Адрозніваюцца толькі шляхі, па якім да гэтага трэба ісці.

А.Т.: А ў чым сутнасць менавіта вашага погляду?

А.М.: Я лічу, што на сённяшні дзень кааліцыя палітычных партыяў – недастатковая ўмова, каб перамагаць. На мой погляд, яна прызналася ў сваёй бяздзейнасці, калі пагадзілася не мець кіраўніка і зняла Мілінкевіча з пасады Старшыні Палітрады Аб’яднаных палітычных сілаў, не абраўшы на яго месца каго-небудзь іншага. Калі ў кааліцыі няма аднаго прадстаўніка, гэта не кааліцыя. Я ў такія не веру. Гэта аб’яднанне, якое паказвае сваю непрацаздольнасць. Нават калі ўлічыць, што ўсе партыі будуць працаваць разам і ставіць адзіныя мэты, гэтага недастаткова. Недастаткова тых людзей, якія ангажаваны палітычнымі партыямі. Перш за ўсё, мы павінны працаваць з тымі, хто яшчэ не прыйшоў у дэмакратычны рух, альбо з тымі, хто уваходзіць у розныя грамадскія і прафсаюзныя арганізацыі.

Перш за ўсё, я вылучаю чатыры базавыя сацыяльныя групы, з якімі мы павінны працаваць для таго, каб перамагчы. Адна з іх – індывідуальныя прадпрымальнікі і гандляры на рынках.

А.Т.:  Іх жа выходзіць мітынгаваць зусім нямнога?

А.М.: Так, але раней праблемы не былі такімі вострымі.  Як вядома, пакуль праблема не паўстане ва ўсёй сваёй непрыгожасці, наш народ нічога рабіць не будзе.

Працаваць тут вельмі важна, бо тым жа гандлярам на рынках, наканавана знікнуць як класу. Лукашэнка гэтага і не хавае. Так у “Малінаўцы” і сказаў.

Калі індывідуальныя прадпрымальнікі перажывуць норму пра трох наёмных супрацоўнікаў, якіх хутка не будзе ўвогуле, то ў канцы наступнага года заканчвае дзейнічаць указ, згодна з якім быў уведзены фіксаваны падатак на дадатковую вартасць. Ён дазваляе стабільна плаціць нейкую суму грошай і пры гэтым не мець дакументаў на тавар, якім ты гандлюеш. Усе ведаюць, што ў асноўным індывідуальныя прадпрымальнікі гандлююць таварам з рынкаў Расіі, які не мае ніякіх дакументаў аб паходжанні. Калі іх вымусяць мець усе адпаведныя сертыфікаты і накладныя, гэта азначае знішчэнне. Гандляваць будзе немагчыма.

Ужо цяпер усё бачна, а ў наступным годзе будзе яшчэ відавочней, што яны стануць авангардам змагання супраць існуючага рэжыму.

Ёсць яшчэ другія сацыяльныя групы. Перш за ўсё, актыўныя вернікі хрыстыянскіх канфесіяў – пратэстанты і каталікі. У сённяшніх умовах яны адчуваюць сябе дыскрымінаванымі, бо згодна з адпаведным законам, не маюць права маліцца і іншых памяшканнях, акрамя спецыяльна для гэтага прыстасаваных.

Што ва ўсім свеце лічыцца нармальным, у Беларусі забаронена. Таму механізмы працы з гэтымі людзьмі вельмі важныя.

Далей – моладзь. У шырокім сэнсе. Маюцца на ўвазе прадстаўнікі абсалютна розных субкультураў. Таму, што моладзь на сённяшні дзень адчувае поўную безвыходнасць і адсутнасць нейкіх перспектыў. Пры сённяшніх коштах на кватэры, любы малады чалавек разумее, што легальным спосабам зарабіць такія грошы немагчыма. Колькі  гадоў для гэтага трэба працаваць, дакладна падлічыць проста немагчыма, бо кошты растуць вельмі моцна. Таму пры адпаведнай працы, можна дамагчыся таго, каб яны былі гатовымі прыняць удзел у нейкіх акцыях апазіцыі.

І, канешне, рабочыя вялікіх прадпрыемстваў.

Да рэчы, для сталіцы гэтая мае найменьшае значэнне. Усе мы памятаем пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Менску былі такія добра развітыя буйныя прадпрыемствы, як скажам, завод Арджынікідзэ ці Інтэграл. Сёння там галоўны спосаб зарабляння грошаў – здача ў арэнду памяшканняў. Прадукцыі вытвараецца мізэрная колькасць. Таму для Менска вялікія прадпрыемствы не маюць таго значэння, якое мелі ў мінулым стагоддзі. Выключэній нямнога. 

Але для іншых гарадоў, дзе прадпрыемствы часта становяцца горадастваральнымі, даныя абставіны будуць галоўнымі. Я кажу, перш за ўсё, пра Салігорск, Мазыр, Новаполацк  Гродна, Жлобін і г.д.  Гэта “залаты фонд” Беларусі і Лукашэнка зараз пачне іх прадаваць, як гэта было з мотавелазаводам. Іншых спосабаў захаваць уладу няма.

Таму гэтыя чатыры сацыяльныя групы плюс тыя людзі, якія заўсёды падтрымлівалі  дэмакратычныя каштоўнасці, складаюць даволі вялікую моц. І дазваляюць стварыць самы шырокі рух, які можа ажыццявіць у краіне нейкія змены.

Але яны не прыйдуць самі. Для таго, каб нешта зрабіць, трэба актыўна працаваць з тымі людзьмі, якія сёння ў уладзе. Трэба з імі размаўляць, рабіць для іх друкаваныя матэр’ялы, высылаць на хатнія адрасы бюлетэні з тлумачэннем сваёй пазіцыі, з інфармацыяй пра пэўныя рэчы, напрыклад, пра масавыя “пасадкі” кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, змяшчэнні і перастаноўкі ў сілавых структурах і г.д. Тое, пра што людзям цікава прачытаць. З упэўненасцю хачу сказаць, што падтрымка ў іх асяроддзі, паверце, вельмі вялікая. Калі браць супрацоўнікаў выканкамаў і сярэднія лічбы па ўсяму грамадству, то ў райвыканкамах нас падтрымлівае значна больш. Вельмі дзіўны факт. Ясна, што гэта нельга пацвердзіць, бо ніхто  не будзе ўдзельнічаць у сацыялагічных даследаваннях, але з асабістага вопыту магу сказаць, што находзіць агульную мову з кіраўнікамі на мясцовым узроўні заўсёды лягчэй, бо яны бачаць ненармальнасці  сітуацыі і ўсе хібы “вертыкалі”. Бачаць, што адсутнасць мясцовага самакіравання прыводзяць да таго, што абсалютна дэбільныя (не пабаюся гэтага слова) людзі становяцца кіраўнікамі.

А.Т.:  Усё гэта так, але ад таго, што ўжо больш года, існуе рух “За свабоду!” таксама нябачна  чаго-небудзь істотнага. Акрамя таго, што яго пакуль не зарэгістравалі. Наколькі я ведаю, вы з’яўляецеся ў БНФ шчырым прыхільнікам Мілінкевіча?

А.М.:  Я яўляюся адным з заснавальнікаў руху “За свабоду!”, але  не ўваходжу ў кіруючыя органы. Так, у кіраўніцтве Партыі БНФ я – сярод тых, хто актыўна вітаў стварэнне руху.

А.Т.: А ці не адбудзецца так, што гэта стане чарговай апазіцыйнай структурай створанай толькі для таго, каб нешта стварыць?

А.М.: Яшчэ раз падкрэсліваю, што не яўляюся адным з кіраўнікоў руху, таму выказваю толькі асабістую думку.

Нагадаю, на мінулых парламенцкіх выбарах наша праграма называлася “Пяць крокаў да лепшага жыцця”. Я бачыў вельмі шмат разоў, што людзі не хочуць мяняць Лукашэнку на нейкія абстрактныя дэмакратычныя пераўтварэнні, не хочуць мяняць існуючую ўладу на сітуацыю нейкай неканкрэтнасці. Маўляў, спачатку зменім кіраўніка, а потым людзі на дэмакратычных выбарах абяруць тое, што ім бліжэй. Гэта не спрацавала па простай прычыне: для мяне, як і для большай колькасці людзей, вельмі важна ведаць, што дакладна будзе  пасля перамогі дэмакратыі. Якая праграма, які план дзеянняў будзе рэалізоўвацца? У шырокай палітычнай кааліцыі такі адказ даць немагчыма, таму, што эканамічныя праграмы істотна адрозніваюцца. Напрыклад, Партыя БНФ  апіраецца на прыватную ўласнасць, а ПКБ прытрымліваецца дыяметральна супрацьлеглых поглядаў. Зрабіць гібрыд немагчыма. Нешта сярэдняе не будзе задавальняць ні адных, ні другіх.

Для мяне важна, каб была праграмная альтэрнатыва Лукашэнку. Рух “За свабоду!” стаў той структурай, якая аб’яднала прадстаўнікоў розных палітычных партыяў і, самае галоўнае, аб’яднала шмат людзей, якія не яўляюцца партыйнымі і да гэтага не былі ў якіх-небудзь структурах. Рух мае канкрэтную задачу – абраць прэзідэнтам Мілінкевіча, а Партыя БНФ  з’яўляецца нечым больш тэрміновым і трывалым.

Асабіста я вітаў, адзначу яшчэ раз, стварэнне руху “За свабоду!” таму, што лічу: любыя рэальныя кааліцыі вельмі пажаданыя. Пры гэтым я ўпэўнены, што Партыя БНФ не страціць сваёй тоеснасці і самаіндэфікацыі.

Я лічу, што рухам зроблена дастаткова шмат. Але расказаць аб гэтым больш падрабязна могуць толькі яго кіраўнікі. Я займаюся, перш за ўсё Партыяй БНФ.

А.Т.: Наколькі пагаршаецца эканамічная сітуацыя? Чы будзе у вас шанец дабіцца перамогі?

А.М.: Думаю, ўсё вырашыцца ў бліжэйшыя два гады. Шанец будзе вельмі сур’ёзны. І дапамагае нам Лукашэнка. Тым, што аслабляе ў Беларусі пазіцыі Крамля. Напрыклад, тым, што адхіляе ад рэальнай улады тых, чыя погляды цалкам прамаскоўскія. Гутарка пра сілавыя структуры.

У той самы час Крэмль значна падрывае пазіцыі Лукашэнкі. Праз высокія цэны на энерганосьбіты. Праз прыкрыццё некаторых схемаў падтрымкі беларускай эканомікі.

А.Т.: І апошняе. Вы былі адным з тых, хто праводзіў тое мерапрыемства, дзе не лепшым чынам абышліся з газетай “Таварыш”. Хацелася бы пачуць падрабязнасці менавіта ад вас.

А.М.:Я быў кіраўніком аргкамітэта і вядучым форума, які называўся “Будучыня без камунізму”. Мы збіраліся правесці вельмі сур’знае мерапрыемства з запрашэннем шмат каго з замежных гасцей. Думалі, што ў ім прымуць удзел больш як 500 чалавек. Для гэтага спрабавалі арэндаваць Палац культуры МАЗа. Нам адмовілі. У выніку праводзілі мерапрыемства даволі вузкім колам, таму што памяшканне офіса БНФ не дазваляе рабіць нешта больш значнае. Адзін з удзельнікам гэтага форуму выклаў на падлозе газету “Таварыш”, якая там  распаўсюджваецца. Як толькі мы з Паўлам Севярынцам пра гэта даведаліся, літаральна праз некалькі хвілін газета была сабраная.

Я лічу і ўпэўнены, што так абсалютна некультурна і непрыгожа, асуджаю такія формы выказвання сваіх поглядаў. Сёння газета “Таварыш” яўляецца незалежным сродкам масавай інфармацыі. Такія дзеянні былі асуджаны арганізацыйным камітэтам. І лічу гэта сваёй асабістай недапрацоўкай. Не дапільнавалі. Для нас гэта вялікая навука на будучыню Наступным разам мы будзем больш пільнымі і выстаўляць ахову не толькі ля вокнаў, але і унутраную.

Обсудить публикацию

 

Метки