Сітуацыя з затрыманнем супрацоўнікамі КДБ службовых асобаў аховы здароўя па абвінавачванні ў карупцыі — ужо другі месяц гарачая тэма беларускіх СМІ. Інфармацыя пра новых арыштаваных з’яўляецца ледзь не штодня — галоўныя лекары вядучых клінік, намеснік міністра аховы здароўя, нават віцэ-прэм’ер (інфармацыя не пацвердзілася). Загалоўкі ўсё трывожней (ад звыклых «Дело врачей»да «Силовики хватают медиков»), і амаль у кожнага затрыманага гараж з тайніком ад USD100 тыс.

Знутры сістэмы аховы здароўя сітуацыя выглядае менш драматычна. Цяперашняя справа датычыць адміністратараў верхняга ўзроўню (сярод затрыманых вядомы толькі адзін «мэнэджэр сярэдняга звяна» — загадчык аддзялення эндаскапіі 9 клінічнай бальніцы Мінска Андрэй Саўчанка), а для шараговых работнікаў сістэмы гэта паралельны далёкі свет. Затрыманым спачуваюць (асабліва некалькім выдатным спецыялістам, якія патрапілі «пад раздачу»), трохі скептычна ставяцца да памеру канфіскаваных сум. Найбольшае апасенне, якое выказваецца — магчымасць істотнага прыпынення паставак медычных прэпаратаў і расходных матэрыялаў праз паралізаванне сістэмы дзяржзакупак у галіне. Практычна ўсе адзінадушныя што злачынная сістэма (калі яна сапраўды ёсць) склалася пры мінулым міністры аховы здароўя, бо цяперашні ўсяго 18 месяцаў на пасадзе.

«Справа медфункцыянераў» заканамерна выклікае мноства пытанняў. Хто ініцыяваў расследаванне — «новы» міністр супраць «старога», сілавікі супраць віцэ-прэм’ера Жарко (арыштавана некалькі ягоных давераных асобаў)?), чаму яна ўзнікла менавіта зараз (усе тэндэры ў працэсе кантралююцца спецслужбамі) і калі ўжо арыштуюць галоўнага, па версіі інтэрнэт-каментатараў, падазраванага (вышэйзгаданага віцэ-прэм’ера). Шмат канспіралогіі, мала канкрэтыкі і ў сілу спецыфікі дзяржаўнай сістэмы Беларусі праўдзівыя адказы наўрад ці будуць атрыманыя. Каму ж выгадны цяперашні «хапун», а каму не надта?

Галоўным бенефіцыяр сітуацыі — гэта, безумоўна, органы дзяржаўнай улады, якія чарговы раз дэманструюць эфектыўную (у бюджэт ужо вернута USD15 млн) і бескампрамісную (арыштаваны цэлы намеснік міністра) барацьбу з карупцыяй. Нягледзячы на тое, што найвышэйшыя чыноўнікі пакуль публічна не адрэагавалі на падзею, рэзананс у грамадстве атрымаўся значны. Не менш значны сігнал дасланы наменклатуры — чыей бы крэатурай ты не з’яўляўся, прыйсці могуць і па цябе. З нечаканага боку паказаў сябе КДБ. Выказаўшыся пра заблытанасць і карумпаванасць сістэмы дзяржзакупак у медыцыне, якая не дазваляе сваечасова набыць перагарэлую лямпу ў аперацыйнай, ягоны старшыня Валерый Вакульчык паказаў, што ягонае ведамства не толькі дбае пра вяртанне незаконна нажытага ў казну, але і змагаецца за тое, каб лекары ў Беларусі своечасова атрымлівалі ўсё што трэба для працы, а пацыенты, адпаведна, мелі аптымальную дапамогу без прастояў каштоўнага медабсталявання. Такім чынам, упершыню з боку правахоўных органаў была ўзнята праблема ўскладненасці сістэмы закупак, якая «дзеля прадухілення магчымай карупцыі» збудавана так, што аператыўна і законна набыць неабходны медыкамент ці прыладу, практычна немагчыма. Усё б гэта гучала цудоўна, каб не тое, што сістэма гэтая была створана дзеля абароны ад прэтэнзій спецслужб і пры іх непасрэдным удзеле.

Істотную карысць з сітуацыі можа атрымаць і цяперашні міністр аховы здароўя Валерый Малашка — у яго ёсць магчымасць істотна абнавіць кадравы склад ведамства, ініцыяваць рэформу дзяржзакупак у галіне, дзейсна прасоўваць ідэю фінансавай самастойнасці кіраўнікоў лячэбных установаў на месцах (каб шпіталі самі маглі аператыўна ліквідоваць прабелы ў забеспячэнні), і ўвогуле выйсці з ценю свайго непасрэднага начальніка віцэ-прэм’ера Васіля Жарко. Але, гледзячы па тым, што міністэрства захоўвае маўчанне, губляючы кадры на самым версе, і не рэагуе публічна на апасенні прафесійнай супольнасці пра захаванне рэгулярнасці паставак медабсталявання і медыкаментаў, карыстацца новымі магчымасцямі міністр не спяшаецца.

У «плюсе» таксама і беларускае грамадства. Каб гэта зразумець, варта пачытаць абмеркаванні пад навінамі пра пасадкі. Агульны пасыл такі — яны не толькі лячыць не ўмеюць, яны яшчэ і грошы народныя крадуць. У палітычных рэжымах кштатлу нашага людзям пастаянна прапануюць ворага — знешняга ці ўнутранага, як сродак мабілізацыі і мішэнь для каналізацыі незадаволенасці ад жыцця. Гэтым разам падбор кандыдата асабліва ўдаўся — лічаныя з затрыманых непасрэдна лечаць людзей, то можна ўзяць ладную групу статусных медыкаў без рызыкі нанясення значнай шкоды грамадскаму здароўю.

У мінусах сістэма аховы здароўя і яе супрацоўнікі, якія панеслі іміджавыя страты, (некаторым давядзецца развітацца яшчэ і са свабодай і маёмасцю). Многія праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі тычацца сферы медыцыны і завязаныя на міністэрстве, у якім, па версіі следства, гадамі дзейнічала злачынная групоўка з вышэйшых чыноўнікаў. Непазбежна ўзнікнуць пытанне пра сапраўднасць размеркавання выдзеленых сродкаў і мэтазгоднасць далейшых праектаў. Што датычыць шараговых работнікаў галіны, то інфармацыя пра судовыя справы ў дачыненні да медыкаў з’яўляецца ледзь не штотыдзень і цяперашняе разбіральніцтва добра кладзецца ў гэты шэраг. Такім чынам, працягнецца працэс канструявання з медработнікаў аб’ектаў для праекцыі незадаволенасцю жыццём для насельніцтва, што будзе ствараць новыя ачагі канфрантацыі ў грамадстве. Якія можна будзе лёгка гасіць новымі «делами врачей», паказваючы выніковасць дзяржавы і клопат яе пра народ.