Беларусізацыя vs.public administration: як знайсці паразуменне

Заснаваныя на каштоўнасцях мары разбіліся аб тэхнакратаў

Грамадскі трэнд мяккай беларусізацыі развіваецца імкліва, і ў гэтым развіцці непазбежна сутыкаецца з іншымі сферамі, якія, адпаведна, кіруюцца іншымі трэндамі. Сёння такія сутыкненні раз-пораз ператвараюцца ў канфлікты, а для дыялогу не стае ўзаемапаразумення і павагі. Апошні кейс дэманструе, што гэтыя сутыкненні далёка не заўсёды падпадаюць пад чорна-белую дыхатамію.

Дзвюхмоўнае заканадаўства – proetcontra

Канфлікт разгарнуўся вакол таго, як мусяць публікавацца нарматыўна-прававыя акты ў дзвюхмоўнай краіне. Сёння ў Беларусі кожны з такіх актаў прымаецца і афіцыйна публікуецца толькі на адной мове – на якой і вялася ягоная распрацоўка. Змяніць гэты падыход раней спрабавала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў з “Таварыства беларускай мовы” Алена Анісім, аднак дамагчыся прыняцця заканадаўчых актаў адразу на дзвюх мовах у яе не атрымалася.

Гомельскі юрыст Ігар Случак, які актыўна змагаецца за беларушчыну праз пісьмовыя звароты да чыноўнікаў і якога клічуць “моўным інспектарам”, на гэты раз звярнуўся ў парламент з прапановай зрабіць абавязковым выданне ўсіх нарматыўных актаў і па-руску, і па-беларуску – лічыць акт афіцыйна апублікаваным толькі пасля публікацыі абедзвюх версіяў. Аднак аднадумства сярод дэпутатаў Случак не знайшоў. У адказе за подпісам намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Максіма Місько выкладзеная сумная бюракратычная праўда: дзейсная заканадаўства такога не прадугледжвае, а калі заканадаўства мяняць, то новая практыка будзе каштаваць зашмат рэсурсаў; у сваю чаргу, каб прыняць прававы акт, які павялічыць бюджэтныя выдаткі, па законе яго трэба ўзгадніць з прэзідэнтам.

Сюжэт лёгка ўкладаецца ў тыповы наратыў крытыкаў беларускай дзяржаўнай сістэмы: палымяны грамадскі актывіст прыдумляе ідэю, як спрыяць распаўсюду беларускай мовы і абараняць правы беларускамоўных, а бессардэчныя бюракраты з уладаў плююць на лёс мовы і дасылаюць актывісту адпіску. Аднак на справу можна зірнуць па-іншаму, калі паспрабаваць па сутнасці прааналізаваць пазіцыю, выкладзеную дэпутатам.

Заснаваныя на каштоўнасцях мары разбіліся аб тэхнакратаў

Калі пакінуць у баку эмоцыі і аналізаваць справу з пункту гледжання дзяржаўнага кіравання, то цяжка знайсці, што ж са словаў Максіма Місько няпраўда.

Абагульняючы словы дэпутата, яго пазіцыя палягае ў тым, што абавязак прымаць прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах пацягне за сабой: а) неабходнасць істотнага перагляду парадку ажыццяўлення ўсіх нарматворчых працэдур і ўвядзення фактычнага іх дублявання на другой дзяржаўнай мове (у тым ліку пакета суправаджальных дакументаў да праектаў прававых актаў); б) неабходнасць увядзення працэдуры пацвярджэння аўтэнтычнасці тэкстаў законапраектаў (то бок адмысловы юрыдычны пераклад); в) павелічэнне штату дзяржаўных служачых у структуры суб’ектаў нарматворчай дзейнасці; г) значнае павелічэнне затрат часу і сродкаў.

Усё гэта відавочная праўда, з якой той жа Случак і не спрачаецца – безумоўна, калі перакладаць усе законы на дзве мовы, то гэта патрабуе грошай і працоўнага часу. Канфлікт тут палягае ў тым, што мары, якія базуюцца на каштоўнасцях, сутыкаюцца з жорсткай рэчаіснасцю дзяржкіравання. Яскравы прыклад, як грамадскія актывісты і дзяржава размаўляюць на дзвюх розных мовах – у тым ліку і ў метафарычным сэнсе.

Трэнды сістэмы дзяржкіравання

Максім Місько ў сваёй аргументацыі ўзгадвае, што наступствы прапанаванай Случакам навацыі  “супярэчаць рабоце, якая праводзіцца ў краіне па аптымізацыі дзяржаўнага апарату”. І гэта не пустыя словы. Як сведчыць даследаванне экспертаў “Ліберальнага клуба”, праведзеная ў 2012-2013 гадах у Беларусі рэформа сістэмы дзяржаўнага кіравання засяродзілася менавіта на скарачэнні дзяржслужачых. Не было агульнай мадэлі скарачэнняў: недзе скарачалі пустуючыя вакансіі, а недзе рэальна звальнялі супрацоўнікаў; у адных месцах звольнілі крыху болей і ў асноўным нізавы персанал, а ў іншых скарацілі крыху меней і кіраўніцтва. У сферы культуры некаторыя арганізацыі наогул вызвалілі ад скарачэнняў. Аднак агульны трэнд – скарацілі каля чвэрці супрацоўнікаў, і пасля таго Аляксандр Лукашэнка заклікаў працягваць скарачэнні (напрыклад, яшчэ на траціну).

На скарачэнні чыноўнікаў улада ідзе не ад добрага жыцця – трэба падвышаць матывацыю дзяржслужачых і плаціць ім годныя заробкі, а бюджэтная кішэня не глыбокая. Таму тэзы аб скарачэнні колькасці дзяржслужачых ідуць разам з ідэяй падвысіць статус тых, хто застаецца на службе, “на небывалую вышыню” – перш за ўсё матэрыяльна. І гэта не нейкі там клопат рэжыму аб сваіх лёкаях, а цалкам нармальны і запатрабаваны інструмент утрымання на цяжкай працы кваліфікаваных кадраў. Даследаванне “Ліберальнага клуба” уключала ў сабе і інтэрв’ю з дзяржслужачымі, падчас якіх было выяўлена, што з утрыманнем працавітых кадраў на дзяржслужбе бяда.

Яшчэ адзін складнік рэформы, які фактычна не быў паўнавартасна рэалізаваны ў выніковым Указе №168, аднак актыўна прасоўваўся як незалежнымі экспертамі ў публічных даследаваннях, гэтак і навукоўцамі з дзяржаўных інстытуцый у закрытых справаздачах (адкуль перайшоў нават у прэзідэнцкую перадвыбарчую праграму), – неабходнасць скарачэння функцый дзяржорганаў.

Такім чынам, калі зірнуць на логіку развіцця сістэмы дзяржкіравання Беларусі, то можна зразумець, што адмова ад ідэі, якуя вымагае павелічэння колькасці дзяржслужачых і надае органам дзяржкіравання новыя функцыі, грунтуецца на рацыянальных падставах, а не проста на нежаданні дапамагаць беларускай мове.

Ад тролінга да прафесійнага дыялога

Таму пытанне палягае ў тым, як ад спрэчак па перапісцы перайсці да эфектыўнай дзейнасці. Тут усё залежыць ад мэтаў.

Калі ёсць жаданне выключна патроліць чыноўнікаў ды дэпутатаў, то можна і надалей проста дасылаць ім свае жаданні ў пісьмовай форме з маральным абгрунтаваннем. А потым выліваць на іх бруд у сацсетках, бо адказы афіцыйных інстытуцый грунтуюцца на заканадаўстве, а не ўнутраных каштоўнасцях. Яшчэ з такой сітуацыі лёгка рабіць чарговую выснову, што беларусізацыі няма – бо яна не такая, якой яе б жадалі бачыць асабіста некаторыя актывісты і абураныя грамадзяне. Прыкладна такую матывацыю добра адлюстроўваюць каментатары з “Нашай Нівы”. Тыповыя прыклады іх рэакцый – “мова нашая зноў замінае чыноўнікам-бальшавікам жыць і будаваць свой лунапарк, з прэферансам і камунізмам!”, “Гэта ўжо сапраўды нейкі фашызм атрымліваецца”, а таксама прапанова перакладаць законы праз GoogleTranslate. Гэты зрэз адлюстроўвае асяродак нянавісці да ўлады, дзе галоўнае – не вырашэнне праблемы і не дыялог, а яшчэ раз пераканацца, што чыноўнікі і дэпутаты – мярзотнікі і ворагі беларускасці, як апаненты загадзя ўпэўненыя.

Іншы варыянт – арыентавацца на вырашэнне праблемы і разважаць над тым, як зрабіць гэта эфектыўна. Бо мець заканадаўства на нацыянальнай мове – сапраўды вартая справа для любой краіны, тым болей для Беларусі ў сённяшніх умовах. Тут варта б не абмяжоўвацца тролінгам уладаў, а супольна прапрацоўваць неабходныя рэформы. Трэба разумець: нават у ідэальнай сітуацыі, калі будзе палітычная воля на сапраўднае дзвюхмоўнае заканадаўства, пералічаныя дэпутатам цяжкасці не знікнуць. Трэба на прафесійным, экспертным узроўні думаць, як вырашаць кожную з іх.

Відавочна, што пазіцыя “мова перадусім, затраты грошай і часу на шляху да беларусізацыі неістотныя” знойдзе няшмат прыхільнікаў сярод любых чыноўнікаў-тэхнакратаў. Шчыра кажучы, сярод грамадства таксама. Можна ўздыхаць, што беларускім патрыётам трапіліся дрэнны ўрад і дрэнны народ. А можна думаць, як інакш аргументаваць свае ідэі і адаптаваць іх да рэчаіснасці.