Мясцовыя выбары сведчаць аб замацаванні тэндэнцыі змяншэння ролі і ўвагі насельніцтва да выбарных інстытутаў і, магчыма, агульным падзенні даверу да дзяржаўных інстытутаў. Па ўсёй верагоднасці, партыйнае прадстаўніцтва ў мясцовых саветах на абласным, гарадскім і раённым узроўнях павялічыцца за кошт лаяльных уладам партый — КПБ, ЛДП і РППС. Невысокі інтарэс насельніцтва да мясцовых выбараў і дэмаграфічныя змены падштурхоўваюць улады да рэфармавання сістэмы мясцовых органаў улады у сельскай мясцовасці.

Хада і вынікі выбары ў мясцовыя саветы ўзмацняюць аргументы прыхільнікаў скасавання першаснага звяна мясцовага самакіравання — сельскіх і пасялковых саветаў. Відавочна, што ў сельскай мясцовасці ўсё цяжэй знаходзіць кандыдатаў у дэпутаты. Беларускае кіраўніцтва ўжо з сярэдзіны 1990-х гадоў праводзіць адміністрацыйную рэформу, што прадугледжвае аб’яднанне адміністрацыйных адзінак з агульным адміністацыйным цэнтрам і ўзбуйненне сельсаветаў. Гэта адпаведна прадугледжвае ліквідацыю значнай колькасці гарадскіх, пасялковых і сельскіх саветаў са скарачэннем агульнага ліку дэпутатаў. З часу папярэдніх выбараў ў мясцовыя саветы 2014 годзе ўлады скарацілі колькасць выбарчых акруг з 18816 [1] да 18111 у 2018 г. Яшчэ больш уражваюць лічбы скарачэння колькаснага складу саветаў з 2003 года, калі ў 1672 мясцовыя саветы абіраліся 24003 дэпутаты. У 2018 годзе застаецца толькі 1328 мясцовых саветаў дэпутатаў.[2] Пры гэтым, арганізатары выбарчых кампаній прапаноўваюць радыкальна вырашыць пытанне з сельсаветамі, якія фактычна страцілі большасць сваіх паўнамоцтваў, а сельскія жыхары граюць усё меншую ролю ў гарантаванні электаральнай падтрымкі дзеючаму кіраўніцтву дзяржавы.

Варта зазначыць, што доля сельскага насельніцтва Беларусі пастаянна скарачаецца, што прымушае беларускае кіраўніцтва шукаць іншыя электаральныя групы падтрымкі. Так, у 1996 годзе доля сельскіх жыхароў складала 31,9%, а ў 2017 годзе ўжо толькі 22,1% ад насельніцтва краіны [3]. ЦВК на чале з Л. Ярмошынай падтрымліваюць ідэю наўпроставых выбараў кіраўнікоў мясцовых адміністрацый. [4] Гэтыя захады могуць значна палегчыць працу выбаркамаў і радыкальна зменшыць колькасць выбарчых акругаў да 5-6 тыс. замест сённяшніх 18 тыс. Акрамя таго такія змены могуць задаволіць знешніх назіральнікаў і адпавядаць патрабаванням часткі апазіцыі.

Яшчэ ў рамках апазіцыйнай кампаніі «Народны рэферэндум» сярод пяці асноўных прапаноў удзельнікаў гэтай кааліцыі значыліся выбары кіраўніцтва мясцовых выканкамаў. У выпадку скасавання сельсаветаў беларускае кіраўніцтва фактычна можа сцвярджаць, што распачало працэс рэфармавання сістэмы мясцовага самакіравання з ніжэйшага звяна, досвед чаго можа быць ужыты пазней і на астатніх узроўнях мясцовых і рэгіянальных органаў улады.

Пры гэтым, ва ўмовах невысокага інтарэсу насельніцтва да выбараў улады вымушаны падтрымліваць неабходны мінімум палітычнай актыўнасці для таго, каб прыцягнуць увагу выбарцаў і забяспечыць легітымнасць дзяржаўных інстытутаў. ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай нават прапануе зменшыць небходную колькасць подпісаў для вылучэння кандыдатам на пасаду прэзідэнта з 100 тыс. да 70 тыс.[5] Прэзідэнцкія выбары 2015 года падкрэслілі цяжкасці з якімі сутыкаюцца альтэрнатыўныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта пры вылучэнні шляхам збору подпісаў. Так, у 2015 годзе вылучэнцы ад найбуйнешых апазіцыйных партый — АГП і «Справядлівага свету”– не здолелі сабраць неабходнага мінімума подпісаў. Акрамя таго, ЦВК ужо даўно настойвае на тым, каб надзяліць у электаральным працэсе грамадскія арганізацыі тымі жа электаральнымі магчымасцямі, што і палітычныя партыі. Відавочна, што такім чынам кіраўніцтва „Белай Русі“ спрабуе абыйсці перашкоды з боку кіраўніка дзяржавы стварыць „партыю ўлады“. Відавочна, што частка беларускага істэблішмента зацікаўлена ва ўзмацненні іншых дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, акрамя прэзідэнцкай улады. Аднак кіраўнік дзяржавы стрымлівае інстытуалізацыю групавых інтарэсаў беларускай наменклатуры ў выглядзе палітычнай партыі, што выклікана, хутчэй за ўсё, яго недаверам да палітычных партый яшчэ з часоў супрацьстаяння з парламентам у сярэдзіне 1990-х.

Прэзідэнт А. Лукашэнка не бачыць неабходнасці дзяліцца сваёй асабістай уладай з іншымі інстытутамі, таму што гэта будзе азначаць паступовы заняпад выбудаванай ім уладнай вертыкалі. Не варта выключаць таксама і апасенні вышэйшага кіраўнцітва краху ўсёй сістэмы ў выніку паступовага рэфармавання, эканамічнай лібералізацыі або нават імітацыі дэмакратычных зменаў і дзейнасці дэмакратычных інстытутаў. Як сведчыць зробленае палітолагам Дэніэлам Трызманам даследаванне дэмакратычных трансфармацый у перыяд з 1800 па 2015 гады ў большасці выпадкаў — 64-67% ад 201 кейса, які даследаваўся, — дэмакратызацыя адбываецца нечакана і з-за крытычных памылак кіроўных эліт, якія праводзяць рэформы дзеля ўзмацнення сваёй улады [6].

Пры гэтым, разам са звужэнне сацыяльнай базы падтрымкі кіраўнік дзяржавы вымушаны больш увагі надаваць асобным сацыяльна-прафесійным групам, лаяльнасць якіх забяспечвае ўстойлівасць уладнай сістэмы ў новых умовах — сілавікам і дзяржслужбоўцам. Варта зазначыць, што раней А. Лукашэнка пазіцыянаваў сябе як народны прэзідэнт з шырокім колам прыхільнікаў, што дазваляла мець моцныя пазіцыі ў стасунках з наменклатурай. Аднак з сярэдзіны 2000-х дзяржава пачынае скарачаць сацыяльныя гарантыі сацыяльным групам, якія складалі ядро электарата дзеючага кіраўніцтва. На працягу апошніх некалькіх гадоў улады не могуць гарантаваць нават былога ўзроўню дабрабыту насельніцтва. У выніку прэзідэнт ужо не можа ігнараваць усё болей настойлівыя захады чыноўнікаў і набліжанага да наменклатуры бізнэса ў справе інстытуалізацыі сваіх групавых інтарэсаў.

Апошнія парламенцкія і мясцовыя выбары 2018 года сведчаць пра рост зацікаўленасці часткі кіроўных эліт у развіцці партыйнай сістэмы і парламентарызму ў краіне. Напрыклад, у параўнанні з мясцовымі выбарамі 2014 года лаяльныя ўладам партыі значна павялічылі колькасць сваіх вылучэнцаў у дэпутаты з 442 у 2014 годзе да 774 кандыдатаў у 2018 г. Пераважная большасць кандыдатаў вылучана КПБ, ЛДП на чале з Гайдукевічам і Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці (РППС). Акрамя таго, аб’яднанне «Белая Русь» усё болей настойліва прасоўвае свае інтарэсы перад вышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы і ставіць на парадак дня пытанне трансфармацыі ў «партыю ўлады». Паступова адбываецца афармленне абрысаў будучай партыйнай сістэмы, дзе занятыя фактычна ўсе ідэалагічныя нішы. Так, правы фланг палітычнага спектру займае ЛДП на чале з Гайдукевічам, левы фланг — КПБ, а сацыял-дэмакраты прадстаўлены РППС. Хутчэй за ўсё, функцыянеры «Белая Русь» разлічваюць на тое, што ў выпадку рэарганізацыі іх партыя будзе выконваць такую жа ролю як і «Единая Россия» ў суседняй краіне. Кіраўніцтва «Белай Русі» разам з прэзідэнтам А. Лукашэнка бачыць у ёй цэнтрысцкую партыю, хаця, хутчэй за ўсё, яе ідэалогія будзе адрознівацца эклектызмам. Ужо зараз «Белая Русь» мае большае за палітычныя партыі прадстаўніцтва ў парламенце і мясцовых саветах. У верхняй палаце яна прадстаўлена 34 сенатарамі з 64 ад агульнай колькасці, у палаце прадстаўнікоў — 68 дэпутатамі з 110. Акрамя таго, чальцамі РГА «Белая Русь» з’яўляюцца 5114 дэпутатаў мясцовых саветаў з 18 тыс. ад агульнай колькасці дэпутацкага корпуса [7].

У сваю чаргу, апазіцыйныя партыі, наадварот, працягваюць губляць актыў і змяншаюць колькасць вылучэнцаў у дэпутаты, што, безумоўна, звязана як з пашыранымі абсэнтэісцкімі настроямі і расчараваннем сярод апазіцыйнага электарата, так і захадамі ўладаў па дэпалітызацыі насельніцтва. Амаль усе апазіцыйныя арганізацыі на мясцовых выбарах 2018 года паменшылі колькасць сваіх вылучэнцаў у дэпутаты ў параўнанні з папярэдняй кампаніяй 2014 года. Так, чатыры зарэгістраваныя апазіцыйныя партыі (АГП, «Справядлівы свет», БСДП «Грамада» і БНФ), якія прымалі ўдзел у выбарах у 2014 годзе, агулам мелі ў 2014 годзе 238 кандыдатаў у дэпутаты. У 2018 годзе партыйцамі з тых жа арганізацый было пададзена на рэгістрацыю толькі 219 пакетаў дакументаў. Такая ж сітуацыя назіраецца і з вылучэнцамі ад незарэгістраваных партый, як «Гавары праўду», «За свабоду» і БХД.

У выпадку, калі тэндэнцыя па скарачэнню ўдзелу актывістаў апазіцыі ў выбарах працягнецца, партыйнае поле чакае перафарматаванне. Пры гэтым, падзенне ролі выбарчых механізмаў у вачах электарата будзе спрыяць росту папулярнасці іншых формаў узаемадзеяння з уладамі. Пазасістэмныя партыі праяўляюць большую схільнасць да мабілізацыі сваіх расчараваных выбарамі прыхільнікаў праз вулічныя пратэсты або грамадскія кампаніі ціску на ўлады. Верагодна, што ўлады таксама разумеюць неабходнасць інтэграцыі сваіх апанентаў у прадстаўнічыя органы ўлады і стварэнне сістэмнай апазіцыі. Гэта дазволіла бы прадэманстраваць увагу, улічваць інтарэсы і карэктаваць падыходы да тых груп насельніцтва, якія незадаволены існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкай. Тым больш, што разам са скарачэннем дзяржаўных рэсурсаў незадаволенасць пашыраецца на новыя сацыяльныя групы. Леташнія пратэсты супраць дэкрэту аб дармаедах прадэманстравалі, што дзеючае кіраўніцтва пачынае страчваць давер і сярод сваіх былых прыхільнікаў.

Такім чынам, у сітуацыі скарачэння дзяржаўных рэсурсаў вышэйшае кіраўніцтва будзе вымушана шукаць дадатковыя шляхі сваёй легітымацыі, у тым ліку праз узмацненне партыйнай сістэмы, а таксама большай увагі да групавых інтарэсаў розных групаў наменклатуры. У дадатак партыйнае будаўніцтва дазвяляе інтэграваць незадаволеных існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкай актыўных грамадзян у партыі, якія лаяльна ставяцца да пабудаванай першым прэзідэнтам краіны уладнай сістэмы і кіроўных эліт.


[1] Сведения о регистрации кандидатов в депутаты местных Советов депутатов двадцать седьмого созыва: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-MS27-sved16.pdf

[2] Сведения о составе избранных депутатов местных Советов депутатов Республики Беларусь двадцать четвертого созыва: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Archive-Elections-MS24-Sved4.pdf

[3] Численность и естественный прирост населения: http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/solialnaya-sfera/demografiya_2/g/chislennost-i-estestvennyi-prirost-naseleniya/

[4] Лидия Ермошина — о выборах по-новому, референдуме, смертной казни и мужчинах-белорусах: https://news.tut.by/economics/530981.html

[5] Лидия Ермошина о местных Советах, парламентских фракциях и сборе подписей на выборах: http://www.belta.by/interview/view/o-mestnyh-sovetah-parlamentskih-fraktsijah-i-sbore-podpisej-na-vyborah-5987/

[6] Daniel Treisman. Democracy by mistake: http://voxeu.org/article/democracy-mistake

[7] Участие в избирательной кампании в местные советы, укрепление районного звена и формирование новых лидеров. Что еще обсуждали на Совете РОО «Белая Русь»: https://www.sb.by/articles/uchastie-v-izbiratelnoy-kampanii-v-mestnye-sovety-ukreplenie-rayonnogo-zvena-i-formirovanie-novykh-l.html