Верхняя палата парламента дазваляе беларускаму кіраўніцтву сфармаваць дадатковы механізм зваротнай сувязі з мясцовымі наменклатурнымі групамі і забяспэчыць іх лаяльнасць. Хутчэй за ўсё, шырокае прадстаўніцтве інтарэсаў усіх слаёў грамадства у рамках верхняй палаты парламента з’яўляецца спробай захаваць познесавецкую традыцыю народнага прадстаўніцтва з розных адміністрацыйных тэрыторый, як З’езд народных дэпутатаў. Аднак роля беларускага сената у параўнанні са з’ездам народных дэпутатаў у непараўнальнай ступені больш абмежаваная і, хутчэй за ўсё, асноўваецца больш на нефармальных сувязях і кантактах мясцовай наменклатуры з цэнтральным апаратам.

У першую чаргу верхняя палата парламента з’яўляецца дадатаковым страховачным механізмам да прэзідэнцкай улады. Напрыклад, у выпадку прыняцца ніжняй палатай непрымальнага рашэння, у тым ліку імпічменту прэзідэнту, правесці гэтае рашэнне яшчэ праз адзін механізм — сенат — крайне цяжка. Фактычна ўсе чальцы верхняй палаты з’яўляюцца цалкам залежнымі ад прэзідэнцкай вертыкалі з-за парадку яе фармавання. Так, Савет Рэспублікі складаецца з 64 чалавек, з якіх сам прэзідэнт прызначае 8 сенатараў. Астатнія ж прадстаўляюць 6 абласцей і горад Менск — па 8 прадстаўнікоў ад кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Часцей за ўсё працэс выбараў у беларускі сенат цалкам схаваны ад грамадства і СМІ, а імёны сенатараў становяцца вядомымі ўжо па выніках выбараў. Прычым афіцыйна выбары сенатараў адбываюцца на ўзроўні раённых і гарадскіх саветаў, а не вобласці. Кандыдатуры патэнцыйных кандыдатаў разглядаюцца і зацвярджаюцца мясцовымі дэпутатамі на сесіях раённых або гарадскіх саветаў. Безумоўна, кампраміснае рашэнне мясцовай наменклатуры па кандыдатурах сенатараў прамаецца загаддзя і, хутчэй за ўсё, ужо потым узгадняецца з прэзідэнцкай адміністрацыяй. Аб гэтым сведчыць тое, што дэпутаты раённых і гарадскіх саветаў абіраюць, а фактычна зацвярджаюць, кандыдатуры сенатараў на безальтэрнатыўнай аснове і, хутчэй за ўсё, нават без абмеркавання і вострых дыскусій. Да гэтага часу медыі не паведамлялі пра выпадкі адмовы мясцовых дэпутатаў ад зацвярджэння прапанаваных кіраўніцтвам кандыдатур сенатараў або пратэстным галасаванні. Паводле інфармацыі з афіцыйных СМІ звычайны адсотак падтрымкі вылучаемых вертыкаллю кандыдатур у палату тэрытарыяльнага прадстаўніцтва імкнецца да 100%.

Варта адзначыць, што адзін сенатар можа прадстаўляць інтарэсы адразу некалькіх раёнаў вобласці, якія аб’ядноўваюцца ў адну «сенатарскую акругу». Сенатарская акруга не залежыць наўпрост ад колькасці насельніцтва або выбарцаў, што на гэтых тэрыторыях пражываць. Адміністрацйныя тэрыторыі, якія ўваходзяць у акругу могуць нават не мець супольнай мяжы. Напрыклад, Воранаўскі і Бераставіцкі раёны, у якіх пражывае агулам каля 45 тыс. чалавек і якія знаходзяцца ў супрацьлеглых кутках Гарадзенскай вобласці, прадстаўлены адным сенатарам — як і Горадня, у якой пражывае болей за 360 тыс.

Беларускі сенат у нечым нагадвае з’езд народных дэпутатаў з позняй савецкай эпохі з размеркаваннем у ім месцаў сярод прадстаўнікоў фактычна ўсіх сфер народнай гаспадаркі. Варта адзначыць, што квота на самастойныя рашэнні мясцовых наменклатурных груп абмежаваная. Сярод сенатараў найбольшай групай — болей за чвэрць складу — з’яўляюцца прадстаўнікі выканаўчых органаў улады або іншых дзяржаўных арганізацый і ўстаноў.

Тым не менш, беларускае кіраўніцтва імкнецца захаваць сенат як орган, у якім фактычна прадстаўлены інтарэсы ўсіх галін беларускай гаспадаркі. У дадатак да дзяржслужбоўцаў у верхняй палаце засядаюць прадстаўнікі з сфераў адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, паліўна-энергетычнага сектару, дзяржаўных СМІ, спорта і культуры. Акрамя таго, у складзе Савета Рэспублікі ёсць і некалькі прадстаўнікоў буйнога па беларускіх мерках прыватнага бізнэсу з рэгіёнаў і сталіцы. Аднак у апошнія гады некаторыя з сенатараў-бізнэсоўцаў зазналі крымінальны пераслед з боку дзяржавы па эканамічных артыкулах, што хутчэй за ўсё звязана з скарачэннем дзяржаўных рэсурсаў і барацьбой за іх паміж рознымі наменклатурнымі групоўкамі.

Варта адзначыць, што ўлады імкнуцца прытрымлівацца прынцыпу захавання прадстаўнічасці ў органе тэрытарыяльнага прадстаўніцтва не проста інтарэсаў наменклатурных эліт на ўзроўні вобласці, але ж нават і на больш ніжэйшым раённым узроўні. Па ўсёй верагоднасці, падчас вострага палітычнага крызісу 1996 года, калі прымаўся фактычна новы Асноўны закон, прэзідэнт А. Лукашенка спадзяваўся на дадатковую падтрымку ў асяроддзі рэгіянальнай наменклатуры за кошт змены структуры беларускага парламента і ўвядзення верхняй палаты парламента, што гарантавала прадстаўленне інтарэсаў у ёй мясцовых уплывовых груп. Прычым у беларускіх умовах нефармальныя кантакты і сувязі маюць для рэгіянальнага чынавенства не меньшае, а можа і большае значэнне, чым замацаваныя ў заканадаўстве паўнамоцтвы сенатара і верхняй палаты парламента. Так, праз сваіх прадстаўнікоў у сенаце — фармалізаваным альтэрнатыўным механізмам наўпроставай сувязі з цэнтрам — мясцовыя чыноўнікі маюць магчымасць уплываць на размеркаванне дзяржаўных рэсурсаў.

Пра дзейнасць гэтага складу сенату можна было б не пачуць, калі б не прызначэнне ў якасці яго старшыні на пачатку мінулага года экс-прэм’ера М. Мясніковіча. Варта адзначыць і пра зваротны працэс прызначэння прэзідэнтам А. Лукашэнка на дзяржаўныя пасады асобаў з ліку сенатараў, як, напрыклад, сенатара ад Віцебскай вобласці А. Косінца на пасаду кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

Такім чынам, беларускія ўлады будуць прытрымлівацца квотаў па размеркаванню месцаў сярод прадстаўнікоў з розных сфер беларускай гаспадаркі ў новым складзе Савета Рэспублікі. Хутчэй за ўсё выбары ў верхнюю палату пройдуць на традыцыйнай безальтэрнатыўнай аснове, аднак доля прадстаўнікоў з некаторых сектароў беларускай гаспадаркі ў сенаце можа змяняцца.