У лістападзе амаль за год да даты прэзідэнцкіх выбараў пяць апазіцыйных партый падпісалі пагадненне аб працэдуры правядзення Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім апазіцыя меркавалася вылучыць «адзінага кандыдата» ў прэзідэнты на выбарах 2015 года. Пры гэтым кансультацыі наконт умоў арганізацыі і правядзення супольнага апазіцыйнага мерапрыемства працягваліся сярод сямі найбольш буйных апазіцыйных структур амаль цэлы год. За час перамоў сярод іх удзельнікаў выразна сфармаваліся дзве ўмоўныя фракцыі, якія імкнуліся навязаць іншаму боку свае сцэнары правядзення кангрэса.Аднак спробы прывесці да згоды пазіцыі прадстаўнікоў «Народнага рэферэндуму» і альтэрнатыўнага апазіцыйнага альянсу «Талака”скончыліся фіяска. Як зазначыў каардынатар перамоўнага працэсу і адзін з лідараў БХД Павал Севярынец, які разам з прадстаўнікамі „Народнага рэферэндума“ падпісаў пагадненне аб правядзенне Кангрэса, шанцы дамовіцца наконт вылучэння адзінага кандыдата мізэрныя і „трыумфуе безадказнасць„[1].

Найбольш моцным сярод перамоўшчыкаў выглядалі пазіцыі кааліцыі руха «За свабоду», партыі БНФ, грамадзянская кампаніі «Гавары праўду”і партыі БСДП (Грамада), якія сумелі наладзіць плённае супрацоўніцтва ў рамках сумеснай кампаніі „Народны рэферэндум“. Ініцыятары народнага плебісцыта анансавалі сваю кампанію ў якасці стратэгічнай ініцыятывы на бліжэйшыя гады, якія ахопліваюць некалькі палітычных кампаній — мясцовыя выбары 2014, прэзідэнцкія 2015 года і парламенцкія 2016 года. Важна падкрэсліць, што ўдзельнікі „Народнага рэферэндума“ не абмежаваліся планаваннем сваёй дзейнасці лістападам 2015 года, калі павінна скончыцца прэзідэнцкая кампанія, а імкнуцца рэалізаваць доўгатэрміновую стратэгію перамен у беларускім грамадстве.

У сваю чаргу АГП і партыя левых «Справядлівы свет» адмовіліся падпісваць пагадненне наконт арганізацыі Кангрэса па вылучэнню «адзінага кандыдата». Спярша лібералы з АГП выказаліся супраць далучэння да ініцыятывы пяці партый, якія падпісалі пагадненне аб правядзенні Кангрэса. Афіцыйна АГП абгрунтоўвае сваю адмову адсутнасцю іншых апазіцыйных лідараў, якія заяўляюць пра свой намер стаць «адзіным кандыдатам» ад апазіцыі. Лідар АГП А. Лябедзька нават патроліў сваіх апанентаў, заклікаўшы падтрымаць сваю кандыдатуру без правядзення супольнага апазіцыйнага мерапрыемства. Варта адзначыць, што АГП яшчэ ў траўні 2014 года вызначылася са сваім прэтэндэнтам на статус «адзінага кандыдата», якім плануе стаць Анатоль Лябедзька. Яго канкурэнты з «Народнага рэферэндума» сапраўды не агучылі прозвішча свайго прадстаўніка ў лідары апазіцыі. Аднак нават дзеючы кіраўнік дзяржавы не дазваляе сабе балатавацца без згоды на гэта, хоць і фармальнай, Усебеларускага народнага схода, што праводзіцца напярэдадні кожнай з прэзідэнцкіх кампаній і на якім зацвярджаюцца планы на будучую пяцігодку.

Хутчэй за ўсё, ініцыятары народнага плебісцыту здолелі дамовіцца паміж сабою аб супольнай пазіцыі і кандыдатуры на Кангрэс, што адпаведна значна змяншае шанцы лідара АГП стаць адзіным кандыдатам. Фактычна лібералы спрабуюць запабегнуць паўтору сітуацыі вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі напярэдадні выбараў 2006 года. Падтрыманы шматлікімі грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі беспартыйны А. Мілінкевіч перамог лідара АГП Анатоля Лябедзьку на кагрэсе дэмакратычных сіл 2005 года з перавагай усяго толькі ў некалькі галасоў. Тады АГП таксама атрымалася стварыць агульны альянс з Камуністычнай партыяй Беларускай, а зараз ужо былымі камуністамі, якія правялі рэбрэндынг і ўтварылі Беларускую партыю левых «Справядлівы свет».

Пры гэтым пасля лібералаў і левыя са «Справядлівага света» адмовіліся ўдзельнічаць у Кангрэсе 2015, незадаволенныя адным з прапаноўваемых механізмаў вылучэння ўдзельнікаў на Кангрэс — праз збор подпісаў грамадзян пад рознымі ініцыятывамі. У гэтым выпадку зноў у найбольш выйгрышнай сітуацыі апынаецца пяцёрка падпісаўшых пагадненне палітычных сіл, якія маюць добры досьвед «палявой» працы і кантакты з насельніцтвам праз шматлікія міжвыбарчыя агульнацыянальныя і мясцовыя кампаніі. Напрыклад, ініцыятары «Народнага рэферэндума „ў кастрычніку гэтага года ўжо перадалі ў парламент 50 тыс. подпісаў грамадзян за правядзенне плебісцыта, а таксама выказалі намер сабраць яшчэ столькі жа да канца гэтага года. У сваю чаргу аргкамітэт БХД таксама на пачатку кастрычніка заявіў, штоў межах кампаніі „Народны кантроль“ сабрана больш за 40 тыс. подпісаў грамадзян.

Пры гэтым былыя камуністы абгрунтоўваюць непажаданасць вылучэння ўдзельнікаў на Кангрэс праз збор подпісаў тым, што пры вызначэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі на пасаду прэзідэнта «у журы не павінны сядзець выпадковыя людзі, якія трапілі туды толькі таму, што звычайны чалавек калісці дзесці паставіў подпіс».Аднак крытыкуючы працэс вылучэння кандыдатаў праз збор подпісаў, лідар «Справядлівага свету» прапануе выкарыстаць шмат у чым аналагічны механізм, на які можа быць распаўсюджана тая ж логіка:«Мы не адмаўляемся ад збору подпісаў — хай яны будуць дадатковым умовай. Але мы лічым, што выбраць дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў павінны звычайныя грамадзяне — напрыклад, на сходах жыхароў рэгіёнаў» [2].

Варта адзначыць, што па выніках Кангрэсу 2005 года абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў несумленнай гульні і фальсіфікацыях[3]. Каманда А. Мілінкевіча абвінавачвалася ў падробцы пратаколаў аб вылучэнні дэлегатаў ад няўрадавых арганізацый. У сваю чаргу іншы бок прад’яўляў прэтэнзіі па фальсіфікацыі вынікаў некаторых раённых радаў з боку прыхільнікаў А. Лябедзькі. Аднак ў 2006 годзе лідарам атрымалася захаваць еднасць апазіцыйнага альянсу, які ўтварыўся для вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2006, і правесці супольную прэзідэнцкую кампанію. Тым ня менш, гэта выклікала ўзаемнае зніжэнне даверу сярод апазіцыйных структур на доўгія гады і працягу супрацоўніцтва ў рамках асобных блокаў.

Відавочна, што супярэчнасці паміж пяцёркай і двойкай палягаюць значна глыбей за прыхільнасць да таго ці іншага механізму вылучэння дэлегатаў і вызначэння на Кангрэсе адзінага лідара апазіцыйных сіл. Напрыклад, «Справядлівы свет» заяўляе наконт неабходнасці вызначэння ўпершую чаргу не асобы «адзінага кандыдата», а выбарчай праграммы, якую гэты кандыдат будзе папулярызаваць у грамадстве. Аднак бачанне развіцця Беларусі праўрапейскімі БНФ і рухам «За свабоду» радыкальна адрозніваецца ад поглядаў былых камуністаўса «Справядлівага света», большасць чальцоў якога настальгуюць па СССР і выступаюць за інтэграцыю з Расеяй. У святле глыбокага раскола наконт ролі Крамля ў падзеях ва Украіне і змяншэння праеўрапескіх настрояў у беларускім грамадствецяжка ўявіць узгадненне адзінай выбарчай платформы для кандыдата ў прэзідэнты Беларусі паміж прарасейскімі і праеўрапейскімі апазіцыйнымі структурамі. Сумнеўна, што аб’яднаныя левыя могуць падзяліць агульную сацыяльна-эканамічную платформу і геапалітычны выбар з правацэнтрысцкімі БНФ і рухам «За свабоду», якія выразна акрэсліваюць у сваіх праграмах преўрапейскі выбар і інтэграцыю ў паўночна-атлантычныя структуры. Не менш цяжка былым камуністам прыйсці да згоды з прадстаўнікамі БХД, сярод якіх пераважаюць прыхільнікі дэкамунізацыі і дэсаветызацыі беларускага грамадства.

Адзінае, што аб’ядноўвае ўсе апазіцыйныя сілы –гэта жаданне змяніць існуючы палітычны рэжым у краіне і адлучыць ад улады дзеючага прэзідэнта. Аднак гэтыя змены зноў такі па-рознаму бачацца палітычнымі партыямі. Ініцыятары «Народнага рэферэндума» фактычна адмовіліся ад змены ўлады ў выніку вываду людзей на акцыі пратэсту ў дзень выбараў на Плошчу. Канцэпцыя «каляровай» рэвалюцыі пачала дыскутавацца імі пасля чарговага правалу яе рэалізацыі падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года, жорсткіх паслявыбарчых рэпрэсій у адносінах да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Гэтая крытыка асабліва ўзрасла пасля расейскага ўварвання ва Украіну і аннексію Крыма у выніку крызісу ўкраінскай дзяржавы. Пры гэтым дзеянні Крамля разглядаліся як рэакцыя на адхіленне Майданам ад улады прэзідэнта Віктара Януковіча і перамогу праўрапейскіх сіл. Ініцыятары «Народнага рэферэндума» спадзяюцца на паступовую трансфармацыю беларускага рэжыма. Яны імкнуцца за кошт разнастайных мерапрыемстваў і грамадскага ціску паўплываць на рэфармаванне тых сацыяльных сфераў, якія былі вызначаны ў якасці прыярытэтных для правядзення народнага плебісцыта. Прычым некаторыя змены ў некрытычных для захавання стабільнасці дзеючага палітычнага рэжыму сацыяльных сферах у выніку грамадскага ціску сапраўды адбываюцца.

З іншага боку АГП, «Справядлівы свет» і яшчэ некалькі апазіцыйных структур аб’ядналіся ў кааліцыю «За сумленныя, справядлівыя выбары дзеля лепшага жыцьця „Талака“. Гэтыя структуры бачаць магчымасць ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму ў выніку правядзення справядлівых і сумленных выбараў. Яшчэ ў 2012 годзе падчас парламенцкіх выбараў АГП выступіла ініцыятарам кампаніі „За справядлівыя і сумленныя выбары без Лукашенкі“. Аднак потым арганізатары вымушаны былі змякчыць жорсткую рыторыку ў адносінах да кіраўніка дзяржавы ў выніку ўзмацнення рэпрэсій да актывістаў кампаніі.

Сумнеўна, што ў агляднай перспектыве беларускія ўлады пагодзяцца хоць на нейкую лібералізацыю выбарчага працэсу, а існуючыя механізмы і спробы ўплыву апазіцыі на зменуўмоў правядзення выбараў плёну не прыносяць.Пытанне сумленнасці і справядлівасці выбараў не з’яўляецца прыярытэтам для большасці беларусаў. Апазіцыі не атрымалася павялічыць колькасць прыхільнікаў гэтай ідэі, нягледзячы на спробы правядзення адпаведных агітацыйных кампаній сярод насельніцтва пасля некалькіх апошніх выбараў. Прычым, удзельнікі абодвух апазіцыйных блокаў арганізоўваюць асобнае партыйнае назіранне падчас выбарчых кампаній, не прыходзячы да кансэнсуса наконт аб’яднання сваіх высілкаў.

Расклад сіл у апазіцыі зараз нагадвае сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2010 года і можа справакаваць «эфект даміно» з вылучэннем цэлага шэрагу апазіцыйных кандыдатаў. Напрыклад, у кастрычніку 2009 года быў створаны Беларускі незалежніцкі блок, аснову якога складалі тры з пяці арганізацый, што падпісалі ў лістападзе 2014 года пагадненне аб правядзенні Кангрэса дэмакратычных сіл — партыя БНФ, рух «За свабоду”і аргкамітэт БХД. Астатнія суб’екты правацэнтрысцкай апазіцыйнай кааліцыі, што праіснавала толькі некалькі месяцаў, сладаліся ў асноўным з моладзевых палітызаваных грамадскіх аб’яднанняў, якія ў далейшым згубілі сваю ролю ў апазіцыйнай палітыцы, эміграваліабо зусім зніклі з палітычнага поля — „Малады фронт“, „Маладая Беларусь“, „Правы альянс“, хрысціянскі сацыяльны саюз „Маладыя дэмакраты“ і прадпрымальніцкі рух салідарнасці „Разам“. Аднак да выбараў блок БНБ не дацягнуў і разваліўся пасля выхаду аргкамітэта БХД з працэса ўзгаднення супольнага кандыдата. Фактычна кожная з „дарослых“ структур-удзельніц БНБ вылучыла ці падтрымала свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе.

Аднак шчыльныя сувязі паміж рухам «За свабоду» і партыяй БНФ захаваліся. У траўні 2013 года разам з кампаніяй «Гавары праўду» і БСДП (Грамада) яны распачалі супольную кампанію «Народны рэферэндум». Зараз структуры ініцыятывы «Народны рэферэндум» знайшлі згоду з БХД наконт правядзення Кангрэса. Аднак паміж ініцыятарамі «Народнага рэферэндума» ўжо быў напрацаваны пэўны ўзровень даверу падчас правядзення сумесных кампаній, існуюць пэўныя дамоўленасці, размеркаванне кампетэнцый і супольная доўгатэрміновая стратэгія. БХД жа у пяцёрцы застаецца на перыферыі і мае меншыя шанцы для рэалізацыі свайго бачання правядзення кампаніі 2015 года. Адпаведна, хрысціянскія дэмакраты могуць таксама ўслед за АГП, «Справядлівым светам» распачаць самастойную кампанію або ўвайсці ў альянс з іншымі апазіцыйнымі структурамі, у якіх яны змогуць заняць больш выгодныя пазіцыі.

Прычым трываласць існуючага апазыйнага альянса «Народнага рэферэндума» таксама можа быць пастаўлена пад пагрозу выйсцем з пяцёркі аргкамітэта БХД. Рух «За свабоду» і партыя БНФ з’яўляюцца даўнімі партнёрамі, як і структуры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і партыі БСДП (Грамада), якія таксама цесна інтэграваны. Пры гэтым, сярод ініцыятараў «Народнага рэферэндуму» маеццанекалькі патэнцыйных кандытаў. Не выключана, што расчараваныя адсутнасцю апазіцыйнага адзінства лідары руху «За свабоду» А. Мілінкевіч і кампаніі «Гавары праўду» У. Някляеў саступяць месца сваім больш маладым паплечнікі, якім усё ж такі цяжэй дамовіцца наконт адзінай кандыдатуры ад альянсу.

У выніку правядзенне апазіцыяй прэзідэнцкіх выбараў 2015 года будзе паўтараць выбарчую кампанію 2010 года.Апазіцыйныя структуры будуць арыентавацца на ўзмацненне сваіх структур, барацьбу за прыцягненнерэсурсаў і вагі ў апазіцыйным асяроддзі. Аднак гэтым разам, хутчэй за ўсё, дзеючыя ўлады не дазволяць «разгулу дэмакратыі», а наадварот павялічаць ціск на сваіх апанентаў.


[1] Апазіцыя ў чарговы раз не здолела аб’яднацца — адзінага ў 2015-м не будзе: http://euroradio.fm/apazicyya-u-chargovy-raz-ne-zdolela-abyadnacca-adzinaga-u-2015-m-ne-budz

[2] Оппозиция по-прежнему не готова определиться с единым кандидатом в президенты: http://news.tut.by/politics/425808.html

[3] Ю. Чаўсаў. Як выбіралі адзінага кандыдата-2006 [3]: працэс і кангрэс: http://nmnby.eu/news/analytics/5023.html