Незалежнасць – адзіны шанец на дэмакратыю

Калі Гітлер уварвецца ў пекла, я скажу панегірык у гонар д’ябла.

Уінстан Чэрчыль

Артыкул Аляксандра Фядуты «Краіна глухіх. Айчына ў небясьпецы!», безумоўна, не мог не выклікаць сур’ёзнай дыскусіі – занадта вострая тэма. Пры гэтым большасць з тых, хто адгукнуўся, паставіліся негатыўна да закліку стаць пад адны сцягі з Аляксандрам Лукашэнкам у мэтах абароны незалежнасці дзяржавы.

Можна пагадзіцца, што часам аўтар прыводзіць не вельмі пераканаўчыя аргументы. Напрыклад, дзіўным выглядае ў якасці доказа выказванне нейкага «разумнага чалавека, ідэйна адданага цяперашняму рэжыму» пра тое, што «адзіная перашкода для інкарпарацыі – гэта нялюбы вам Лукашэнка» (тут і надалей цытаванне будзе на мове арыгіналу), хоць у існуючых на сённяшні дзень рэаліях гэта так і ёсць. Але, як трапна заўважыў Валер Булгакаў, «цяперашняя сытуацыя – лягічнае наступства авантурнай палітыкі Лукашэнкі» («Наша Ніва», №21, 2006), таму падобнае сцвярджэнне выглядае проста спекуляцыяй. Да таго ж ёсць шмат людзей, якія нават у цяперашнім цяжкім стане здолелі б праводзіць зусім іншую палітыку, пры якой не ўзнік бы нават цень сумненню адносна існавання Беларусі як суверэннай дзяржавы.

Аляксандр Старыкевіч цалкам справядліва нагадвае падзеі, што сведчаць аб зусім іншых настроях беларускага правадыра на пачатку інтэграцыйнага працэсу («Наша Ніва», №22, 2006). Так, пакуль што не было ніякіх падстаў лічыць сённяшняга кіраўніка адданым ідэі незалежнай Беларусі. Але трэба прызнаць, што сітуацыя з тых часоў істотна змянілася, абставіны склаліся так, што пакуль што, пры ўсім сваім вядомым стаўленні да гэтай ідэі, ён вымушаны трымацца гэтага накірунку. І хоць па-ранейшаму няма ніякай упэўненасці ў шчырасці такіх ягоных намераў, няхай незалежнасць будзе абаронена няшчыра…

Вельмі слушны, на першы погляд, прыклад з паводзінамі Сталіна не падаецца цалкам прымянімым да сённяшняга беларускага становішча. Па-першае, ішла сапраўдная вайна, дзе ўсё было значна прасцей: быў вораг, які жадаў знішчыць не проста краіну, а большасць яе грамадзян фізічна і які быў ужо не вельмі далёкі ад дасягнення сваёй мэты. Па-другое, пры ўсіх хібах сённяшняга беларускага рэжыму параўнанне ягоных дзеянняў з тым кашмарам, што адбываўся напярэдадні вайны ў Савецкім Саюзе, усё ж неправамернае.

Сталін апынуўся у крытычнай сітуацыі, што і прымусіла яго хапацца за ўсё, што было пад рукой. Пра Лукашэнку гэтага сказаць нельга. Да таго ж калі ён пачне актыўна супраціўляцца аншлюсу, аднак пры гэтым не пойдзе на аніякія паслабленні ў грамадскім жыцці, што, тады дэмакратычная апазіцыя будзе ставіць яму палкі ў колы? Няма сумненняў, што не. Больш за тое, у гэтым упэўненыя і ўлады. Таму чакаць ад іх нейкіх крокаў насустрач падаецца надзвычай наіўным: ім не патрэбна ставіць на службу суверэнітэту дэмакратычны патэнцыял. Аднак адсюль не вынікае, што Лукашэнка не будзе бараніць незалежнасць. Па-свойму, магчыма, у абмежаваным маштабе, не да канца, але будзе.

З другога боку, не зусім правамернай выглядае і аналогія, якую праводзяць апаненты Фядуты ў адносінах да тых жа часоў. Можна пагадзіцца с Сяргеям Сінькевічам, што «как только Сталин вновь обрел чувство силы, то первой и главной задачей стало уничтожение свободы, обретенной ценой столь огромных и часто бессмысленных жертв, уничтожение едва восстановленного чувства собственного достоинства» (Страна беспамятных). Аднак СССР быў самадастатковай дзяржавай, чаго ніяк не скажаш пра Рэспубліку Беларусь. Таму ў Сталіна былі магчымасці апусціць «жалезную заслону» і пачаць вяртанне да даваенных часоў.

У Лукашэнкі такіх магчымасцей няма. Калі б ён раптам усё ж апынуўся ў такім жа становішчы, вярнуцца да ранейшага яму ўжо не ўдалося б. У першую чаргу таму, что ў выніку перамогі, г.зн. захавання незалежнасці, ён быў бы вымушаны радыкальна аддаліцца ад, бадай, адзінай крыніцы падтрымкі свайго сучаснага курсу і яму была б неабходная дапамога Захаду. Дарэчы, памылкай было б лічыць, што апошняе абсалютна немагчыма. Гэта дакладна прадэманстраваў вядомы расійскі аналітык Фёдар Лук’янаў. Ён прывёў прыклад, які паказвае, што, нягледзячы на тое, што Лукашэнка неаднаразова дэманстраваў пагарду практычна ўсімі дэмакратычнымі нормамі, што яго падазраюць у дачыненні да знікненняў некалькіх палітычных апанентаў, канчаткова для яго яшчэ нішто не страчана.

Гэта прыклад лідэра лівійскай рэвалюцыі Муамара Кадафі. Нагадаем, што на яго сумленні не знікненне некалькіх апазіцыянераў – такіх там увогуле ніхто не лічыў, а дакументальна даказаны тэрарыстычны акт у самалёце, ў выніку якога над шатландскім мястэчкам Локербі загінула больш за дзвесці еўрапейцаў і амерыканцаў. Мала таго, Кадафі меў праграму стварэння зброі масавага знішчэння, а, як вядома, для Злучаных Штатаў няма больш цяжкага граху. Але калі ён пакаяўся, згарнуў пазначаную праграму і выплаціў кампенсацыю родзічам ахвяраў згаданага тэракту, усё было даравана, і зараз як ЗША, так і краіны Еўрасаюзу развіваюць з Лівіяй эканамічныя адносіны.

Канешне, трэба мець на ўвазе, што Лівія – гэта не цэнтр Еўропы, а Беларусь – не нафтагазавы гігант. Тым не менш, паколькі за Лукашэнкам грахоў непараўнальна меней, ніякі расклад падзей не можа быць цалкам выключаны.

Нарэшце, ужо калі працягваць аналогію са сталінскімі часамі, няўжо нават калі б савецкія людзі дакладна ведалі, што пасля вайны ўсё будзе так, як яно на самай справе адбылося, яны пачалі б тым ці іншым чынам садзейнічаць захопнікам? Таксама няўжо Чэрчыль і Рузвельт не ведалі, хто такі Сталін, калі пайшлі з ім на саюз? Можна шкадаваць аб існаванні такой сітуацыі, але, як ні прыкра, не так ужо рэдка бывае становішча, калі добрага выбару проста няма і застаецца выбіраць толькі паміж дрэнным і вельмі дрэнным.

На дадзены момант існуе пэўная колькасць больш ці менш рэальных варыянтаў аншлюсу Беларусі. Аднак з іх, на шчасце, можна лічыць выключаным узброены захоп краіны і яе гвалтоўнае далучэнне да Расіі. Можна гаварыць толькі пра розныя спосабы эканамічнага і палітычнага ціску з боку Масквы. Таму пытанне аб тым, каб бегчы запісвацца ў дабраахвотныя дружыны ці ствараць партызанскія атрады, не паўстае. Што ж трэба было б рабіць апазіцыі ў сэнсе абароны суверэнітэту менавіта ў сучасных рэальных абставінах?

Безумоўна, лепш за ўсё было б замацоўваць ужо дасягнутае разуменне грамадствам каштоўнасці незалежнасці, бо выклікае сумненні сцвярджэнне Валера Булгакава, што «кансэнсус аб сувэрэнітэце фактычна дасягнуты за апошнія 15 гадоў: за незалежнасьць выступае і Лукашэнка, і грамадзянская супольнасьць, і, як паказвае сацыялягічнае апытаньне, бальшыня насельніцтва за незалежнасьць адназначна» (тамсама). Так, сёння пры «гарачай» падтрымцы суверэнітэту дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі такі настрой мае месца. Але, на жаль, пакуль яшчэ няма ўпэўненасці, што ён незваротны, і што калі насельніцтву з той жа пераканаўчасцю пачнуць тлумачыць, якія бліскучыя перспектывы чакаюць нас у складзе Расіі, большая яго частка не забудзецца на сваю сённяшнюю свядомасць і не прамяняе права першародства на сачыўную поліўку.

Вось толькі не зусім зразумела, як ажыццяўляць гэтае замацаванне пры медыйнай манаполіі дзяржавы. Таму застаецца бадай што адзінае: пагадзіцца з Аляксандрам Фядутам і не замінаць Лукашэнку наладжваць адносіны з Захадам, калі ён, зразумела, усё ж на гэта пойдзе. Тым больш што той сам будзе за сваю дапамогу патрабаваць пэўных зрухаў у дэмакратызацыі.

Іншая справа, што вельмі цяжка сабе ўявіць, як беларускі кіраўнік, нягледзячы на прыведзеныя вышэй меркаванні, пагодзіцца на такі крок, бо, як падаецца, гэта проста супярэчыць ягонаму менталітэту. Безумоўна, у гэтым выпадку небяспека будзе значна большай, паколькі нельга выключыць, што Крэмль яго раней ці пазней дацісне.

Хутчэй за ўсё ён і тады наўрад ці звернецца за дапамогай да апазіцыі – у такіх абставінах яна будзе здавацца яму яшчэ больш страшнай. Калі ж такі зварот усё ж з’явіцца, не застанецца нічога іншага, як пайсці на супрацоўніцтва. У якім выглядзе – пакуль што сказаць цяжка, але толькі пры адной прынцыповай умове: калі будзе відавочна, што гэта не чарговая гульня і што справа не скончыцца здрадай. Што, дарэчы, дакладна вызначыць таксама будзе вельмі складана.

Між іншым, тут знаходзіцца і адказ на другое пытанне, якое хвалюе зараз свядомую грамадскасць краіны: што лічыць прыярытэтам – дэмакратыю ці незалежнасць. Дык вось, ніякай супярэчнасці няма: абарона незалежнасці будзе адначасова і абаронай дэмакратыі, няхай апошняя зможа быць дасягнута толькі праз некаторы час. Бо, як сведчыць гісторыя, у тым ліку найсучаснейшая, Расія і дэмакратыя ёсць рэчы несумяшчальныя. А ў самастойнай Беларусі пры ўсіх сённяшніх вялізарных цяжкасцях шанец на дасягненне яе застанецца.

Метки