Новая сацыяльная аналiтыка. Перадумовы i магчымасцi (II)

У папярэдняй частцы гаворка ішла пра прынцыповую недастатковасць метадалагічных і паняццёвых сродкаў традыцыйнай сацыяльнай аналітыкі для комплекснага апісання і вытлумачэння найноўшай сацыяльнай рэчаіснасці. Цяпер гаворка мусіць пайсці пра агульныя перадумовы нашага аналізу актуальнай сітуацыі і некаторыя сродкі яе новага апісання ў святле выяўлення прынцыпова новых сацыяльных практыкаў.

Калі паглядзець на агульныя перадумовы звароту да аналіза сацыяльнага, што пануюць у наш час і збольшага пасуюць для разумення нашага рэгіёну, дык комплекс акалічнасцяў гэтай новай сітуацыі можа быць апісаны з дапамогай метафарычнага вызначэння “постпалітыка”. [1] Каротка гэты стан можна акрэсліць вызначэннем адсутнасці анталагічнага вымярэння палітыкі з адначасовым усведамленнем людзьмі гэтай адсутнасці, што спрычыняе ў іх досыць цынічнае стаўленне да цэлай сукупнасці сацыяльных практыкаў. “Страта палітычнага” тлумачыцца перадусім такой канфігурацыяй палітычнай структуры, калі заміж рэальнасці палітычнага змагання і ўласцівай ёй сацыяльнай дынамікі палітыка разгортваецца ў выглядзе спектакля, інсцэнаванага дзеяння, дзе кожныя высілкі палітычных актараў альбо ператвараюць апошніх у актораў з вызначынымі ролямі, альбо – ў пасіўных назіральнікаў. Гэта збольшага дазваляе патлумачыць сваеасаблівае “расчараванне” ў палітычным, якое ахоплівае шмат каго з паспалітых грамадзянаў.

Адноснасць і запраграмаванасць усялякага сацыяльнага дзеяння, ягоная спачатковая ўпісанасць у запланаваныя сцэнары разгортвання палітычнага жыцця змушае людзей адчуваць уласную бездапаможнасць як у сістэмах развітай заходняй медыякратыі, гэтак і ва ўсходнеэўрапейскіх медыйных аўтакратыях. Першыя былі апісаныя яшчэ у 60-70-я гг. мінулага стагоддзя гэткімі тэарэтыкамі новай левіцы як Гі Дэбор і Ж. Бадрыяр і на сёння ствараюць значную пагрозу канчатковага вычарпання палітычнага ў многіх краінах Захаду. Там пазіцыя ўлады задаецца функцыянаваннем безасабовых палітычных структураў, якія праз сістэму знешняй ратацыі ўладных элітаў ствараюць выгляд нармальнага існавання палітычнага поля, хаця і не дазваляюць істотных зменаў апошняга, што цалкам укладаецца ў фукіянскую схему аналізу ўлады. [2] Але ў нашым рэгіёне варта займацца аналізам іншай формы арганізацыі палітычнага, якая мае пэўныя рысы традыцыйнай аўтакратыі, але сваё існаванне абапірае ў тым ліку на сістэму новых медыя і новых тэхналогіяў маніпулявання свядомасцю. Прынцыповае адрозненне гэтых медыйных аўтакратыяў ад сваіх традыцыйных формаў палягае ў тым, што кананічны прымус і гвалт як аснова існавання такіх рэжымаў аздабляецца яшчэ моцнай медыйнай прапагандай, якая імкнецца сцвердзіць усепранікальнасць і абсалютнасць улады рэжыму (таксама праз стварэнне адмысловых гатункаў постідэалагічных прадуктаў для замацавання і кантроля над структурай) і немагчымасць ніякага арганізаванага супрацьдзеяння яму на сістэмным узроўні. Апошняе падкрэсліваецца навочнай маргіналізацыяй усялякай альтэрнатывы існай канфігурацыі палітычнага (асабліва – палітычных апанентаў), а галоўнае – практыкай свядомага “скажэння імёнаў” праз дзяржаўныя і калядзяржаўныя медыя, калі такія паняцці як “дэмакратыя”, “правы чалавека”, “сацыяльны кантракт” і г.д. губляюць сваё спачатковае значэнне і пачынаюць ужывацца ў самым шырокім кантэксце, які дазваляе нават аўтакратычны рэжым фармальна называць дэмакратыяй.

Той Ressentiment, які авалодвае людзьмі, не дазваляе ім у гэтых акалічнасцях масава звяртацца да звыклых практыкаў узнаўлення палітычнага жыцця: удзел у палітычных партыях і арганізацыях не дае ніякім чынам уплываць на грамадскія працэсы, але з’яўляецца дадатковай крыніцай пагрозы для дабрабыту чалавека; удзел у выбарах і іншых арганізаваных формах палітычнага жыцця пакідае адчуванне парожнасці ўсіх высілкаў і ўцягнутасці ў разгортванне чужога палітычнага спектакля; страйкі, мітынгі, масавыя дэманстрацыі робяцца таксама сумнеўнымі, па-першае, праз механізмы рэпрэсіяў, а, па-другое, праз брак салідарнасці, які не дазваляе аднаму чалавеку верыць у падтрымку ягоных дзеянняў іншымі людзьмі, нават яго аднадумцамі. Гэта ёсць свядомым выцісканнем грамадзянаў з сферы публічнага ў сферу прыватнага як адзінага легітымнага прасцяга існавання чалавека, што, праўда, з’яўляецца тыпалагічнай уласцівасцю ўсіх аўтакратыяў водле паліталагічнай навукі. Пры гэтым у адрозненні ад развітых форм медыякратыі медыйныя аўтакратыі пакідаюць заўважнаю сваю дзейнасць па перафарматаванні палітычнага ў гатунак грамадскага спектакля праз “дэфекты машыны”: зломы сістэмы гвалту, сацыяльнага прымусу і постідэалагічнага маніпулявання свядомасцю альбо іхныя эксцэсы праяўлення. Менавіта праз з’яўленне новай і дасюль кепска адрэфлексаванай палітычнай рэчаіснасці, як можна меркаваць, старая сацыяльная аналітыка, якая паўстае з раннемадэрнай формы сацыяльна-палітычнай навукі ці крытычнага дыскурсу аб грамадстве, застаецца зачаста нерыхтоўнай да апісання найноўшага сацыяльнага плана альбо дае адно недастатковыя мадэлі яго апісання.

Яшчэ адной важнай праявай змянення звыклай карціны сацыяльнай рэальнасці робіцца працэс “масавізацыі” сацыяльнага. Першыя прыкметы гэтага трэнду былі заўважныя яшчэ на пачатку ХХ ст., пра што былі напісаныя класічныя працы па сацыялогіі і псіхалогіі масаў, якія належаць такім аўтарам як З. Фройд, Г. Лебон, Э. Канэцці. Яны адцемілі істотную рысу новага грамадскага парадку, калі на месца індывідаў і індывідуальных дзеянняў прыходзяць сацыяльныя агрэгаты: натоўпы, класы, народныя масы – якія кардынальна змяняюць спосабы тыповага светаўспрымання і паводзіны людзей, што ўваходзяць у іх склад, і робіць іх лягчэйшымі для маніпулявання і кіравання. Гэты эфект масаў быў трапна залучаны ў палітычную практыку дзейнымі палітычнымі рэжымамі, якія дасягалі за кошт ператварэння індывідуалістычнага парадку сацыяльнага ў калектыўны значнага падвышэння эфектыўнасці сістэмаў кіравання, планавання, вытворчасці і спажывання. Прычым у аднолькавай ступені гэта было прыдатным як для сістэмаў таталітарна-аўтарытарнага, гэтак і ліберальна-дэмакратычнага кшталту, хіба што толькі ў рознай ступені вызначанасці. Гэта прывяло да таго, што ўжо ў 70-я гг. мінулага стагоддзя Ж. Бадрыяр паставіў дыягназ канчатковай страты грамадскага на карысць панаванню “цьмяных масаў” ў кантэксце палітычнай культуры ліберальна-дэмакратычнай Францыі. Хаця ягоную канстатацыю і можна лічыць інтэлектуальным перабольшваннем, тым не менш, ён адзначае вельмі істотны і пагражальны працэс: грамадскае цэлае ўсё ў большай ступені падначальваецца “эфекту масы” і робіцца непрыдатным для класічнага сацыялагічнага аналізу. Розныя замеры “грамадскай думкі” ці спробы аналізаў размеркавання грамадскіх інтарэсаў, на ягоную думку, цяпер фіксуюць хутчэй наяўнасць сваеасаблівай “чорнай дзіры” ў сацыяльным: агульны стан аморфнасці думкі і стэрэатыповасці паводзінаў грамадзян, арыентаваных хутчэй на запыты і патрэбы сістэмы спажывання і забаўлення, а не на якісьці актыўны ўдзел у сацыяльным жыцці. Гэты стан таксама можа актыўна падтрымлівацца сістэмай улады праз ужыванне новых медыйных тэхналогіяў маніпулявання свядомасцю: для лепшага кіравання масамі ствараецца паранаідальная карціна свету, перанасычаная постідэалагічнымі вобразамі.

Як ужо адзначалася, шмат у чым падобны эфект масаў спароджаны развіццём палітычнай культуры мадэрных формаў дзяржаўнасці, якія дасягалі праз амасаўленне грамадскасці мэты большай эфектыўнасці рэгулявання і размеркавання.Але цяпер сацыяльная аналітыка змушаная вызначаць і не ігнараваць наяўнасць масавых эфектаў у сучаснай палітыцы. Масы могуць заставацца адначасова досыць інэртнымі і пасіўнымі ў палітычным плане, досыць проста маніпуляванымі з дапамогай розных СМІ і іншых каналаў дзяржаўнай і недзяржаўнай прапаганды, але пры гэтым дэманстраваць “выбухі актыўнасці” – спантанныя, зачаста ірацыянальныя ўварванні ў палітычнае поле з высокім працэнтам мабілізацыі пратэстных груп і пандэмічным характарам распаўсюджання масавых настрояў і ўзрушэнняў (што для мадэрнай палітыкі застаецца безумоўным скандалам, бо нават рэвалюцыі тая разглядае як вынік пэўных рацыянальных супярэчнасцяў). Гэта можна часткова патлумачыць тым, што пэўная непрадказальнасць і нестабільнасць масаў ёсць паўзбочным эфектам іхнай высокай кантраляванасці і маніпуляванасці. Як і кожнае нестабільнае рэчыва, пры пэўных умовах масы могуць спараджаць выбухі пры досыць нязначных на першы погляд зачэпках, узрушэннях палітычнага поля. Гэта не значыць, праўда, што знікаюць іншыя, класічныя суб’екты палітычнага дзеяння, з якімі звыклася мець справу паліталагічная ці сацыялагічная навукі, кшталту, партыйных лідараў ці грамадскіх актывістаў, дзяржаўных чыноўнікаў ці палітыкаў рэгіянальнага або міжнароднага ўзроўню, але бясспрэчна тое, што з дапамогай аналіза толькі іх дзеянняў ужо немагчыма скласці поўную карціну сацыяльных пераўтварэнняў як тое рабілася ў раннемадэрную эпоху: масы і новыя супольнасці патрабуюць уласнага пільнага разгляду.

Цяпер пасля разгляду анталагічных, ці падставовых, умоваў звароту да сацыяльнага сёння можна паставіць пытанне пра тое, якімі новымі сродкамі можа карыстацца сацыяльная аналітыка для таго, каб ажыццяўляць якасныя разборы найноўшых палітычных сітуацыяў у паасобных краінах, на рэгіянальным альбо міжнародным узроўнях. Найперш на пярэдні план выходзіць адзін з найбольш эфектыўных сродкаў новай аналітыкі, ужо параўнальна даўно ў яе інтэграваны высілкамі такіх інтэлектуалаў як Ж.-Ф. Ліятар, Ж. Бадрыяр, Э. Лаклаў, Ш. Муф, К. Кастарыядыс, Ю. Габэрмас, Н. Фэркло, Р. Водак і інш., хаця і дасюль нязначна выкарыстоўваемы: дыскурс-аналіз, альбо аналітыка спосабаў палітычнага выказвання (называння і саманазывання), моўнага перфарматыву, які ажыццяўляецца тымі ці іншымі палітычнымі сіламі на дыскурсіўным узроўні. Гэта мае на ўвазе выкарыстанне цэлага шэрагу герменеўтычных і структурна-лінгвістычных прыёмаў і практыкаў, а таксама наўпроставых тэхнік дыскурсіўнага аналізу для вызначэння, ідэнтыфікацыі і змястоўнага разбору тых формаў палітычнага прамаўлення і спосабаў моўнага самаапісання і апісання канкуруючых груп, што ствараюць пэўныя палітычныя актары, звычайна на ўзроўні супольнасцяў. Гэтыя дэкларацыі можна пабачыць, напрыклад, як слоганы і элементы навочнай агітацыі пры мітынгах і маніфестацыях, як маніфесты і петыцыі, што складаюцца ад імя пэўных, зачаста кепска акрэсленых супольнасцяў і групаў, як саманазвы і эпітэты, што надаюцца прадстаўнікам пэўнага палітычнага руху і саюзным/партнэрскім сілам, і, наадварот, назвы і эпітэты, што выкарыстоўваюцца для азначэння палітычных канкурэнтаў, а таксама, безумоўна, навочныя формы рэпрэзентацыі такіх палітычных структураў – тэксты-канцэпцыі, інтэрвію з асобнымі прадстаўнікамі, выказванні ў публічных сетках ад імя самой структуры. Гэты кшталт сацыяльнага апісання, па-першае, дазваляе ствараць больш падрабязны, змястоўны і менш ангажаваны партрэт той альбо іншай палітычнай сілы, чымся звядзенне яе да нейкай тыпалагічнай і звыклай з’явы сацыяльна-палітычнага поля: левыя, правыя, нацыяналістыя, фашыстыя, камуністыя, анархістыя, нудыстыя і г.д. Па-другое, ён збольшага дазваляе выключаць розныя спекуляцыі і ажытацыі наконт прыроды таго альбо іншага руху ці супольнасці, як, да прыкладу, у выпадку ўкраінскага “Правага сектару” альбо таго ж беларускага «Правага альянсу». Гэта, праўда, можа ўскладняць карціну сацыяльнай рэальнасці, якую спрашчае і робіць больш прадказальнай тыпалагізацыя палітычных суб’ектаў, прынятая ў паліталогіі ці сацыялогіі, але відавочна стварае куды больш набліжаны да рэчаіснасці яе сацыяльны партрэт.

Водле папярэдніх назіранняў, у дзейнасці шмат якіх палітычных структураў ці паасобных актараў можна заўважыць перадусім дзьве асноўныя тэндэнцыі развіцця палітычнага: 1) павяртанне да “прамога” выказвання і дзеяння і “простых” варыянтаў вызначэння сацыяльна-палітычных каштоўнасцяў і 2) зварот да постідэалагічных формаў светапогляду ў абліччы “новых міфалогіяў”. На кожнай з азначаных з’яваў варта спыніцца асобна.

Як ужо даводзілася раней, постпалітыка дзейнічае на сістэмным узроўні як свядомае скажэнне сэнсу асобных катэгорыяў, палітычных каштоўнасцяў і ідэалаў, а таксама як размыванне каардынатаў для дзейнасці ў палітычным полі. Сэнс паняццяў, якія вызначаюць палітычныя прынцыпы і ідэалы, скажаецца такім чынам, каб іх зыходнае значэнне было рэлятывізаванае: губляла якую-хаця семантычную тоеснасць і магло быць зразуметым у залежнасці ад прыхільнасцяў і жаданняў хаця-якой палітычнай групы. Гэта відавочна адбываецца з выкарыстаннем шэрагу такіх паняццяў як, прыкладам, “дэмакратыя”, “правы чалавека” альбо з такой паліталагічнай катэгорыяй як “фашызм”. Бадай няма такой палітычнай сілы, якая б сёння не ўжывала гэтыя паняцці ў значэнні, набліжаным да ўласных перакананняў, і не абвяшчала б свае погляды “дэмакратычнымі”, а адваротныя – “фашысцкімі”. У такой логіцы крывога люстэрка губляецца ўсялякая ідэнтычнасць палітычнага выказвання (розныя палітычныя супольнасці прамаўляюць падобным чынам), і застаецца голае маніпуляванне ідэалагічна нагружанымі словамі з абвінаваўчым ухілам. Гэткаю непераборлівасцю палітычнага дыскурса ўмацоўваецца палітычны спектакль, у якім магчымасці якога-хаця крытычнага выказвання ці дзеяння рэпрэсуюцца моўным цынізмам і парушэннем трывалых каардынатаў для дзеяння: на месца ўпэўненасці і перакананасці ў правільнасці апошняга прыходзіць каштоўнасны нігілізм.

На тле падобнай тэдэнцыі, як пошук альтэрнатыўнай стратэгіі дзейнасці і выказвання, пачынае распаўсюджвацца практыка павяртання да “зыходнага” сэнсу палітычных імёнаў і адраджэння асноўных палітычных каштоўнасцяў у іхнай спачатковай “самавідавочнасці”. Зразумела, што такое павяртанне не можа заставацца наіўным і непасрэдным перавызначэннем скарумпаванага сэнсу словаў, але базуецца на непрыняцці дыскурсіўнага рэлятывізму і нігілізму, і таму схільнае хутчэй да логікі моўнага канструктывізму. Напрыклад, насуперак дзейнай практыцы і рыторыцы пра непахісную легітымнасць улады і магчымасць адно легальных механізмаў яе мадыфікацыі цяпер можна пабачыць адраджэнне навачаснага ліберальна-рэвалюцыйнага дыскурса пра права народа на паўстанне ў выпадку парушэння ягоных базавых правоў і свабодаў. Гэты дыскурс, які з’яўляецца ў тэарэтычнай форме яшчэ ў разважаннях Т. Гобса, Дж. Лока і Ш. Мантэск’ё, а пасля набывае практычнае вымярэнне ў пострэвалюцыйных канстытуцыях Францыі і ЗША, сёння пачынае разглядацца як базавы інструмент для павяртання палітычнага поля ў бок непахіснасці (абсалютнасці) каштоўнасцяў свабоды і права (таго, што можа звярнуць нерэлятыўную сістэму палітычных каардынатаў). Гэта толькі паасобны прыклад таго, як дыскурсіўная няпэўнасць і ідэалагічная нявызначанасць зноў змяняюцца логікай “прамога“ пратэсту і дзеяння. Заміж бясконцых дыскусіяў наконт правамоцнасці нейкай палітычнай сілы выказваць, напрыклад, свае лозунгі сацыяльнай роўнасці альбо справядлівасці ўсталёўваецца практыка замацавання новых дыскурсіўных цэнтраў, для якіх сацыяльная справядлівасць тут і цяпер зводзіцца да выканання наступнага спісу патрабаванняў (спіс звычайна прыкладаецца), а тыя сілы, якія гэтаму супрацьдзейнічаюць, абвяшчаюцца рэакцыйнымі. Гэта надае сацыяльнаму дзеянню неабходную яму сістэму пэўных каардынат, што стымулюе асобных удзельнікаў палітычнага поля да інтэнсіўнай сацыяльнай мабільнасці і дынамікі.

Калі постмадэрнізм у палітыцы прыводзіў да павелічэння колькасці альтэрнатыўных выказванняў і нявызначанасці пазіцыяў тых, хто прамаўляе, дык падобны рэнесанс палітыкі “пэўнага” выказвання прыводзіць да стварэння новых цэнтраў сацыяльнай напружанасці. Моўны канструктывізм відавочны ў гэтым выпадку, паколькі палітычныя сілы, што прыходзяць да стратэгіі і тактыкі прамога дзеяння, свядома расчышчаюць рэлятыўную сістэму каардынат і няпэўную множнасць выказванняў і на іх месца прапануюць свядома абраныя спосабы вызначэння сэнсу палітычных катэгорыяў, перафармулёўку класічных палітычных каштоўнасцяў і “простыя” формы ўварвання ў палітыку, кшталту “народнай дэмакратыі”. Безумоўна, збольшага падобнае “павяртанне сэнсу” ў палітыку можа адбывацца праз дагматызацыю і замацаванне неаліберальных альбо леварадыкальных палітычных слоганаў і каштоўнасцяў, але часам можна назіраць досыць сінкрэтычныя і нават ультрамадэрныя мадэлі канструявання палітычнага дыскурса і дзеянняў на ягонай аснове. Дарэчы такая практыка “прамога” выказвання можа знаходзіць сваё вымярэнне таксама і праз мастацкія формы (для параўнання можна звярнуць увагу на апошнія альбомы беларускага гурта “Ляпіс Трубяцкі”). Для новай сацыяльнай аналітыкі прынцыповай нагодай выкарыстання яе метадалогіі даследавання з’яўляецца неабходнасць вылучэння і інтэрпрэтацыі падобных пунктаў прырашчэння сэнсу: дыскурсіўных аснаванняў для замацавання новай сістэмы каштоўнасцяў, перакананняў, і ўсталявання сістэмы каардынат палітычнае дзейнасці. Гэта неабходна для разумення “кагнітыўнага” вымярэння палітыкі: таго, што можа ствараць аснову для новага супрацьстаяння ідэалогіяў і постідэалогіяў у найноўшым палітычным свеце, таго, што непасрэдна адбіваецца на інтэнсіўнасці мабілізацыі непасрэдных удзельнікаў сацыяльна-палітычных працэсаў.

Іншым стратэгічным вымярэннем стварэння найноўшага палітычнага дыскурсу з’яўляюцца шматлікія постідэалагічныя практыкі (таксама, магчыма, як “ідэалогіі другога пакалення”), якія замацоўваюць кагнітыўны фармат “новай міфалогіі”, што да арганізацыі прасторы сацыяльнага дзеяння. Гэты фармат адрозніваецца ад папярэдняга перадусім тым, што новая міфалогія як нашчадак старой ідэалогіі не імкнецца да ўсталявання пэўнай рацыянальнай сістэмы каштоўнасцяў, вызначэння свайго канцэптуальнага строя і арганізацыі дзейнасці на згаданай аснове, але выбудоўвае такую мадэль разумення свету, якая збольшага грунтуецца на міфалагічных пачатках. Апошняе мае на ўвазе выкарыстанне такіх структураў азначвання, якія выбудоўваюць відавочныя апазіцыі “сваё-чужое”, “святло-цемра”, “праўда-хлусня”, базуюцца на збольшага эмацыйна-ірацыянальных міфах гістарычнага, сацыяльна-псіхалагічнага і іншага кшталту, спараджаюць замкнёную логіку функцыянавання дыскурса, якая ніяк не рэагуе на вонкавую крытыку альбо контр-прыклады. У сваю чаргу, у адрозненні ад старых ідэалогіяў новыя міфалогіі як постідэалогіі вызначаюцца пераважна сваім сінкрэтычным характарам, то бок магчымасцю паяднання ў сваех межах кампанентаў сталых ідэалогіяў самага рознага спектру (напрыклад, нацыянал-бальшавізму з неакансерватызмам і традыцыяналізмам) і далучэння да іх розных элементаў каштоўнасцяў, паняццяў з агульнай постпалітычнай адсутнасцю сэнсавай глыбіні і герменеўтычным нігілізмам. Старыя ж ідэалогіі збольшага грунтаваліся на пэўнай псэўда-навуковай тэорыі (напрыклад, расавай дасканаласці, нябачнай рукі рынка альбо класавай барацьбы), якая павінна была абгрунтаваць пераканаўчасць і адзіную слушнасць гэтай ідэалогіі, змяшчаючы ірацыянальныя элементы сацыяльнай псіхапаталогіі (нянавісць да жыдоў, пагарду да сацыяльных лузераў альбо пераслед ворагаў народа) як працяг тэарэтычна абгрунтаванай пазіцыі.

Таксама новыя міфалогіі дазваляюць ствараць на сваёй аснове кангламераты базавых міфаў, якія спалучаюцца паміж сабой і дазваляюць дапасоўваць сябе да самых розных палітычных сітуацыяў. Калі ў якасьці прыкладу зноў звярнуцца да аналізу ўкраінскіх падзеяў, дык можна ў прыватнасці пабачыць стварэнне кангламерату з такіх дзвюх базавых новых міфалогіяў, пашыраных пераважна ў рускамоўным палітычным асяроддзі, як “Гейропа” і “Бандэраўцы” (гэта, праўда, не адмаўляе магчымасці далучэння да іх яшчэ іншых міфалагем). Першы міф грунтуецца на атаесамленні нутраной і вонкавай палітыкі краінаў Эўрапейскага звязу з паасобнай паспяховай тэндэнцыяй барацьбы за правы сэксуальных меншасцяў у іх як падмена традыцыйнай ідэі Эўропы сымулякрам Эўропы “нетрадыцыйных каштоўнасцяў”, стварэння вобразу “талерасцкай Эўропы”. Гэты міф дазваляе функцыянаваць рэгіянальным аўтарытарна-дзяржаўным і глебава-патрыятычным мадэлям ідэнтычнасці як зберагальнікам традыцыйных, аўтахтонных каштоўнасцяў і самабытнага ладу жыцця і мыслення (у тым ліку палітычнага). Другі міф свядома скажае ўзровень прысутнасці ў палітычнай сферы Ўкраіны ўльтра-нацыяналістычнага складніку і дэманізуе “фашыстоўскі” вобраз дзеячоў нацыянальна-вызвольнага руху Ўкраіны пачатку і сярэдзіны ХХ ст., зводзячы тым самым усе праявы нацыянальнай ідэнтычнасці ўсходнеславянскіх народаў да стыгматызаванай мадэлі насуперак адзіна магчымай вялікарускай ідэнтычнасці. Гэта адбываецца з татальным ігнараваннем гістарычнай канкрэтыкі, выкарыстаннем скажонай карціны падачы фактаў і нават няўважлівасцю да сэнсу іменаў: паралельна носьбітамі гэтай міфалогіі выкарыстоўваюцца назвы “бандэраўцы”, “бендэраўцы”, “біндэраўцы”, што ўказвае на ігнараванне зыходных фактаў паўстання самога феномена (гэта ўвогуле для міфалогіі няістотна). Сімбіёз гэтых дзвюх міфалогіяў адпаведна спараджае кумулятыўны эфект маніпулявання свядомасцю паасобных грамадзян ці супольнасцяў, ствараючы біпалярную мадэль сусвету (мы – яны, рускія славяне – чужынскія эўрапейцы, мясцовы нацыяналізм як фашызм – вялікарускі нацыяналізм як цэнтр славянскай ідэнтычнасці, імперыя дабра – імперыя ліха, і г.д.). Таксама праз новыя міфалогіі ажыццяўляюцца заклікі да татальнага прыняцця прапанаванай мадэлі свету і поўнай дыфамацыі альтэрнатыўных мадэляў, спараджаючы эфект сацыяльнай гістэрыі і эскалацыі этнічных, рэлігійных, культурна-ментальных пачуццяў. Гэта толькі паасобны прыклад утварэння кангламерату з міфаў і ўласцівыя яны зусім не толькі ўсходнеэўрапейскаму рэгіёну (прыгадайма, напрыклад, вядомую амерыканскую міфалагему наконт існавання г.зв. “асявіны ліха”, спалучаную з міфалогіяй дэманічнага Талібана). Хаця менавіта ў нашым выпадку відавочна назіраецца ператварэнне тыповых абыйвацельскіх міфалогіяў у кшталт масавай медыятэхналогіі, скіраванай на глабальныя маніпуляванне свядомасцю і перафарматаванне палітычнага полю.

Для новых міфалогіяў уласцівая гераізацыя іх космасу са стварэннем палярнага вобразу пачвары, сусветнага ліха, барацьба з якім з’яўляецца свяшчэнным доўгам і абавязкам для носьбітам гэтых постідэалогіяў. У нечым водле свайго духа новыя міфалогіі нагадваюць экзальтаваныя версіі радыкальна-рэлігійнага светаўспрымання з джыхадамі / крыжовымі паходамі супраць няверных, завочным непрыняццем ерэтычных поглядаў апанентаў, іхнай дэманізацыяй. У гэтым сэнсе постідэалогіі у нечым могуць разглядацца як ментальнае павяртанне ад мадэрнай да сярэднявечнай сістэмы светабачання, дзе новыя ідэалогіі набываюць ролю агрэсіўных секулярных рэлігіяў. Гэта дазваляе збольшага патлумачыць іх высокі сацыяльна-мабілізацыйны патэнцыял і распаўсюджанне на хвалях штучна створанай грамадскай гістэрыі як чын веры і безумоўнага прыняцця. Постідэалогіі збольшага супрацьстаяць стратэгіям “прамога” дзеяння і “аднаўлення” сэнсу палітычных катэгорыяў і каштоўнасцяў, паколькі самі выкарыстоўваюць рэсурсы постпалітычнай арганізацыі сацыяльнага поля і адхіляюць рацыянальны сацыяльны канструктывізм. Новая сацыяльная аналітыка, у сваю чаргу, мае даць рады апісанню і сістэматызацыі падобных постідэалогіяў (новых міфалогіяў), паказваючы асноўныя механізмы працэсаў іхнае агрэгацыі (стварэння кангламератаў) і функцыянавання на ўзроўні масавай свядомасці.Гэта таксама робіцца магчымым праз шырокае выкарыстанне спосабаў дыскурсіўнага аналізу і герменеўтычных працэдураў.

Такім чынам, перагляд нашай стратэгіі сацыяльнай аналітыкі прадугледжвае перадусім адмову ад універсалісцкага падыходу да сацыяльнай рэчаіснасці і зварот да тых перадумоваў, што вызначаюць яе актуальны стан і трапна апісваюцца ў межах феномена постпалітыкі. Апошняе таксама мае на ўвазе перагляд ролі масаў у найноўшым палітычным жыцці і руплівае стаўленне да ўласцівай ім сацыяльнай дынамікі. Першым перспектыўным кампанентам новай аналітыкі ў такім разе стаецца метадалогія дыскурсіўнага аналіза, якая дазваляе дбайным чынам падыходзіць да інтэрпрэтацыі і апісання самых розных сацыяльных з’яваў, выводзячы іх за межы тыпалагізаваных вызначэнняў і стэрэатыповых прачытанняў. Апрача таго, дыскурсіўнымі сродкамі магчыма даць рады аналізу такіх прынцыповых феноменаў актуальнага сацыяльна-палітычнага поля як стратэгіі “прамога” дзеяння ў вызначэнні палітычных каштоўнасцяў і ідэалаў, прадукаваныя насуперак постпалітычнай практыцы “скажэння імёнаў”, а таксама “новыя міфалогіі” як постідэалагічныя канструкты, што выконваюць зараз ролю сродкаў маніпулявання свядомасцю і падвышэння мабільнасці масаў, і ў параўнанні са старымі ідэалогіямі вызначаюцца збольшага сінкрэтычным, сінтэтычным ды ірацыянальным характарам. Пры гэтым, аднак, застаюцца нявызначынымі іншыя магчымасці абнаўлення метадалогіі і мовы сацыяльнага аналізу, акрэсліць якія мы паспрабуем надалей.

-----

[1] Пра што мне ўжо даводзілася пісаць, напрыклад, тут: Постполитика по-белорусски: к учреждению смысла в политике.

[2] У сваёй вядомай працы “Наглядаць і караць: нараджэнне вязніцы” (1975) французскі культуролаг і філосаф М. Фуко апісвае новую канфігурацыю ўлады, якая вызначаецца, між іншым, ананімнасцю яе прадстаўнікоў (безаблічнасць бюракратыі), усепаднагляднасцю дзеянняў індывіда, дысціплінарным ладам жыцця ад школы да працы і ўсепранікальнасцю ўладных стасункаў у жыццё чалавека.