Сродкі традыцыйнай сацыяльнай аналітыкі выяўляюцца сёння недастатковымі для вычарпальнага патлумачэння найноўшых сацыяльных падзей і дэманструюць рыгіднасць і частковую непрыдатнасць сваёй метадалогіі і мовы для апісання і вылучэння дзейсных прагнозаў грамадскага развіцця. Найважкая задача цяпер не проста падвесці пад крытыку старыя ўяўленні пра сацыяльнае і магчымасць ягонай аналітыкі, але запрапанаваць альтэрнатыўныя спосабы сацыяльнага аналізу, якія б здымалі большасць традыцыйных праблемаў і мелі лепшую прадказальную моц праз выкарыстанне новых метадалагічных і моўных сродкаў.

Апошнія гады тэктанічных забурэнняў і зрухаў сацыяльнага поля ўтвараюць для сацыяльных аналітыкаў значную праблему недахопу мовы і метадалагічных сродкаў для асэнсавання і інтэрпрэтацыі таго, што адбываецца. Дакладней, недахоп гэты робіцца заўважным толькі тады, калі самі аналітыкі ці іх уважлівыя чытачы пачынаюць рэфлексаваць над недарэчнасцю ці абмежаванасцю тых вызначэнняў і механізмаў аналітычнага апісання, якія выкарыстоўваюцца журналістамі, экспертамі-сацыёлагамі ці палітолагамі альбо вольнымі інтэлектуаламі, што бяруцца за працу даць сітуацыі пэўны аналіз. А тых сітуацыяў нават зашмат: гэта і прайшоўшая хваля «арабскіх рэвалюцыяў» і новыя масавыя зварушэнні ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне, кшталту топ-падзеі апошняга часу — ўкраінскага Эўрамайдану. Тое, што аналітыцы бракуе мовы і сродкаў адэкватнага апісання, бачна з таго, што яна дасюль выкарыстоўвае раннемадэрныя паняткі, якія даюць адноснае і скажонае ўяўленне пра новую сацыяльную рэальнасць: да прыкладу, клас, палітычныя партыі і арганізацыі, грамадства і грамадскія групы, ідэалогіі і г. д.

Асабліва на гэта пакутуе «левая крытыка» [1], хаця, трэба аддаць ёй належнае, яна найбольш схільная выкарыстоўваць інструменты сацыяльнай крытычнай аналітыкі для апісання падзей. Сучасныя ўсходнеэўрапейскія левыя інтэлектуалы (перадусім у Беларусі, Расеі і Ўкраіне), якія знаходзяцца ў першых шэрагах назіральнікаў сацыяльных зварушэнняў, як падаецца, толькі зараз пачалі перажываць той перыяд, які іх заходнеэўрапейскія калегі прайшлі яшчэ ў 60-70-я гг. мінулага стагоддзя: з памкненнем вярнуцца назад да сапраўднага Маркса (без ягоных дыялектыка-матэрыялістычных рэвізій), нанова ўзняць рэй класавага падыхода і пераасэнсаваць умовы «слушнай» сацыяльнай рэвалюцыі з нагоды узрастання ідэялагічнага супрацьстаяння з неалібералізмам. Гэтая ўстаноўка, праўда, зачаста прыводзіць іх у стан разгубленасці перад «няправільнасцю» сацыяльных трансфармацый, неадпаведных класічнай схеме марксавай інтэрпрэтацыі, і схіляе да татальнай крытыкі ўсялякіх палітычных захадаў грамадзянаў — як тых, хто кепска разумее свае класавыя інтарэсы, мае недасфармаваную класавую свядомасць і аморфны сацыяльны склад, што дазваляе капіталістым і іншым прыгнятальнікам удала маніпуляваць іхнымі думкамі і ўчынкамі.

Пры гэтым заўзятары левай крытыкі грамадства схільныя ў пераважнай большасці забывацца на ўсю штучнасць марксісцкай метадалогіі і ідэальна-тыповасць яе паняткаў, вылучаных з назіранняў над сацыяльнай рэчаіснасцю паўтарастагадовай даўніны. Так, паняцце класа, якое К. Маркс бярэ ў палітэканамістаў А. Сміта і Д. Рыкарда, ад самога пачатку з’яўлялася ідэалізаваным канструктам, дарэчы прынятым па аналогіі з біялагічнымі сістэмамі. Яно ўводзіла штучны падзел у грамадскае цэлае на базе шэрагу эканамічных параметраў, кшталту ўзроўня даходаў ці валодання маёмасцю, і прапаноўвала чорна-белую сацыяльную оптыку, у якую нават тады кепска ўпісваліся асобныя катэгорыі грамадзянаў і некаторыя сацыяльныя групы. Выкарыстанне гэтай катэгорыі ў сацыялогіі да гэтага часу нельга патлумачыць чымсьці іншым як наўпростым недахопам сацыяльнага выабражэння, што не здатнае прапанаваць іншых катэгорыяў аналізу на месца размаітага паняцця класа. Уся адноснасць ягонага ўжывання сёння ўпісваецца ў класічную схему парадоксаў пры вызначэнні паняткаў, што дэманстравала яшчэ антычная мэгарская школа філасофіі: з якой колькасці камянёў пачынаецца груда альбо пасля якога страчанага воласа чалавек робіцца лысым? Гэта найлепш бачна, напрыклад, на спробе вызначэння такога добравядомага панятку як сярэдні клас, у які сябе, дарэчы, схільныя запісваць шмат якія катэгорыі беларускіх грамадзянаў (без аніякага на тое сацыялагічнага аснавання, але з несумнеўнае верай): з якога ўзроўня дабрабыту, адукацыі і г. д. пачынаецца і сканчваецца прыналежнасць да сярэдняга класа? Левыя працягваюць разважаць пра сацыяльнае ў межах дыхатаміі класаў «капіталісты-пралетарыят», не жадаючы заўважаць тое, што і месца дыслакацыі капіталу змянілася і роля пралетарыяў з часоў Маркса значна прасела. Сучасныя постіндустрыяльныя грамадствы даўно скарацілі колькасць гэтай калісьці мажарытарнай сацыяльнай групы і значна сказілі яе сацыяльны складнік. Офісныя працаўнікі альбо праграмісты — гэта цяпер пралетарыят альбо не? А апошніх ужо з кожным годам пабольшае ў адрозненні ад кананічных пралетараў з малатком і кувадлай. Калі Ленін напачатку мінулага стагоддзя мог заносіць інтэлігенцыю ў нейкую нявызначаную праслойку з неапетытным пахам, дык сённяшнім левым даводзіцца рабіць сацыяльны пірог наўпрост прасякнутым падобнымі праслойкамі і недакласамі.

Немагчымасць змястоўнага выкарыстання паняцця класа сёння найлепш ілюструецца недарэчнасцю выкарыстання вытворных ад яго катэгорыяў: класавая свядомасць, класавыя інтарэсы і г. д. Калі нават з вялікай доляй сацыялагічнага дапушчэння змагчы разам упісаць частку «новых працоўных» у пракруставы ложак паняцця пралетарыята, застаецца цалкам незразумелым, дзе там магчыма адшукаць класавае адзінства, класавы інтарэс ці класавую свядомасць на ўзроўні троху большым, чым мы за мір ва ўсім свеце, ці ганьба багатым і больш спажывання бедным! Недарэчнасць старых паняццёвых і метадалаічных сродкаў, аднак, не нагода, каб зусім адмовіцца ад «левай» аналітыкі, але найперш выклік і патрэба шукаць новыя і дзейсныя сродкі ажыццяўлення сацыяльнага аналізу, што часткова ўжо, дарэчы, зрабілі заходнія калегі нашых левых. Хаця, зрэшты, пакідаю магчымасць адмовіцца ад радыкальных высноваў наконт бясплённасці класічнай левай крытычнай метадалогіі ў выпадку, калі будуць прадэманстраваныя выразныя ўзоры класавага аналізу найноўшых сацыяльна-палітычных працэсаў, якія б давалі ім добрае вытлумачэнне.

Разважанні наконт ідэялогіяў розных сацыяльных групаў таксама сустракаюцца з недарэчнасцю дастасавання гэтага паняцця ў нашыя дні. Попыт на ідэалогіі як гэткія вельмі знізіўся за апошнія дзесяцігоддзі: большасць ставіцца да іх альбо прагматычна-цынічна, альбо спрабуе трымацца на адлегласці. Гэта адбываецца збольшага таму, што ідэалогія як рацыянальна збудаваны прадукт, што мае нутраную логіку, набор матыватараў і дэматыватараў, пэўны мабілізацыйны патэнцыял на ўзроўні свядомага самаўзнаўлення застаецца ў грамадзе, па-першае, скарумпаванай яе ранейшым залішнім выкарыстаннем у ХХ ст. (як сродка ажыццяўлення ідэялагічных войнаў), а па-другое, відавочна саступае ў канкурэнтнай барацьбе новаму тыпу свядомасці масаў, пра які яшчэ пойдзе гаворка далей. Зрэшты покрыш глабальных ідэалогіяў апісаны і зафіксаваны яшчэ ў 60-70-я гг. мінулага стагоддзя такімі аўтарамі як Ж.-Ф. Ліятар (недавер да вялікіх апавяданняў як прыкмета пастмадэрну) або Ф. Фукуяма (з яго ідэяй канца гісторыі і панавання апошняй ідэалогіі лібералізму). З гэтых прычынаў заўзятараў пэўных ідэалогіяў у чыстым выглядзе адшукаць робіцца не так проста: хаця яны і вылучаюцца ў поле сацыяльнага сваёй акрэсленай і вызначанай пазіцыяй, сваімі слоганамі і атрыбутыкай, рэальнага эфекта кіравання ці вызначэння гэтага поля яны не спрычыняюць. Класічныя ідэалогіі цяпер адыгрываюць хутчэй дэкаратыўную і маскіруючую ролю, ствараючы ілюзію наяўнасці традыцыйных формаў палітычнага жыцця і ўяўнай празрыстасці сацыяльных узаемадзеянняў. Партыі і арганізацыі, якія навідавок выстаўляюць свой ідэалагічны складнік, хай сабе радыкальна нацыяналістычны альбо камуністычны, стала выціскаюцца на маргінэз палітычнага працэсу. Бальшыня ж людзей застаецца ў нявызначанай ідэалагічнай пазіцыі, якая дзесьці з’яўляецца эклектычнай, а дзесьці зусім адсутнай.

Правая сацыяльна-крытычная рыторыка [2], якая змяшчае вастрыню свайго аналіза ў бок традыцыяналісцкіх, кансерватыўных альбо нацыяналістычных каштоўнасцяў, таксама застаецца ў невыгодным стане. Спрабуючы рэактываваць спрадвечныя каштоўнасці традыцыйнага грамадства, яна свядома праводзіць мяжу паміж пэўнымі закансерваванымі паняццямі, структурамі і ладам жыцця ды ўсялякім новым, нязвыклым досведам сацыяльнага. Атрымліваецца, што правая сацыяльная крытыка пераважна грунтуецца на неабходнасці ўзнаўлення пэўнага класічнага архетыпу сацыяльных адносінаў альбо разглядае магчымыя контуры будучай рэгіянальнай і глабальнай цывілізацыйнай дынамікі збольшага ў рэчышчы архэафутурызму. Метафарычна гэта нагадвае спробу ідэолагаў-рэканструктараў давесьці пра неабходнасць павяртання людзей да замкавай культуры сярэднявечнага тыпу, хаця і палепшанай наяўнасцю цэнтральнага ацяплення і ўай фая. Такі кшталт сацыяльнай крытыкі спрабуе адшукаць карані сучаснага беларускага грамадства ў ідэях «паўночнасці», «ліцьвінства», «неапаганскай культуры», сумяшчаючы гэта зачаста з штампамі паліталагічных і сацыялагічных канструкцыяў альбо разважаннямі у духу «свет-сістэмнага аналізу» І. Валерстайна. Пры гэтым яна дастаткова варожа ставіцца да тых мадэрных формаў жыцця, якія кепска ўкладаюцца ў запрапанаваныя схемы.

З аднаго боку, тэарэтыкаў правай крытыцы можна абвінаваціць у занадта абагуленым падыходзе да аналізу сацыяльнага, пераважна ў рэчышчы прасочвання цывілізацыйнай дынамікі, разгортвання глабальных геапалітычных схемаў і схільнасці да канспіралагічных версіяў пры амаль поўным ігнараванні «сацыялогіі малых групаў». З іншага боку, паслядоўнае выкарыстанне нацыяналісцкіх паняткаў і формулай традыцыяналістымі апелюе да субстантывацыі і ўніверсальнай вартасьці такіх паняткаў як нацыя, этнас, нацыянальны характар, этнічныя карані, нацыянальныя інтарэсы, а цяпер яшчэ і імперыя, што вяртае гэтую рыторыку да раннемадэрнай веры ў «сталыя» ідэалогіі, якія маюць метафізічны падмурак, з’яўляюцца моцным аб’яднальным фактарам і істотна ўплываюць на думкі і паводзіны людзей. Але сёння мы можам хутчэй канстатаваць істотную абмежаванасць ідэалогіяў такога кшталту, пра што было ўжо сказана раней. Заўзятараў нацыяналізму падобнага тыпу застаецца вельмі няшмат, каб істотна ўплываць на грамадскія працэсы, і як кожная іншая традыцыйная ідэалогія нацыяналізм сёння існуе ў сінкрэтычнай і міфалагізаванай форме, акрамя таго ў шматлікіх версіях — пачынаючы ад этнічнага і сканчваючы грамадзянскім нацыяналізмам. Па гэтай прычыне апісанне сацыяльнага поля скрозь прызму катэгорыяў нацыянальнай свядомасці, інтарэсаў, этнічных і нацыяналістычных пачуццяў мае відавочна абмежаваную прыдатнасць і характарызуе паводзіны далёка не ўсіх сацыяльных групаў (дакладней будзе сказаць — супольнасцяў), а тым больш асобных дзеячоў, каб на аснове падобнай метадалогіі ствараць паўнавартасную карціну апісання найноўшых сацыяльных працэсаў.

Нарэшце, мова апісання і метадалогія даследавання, якую дэманструюць большасць прадстаўнікоў аналітычнай журналістыцы і г. зв. «нейтральнай» сацыялагічнай і паліталагічнай навукі, таксама выяўляюць рыгіднасць дадзенага падыхода да асэнсавання сацыяльнага. Гэтая нягнуткасць у разуменні новага сацыяльнага зместу прадвызначана выкарыстаннем сталых універсалісцкіх і метафізічных паняткаў, такіх як — грамадства і ягоныя часткі, грамадская думка, грамадскія інтарэсы, палітычныя інстытуты, партыі і г. д. Справа не ў тым, што гэтыя паняцці раптоўна ўсе страцілі той сацыяльны кантэкст, які рабіў іхны змест набліжаным да сапраўднасці. Хутчэй гаворка ідзе пра тое, што нашае «сацыялагічнае выабражэнне» мусіць востра рэагаваць на змены сацыяльнага поля і бачыць неадэкватнасць ужывання шырокіх катэгорыяў, кшталту «грамадства» там, дзе справа тычыцца больш вузкага пласту падзей альбо наогул патрабуецца іншы спосаб апісання. Сёння відавочна, што традыцыйныя сацыяльныя і палітычныя структуры знаходзяцца ў заняпадзе нават у краінах са сталымі палітычнымі сістэмамі; дзяржавы ж г. зв. «пераходнага тыпу» яскрава дэманструюць усю адноснасць выкарыстання для іх аналіза і апісання класічнай тэрміналогіі сацыяльна-палітычных навук.

Да прыкладу, натуральна, што пазіцыі палітычных партыяў і рухаў асабліва ў постсавецкіх краінах значна праселі як у выніку аб’ектыўных палітычных працэсаў, гэтак і праз адсутнасць сфармаванай суб’ектнасці ўдзельнікаў — масавасць палітычных арганізацыяў тут забяспечваецца збольшага дзяржаўна-прымусовымі спосабамі. Часткова з тых жа ж прычынаў, чаму людзі цяпер не схільныя давяраць масавым ідэалогіям, яны не схільныя да удзелу ў якіх-хаця палітычных арганізацыях. Тым не менш, у хадзе сацыяльнага аналізу паліталагічная карціна свету імкнецца звесці ўсю сукупнасць сацыяльных практыкаў да дзейнасці партыйных ці надпартыйных (узроўню дзяржавы) суб’ектаў і палітыкаў нацыянальнага ўзроўню. У лепшым выпадку гэта дае дастаткова скажоную перспектыву разумення таго, як уся гэтая сістэма можа працаваць, хаця ў сапраўднасці атрымліваецца тая ж «чорная скрыня», пра змесціва якой спрабуюць разважаць зыходзячы з вонкавых дэкаратыўных элементаў прадстаўніцтва. І хаця роля дзеянняў і уплыву партыяў на многія масавыя грамадскія выступу апошняга часу застуюцца вельмі нізкімі, у публічнай прасторы іхная рэалізацыя штучна прыцягваецца да гэтых найбольш відавочных і зразумелых структураў, якія ў адрозненні ад збольшага «нямога» сацыяльнага маюць свой адрозны голас, ці, будзем шчырымі, хутчэй галасок. Калі сказаць па праўдзе, якія партыі альбо партыйныя групы сталіся ініцыятарамі хаця-якіх значных сацыяльных працэсаў ва Ўсходняй Эўропе на працягу апошніх 20 год? Альбо можна задацца пытаннем, ці былі такія насамрэч у арабскіх краінах Афрыкі і пярэдняй Азіі або іх вынесла падобна пене на апошняй хвале сацыяльнага ўзрушэння? Ці варта сёння разважаць пра грамадства як нейкі сацыяльны маналіт, калі водле трапнага вызначэння Э. Лаклаў яно ўжо «рашчынілася», зрабілася немагчымым, калі і наогул існавала, а на месца грамадзянаў як членаў грамадскага цэлага, як тое пераканаўча даводзіць Ж. Бадрыяр, прыйшлі «маўклівыя масы»? Адпаведна гэтаму мы маем гіпервыкарыстанне катэгорыяў агульнага плану для асэнсавання складанага малюнку найноўшай сацыяльнай рэальнасці, дзе складанасць аб’екта аналізу рэдукуецца да простых і часам прымітыўных формаў і схемаў дзеля магчымасці выкарыстання звыклых метадалогіяў сацыяльнага апісання і традыцыйнага набору паняткаў.

Такім чынам, сродкі традыцыйнай сацыяльнай аналітыкі як ідэалагічна нагружанай, гэтак і ўяўна «бесстаронняй» выяўляюць збольшага ўласную бездапаможнасць пры спробе аналізу сучасных грамадскіх працэсаў. Гэтая бездапаможнасць можа заставацца прыхаванай наяўнасцю пэўных варыянтаў апісання і традыцыйнасцю маўлення наконт сацыяльнага, але губляе ўсялякую канкрэтнасць і доказнасць пры больш руплівым разглядзе. Гэта вымушае нас сёння шукаць новыя сродкі і інструменты аналізу сацыяльнага поля як з пункту гледжання метадалогіі, гэтак і пераасэнсавання моўных сродкаў апісання: патрабуюцца новыя паняткі і мадэлі для разумення. Акрамя таго і, верагодна, перш за ўсё, патрабуецца таксама пераасэнсаваць падмурак нашага звароту да сацыяльнага, прывязаць яго да сітуацыі сучаснасці, а не да ўніверсалісцкага пагляду на грамадства як гэткае. Што мы і паспрабуем зрабіць надалей.


[1] У беларускім кантэксце прадстаўленая групай левых інтэлектуалаў, што гуртуюцца вакол часопіса «Прасвет», а таксама паасобнымі аналітыкамі беларускай сацыял-дэмакратыі, кшталту А. Сідарэвіча. У кантэкст гэтай працы не ўваходзіць падрабязны разбор тэкстаў памянёных аўтараў, хутчэй гэтая ўзгадка пра іх патрэбная для лепшага атаесамлення разгледжанай пазіцыі з дзейнасцю канкрэтных носьбітаў ідэі ў межах вылучэння агульнага трэнда.

[2] Прадстаўленая у мясцовых рэаліях з боку традыцыяналістаў праектам «Цытадэль», кансерватыўным цэнтрам «Номас», часопісамі і альманахамі «Druvis» і «Сівер», а з нацыяналістычнага боку шэрагам ідэолагаў нацыянальнага адраджэння, такімі як С. Дубавец, З. Пазняк і г. д.