31 сьнежня яны прачнуліся побач. На адной палічцы кнігарні «Логвінаў». Сьвежыя як ранішні нумар «Саўбелкі» і выбуховыя як падвойны эспрэса. Две прэм’ерныя кніжкі, ледзь-ледзь здолеўшыя сынхронна выйсьці яшчэ ў 2013-м (алё, Гедройц!). Канцэптуальны выбух адрэналіна для пэнсіянераў змагарства і вэтэранаў культур-падпольля: «Хвілінка» Ігара Бабкова і «Шклатара» Артура Клінава. Лепш за ўсё гэта спажываць адначасова — такім чынам выдатна складаецца агульны пазл.

Раман (ы) з эпохай

Супадзеньняў не існуе. Ёсьць патаемная лёгіка. У тым, што філёзаф Бабкоў і арт-актывіст Клінаў адначасова (хоць кожны і ня ўпершыню) зьвярнуліся да масштабнай прозы з відавочным асабістым акцэнтам, прысутнічае адмысловая праўда. Праўда агульнага пачуцьця фіналу спэктаклю, што карціць пазначыць як Эпоху Праектаў.

Бабкоў з Клінавым — ня проста практычна аднагодкі. Яны будавалі сябе як асобаў праз супраціў мэнтальнаму ціску паміраючай савецкай імпэрыі — і падзялілі з бурлівымі беларускімі 90-мі ўсе іх падставовыя ілюзіі і надзеі. Наўздагон савецкім «шасьцідзесятнікам» у той час прыйшлі постсавецкія «дзевяностнікі» — рамантыкі Адраджэньня і капітаны дыскурсу, скарасьпелыя мэдыя-магнаты і скандальныя выдаўцы, павадыры сьвядомага ракенрола і мясцовыя арт-авантурысты. Эпоха перазагрузкі шмат абяцала генэрацыі новых герояў — і, як заўсёды, падманула. На першыя ролі прыйшлі вайсковыя палітрукі і старшыні калгасаў. Трыюмф правінцыйнага мэнэджмэнту ператварыў нацыянальны крэатыў ў гульні аўтсайдэраў. Зоркі крытычнага мысленьня ўвасобіліся ў інтэлектуальных гастарбайтараў і мэнтальных турыстаў. Арт-партызаны ціха сыйшлі ў прагматыку фандрайзынгу і самарэклямы.

Мы ня страчаная генэрацыя. Мы — генэрацыя тактычных манэўраў, аўтары адхіленьняў, чэмпіёны гульняў ў скарочаным складзе. Тут часам нават штосьці атрымліваецца. Але ў кожным нашым кроку прысутнічае настальжы па страчаных мроях і змарнаваных плянах. Жыцьцё амаль прайшло, а цуду не адбылося. Каб гэта зразумець, трэба перайсьці ў іншую лігу — з натхнёных маладзёнаў у траўматычныя вэтэраны. Трэба атрымаць досьвед паразаў і паспрабаваць неяк зь ім паразумецца. Новыя раманы ад «Логвінава» кажуць менавіта пра гэта: важкія гульцы на культурным полі шукаюць сабе месца ў новым раскладзе, цалкам на іх не разлічаным.

Можна пазначыць сытуацыю інакш. Размова ідзе пра страту дамінуючых пазіцыяў. Пра сынхронную дэвальвацыю публічнага статусу інтэлектуала і канцэптуальнага артыста. Пра прыватную харэаграфію амбітнага самотніка ў краіне татальнага дэжа вю. Так нараджаюцца экзыстэнцыяльныя тэксты пра ўцёкі ды хованкі. Так робяцца «Шклатары» ды «Хвілінкі».

Сутныя і прысутныя

Калі раманіст пачынае вэрбальную гульню на белай паперы, ён запрашае ў сваю гісторыю герояў, здольных яе распавесьці. Таму надзвычай істотным ёсьць пытаньне «Хто прамаўляе?». Праз каго аўтар пазначае сваю прысутнасьць у творы? З большага суадносныя па стартавых умовах, тэксты Бабкова і Клінава на гэтыя пытаньні адказваюць дыямэтральна супрацьлеглым чынам.

Бабкоўскі тэкст вытанчана адбудаваны як п\`еса ў трох актах на тры галасы: тры падставовыя пэрсанажы — паэт, змагар і сьпявачка — вядуць кожны сваю партыю. Часам выходзячы на першы плян для асобнага сола, часам ствараючы адметныя дуэты і трыа. Сэнсы паўстаюць праз суплёты лёсаў, пачуцьцяў, думак. Менавіта гэтая паліфанія ёсьць падставовай для разуменьня «Хвілінкі», бо тэкст Бабкова (у якім хапае пазнавальных маркераў беларускага лёсу апошніх дзесяцігодзьдзяў) працуе з большага не як пратакол нейкіх падзеяў, а хутчэй як калекцыя станаў супольнай сьвядомасьці.

Ігар абірае для сябе ролю канцэптуальнага дызайнэра тэксту, ён пазначае сытуацыі — і вельмі асьцярожна абыходзіцца са словам. Бабкоў, відавочна, сьвядома пазбаўляецца маналёгаў-маніфэстаў-дэклярацыяў. Героі рухаюцца — аўтар тлумачыць і пераказвае. Ён працуе амаль як тапёр у нямым кіно: пазначае акцэнты, вызначае настрой, прамаўляе нявыказанае. Каб ўсё атрымалася, Бабкову патрэбныя пэрсанальны рэсурс і магія — таму а) у «Хвілінцы» няма асноўнага героя, затое ёсьць пэўная кампазыцыя фігураў, амаль шахматны эцюд, але б) пэрсанажаў штурхае адзін да аднаго ня веданьне правілаў гульні, а наадварот — здольнасьць сваечасова прыняць звышнатуральнае. Аўтар тут — сьціплыназіральнік за пенкамі ў падвойным эспрэса беларускай долі.

На гэтым фоне клінаўскі падыход выглядае відавочна спрошчаным, калі не сказаць прымітыўным. Дзесьці так: «Хто герой? Натуральна, я — мастак, нядаўні літаратар, сьвежы сцэнарыст, фанат багемнай кнігарні, спэцыяліст па „Егермайстару“ і скоках пад Брэгавіча, рэдактар часопіса, аматар хударлявых дзяўчынак і г. д. Хто прамаўляе? Ясная справа, таксама я. Пра што? Я ж кажу, пра сябе і сваё жыцьцё! Акей, і яшчэ трошкі пра чорта ды Плошчу…»

Сапраўды, кожны хто ведае Клінава, пагодзіцца — кніжка пра яго. І тут сур\`ёзная праблема: стаўка выключна на пазнавальную фактуру ператварае (як бы) літаратурны тэкст у прафанны раман-фельетон. Абіраючы самога сябе галоўным атракцыёнам тэксту, аўтар «Шклатары» губляе магчымасьць зрабіць яе літаратурнай падзеяй. Раман выглядае неабавязковым камэнтаром да пярэстага жыцьця ягонага дэміюрга. Каб атрымалася інакш, трэба быць Лімонавым. Альбо Букоўскім.

Так, там акрамя аўтара, хапае пэрсанажаў. Але яны скачуць як папяровыя лялькі — аднамерныя, спрошчаныя, карыкатурныя. Кардэбалет для адзінага сапраўднага героя — сябе любімага, «Маэстрачкі». Бязь майтак. Затое ў эпалетах.

Хованкі па-менску

Гэтым тэкстам месца пад шыльдай «зроблена з прэтэнзіяй». Дзіўна было б чакаць чагосьці іншага як ад Бабкова — выбітнага паэта, шыкоўнага эсэіста і вострага палеміста, так і ад Клінава — чалавека-матора, здольнага шмат гадоў цягнуць амаль безнадзейныя праекты накшталт нечытэльнага (затое каляровага) альманаху pARTisan. У іх прэтэнзіях шмат падобнага: і Бабкоў, і Клінаў пасьлядоўна змагаюцца з інэрцыяй вузка-прафэсійнага «падзяленьня абавязкаў». Абодва шматстаночнікі. Абодва маюць шмат пытаньняў да новых часоў. Але адказаў няма. Час стаіць. Краіна мроіць. Што застаецца? Хованкі. Нацыянальная беларуская гульня, як кажа спадар Акудовіч.

Кожны з нашыя герояў фактычна стварыў раман уцёкаў. З агульнай мэтай пазбавіцца ад бяздарнай эпохі праз яе рашучае адмаўленьне. Мэта адна, сцэнары розныя. І надзвычай пазнавальныя.

«Хвілінка» будуецца как сыстэма спасылак: Равель, Лі Бо, Брэжнеў, Гёльдерлін, кітайскае «Падарожжа на Захад»… Інтэлектуал Бабкоў ратуе сваіх герояў ў чужых тэкстах. Вытанчаныя нацыянал-рамантыкі паступова сыходзяць у кніжкі ды плыткі, у музыку ды паэзію, у кітайскія паданьні ды суфійскія скокі, у багемныя кававыя рытуалы ды разумныя спрэчкі за крымскім партвейнам. Урэшце рэшт, у іншыя вымярэньні — туды, дзе не існуе дыктатуры штодзённасьці. Штосьці знаёмае? Правільна, інтэлектуальныя тактыкі часоў заняпаду камунізму. Унутраная эміграцыя. Нармальны савецкі астрал.

Клінаў таксама не вынаходзіць ровар. Толькі ў яго сьпіс спасылак іншы: Баршчэўскі, Логвінаў, Іеранімус Босх, «Масакра», чорныя калготкі, Нойз MC і ўсе бадуны апошніх двадцаці гадоў. Расчараваны ў палітыцы і палітыках, непапраўна траўмаваны асабістым жыцьцём, выціснуты з дзяржаўнага кінапрацэсу, герой «Шклатары» абірае шлях алкаголю, сэксу, скандалу, шалёнай тусоўкі адвязных сябрукоў і побытовага сада-маза ў стылі «кахаю — потым душу — потым зноў кахаю — потым… — гэй, малая, ты куды?». Чарговы сэканд-хэнд: «прасунутае» мастацкае жыцьцё сярэдзіны 80-х мінулага стагодзьдзя.

Абодва расклады выглядаюць анахранічна. Абодва выводзяць за межы беларускай штодзённасьці. Разумнікі Бабкова і арт-пьянтос Клінава сынхронна выпадаюць з рэчаіснасьці. Праўда, у розныя бакі: першыя — уверх, апошні — уніз.

Бабкоў рэчаіснасьць спляжвае. Клінава рэчаіснасць перамагае. Іншых пэрспэктываў ў апошніх раманах-2013 няма.

Гарызонтаў ня бачна. Дыягназ эпосе ператвараецца ў дыягназ героям.

«Хвілінку» са «Шклатарай» можна сьмела лічыць рознымі варыянтамі адной гісторыі адчаю — толькі у першым выпадку яна падаецца борхесаўскім садам разыходзячыхся сьцяжынак, а ў другім косіць пад манэрную споведзь старэючага плэйбоя.

Дэрвішы і блазны

Парадокс наяўнай культурнай сытуацыі ў тым, што нашая вага ў ёй можа быць толькі ўмоўнай альбо сымбалічнай. Архіпелаг Беларусь (зноў Акудовіч) раскідвае прыватныя лёсы па суполках ды тусоўках і робіць нерэальнымі даўжэзныя гісторыі і масштабныя рэпутацыі. Жывем коратка, пішам фрагмэнтамі, адчуваем дыскрэтна. Штосьці зробім — і хто заўважыць? Купка сяброў ды купка ворагаў.

Вялікі Беларускі Раман сёньня немагчымы. А што магчыма? «Хвілінка» — прыватныя практыкаваньні ў складаньні далікатных арыгамі. Гульні розуму. Асалода дасьведчаных адзінак. Ды «Шклатара» — фельетон з працягам, франтавыя жартачкі і публічныя гістэрыкі разам з авантурным раманам. Адрасаваны тым, хто ня вельмі абазнаны ў дэталях асабістага жыцьця Клінава (пра якія ён усім астатнім распавёў яшчэ тры гады таму). Пры ўмове, што ёсьць жаданьне сапраўды ведаць яго лепш.

Падвойная другаснасьць схэмаў руху герояў «Хвілінкі» і «Шклатары» замыкае прастору і закальцоўвае час. Сюжэт як сыстэма прычынна-выніковых зьвязак адсутнічае і ў Бабкова, і ў Клінава. Гэта тэксты Часу Нуль, ім — як і пэрсанажам — няма куды ісьці і няма падставаў разгортвацца. Менавіта таму ў бабкоўскай кавярні ніяк ня скончыцца адзіная пляшка каньяку, а герой Клінава ўвесь час хістаецца паміж спакусай алкагольна-багемнага «падпольнага» шчасьця і прывідам легітымнай карьеры на «Беларусьфільме».

Аднак тут якасная розьніца. Бабкоўскае адвечнае Сёньня (сьмешна вяртацца, бо ты і не сыходзіў) — гэта зона мысленьня, прастора мэнтальных пошукаў. Час Бабкова спыняецца, бо аўтар стварае не банальную побытавую замалёўку, а Раман Ідэяў, дзе твае адвечныя суразмоўцы — Будда, Сакрат ды Гэссэ. Клінаўскае Сёньня спыняецца інакш — бо ня ведае куды ійсьці. Час Клінава кульгае і гойдаецца, ляціць ня тое ў 1880-я, ня тое ў 2010-я. Ён ушчэнт насычаны пазнавальнымі фішкамі (Міхалок, Вольскі, Зелянкоўская, гурт «Касіяпея», Някляеў, галерэя «Ў», прэм\`ера фільма «Масакра» і Плошча-2010), але ня мае раманнага стрыжня — развіцьця характару героя. Бязь гэтай «дарожнай мапы» тэкст «Шклатары» развальваецца на аднастайныя прыколы ды анэкдоты.

Ігар гадуе стыль, працуе з мовай і здольны насамрэч выклікаць асалоду ад чытаньня. Ягоны тэкст мае смак часу, трапна маркіруе сучаснасьць, беспамылкова раскручвае лірычную лінію — і падаецца бясконцым як мантра. Тут няма мэсыджу — затое ёсьць майстар-кляс айчыннага буддыста. І хто скажа, што гэта не вынік?

Артур — аўтар стыхійны, самакантроль — не ягоная фішка. Тэкст лёгка скараціць напалову — і ніхто б не пашкадаваў. Безразьмерныя дыялёгі, сытуацыі круцяцца ў рэжыме дэжа вю, няздольнасьць пралічыць інтрыгу, спалучэньне несумяшчальнага — амаль блёгерскага гону пра свае гаротныя абставіны і рамантычна-нацыяналістычна-сармацкай готыкі «Завальні» (рэштак няздзейсьненага сцэнара для Кудзіненкі), катастрафічны фінал, у якім сучасная і старажытная лініі канчаткова губляюць сувязь… Відавочнай ёсьць шчырая разгубленасьць раманіста перад тэкстам, што ніяк не хацеў сканчацца. А да таго ж — дзіўны мікс дэпрэсыўнасьці з самазахапленьнем. Падарунак псыхааналітыкам.

Бабкоў шукае немагчымае. Клінаў гандлюе сваім прыватам. Бабкоў будуе шматзначную містэрыю. Клінаў сыходзіць да балагану. Саторы для першага. Сукачоў для другога. Цукар па гусце. Рэшта на сподку…

…Першымі з белкульту сыйшлі павадыры і героі.

Потым сканалі партызаны і мэнэджэры.

Хто застаўся? Дэрвішы ды блазны.