Што такое рэальнасьць?

Рэальнасьць – гэта тое, у чым мы ўдзельнічаем. Словам і думкай, учынкам ці занядбаньнем. Мы можам кідаць камяні і можам зьбіраць іх, можам абдымаць – і можам ухіляцца ад абдымкаў, можам гаварыць і можам маўчаць.

Але вось чалавек, які пакутуе на трызьненьні, ён уцягнуты ва ўласныя галюцынацыі – і мы гэтую рэальнасьць не падзяляем. Дык чым тады ёсьць рэальнасьць?

Адказ, які напрошваецца: рэальнасьць – гэта тое,  у чым маем удзел ня толькі мы, але й іншыя. Але, хаця супольнае сацыяльнае дзеяньне й выглядае слушным, такое тлумачэньне малаважнае. Сацыяльнае найчасьцей перабольшваецца– яму аддаецца тэрыторыя, што аніяк не  належыць.

Возьмем манаха ў пустыні. Рэальнасьць, дакладней, істоты, зь якімі ён сутыкаецца зусім не з чалавечае грамады. Калі гэты прыклад не даспадобы, ёсьць чалавек на зямлі. Адзін. На самотнае высьпе.

Вядома, ягоныя ўчынкі – дый прылады, якімі ён карыстаецца й якія стварае – зьнітаваныя з далёкай чалавечаюталакой. Але зоркі над галавой не прысабечыць аніякая суполка й аніякі дзяяч.(Згодна зь цікавымантропным прынцыпам фізычныя канстанты падагнаныя акурат так, што прадугледжваюць назіральніка, здольнага іх адкрыць. Але няма ніякай гарантыі, што іхнім адкрывальнікам будзе менавіта самотнік на высьпе – дыйзастаецца пытаньне пра стваральніка падгонкі).

Зямля й неба былі да роду людзкога. Сёньня з падачы адэптаў сацыяльнай татальнасьці нават выкапаныя парэшткі  няшчасных дыплядокаў і велацэроптэраў абвяшчаюцца ўсяго толькі змовай белых мужчынаў, якія прагнуць кантраляваць жаночае цела. Хаця самі сканалыя істоты – загадзя непадкантрольныя чымсьці змовам.

Зрэшты, непадкантрольнасьць. Менавіта гэты чыньнік дазваляе людзкім групам не губляць рэальнасьці ад убачанага й прапанаванага іхнімі чальцамі. Якім бы ні быў дыктатар, што перарабіў грамадзтва на свой капыл, застаюцца непадкантрольныя моманты, якія дазваляюць вярнуцца й працьверазець. Як бы ні вычвараліся групоўкі ў кантрольна-адстрэльных цэтліках (клясаў, расаў ці гендэраў) – заўжды застанецца нешта, што ім не ўчапіць.

І якімі бы ні былі ўласныя інтэнцыі думаньніка –  іхняе спраўджваньне  адбываецца праз непадкантрольнасьць – непрадказальную творчасьць – грамады.

Існуюць розныя варыянты ўдзелу – і розныя ступені непадкантрольнасьці.

Калі падлетак грае ў сецевую кампутарную гульню разам зь сябрамі, гэта высокі ўзровень удзелу, але гэты ўдзел акрэсьлены маніторам. А непадкантрольнасьць – хаця й узмоцненая выпадковасьцю й інтэракцыяй –  не скасуе жалезных гульнёвых правілаў, усталяваных праграмістамі.

Калі ўдзельнікі перанясуць гульню, скажам, у лес – непадкантрольнасьць ужо вырвецца на свабоду: пэўныя здольнасьцізаменіць уяўленьне; аксэсуары гульцы створаць самі, ці прыдумаюць новыя – роўна, як і правілы.

Нарэшце, калі гульня разгарнецца на плошчах і вуліцах, непадкантрольнасьцьусьцешыцца багацейшым спажыткам: да ўдзелу далучацца мінакі са сваімі намерамі й жаданьнямі.

Тут заўважны й трэці чыньнік, што вызначае рэальнасьць. Адказнасьць. Рэальнасьць – гэта тое, за што мы адказваем. Ёсьць адказнасьць юрыдычная (цялесна-юрыдычная:яе нязручна адмаўляць нават выкрывалам паўсюдных змоваў); ёсьць адказнасьць сумленьня; і ёсьць адказнасьць суцэльнага чалавека – на Апошнім Судзе, дзе кожны – і ўсё людзтва выракуецца на жыцьцё вечнае ці на сьмерць.

І хаця ў кожнага свая неад’емная адказнасьць, маецца не набор незьнітаваных рэальнасьцяў, а іхняя іерархія.

Так што мы звычайна называем рэальнасьцю, як такой?

Рэальнасьць – гэта тое максымальна непадкантрольнае, у якім мы напоўніцу ўдзельнічаем і за што ў найбольшай ступені адказваем.

Але з усіх асобных і калектыўных лёсаў вылучаецца адзін, які зьнітоўвае ўсе іх разам – і ёсьцека падмуркам рэальнасьці.

Дзьве тысячы гадоў таму ў ціхай стаенцы нарадзілася Дзіця. Уся гісторыя сьвету сыходзіцца ў гэтае кропцы: ад Вялікага выбуху да кропляў расы на зялёнай траве, ад новых галяктыкаў – ды ўздыху старога, які шчэ толькі падлетак. Людзі й народы, якія былі – і якія прыйдуць – у гэтай гісторыі, бо ўцелавіўся Бог, які адзін Існы.

Рэальнасьць – гэта тое, у чым удзельнічае Бог.Богаўвасабленьне, крыжовая ахвяра і ўваскрасеньне Хрыста – гэта непераўзыходны ўдзел, з ціхмянай пакорай, у самым сэрцы штодзённасьці.

У гэтым удзеле – адказнасьць за ўвесь людзкі род, за жывых і памерлых, і за ўвесь пашкоджаны сьвет. У зямным жыцьці Хрыста – непадкантрольнасьць Айца,  а таксама іншая, людзкая непадкантрольнасьць – недасканалая, бо людзі здольныя ня толькі сьледаваць – згодна сваёй волі, але й здраджваць.

І што цяпер для нас? Сярод розных непадкантрольнасьцяў і ўдзелаў, ступень рэальнасьці для нас вызначаецца тым, наколькі мы далучаныя да Божага ўдзелу. А ў падмурку рэальнасьці два словы: “Хрыстос уваскрос!”

Ад нашага стаўленьня да гэтага залежыць ня толькі наш лёс, але й лёс рэальнасьці.

Боская прысутнасьць непадкантрольная – і мы да таго ж вольныя ад яе ўцякаць.

І хаця ёсьць небясьпечная ілюзія – калі групоўка ці чалавек прагне схапіць Бога і, сыходзячы з самавольнае хэнці, абвясьціць пра ўзорную рэальнасьць, – гэта ня мы ловім, але Хрыстос сам абірае свой Касьцёл дый сваіх вучняў для ловаў, Ён сам вырашае дзе быць, каму зьяўляцца і што сапраўднае.

Наш удзел – у супрацы, і ў гэтым – наша адказнасьць.

Бо толькі ў Хрысьце можна жыць у рэальнасьці, можна быць рэальным – і толькі разам з Богам можна рэальнасьць ствараць.