Складаная сітуацыя часта становіцца больш зразумелай толькі праз некаторы час. Застаюцца факты, знікаюць эмоцыі. Так і са справай Бяляцкага.

Перакананы, што пытанне аб выдачы звестак Бяляцкага вырашалася на больш высокім узроўні, чым гэта нам зараз хоча прадставіць польскі і летувіскі бок. Што было прапанавана беларускім бокам наўзамен пакуль сказаць цяжка.

Пасля эканамічнага крызісу 2008 года ў замежнай палітыцы Польшчы і Летувы галоўным з\`яўляецца эканамічны аспект. Таму і распачалася перад прэзідэнцкімі выбарамі так званая палітыка збліжэння Еўрасаюзу і Беларусі, адну з першых роляў у якой адыгрывала гэтыя краіны.

Нелегітымнасць рэжыма і раней не перашкаджала краінам Еўрапейскага саюзу гандляваць і рабіць свае інтарэсы з афіцыйным Мінскам. Але «трохі большая легітымнасць» адкрывала дадатковыя магчымасці.

Пасля разгону мітынгу 19 снежня было шмат заяваў ад еўрачыноўнікаў аб эканамічных санкцыях супраць Беларусі. А ў выніку… Санкцыі як вядома перашкаджаюць бізнэсу…

Выдача банкаўскіх дадзеных Польшчай і Летувой не магла быць простай памылкай ці выпадковасцю, хаця б таму што гэтыя «выпадковасці» адбыліся адначасова. Вось 17 гадоў не выдавалася такога кшталту інфармацыя супраць лідэраў беларускай апазіцыі, а тут выпадкова адначасова адбылася такая памылка, недагляд і гэтак далей. Пры тым, што польскі бок быў папярэджаны аб такім развіцці падзеяў за некалькі тыдняў да таго як яны адбыліся.

Некаторыя з беларусаў паверылі, што гэта ўсё адбылося з-за бюракратызму ў тых дзяржаўных установах, якія выдавалі звесткі. Маўляў яны проста выконвалі падпісаныя дамовы паміж Беларуссю з аднаго боку і Польшчай і Летувой — з іншага. Аднак калі верыць генеральнаму пракурору Польшчы Шэрамету, выдача звестак стала магчымай таму што «некаторыя супрацоўнікі пракуратуры не выконваюць яго парадаў і загад» і «задавальненне звароту беларускай пракуратуры, складзенага зусім не ў прававой форме, дзе не было пазначана віны чалавека (А. Бяляцкага), а таксама не было канкрэтна вызначанай справы — гэты жывы прыклад невыканання сваіх наўпростых абавязкаў супрацоўнікамі пракуратуры».

У сувязі з гэтым хачу нагадаць прыхільнікам «бюракратычнай тэорыі», што адной з галоўных характарыстык бюракратыі з\`яўляецца строгае выкананне бюракратамі ўсталяваных правіл і законаў. Таму ці Генеральны пракурор Польшчы хоча нас з вамі падмануць, ці справа ўсё ж такі не ў бюракратызме.

Падманваць Генеральнаму пракурору нас няма сэнсу. Калі ён толькі гэтым не хоча прыкрыць сваю спіну ці спіну нейкага больш уплывовага дзяржслужбоўцы, чым тыя чыноўнікі, якія ў выніку сталі крайнімі ў гэтай гісторыі.

І вы дарэчы заўважылі як бюракраты Польшчы і Летувы вельмі хутка выдалі звесткі па Беляцкаму Беларусі? Вельмі хутка як для бюракратаў…

Акрамя варыянту, што выдача звестак пра Бяляцкага рабілася са згоды вышэйшага кіраўніцтва Польшчы, застаецца толькі адна магчымасць — супрацоўнікаў летувіскіх і польскіх дзяржаўных устаноў падкупілі.

Але цікава колькі ж трэба было б заплаціць кіраўніку Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Генпракуратуры, каб ён непаслухаўся Генеральнага пракурора Польшчы, рызыкаваў бы сваёй даволі паспяховай кар\`ерай, а магчыма і свабодай?

Чалавека звольнілі, але ён не знаходзіцца пад крымінальным следствам, у яго няма як я разумею падпіскі аб нявыездзе… Значыць яго да гэтага часу ў нічым крымінальным не падазраюць… Высновы рабіце самі…

18 жніўня стала вядома, што ў афіцыйныя звесткі па справе Бяляцкага не паверылі таксама і некаторыя вядомыя польскія грамадскія дзеячы [1]. Яны лічаць, што Бяляцкі стаў ахвярай стасункаў цяперашніх польскіх уладаў да беларусаў і ўкраінцаў…

Я ў гэта гатовы паверыць, калі чытаю каментары Сікорскага ці Зінгерыса аб справе Бяляцкага. Такое адчуванне, што іх пры гэтым найбольш хвалюе небяспека страціць магчымасць удзельнічаць у «распілоўванні» 87 мільёнаў еўра, якія былі выдаткаваныя на дэмакратызацыю Беларусі….

Кіраўнік камітэта па замежных справах літоўскага сейма Эмануэліс Зінгерыс: «Саюзнікі могуць упэўнена праз Вільню ажыццяўляць фінансаванне беларускай апазіцыі».

МЗС Польшчы: «Інцыдэнт не спыніць падтрымку Польшчай беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы разлічваем на найхутчэйшае стварэнне прапанаванага Польшчай Еўрапейскага фонду для дэмакратыі».

А Бяляцкі працягвае сядзець….

[1] http://wyborcza.pl/0,0.html, http://wyborcza.pl/1,75515,10131511,__Nie_bedziemy_milczec____List_ojcow_zalozycieli___Solidarnosci__.htm