Партыйная сiстэма Беларусi

Партыйная сiстэма БеларусiНарыс палітычнай гісторыі ў святле генезісу і эвалюцыі шматпартыйнасці (працяг)

ІІІ. 1991-2007: РУНЬ І ЖНІВО

З к. 1930-х гг. партагенез на Беларусі гвалтам абарваўся. Праўда, існуюць звесткі, што за савецкім часам і пад нямецкай акупацыяй існавалі групоўкі, якія прэтэндавалі на партыйны статус (Беларуская незалежніцкая партыя, 1942-1944 гг., Партыя беларускіх нацыялістаў (1941-1944 гг.), БНСП (да 1943 г.), Беларуская рэвалюцыйная партыя (мяжа 1950-1960-х гг.), Партыя свабоды рускага народу ў Гомелі). Але лічыць іх партыямі не выпадае.

Да новага жыцця партыі былі пакліканыя перабудовай. Хоць да 1991 г. яна фрамальна заставалася “руководящей и направляющей”, але спыніць працэсы, выкліканя палітыкай Гарбачова, менскія партакраты як не прагнулі, але не маглі.

Ужо ў кастрычніку 1988 г. на Беларусі паўстае арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту (БНФ). Узначаліў новую арганізацыю прадстаўнік навуковае інтэлігенцыі Зянон Пазняк. БНФ хутка “ўсмактаў” у сябе шматлікія перабудовачныя культурніцкія таварыствы кшталту гарадзенскай “Паходні”, віцебскага “Узгор’я” ці менскае “Талакі”.

БНФ, аднак, не быў партыяй у дакладным сэснсе гэтага слова – з самага пачатку ён пазіцыянаваўся як шырокі грамадска-палітычны рух. Арганізацыі БНФ хутка паўсталі ў многіх гарадах Беларусі. У снежні 1988 г. пачала выдавацца газета фронту – “Навіны БНФ” (праўда, асаблівай папулярнасці яна не набыла і ў пач. 90-х саступіла месца больш аўтарытэтнай “Свабодзе”). У ліпені 1989 г. адбыўся І з’езд гэтай арганізацыі – у Вільні, бо ў Менску ён быў забаронены Прэзідыюмам Вярхоўнай Рады БРСР.

Варта адзначыць, што БНФ не існаваў у вакууме, як прыкладам БСГ у 1901-1904 гг. Поруч з Фронтам існавалі і іншыя арганізацыі, якія ў партыямі ці нават грамадска-палітычнымі арганізацыямі не былі, але ў сутнасці аказвалі дапамогу фронту – маю на ўвазе перадусім Таварыства беларускай мовы імя Скарыны (ТБМ, з 1989 г.), Саюз пісьменнікаў БРСР, Беларускі экалагічны саюз, Беларускі сялянскі саюз, Саюз кааператываў. Існавалі і грамадскія структуры, якія, аднак, знаходзіліся ў ценю БНФ: так, у снежні 1987 г. пад Менскам адбыўся І вальны сойм моладзевых суполак, які пастанавіў стварыць Канфедэрацыю беларускіх моладзевых суполак (КБСМ). У студзені 1989 г. адбыўся ІІ вальны сойм гэтай арганізацыі. Сойм у ліку іншых пытанняў абмяркоўваў і палітычныя – напрыклад, пытанне пра “рэспубліканскае” грамадзянства.

Безумоўна, лідарства сярод гэтых структураў належала Фронту, але толькі фактычна. Юрыдычна БНФ так і не атрымаў рэгістрацыі – ані ў 1989, ані ў 1990 гг. Таму, ідучы на выбары народных дэпутатаў СРСР (вясна 1989 г.), фронтаўцы мусілі падтрымліваць прымальныя кандыдатуры з тых, што былі вылучаныя іншымі арганізацыя. Чальцы БНФ адсейваліся ўжо ў працэсе рэгістрацыі кандыдатаў – улады мо ўпершыню пачалі выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. Да таго ж, увесну 1989 г. фронт арганізацыйна яшчэ не свармаваўся.

Выбары-1990 сталіся сапраўдным трыюмфам БНФ. Перадвыбарчая кампанія ішла “гарачая”. КПБ, каб выхапіць з рук БНФ “моўны” пункцік, у студзені 1990 г. паспяшалася ўхваліць новы закон аб мовах, якім беларуская прызнавалася за дзяржаўную. Але гэтага ўжо было замала. Той жы Быкаў ацаніў закон як “палавіністы”. Цяпер трэба было, каб сышлі самі камуністы.

БНФ ладзіў у Менску шматтысячныя шэсці і мітынгі, на якія КПБ адказвала адно забаронамі ды паклёпам у СМІ. У лютым натоўп нават вывеў свайго лідара ў тэлевізар – Пазняк і іншыя лідары фронту ў жывым эфіры гутарылі з краінай.

Адзначым, што пад выбары быў створаны Беларускі дэмакратычны блок (БДБ). Цікава, што ў складзе БДБ не было аніводнай партыі: ён абымаў БНФ, ТБМ, сялянскага, кааператыўнага і рабочага саюзаў. Апошнія былі важныя тым, што мелі дзяржаўную рэгістрацыю, а БНФ меў людскія рэсурсы.

У выніку выбараў БНФ заваяваў каля 26 месцаў [1] (блізу 7,5% дэпутацкага корпусу), а КПБ – 278 (80,5%). На Беларусі апазіцыі камуністам выявілася самай слабай (так, у суседняй Літве Саюдзіс сабраў каля 80% галасоў, на Украіне Рух – 25%). Адзінае, зазначым, што акрамя апазіцыі БНФ (створана ўлетку 1990 г.) існавала “мяккае” аб’яднанне Дэмакратычная плынь (пасля клуб) – якая абядноўвала ад 60 да 100 дэпутатаў. Але і гэтага было замала. Фактычна апазіцыя вельмі рэдка калі перамагала бальшыню – толькі ў форс-мажорных сітуацыях (кшталту жніўня 91-ага). Дарэчы, дэпутацкая група КПБ налічвала ўсяго 160 чалавек (45%). Што праўда, яшчэ лявейшай за кампартыю была група дэпутатаў ад ветэранскіх арганізацыяў “Саюз” – 30 чалавек (8,7%).

Выбары яскрава засведчылі – наступае новая эпоха, пры чым наступае няўхільна. На Беларусі пачынаецца, нарэшце, другое выданне “партагенезу”. Але тут яно мелі шэраг асаблівасцяў у параўнанні з той жа Украінай. Па-першае, на адрозненне ад той, палітычна актыўнае і апазіцыйнае насельніцтва канцэнтравалася не ў пэўнай вобласці краіны (захад Украіны), а ў буйных гарадах (Менск, у меншай ступені абласныя цэнтра, а таксама новыя гарады – Наваполацк, Светлагорск, Салігорск ды інш.). Па-другое, у УРСР мелася значнае дысідэнцкае асяроддзе, якое дзе-нідзе станавілася падмуркам новых партыяў. У прыватнасці, у 1990 г. Украінскі хельсінкскі саюз стаў грунтам для Украінскай рэспубліканскай партыі (УРП). На Беларусі анічога такога не было – дэсідэнтцва было слабым і арганізацыйна ў 1960-1970-х гг. рэдка дзе аформленым.

Таму новыя партыі паўставалі збольшага ў асяроддзі творчае ды тэхнічнае інтэлігенцыі, амаль не маючы напачатку дзейнасці доступу ў масы – не было адпаведнае традыцыі ды процідзейнічалі ўлады. Першай паўстала Нацыянал-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ), устаноўчы з’езд якой адбыўся ў чэрвені 1990 г. НДПБ была клонам БНФ, але больш радыкальным. У прыватнасці, чальцом нацдэмаўскай партыі мог быць толькі той, хто ведаў беларускую мову. Няма чаго і казаць, што НДПБ, якая прэтэндавала на месца ў партыйнай сістэме магутнага БНФ, так ніколі асаблівае вагі і не набыла.

У лістападзе 1990 г. адбываецца ўстаноўчы з’езд Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (АДПБ). АДПБ паўстала на базе шматлікіх рэгіянальных ліберальных партыяў Менску, Горадні, Віцебску. На ІІ з’ездзе лідарам партыі стаў народны дэпутатаў СРСР А. Дабравольскі. У партыю ўступілі і два дэпутаты Вярхоўнай Рады Беларусі. Узніклі моцныя фракцыі АДПБ у некаторых мясцовых радах.

АДПБ сталася першай партыяй, якая атрымала дзяржаўную рэгістрацыю (пасля кампартыі, натуральна) – адбылося гэта 19 сакавіка 1991 г. Да гэтага часу адбыліся ўстаноўчыя з’езды яшчэ дзвюх партый: у лютым – сялянскай (БСП), у сакавіку – сацыял-дэмакратычная Грамады (БСДГ). Як адзначаюць палітолагі, стварэнне БСДГ было своеасаблівым расколам БНФ. Грамада з’яднала прадстаўнікоў істэблішмэнту, незадаволеных радыкалізмам праграмы БНФ. Але ад сацыял-дэмакратыі ў БСДГ было мала чага – яе праграма ставіла на першае месца нацыянальнае пытанне. Адзначым, што ў ВР адразу пачала дзейнічаць дэпутацкая група Грамады ў колькасці каля 15 чалавек (4,3%), якая ўваходзіла ў апазіцыю БНФ. Старшыня БСДГ Міхась Ткачоў быў намеснікам старшыні БНФ.

Адзначым, што 1991-1993 гг. былі даволі “ззастойнымі” ў справе фармавання партыйнай сістэмы. Аніякіх перспектыў для новаствораных партыяў, акрамя напружанай працы, не было. А працаваць мала хто хацеў.

У 1991 г. паўсталі акрамя пералічаных яшчэ дзве партыі: БХДЗ (чэрвень 1991) і ПКБ (снежань 1991). Паўстанне апошняй было звязана з забараной Вярхоўнай Радай Беларусі дзейнасці КПБ пасля путча ДКНС (ГКЧП) 19-21 жніўня. Але нават абноўленая кампартыя мусіла дамагацца рэгістрацыю да траўня 1992 г. – амаль паўгода. Зазаначым таксама, што колішнія высокія чальцы КПБ (як прыклада Кебіч) новую партыю праігнаравалі. У ВР ПКБ аб’яднала ў сваю фракцыю 58 чалавек (16,8%), з іх толькі 12 уваходзілі ў новую кампартыю. У 1993 г. ВР скасавала сваю пастановую ад 27 жніўня аб забароне КПБ (раследванне генпракуратуры не падцвердзіла удзел беларускіх камуністаў у змове ГКЧП), і старая кампартыя была на нейкі час паглынутая новай.

У 1992 г. правялі ўстаноўчыя з’езды 5 партый: народнай згоды (ПНЗ, красавік), аб’яднаная аграрна-дэмакратачная (пасля – проста аграрная, АП, чэрвень), Славянскі сабор “Белая Русь” (ССБР, чэрвень), Беларускі навукова-вытворчы канкгрэс (БНВК, кастрычнік), Беларуская партыя зялёных (БПЗ, снежань). Паўстанне дзвюх – аграрнай і БНВК – было звязана з намерам БНФ ініцыяваць правядзенне рэферэндуму ў справе даверу да ВР ХІІ склікання. Гэтую ініцыятыву падтрымаў і Кебіч, які і загадаў стварыць гэтыя партыі для сваёй падтрымкі. Аднак у кастрычніку ВР, нягледзячы на сабраныя фронтам 450 тысяч подпісаў, забараніў рэферэндум (праз дзеянні пана Шушкевіча). АП і БНВК засталіся незапатрабаванымі, але іхныя далейшыя шляхі стануцца рознымі.

У 1993 г. утварыліся 4 партыі: Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РПТС), партыя Беларускага народнагу фронту (БНФ, створаная на выпадак, калі новы закон аб выбарах дазволіць браць у ім удзел толькі партыям; ачоліў яе таксама як і рух Пазняк), Партыя аматараў піва (ПАП), Беларуская партыя працы (БПТ). Апошняя была створана на базе прафсаюзаў.

1994 год стаўся сапраўдным бумам у партыйным жыцці – узнікла 17 новых партый. Тлумачылася гэта набліжэннем парламенцкіх выбараў (вясна 1995 г.). У 1994 г. паўсталі ліберальна-дэмакратычная (ЛДП), гуманітарная (БГП), экалагічная (БЭП), рэспубліканская (РП), “Зялёныя” (без скароту, каб адрозніць ад першай партыі зялёных выдання 1992 г.; спачатку назылася партыя “Зялёны свет), жанчын (БПЖ “Надзея”), яшчэ адна рэспубліканская (БРП), усебеларускага адзінства і згоды (ПУАЗ, ВЕС), сацыялістычная, нацыянальная (БНП, у выніку расколу НДПБ), патрыятычны рух (пасля – партыя, БПП), народная, сацыяльна-спартовая (БССП), грамадзянская (ГП), здаровага сэнсу (ПЗС), аб’яднаная спартовая (БАСП), хрысціянска-дэмакратычная (БХДП).

Пасля 1994 г. з’яўленне новых партыяў замаруджваецца: у 1995 г. узніклі народная партыя “Адраджэнне”, Хрысціянска-дэмакратычны выбар (ХДВ), АГП (у выніку аб’яднання старой АДПБ і маладой ГП), “Ачышчэнне”; у 1996 г. – Беларуская партыя “За сацыяльную справядлівасць”, КПБ (пра акалічнасці - пасля) ды БСДП “Народная Грамада” (прадукт зліцця ПНЗ і БСДГ). Пасля 1996 г. аніводнай новай партыі ў Рэспубліцы мінюст не зарэгістраваў. У 1997-1998 гг. раскалалося БСДП, з яе выйшлі ПНЗ (цяпер - СДПНЗ) і БСДГ. У 1999 г. у выніку расколу БНФ сфармаваліся ПБНФ і КХП-БНФ.

Цяпер спынімся троху на палітычным жыцці ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Пасля правалу ідэі рэферэндума (1992 г.) БНФ паступова здае ранейшыя пазіцыі. Краіна, насуперак волі фронту, далучаецца да АДКБ, у студзені 1994 г. у адстаўку апдпраўлены Шушкевіч, а ў сакавіку новы спікер Грыб падпісаў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі, у якой усё такі быў уведзены інстытут прэзідэнцтва, супраць чаго паслядоўна выступаў фронт.

Прэзідэнцкія выбары 1994 г. сталіся важнай вяхой у фармаванні партыйнай сістэмы. Тры партыі – БНФ, ПКБ і нечакана АП – вылучылі ўласных кандыдатаў. АДПБ і БСДГ падтрымалі Шушкевіча. Дарэчы, сацыл-дэмакраты выступілі ў кампаніі не лепшым чынам. Спачатку Трусаў з паплечнікамі не падтрымаў кандыдата ад БНФ Пазняка (усё такі паміж партыямі існавалі даўнія палітычныя сувязі), а пасля падклаў свінню Г. Карпенку (ПНЗ), адклікаўшы подпісы эсдэкаў і зрабіўшы немажлівым вылучэнне даволі рэспектабельнага кандыдата ад апазіцыі.

Як вядома, у выніку выбараў перамог Лукашэнка – беспартыйны папуліст (“Я не с партиями, я – с народом”). Пазняк сабраў 12% галасоў, Шушкевіч – 10%, Дубко (АП) – 6% і Новікаў (ПКБ) – 4%.

Для партыяў, як зазначаюць палітолагі, галоўным было набыццё практычнага досведу ўдзелу ў выбарах напярэдадні выбараў у Вярхоўную Раду РБ. Згодна з Канстытуцыяй 1994 г. парламент меў у Беларусі вялізныя паўнамоцтвы (дарэчы, нашмат большыя за паўнамоцтвы дзярждумы Расеі паводле Канстытуцыі РФ 1993 г. ці Вярхоўнай Рады Украіны паводле Канстытуцыі 1996 г.). Таму кампанія 1995 г. мусіла стаць няпростай.

Лукашэнка прыйшоў да ўлады як незалежны кандыдат і не меў падтрымкі ў партыях. Таму ў 1994 г. шэраг партыяў абвяшчаюць аб сваёй падтрымцы прэзідэнту, у тым ліку ПКБ і АП.

Увесну 1995 г. прэзідэнт ініцыюе рэферэндум аб змене сімволікі, наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, інтэграцыі з Расеяй і права прэзідэнта распускаць парламент. БНФ выступае катэгарычна супраць, ягоныя дэпутаты пачынаюць гадаванне ў Авальнай залі, але пасля гвалту, учыненага на загад прэзідэнта, ВР усё такі ўхваліла рэферэндум. ПКБ і АП заклікалі сваіх прыхільнікаў галасаваць так: за-за-за-супраць. БНФ – супраць па ўсіх пытаннях.

Выбары адбыліся ва ўмовах канфрантацыі паміж галінамі ўлады. Прэзідэнт і ягоная каманда фактычна рабілі спробу сарваць выбары, заклікаючы сваіх прыхільнікаў не галасаваць за дэпутатаў, а прыйсці толькі на рэферэндум. Яўка ўсё адно была вельмі невялікая. Па ўсіх пытаннях прэзідэнт перамог, і не толькі ў рэферэндуме. У ВР ХІІІ склікання было абрана ўсяго 119 дэпутатаў пры патрэбных 174.

Лукашэнка ўжо, відаць, прадчуваў спакойнае жыццё без якога-колечы парламенту (прэзідэнт прама абвясціў, што калі ў выніку другога туру выбараў ВР не будзе сфармавана, ён увядзе ў краіне прамое прэзідэнцкае кіраванне). Аднак выбарцы выявілі нечаканую актыўнасць і ўснежні было абрана яшчэ 80 чалавек – то бок усяго 199. Выбары, такім чынам, адбыліся.

Паміж першым і другім раўндамі выбараў (лета-восень 1995 г.) адбыліся змены ў партыйнай сістэме. Лібералы, якія не заявалі ў першым раўндзе аніводнага месца, паспяшаліся аб’яднацца. 1 кастрычніка ГП і АДПБ аб’ядналіся ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП). У склад партыі ўвайшлі вядомыя асобы – Карпенка, Багданкевіч (у мінулым – старшыня Нацбанка РБ, у АГП адразу быў абраны на старшыню).

Незадаволеныя былі правалам на выбарах у БСДГ (у траўні атрымала 1 месца) і ПНЗ. І там, і там усю віну ўсклалі на лідараў. Трусаў і Карпенка мусілі сысці са сваіх пасадаў. На чале БСДГ стаў адстаўны вайсковец Мікола Статкевіч, ПНЗ ачоліў супрацоўнік службы кантролю прэзідэнта Леанід Сечка. Паміж партыямі быў створаны блок – Сацыял-дэмакратычны саюз (СДС).

Адразу зазначым, што сакрушальную паразу пацярпелі БНФ і ССБР. Яны не атрымалі аніводнага мандата. Асабліва прыкра прайграў Пазняк, які ў сваёй акрузе перамог, але выбары прызналі неадбытымі праз нізкую яўку. ССБР, нягледзячы на падтрымку прэзідэнта, таксама праваліўся.

Пераможцамі выбараў справядліва можна лічыць ПКБ і АП – адаведна 44 (22%) і 34 (17%) мандатаў. На трэцім месцы апынулася ПНЗ – 8 мандатаў (4%). 7 месцаў (3,5%) заявалі лібералы. Па 2 мандаты атрымалі БСДГ і ВЕС [2]. БСП, БПП, БПТ, сацыялісты, зялёныя, народная партыя, РППС, БССП і БЭП – па 1. 47% дэпутацкаго корпусу былі беспартыйнымі.

Такім чынам, выбары вызначылі месца паасобных партыяў у палітычнай сістэме, хоць нельга перабольшваць іхнага значэння. Смешна лічыць, што, напрыклад, сацыяльна-спартовая партыя мела большую вагу за БНФ. Натуральна, не. І колькасна, і якасна БНФ быў мацнейшы, але ў фронта была адна праблемы – моцны адмоўны электарат. За яго на выбарах прагаласавала блізу 1 млн чалавек – вынік вельмі добры! Аднак у выніку асаблівасцяў мажарытарнай сістэмы выбараў гэтыя 16% выбарцаў не сталіся прэзэнтаваныя ў парламенце.

У студзені 1996 г. новая ВР сабралася на першую сэсію. У Радзе сфармаваліся 5 фракцыяў: “Згода” (60 чалавек, збольшага беспартыйныя прыхільнікі прэзідэнта), АП (49 дэпутатаў, чальцы АП і сімпатыкі), ПКБ (44), “Грамадзянскае дзеянне” (16, АГП і сімпатыкі), “Саюз працы” (15, ПНЗ, БСДГ, ВЕС, БПТ).

У новым парламенце фракцыі адразу пачалі граць вызначальную ролю. Новы старшыня ВР быў абраны ў выніку пакетнага пагаднення паміж АП, ПКБ і АГП. У склад прэзідыюму ўвайшлі прадстаўнікі гэтых фракцыяў. Аніводзін сур’ёзны законапраект не мог быць прыняты без падтрымкі фракцый.

Фактычна, у 1996 г. Беларусь атрымала даволі структураваны класічны еўрапейскі парламент. На жаль, такі парламент быў непатрэбны прэзідэнту. Далейшыя сумныя падзеі добра вядомыя. Спачатку Лукашэнка дабіў парламент, што па змоўчванні дабіла партыі.

Улетку 1996 г., у варунках шырокага палітычнага крызісу ў РБ, адбыўся аб’яднаўчы з’езд БСДГ і ПНЗ. На базе дзвюх партый паўстала БСДП(НГ), якая ўжо ўвосень фактычна раскалолася. Сечка працягваў верай і праўда служыць Лукашэнку, а Статкевіч вадзіў калоны антыўрадавых дэманстрацыяў.  У сакавіку 1997 г. была адноўлена ПНЗ (з даданнем азначэння сацыял-дэмакратычная - СДПНЗ). БСДП на чале са Статкевічам хутка перажыла яшчэ адзін раскол – з яе выйшла правая крыло, якое ў партыйнай палітры бліжэй да АГП і БНФ. Было абвешчана аб аднаўленні БСДГ (люты 1998 г.). Такім чынам замест дзвюх сацыял-дэмакратычных партыяў у 1996 г. у 1998 іх было ўжо тры.

На гэтым збольшага скончылася “рунь” беларускай палітычнай сістэмы. Ужо ў сакавіку 1998 г. мінюст распачаў жніво. Адбылася рэпетыцыя 1999 г. – на позву міністэрства Вярхоўны суд зліквідаваў БНВК, ПАП, ВЕС, БАСП, Народная партыя “Адраджэнне”, партыя “Ачышчэнне” у чэрвені – Беларуская партыя “За сацыяльную справядлівасць”, у лістападзе таго самага году – БЭП. Дзеля праўды зазначым, што ўсе гэтыя партыі ніяк не выявілі сябе на палітычным поле – за выняткам хіба мо ПАП, якая аб’ядноўвала шэраг знаных музыкаў ды мастакоў. З гэтых партыяў толькі ВЕС у 1996 г. мела прадстаўніцтва ў ВР.

У 1999 г. прэзінцкім загада Лукашэнка распачаў другую (пасля 1995 г.) перарэгістрацыю партыяў. 10 партыяў з 28 не падалі дакументы (БРП і БСП – на знак пратэсту супраць умоваў перарэгістрацыі).

Пасля перарэгістрацыі дзейнымі засталіся 17 партыяў – ПЗС у дзяржрэгістрацыі было адмоўлена. У 2000 г. мінюст зарэгістраваў новыя аб’яднанні – ПБНФ і КХП-БНФ, такім чынам, колькасць партыяў павялічылася да 18. Але ў 2004 г. была скасавана рэгістрацыі БПТ, у 2007 г. – БПЖ і БЭЗ [3].

На 2010 г. у РБ дзейнічаюць 15 партыяў. Гэта не шмат, але і не мала (у суседняй Расеі іх меней у некалькі разоў). Куды важней сутнасць партыйнай сістэмы. У Беларусі яе няма. Партыі не рэпрэзентаваныя ў органах улады (за рэдкім выняткам), не маюць дзяржфінансавання і інш.

У канцы хочацца спыніцца таксама на выбарах у Палату прадстаўнікоў 2000, 2004 і 2008 гг. Натуральна, яны рэальна не адбіваюць стаўлення насельніцтва да палітычных партыяў, і дадзеныя звесткі маюць вагу хіба для аматараў дакладнае статыстыкі. Дык вось, у 2000 г. статус пралменцкіх мелі КПБ (6 мандатаў), АП (5), РППС (2), АГП (2) [4], СДПНЗ, ЛДП і БССП  – па 1 дэпутаце. Усяго партыі мелі пад сваім кантролем 17 месцаў (15%) – у параўнанні з ВР ХІІІ склікання значны рэгрэс (ад 53%). Выбары 2004 г. выявілі далейшы заняпад партыйнай сістэмы – у ПП трапілі 8 камуністаў, 3 аграрыі і 1 ліберал-дэмакрат. У выніку выбараў у ІV Палату ў 2008 г. толькі КПБ (6) і АП (1) займелі дэпутацкія крэслы. Няўхільна змяншаецца прадстаўніцтва партыяў і ў мясцовых радах, адкуль у выніку выбараў 2010 г. амаль канчаткова выцесненая апазіцыя.

На выбарах 2004 г. апазіцыя брала ўдзел дзвюма кааліцыямі: “Свабодная Беларусь” (БСДП, Хартыя’97, блок моладзевых рухаў “Маладая Беларусь”, дэпутацкая група “Рэспубліка”) ды народнай кааліцыі “5+” (ПКБ, ПБНФ, АГП, БПТ, БСДГ). Кандыдаты ад БСДП згодна з афіцыйнымі звесткамі сабралі прыкладна 2,5% галасоў у маштабах краіны, а партыі “пяцёркі” разам – 9,5%. Але ў парламент – не патрапілі. Паводле слоў спадарыні Ярмошынай, нагадаю, мажарытарная сістэма адлюстроўвае перавагі выбарцаў найлепш.

Адзначым таксама спробы стварэння ў 2000-х гг. новыя палітычных партыйных структурураў: у 2003 г. быў створаны аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП) на чале з дэпутатам пралмаенту У. Навасядам; у 2004 г. паўстаў аргкамітэт Беларускае хрысціянскае дэмакратыі (БХД), які ўзяўся працягваць багатыя традыцыі тутэйшага хрысціянскага руху; з 2006 г. існуе аркамітэт БСДП “Народная грамада” (прыхільнікі Міколы Статкевіча); у 2009 г. у фармаце аргкамітэту была ўзноўленая БПТ – пад назвай Беларуская партыя працоўных. Зазначым, што даволі актыўную чыннасць разгарнулі хадэкі (так, чальцы аргкамітэту на мясцовых выбарах 2010 г. заваявалі ажно 3 месцы, у тым ліку 1 мандат у Асіповіцкай райрадзе). Існавалі драбнейшыя і менш знакавыя праекты – падобныя да Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода” Сяргея Скрабца.

---------

[1] То бок людзі, якія з’яўляліся чальцамі Фронту. А ўсяго  Апазіцыя на пачатку лучыла 48 чалавек – болей 10% месцаў.

[2] ВЕС была свтораная Міколам Шэляговічам – ведамым лідарам “палескага нацыянальнага руху” і займала сацыял-дэмакратычныя пазіцыі. Пасля кіраўніком партыі быў вядомы “малады воўк” Зміцер Булахаў.

[3] Дарэчы, апошняя ў сакавіку 2007 г. правяла з’езд, які ухваліў пастанову аб самарспуску. Мінюст гэтую пастанову не прызнаў за праўную, бо на з’ездзе прысутнічалі ўсяго 15 чалавек.

[4] Паколькі АГП байкатавала выбары, дык абодва гэтыя дэпутаты – Навасяд і Марозаў – прыпынілі сяброўства ў партыі.

 

Папярэдняе:
http://www.arche.by/by/35/30/5165
http://nmnby.eu/news/analytics/3066.html
http://nmnby.eu/news/analytics/3055.html