Партыйная сiстэма Беларусi

Нарыс палітычнай гісторыі ў святле генезісу і эвалюцыі шматпартыйнасцi (працяг)

Партыйная сiстэма БеларусiІІ. РЭПЕТЫЦЫЯ СУЧАСНАЦІ, АЛЬБО БЕЛАРУСКІЯ ПАРТЫІ Ў К. 1910-К.1930-Х ГАДОЎ

1917-1939 гг. – часы, калі на Беларусі (заходняй ці ўсходняй) партыі мелі пэўныя мажлівасці для сваёй легальнай дзейнасці. Гэты перыяд якасна адрозніваўся ад папярэдняга і ад наступнага. Спачатку, у лютым 1917 г., пала імперыя, на парэштках якой імкліва ўзнікалі новыя дзяржаўныя ўтварэнні самых розных афарбовак. Потым, у 1921 г., Беларусь апынулася падзеленая на дзве часткі паміж Польшай і Расеяй. Нарэшце, у 1939 г. гэты падзел ува ўмовах пачынання новай сусветнай вайны быў зліквідаваны. Разам з “вызваленчымі” атрадамі РСЧА ў Заходнюю Беларусь прыйшлі і савецкія парадкі, галоўная адзнака якіх з сяр. 1920-х гг. – юрыдычная аднапартыйнасць.

Чаму рэпетыцыя сучаснасці? Бо як і сёння, так і тады, беларускія палітычныя партыі за рэдкім выняткам не маючы прадстаўніцтва ў парламенце ды вялікай колькасці сяброў усё адно не маглі дайсці да ладу, стварыць адзіную кааліцыю ці блок, паміж імі існавалі шматлікія рознагалоссі, увесь час узнікалі сутычкі. Гэты, дарэчы, часцяком і не давала ім рэалізавацца ў парламенцкай дзейнасці. Але аб усім – па парадку.

Яшчэ да краху манархіі, у 1915 г., Заходняя Беларусь была падбітая немцамі. Хоць тыя таксама партыяў не дазвалялі, але Вільня адразу стала цэнтрам нацыянальнага руху – тут узнік Беларускі народны (т. б. нацыянальны) камітэт (БНК, падпольны, ст. – А. Луцкевіч), Беларускі клуб  (дазволены немцамі, лідар – І. Луцкевіч). На базе прафсаюзаў у канцы 1915 г. паўстала Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), якая абвесціла сябе часткай БСГ, таму можна лічыць, што ўжо ў 1915 г. адбылося аднаўленне “старой баявой адзінкі”. Ёсць звесткі, што тадысама паўстаў і Віленскі камітэт БСГ.

У той жа час – канец 1915 г. – адбылося арганізацыйнае афармаленне першай правай беларускай партыі – Хрысціянскай злучнасці. Злучнасць узначалілі знаныя лідары беларускай правіцы – барон Роп, князь Святаполк-Мірскі, барон Шафнагель, В. Гадлеўскі, А. Астрамовіч (А. Зязюля). Такім чынам, беларускі хрысціянскі рух, які яшчэ ў 1913 г. займеў уласную газету, набыў рысы партыі. Злучнасць зазвычай адносяць да ліберальных партый.

У канцы 1916 г. было абвешчана пра стварэнне яшчэ адной правай партыі – Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БНПС, энэсы). Але стварэнне партыі да лютага 1917 г. завяршыць не паспелі, і яеная першая праграма будзе ўхвалена троху пазней.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі адкрыліся небывалыя мажлівасці для грамадскага жыцця, у тым ліку і для стварэння партый. Выйшлі з падполля сацыялісты – ПСР, РСДРП(б), меншавікі, ТПНС і інш., якія пачалі імклікава пашырацца. На Беларусі ўжо ў сакавіку найбольшым уплывам валодалі акурат эсэры. Іхная праграма сацыялізацыі зямлі карысталася папулярнасцю сярод сялян, якія складалі 90% насельніцтва краю.

25-27 сакавіка 1917 г. адбыўся І беларускі нацыянальны з’езд – фактычна, з’езд разнастайных беларускіх палітычных арганізацый і рухаў, які, аднак, абвесціў сябе краёвай уладай. Дамінавалі на з’ездзе прадстаўнікі БСГ, якая незадоўга да яго пачатку была афіцыйна адноўлена. У створаным Беларускім нацыянальным камітэце (БНК) з 18 чальцоў 10 былі грамадоўцамі. Аднак, раскіданыя па ўсёй імперыі (як, напрыклад, В. Іваноўскі), яны не маглі ўплываць на працу каміэта. Да таго ж, на чале БНК стаў ідэйна блізкі да БНПС Р. Скірмунт. У склад камітэту увайшоў і адзін прадстаўнік Хрысціянскай злучнасці.

У траўні 1917 г. адбылося афармленне БНПС. Была ўхваленая яе праграма, якая насіла ўмераны ў параўнанні з праграмай БСГ характар. У траўні, на з’ездзе кнсяндзоў-беларусаў, завяршылася арганізацыя хадэкаў. Была ўхвалена першая праграма партыі і ўдакладнена назва – у святле новых тэндэнцыяў дадалося слова дэмакратычная (ХДЗ). ХДЗ і БНПС сталіся галоўнымі партыямі правіцы, процістаяла ім у асноўным БСГ. Асобкам трымалася Беларуская народная грамада (БНГ), створаная ў траўні 1917 г. у Маскве беларусамі-уцекачамі. БНГ межавала з заходнерусамі[1], яе праграма у нацыянальных патрабаваннях была вельмі памяркоўнай.

На пазіцыях заходнерусізму стаялі і шматлікія рэгіянальныя ўтварэнні – кшталту Саюзу беларускай дэмакратыі ў Гомелі, Беларускага камітэту ў Магілёву, Беларускага камітэту ў Воршы, Беларускага народнага саюзу ў Віцебску. Гэтая арганізацыя, фарбуючыся ў беларускія ды дэмакратычныя колеры, заставаліся, аднак, у сутнасці абаронцамі старога імперскага ладу. У 1917 г. яны бралі ўдзел у выбарах ва Устаноўчы сход, але іх напаткае няўдача. Затое віцебскі БНС меў даволі значнае прадстаўніцтва ў віцебскай гарадской думе.

Цікава адзначыць эвалюцыю магілёўскага камітэту, які спакваля перайшоў на сапраўды нацыянальную платформу. У 1918 г. ён падтрымае БНР.

У ліпені 1917 г. адбыўся ІІ нацыянальны з’езд. На ім гучала вострая крытыка БНК і ягонага старшыні Скірмунта. Плён ад дзейнасці камітэту сапраўды быў невялікі – у той час, калі суседняя Украіна ўжо пайшла па шляху фармавання падмурку аўтаноміі, беларусы не мелі нават абяцанняў ад ураду (знакамітае “Россия не этнографический музей!”). БНПС і ХДЗ разумелі, што БСГ маніцца аднаасобна ўзначаліць новы кіраўнічы орган. Скірмунт паспяшаўся пайсці ў адстаўку і абвясціў нават пра сваё далучэнне да энэсаў. Пасля адбыліся выбары Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (ЦРБА). Правыя вылучылі на старшыню Рады кандыдатуру П. Алексюка (БНПС), але ён, натуральна, праваліўся. Тады чальцы БНПС пакінулі з’езд.

І сапраўды, ЦРБА была выняткава грамадоўскім органам. На чале рады стаў Язэп Лёсік, у складзе выканкаму першага складу былі адны грамадоўцы. Але ЦРБА мела яшчэ меней плёну за БНК.

Адзначым яшчэ адну цікавую арганізацыю, якая паўстала ўвесну 1917 г. – Беларускую партыю аўтанамістаў (БПА). БПА існавалі сярод уцекачоў за межамі Беларусі і актыўнай ролі ў палітычным жыцці не адгуляла, але затое валодала даволі цікавай праграмай (верасень 1917 г.). Аўтанамісты патрабавалі шырокай аўтаноміі для Беларусі без разрыву з Расеяй, а ў папаравах да праграмы, надрукаваных у кастрычніку 1917 г., патравабалі ад Часовага ўраду тэрмінова надаць Беларусі статус аўтаноміі.

Некаторыя лідары БСГ у жніўні 1917 г. на І сэсіі ЦРБА вымагалі абвесціць аўтаномію, падобна Украіне, “рэвалюцыйным” шляхам.

Асноўнай сілай беларускага нацыянальнага руху заставалася левая БСГ. У чэрвені 1917 г. грамада паспрабавал зладзіць ІІІ з’езд парты, але праз унутраныя канфлікты ён пазней быў зніжаны да канферэнцыі. Абраны ЦК і ўхваленая праграма набылі паметку “часовых”. Старшынём часовага ЦК БСГ стаў замест правага А. Смоліча, які ўзначальваў партыю з сакавіка, З. Жылуновіч, які належаў да левай плыні ў партыі.

Адзнакай сілаў паасобных партыяў сталіся дэмакратычныя выбары ў органы самаўраду – земствы, мескія думы, рады. Беларускія партыя збольшага пацярпелі паразы, так, у Менску 1 мандат у думе атрымала БНПС (яна брала ўдзел у выбарчай кампаніі ў складзе шырокага сацыялістычнага блоку), ува ўсходніх местах – тутэйшыя заходнерусы: СБН у віцебскай думе меў 7%, Беларускі камітэт у Магілёўскай 9,4%. Дамінавалі амаль паўсюдна расейскія сацыялісты: у Менску эсэры атрымалі 32,9% месцаў у думе, у Магілёве перамогу атрымаў блок сацыялістаў (45,9%), у Віцебску – блок памяркоўных сацыялістаў (36,9%). Бальшавікі атрымалі нязначную колькасць галасоў (напрыклад, 16% у Віцебску паглядаюцца паспяховымі).

У кастрычніку 1917 г., напярэдадні чарговага за год дзяржаўнага перавароту, актывізуецца і беларускі рух. Адбываюцца адразу тры прадстаўнічыя форумы: з’езд вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту, ІІ сэсія ЦРБА і ІІІ з’езд БСГ (усе тры праходзілі паралельна). Адзначым найбольш важныя выніка гэтых сходаў: стварэнне Вялікай Беларускай рады (ВБР) з прэтэнзіямі на дзяржаўную ўладу, стварэнне Цэнтральнай вайсковай беларускай рады (ЦБВР) і прыняцце новай праграмы БСГ. У склад выканкаму ВБР увайшлі два прадстаўнікі энэсаў. Такім чынам, адбывалася кансалідацыя беларускіх партый.

Продолжение следует

См. также: http://nmnby.eu/news/analytics/3055.html



[1] У складзе партыі быў ведамы “зубр” заходнерусізму Л. Саланевіч.