Выбары 19 снежня праходзілі асабліва: калі раней прыходскія актывісты і святары ў большай меры падтрымлівалі дзеючага Прэзідэнта, то цяпер сярод гэтай групы выбаршчыкаў у Лукашэнкі з’явіўся канкурэнт — права слаўны Віталь Рымашэўскі.

Падобная сітуацыя магла скласціся і ў 2001 г., калі на выбарах прэзідэнта сваю кандыдатуру вылучаў дырэктар заводу «Атлант» і вядомы ў праваслаўных колах мецэнат Леанід Калугін. Так, Лукашэнка заўжды быў «нашым», хоць атэістам, але «праваслаўным», але ў канкурэнцыі з «праваслаўным вернікам» у гэтым сектары грамадства Лукашэнка заўжды прайграваў. Віталь Рымашэўскі, як і БХД у цэлым, зрабілі стаўку на рэлігійна ангажаваных людзей, нават на пэўную — царкоўную — субкультуру, і тут не прагадалі. Архімандрыты і вядомыя духаўнікі, акія адчуваюць сваю еднасць з адзіным рускім народам, актывістыкі праваслаўных сястрынстваў, што шануюць цара Мікалая ІІ, і актывісты праваслаўных брацтваў, што мараць аб аўтакефаліі, простыя сельскія святары і семінарысты, што галасавалі б пры іншым раскладзе за Лукашэнку, цяпер выказвалі сваю падтрымку Віталю Рымашэўскаму, які ўпэўнена браў гэтыя 1-2% беларускага грамадства (з якімі часта асацыююць больш шырокія праваслаўныя 50-80%). І часта ўнутраная матывацыя тут была не ў тым, каб раздзяляць палажэнні праграмы кандыдата, але вось у такой субкультурнай ідэнтыфікацыі: «ён такі як мы, ён рэгулярна прычашчаецца», і менавіта таму за яго трэба галасаваць, нават калі ён беларускамоўны, не за еднасць з Расеяй і г. д.

Тады, у 2001 г., шырокую грамадскасць не вельмі цікавіў лёс «кандыдата ў кандыдаты» Леаніда Калугіна, які паплаціўся за сваю няўдалую спробу вылучыцца. Пазбаўлены сваёй пасады, пад следствам, праваслаўны дзяяч вымушаны быў лячыць сваю душу не толькі ў царкве, але і ў спецыялізаванай установе, выйшаўшы адкуль ён прыняў манаства і нават затворнцітва і сыйшоў з публічнай палітыкі. Якая тады была рэакцыя царквы, сказаць складана. Кажуць, іерархі, у т. л. расейскія, звярталіся да Лукашэнкі, спрабуючы аблегчыць лёс свайго былога мецэната. Але ніякіх адкрытых і публічных заяваў не было, усё вырашалася, калі і вырашалася, за зачыненымі дзвярыма, на сваім наменклатурным узроўні. Тым больш, што і сам Калугін быў чалавекам «вялікім» і «намеклатурным», і праваслаўе ягонае было хоць і шчырым, але «намеклатурным», з навядзеннем «праваслаўных» парадкаў на заводзе, будаўніцтвам там храму, посным меню ў сталоўцы, нядзельнымі школкамі прама ў заводскіх інтэрнатах.

Кандыдат жа Рымашэўскі — чалавек іншага праваслаўнага тыпу: ён не дырэктар і не генерал; не мецэнат-бізнэсовец; затое вывучаў багаслоўе ў досыць ненаменклатурнай навучальнай установе — Свята-Філарэтаўскім Інстытуце ў Маскве; хоць і быў адным з лідэраў праваслаўнага брацтва ў гонар дабр. кн. Канстанціна Астрожскага пры Свята-Петра-Паўласкім саборы, аднак у гэтага брацтва была асаблівая «апазіцыйная» рэпутацыя. Таму і ў параўнанні з «намеклатурным» Калугіным, ягоная пазіцыя ў царкоўных колах не была такой цвёрдай. Тым не менш, можна з пэўнасцю адзначыць, БПЦ Віталя Рымашэўскага не «здала». Дастаткова было адной маленечкай «рэплікі прэс-службы» каб падмачыць рэнамэ праваслаўнага кандыдата, і такой рэплікі не паследавала. Больш за тое, калі ў 2009 г. дыякан Кураеў выступіў па Беларускім тэлебачанні са словамі, якія маглі быць з пэўнасцю інтэрпрэтаваныя як крытыка БХД, БПЦ, вуснамі адказнага за сувязі са СМІ архім. Аляксія Шынкевіча, выступіла з крытыкай Беларускага тэлебачання і дыякана Кураева, назваўшы фільм «палітычным паклёпам і фальшыўкай».

І вось, 19 снежня адбыліся вядомыя ўсім падзеі. Першы прадстаўнік царквы з рэакцыяй на іх — прот. Фёдар Поўны — з’явіўся ў вечаровым эфіры тэлеканала АНТ., у час усім памятнага ток-шоў. Ён ўпэўнена асуджаў тых, хто ў гэты момант быў на пл. Незалежнасці. Ад прот. Фёдара іншага і чакаць было нельга, бо ў беларускай царкве і беларускай палітыцы гэты святар мае спецыфічную ролю. Адзін з самых уплывовых святароў БПЦ, узначальвае дэпартамент па знешнеэканамічных сувязях, менавіта з якім звязаная дзейнасць скандальнага прадпрыемства «Дыяканія», настаяцель прыхода «Ўсіх святых» з вядомым домам міласэрнасці і храмам-помнікам, у закладцы якога прымаў асабісты ўдзел Лукашэнка, з якім прот. Фёдара звязалі блізкія прыязныя стасункі. Фактычна, менавіта Фёдар Поўны становіцца пасярэднікам у стасунках паміж Прэзідэнтам і Беларускім Экзархатам. Вядома, ад такога прадстаўніка царквы нельга чакаць іншага.

Наступным элементам стала віншаванне А. Лукашэнкі з пераабраннем на прэзідэнцкую пасаду Патрыярха Маскоўскага Кірыла, у якім ён падкрэсліў «узровень народнага даверу», «сістэму царкоўна-дзяржаўнага партнёрства» і неабходнасць ісці «па шляху развіцця брацкіх стасункаў з Расеяй». Пра Патрыярха таксама варта сказаць некалькі словаў. У час візіта ў Мінск у верасні 2009 г. Патрыярх выказаў сваё досыць скептычнае стаўленне да дзейнасці А. Лукашэнка ў якасці Прэзідэнта, а сам А. Лукашэнка выказваў незадаволенасць Патрыярхам, праігнараваўшы ягоны выступ у Палацы Рэспублікі. Больш за тое, у стасунках «Патрыярх-Лукашэнка» апошні дазваляў сабе шэраг правакацыйных крокаў — пачынаючы ад візіту ў Ватыкан быццам бы ад імя Патрыярха, і скончваючы візітам у Канстанцінопаль, быццам бы таксама з блаславення Патрыярха. Апошні год назіралася яскравае пахаладанне стасункаў Лукашэнкі і БПЦ, Лукашэнкі і РПЦ, адзінае, што заставалася пэўным — гэта стасункі Лукашэнкі ўсё з тым жа прот. Фёдарам. Тым не менш, вядома, што Патрыярх Кірыл, нягледзячы на незадаволенасць дзеяннямі Лукашэнкі, менавіта на яго зрабіў стаўку як на пра-расейскага, адпавядаючага інтарэсам Рускай Праваслаўнай Царквы, Расейскай дзяржавы, і ўсяму «рускаму свету». Кажуць, што менавіта Патрыярх спрыяў прымірэнню беларускага Прэзідэнта з Крамлём, няледзячы на ўсе «пацёмкінскія вёскі» дзяржаўна-царкоўнага супрацоўніцтва ў Беларусі.

Калі мы вызначылі, што пасярэднікам паміж БПЦ і беларускім рэжым з’яўляецца Фёдар Поўны, то ці нельга дапусціць, што ён жа з’яўляецца пасярэднікам і паміж беларускім рэжымам і РПЦ? Ёсць некалькі фактаў, якія сведачаць на гэтую карысць: у час візіту Патрыярха ў Мінск менавіта прыход прот. Фёдара Поўнага, які, нагадаем, атрымлівае вялікую падтрымку з боку асабіста Прэзідэнта, наведаў Патрыярха аж двойчы, гэты сімвал сімфоніі асобна-ўзятага прыходу і дзяржавы. Менавіта прот. Фёдар Поўны арганізаваў лекцыі блізкага да Патрыярха протд. Андрэя Кураева, каторы выступіў па Беларускім тэлебачанні ва ўжо згаданым фільме супраць БХД (а прот. Фёдар мае таксама непасрэднае дачыненні да БТ, вядзе там перадачу). Дарэчы, пазіцыя ў абарону БХД, выказаная архім. Аляксіем Шынкевічам, Кураевым інтэрпрэтуецца досыць адназначна: такім чынам архімандрыт Аляксій проста спрабуе адцясніць ад мітрапаліта прот. Фёдара Поўнага! Здавалася б, прычым тут Ф. Поўны да сюжэту супраць БХД? Але аказваецца, прычым. Больш за тое, там жа Кураеў намякае і пра будучую адстаўку архім. Аляксія, якія ўрэшце і адбываецца ўлетку, напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, апальнага святара абвінавачваюць у «эксцэнтрычнасці». Ці не сведчанне гэтага таго, што архім. Аляксію не ўдалося «адціснуць» прот. Фёдара, а акурат наадварот, прот. Фёдару ўдалося адціснуць чалавека, якія дазваляў сабе выказаць пазіцыю? Такім чынам, можна сцвярджаць, што месца Поўнага становіцца ўсё больш і больш трывалым, ён цалкам можа прэтэндаваць на ролю пасярэдніка, і, такім чынам, уплываць і на пазіцыю Патрыярха, робячы яе больш лаяльнай для свайго «пратэжэ», магчыма, што прот. Фёдар прыклаў руку і да віншавання Патрыярха Лукашэнку з пераабраннем, віншавання, якое абурыла ці расчаравала многіх праваслаўных беларусаў, абурылі і дзеянні дзяржавы 19 студзеня.

Як рэакцыя на дзеянні рэжыму — жорсткі разгон на Кастрычніцкай плошчы і масавыя рэпрэсіі — шэраг праваслаўных беларусаў дасылае царкоўнаму кіраўніцтву шэраг лістоў з просьбай заняць пазіцыю адносна падзеяў 19 снежня. Больш за тое, гэтыя лісты друкуе афіцыйнай газета Мінскай епархіі «Царкоўнае слова» з накладам 5000 тыс. асобнікаў. Дарэчы, першым рэдактарам газеты «Царкоўнае слова» быў ужо згаданы архім. Шынкевіч, зараз гэтая газета выдаецца ў Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска. «У гэтых лістах — трывога і занепакоенасць лёсам зняволеных, клопат аб стане здароўя пацярпелых, просьбы да Мітрапаліта Філарэта здзейсніць місію міратворчасці, міласэрнасці і яднання ў беларускім грамадстве» — каментуе лісты рэдакцыя «Царкоўнага слова», і незалежныя сродкі масавай інфармацыі трыюмфуюць: нарэшце БПЦ заняло пазіцыю! Да гэтага дадаецца яшчэ і адсутнасць віншавання з боку мітр. Філарэта Лукашэнку, і малюецца новы, дагэтуль незнаёмы, апазіцыйны вобраз тых, каго звычайна апазіцыйная грамадскасць вінаваціць у антыбеларускасці, антыдэмакратычнасці, каланіяльнасці і г. д. Настолькі, што дэмакратычная грамадскасць не заўважае, што ў тым жа «Царкоўным слове» даецца і стрыманы каментар епархіі ад імя газеты: «Пры гэтым святар нясе выключна духоўную місію, не ставячы перад сабой задачы ацэнкі дзеянняў правасуддзя», «Беларуская Праваслаўная Царква ніколі не заклікала веруючых да выражэння тых ці іншых палітычных перавагаў, тым больш, калі гэта звязана з парушэннем дзеючага заканадаўства» і падобныя сентэнцыі. Безумоўна, гэта не наўпроставае асуджэнне дзеянняў тых, хто не прызнаў перамогі А. Лукашэнкі, аднак паміж радкоў чытаецца, што ўмешвацца Царква і займаць пазіцыю не будзе. Для кагосці гэта ўжо шмат, але відавочна, што царкоўнае кіраўніцтва проста не змагло цалкам праігнараваць грамадзянскае дзеянне праваслаўнай грамадскасці; менавіта пазіцыя пэўных колаў праваслаўнай грамадскасці тут вартая адзнакі: няхай, пазіцыі кволай і выказанай пакуль яшчэ ціхім голасам, але пазіцыі, якая фарміруецца, якая набывае абрысы. Важна адзначыць і пазіцыю «Царкоўнага слова» як сродка масавай інфармацыі, якое не пабаялася надрукаваць лісты; аднак пазіцыю пакуль нельга прыпісваць кіраўніцтву БПЦ, якое не прымусіла доўга чакаць і сумнявацца, і ў асобе Мітрапаліта Філарэта выказала благаславенне А. Лукашэнкі на ягонае прэзідэнцтва на Раство і на інаўгурацыі. Былі спробы пабачыць у выступах Мітрапаліта «фігу ў кішэні» ў выглядзе іконы Яна Прадвесніка (вядомага сваім выкрываннем грахоў уладароў) у якасці падарунка на Раство ці ў нейкіх формулах выступу на інаўгурацыі, аднак наўрад можна сур’ёзна называць гэта «выказваннем пазіцыі».

Аднак відавочна, што са свайго боку, Лукашэнка яскрава дэманструе стаўленне да БПЦ, пэўна, ён чакаў ад яе большага. І вось, нават на Раство Лукашэнка ідзе не ў кафедральны сабор, куды, дарэчы, ён стаў зазіраць усё радзей і радзей, а на больш камфортную для сябе тэрыторыю — у храм Усіх святых, да свайго сябра прот. Фёдара Поўнага. Магчыма, Лукашэнка нават такія «фігі ў кішэні» і невыказванне падтрымкі лічыць для сябе абразай? Магчыма, ён хоча прадэманстраваць, чыя пазіцыя ў БПЦ заслугоўвае ўхвалення з боку дзяржавы? Пра матывы можна толькі здагадвацца, але факт пахаладання стасункаў навідавоку.

Акрамя лістоў у «Царкоўнае слова», з лістамі да Патрыярха — больш жорсткімі і цвёрдымі ў сваім змесце — звяртаюцца Вольга Іпатава і шэсцьдзесят праваслаўных вернікаў, спабуючы заклікаць апошняга да больш адпаведнай беларускай рэчаіснасці рэакцыі. Аднак Патрыярх, выступаючы на архіярэйскім саборы, паказаў, якім чынам бачыць беларускую рэчаіснасць: «Царкоўна-дзяржаўныя стасункі ў Беларусі сведчаць пра разуменне дзяржавай магчымасцяў, якія дае грамадзяніну вера, злучаная з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй». У прыватнасці, Патрыярх адзначыў наступныя станоўчыя моманты: 1. Закон аб свабодзе сумлення адзначае вызначальную ролю Праваслаўнай Царквы; 2. Дзейнічае рамачнае пагадненне БПЦ з дзяржавай, а таксама дванаццаць пагадненняў з рознымі ведамствамі; 3. Рэгістрацыя права інтэлектуальнай уласнасці на слова «праваслаўная» выключна за БПЦ; 4. Зацверджаны міністэрствам адукацыі факультатыўны курс «Культура і рэлігія»; 5. Ёсць іншыя дасягненні супрацоўніцтва Царквы са свецкімі адукацыйнымі ўстановамі; 6. Праводзіцца рэалізацыя эксперыментальнага праекту па распрацоўцы па-занавучальных курсаў і факультатываў, арыентаваных на духоўна-маральнае выхаванне ў духу праваслаўных традыцый; 6. Курс «тэалогія» у БДУ і ВДУ; 7. Досвед узаемадзеяння БЭ і Дэпартамента выканання пакаранняў. Недахопы ж Патрыярх бачыць у тым, што хаця дзяржавай створаныя ўсе законныя падставы для выхаваўчай і факультатыўнай працы, кіраўніцтва школаў, садкоў і з боку прадстаўнікоў органаў кіравання ствараюцца перашкоды ў рэалізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі.

Альбо Патрыярх, ведаючы аб рэальным стане царкоўна-дзяржаўных стасункаў бачыць у пералічаных «фармальных» палажэннях дастатковыя прычыны падтрымліваць Лукашэнку, альбо ён шукае для сябе апраўданні ў гэтым, аргументуючы інтарэсамі Царквы, заплюшчваючы вочы на тое, што ўсё пералічанае, па сутнасці, «пацёмкінскія вёскі», за якімі не стаіць практычна ніякага маштабнага супрацоўніцтва. Альбо некаму ў Беларусі, хто рыхтуе для Патрыярха аналітычныя запіскі аб стане рэчаў, выгадна, каб Патрыярх верыў у гэтыя «пацёмкінскія вёскі», спісваючы ўсе няўдачы канкрэтнай рэалізацыі праграм на дырэктараў школ, кіраўнікоў дзіцячых садкоў і ніжэйшых начальнікаў. Каму гэта можа быць выгадна? Альбо тым, хто хоча абяліць беларускі рэжым і прадставіць яго як абаронцы праваслаўнай царквы, альбо той, хто хоча абяліць БПЦ, якая, фактычна, запісвае ў свой «трыюмф» неіснуючыя перамогі.

На мой погляд, зараз у Праваслаўнай Царкве адбываецца нешта больш маштабнае, чым увядзення праваслаўе ў школах. І гэта больш маштабнае — фармаванне суб’ектнасці праваслаўнай грамадскасці. Правінцыйныя бацюшкі збіраюць на прыходзе грошы для дапамогі вязням і прывозяць на Ўправы БНФ. У розных храмах служацца малебны за здароўе зняволеных. Пад лістом да Патрыярха імкнуцца паставіць подпісы шанаваныя ў БПЦ святары. У блогах праваслаўныя пішуць пра тое, якой мае быць роля царквы ў палітыцы, якой мае быць пазіцыя царквы. І тут Патрыярх мае рацыю, мы можам назіраць сведчанне аб тых магчымасцях, якія дае грамадзяніну вера, злучаная з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. І гэта пазіцыя нараджаецца не зверху, а з сярэдзіны царквы. І на гэтую пазіцыю можна мець надзею. Бо калі з пазіцыяй, якая вынікае з разумення сацыяльнай этыкі, а не з палітычнай кан’юктуры, выступіць вышэйшае праваслаўнае кіраўніцтва, яно зробіць гэта толькі пад ціскам праваслаўных вернікаў.

Тут можна пагадзіцца і з Кастусём Шыталем — улады паставілі Цэрквы перад сур’ёзным маральным выбарам, зрэшты, гэты выбар стаіць ужо даўно, але цяпер у гэтым полі пачынаюць з’яўляцца новыя гульцы.