Трэба вучыцца выбіраць, таму што выбар ёсць заўжды

Для чалавека, які цікавіцца палітычнымі навінамі зрэдку, маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары выглядаюць нязвыкла: у адрозненне ад папярэдняй кампаніі 2006 года, зараз апазыцыя не ідзе на выбары з адзіным кандыдатам, і падобна што яна нават не мела шанцаў вызначыць такую фігуру. Некалькі кандыдатаў з большай ці меньшай ступенню ўпэўненасці заяўлялі пра намер “ісці да канца”, і ніводная з канкуруючых працэдураў вызначэння “адзінага” не прывяла да поспеху. Шмат у чым тут вінаватыя амбіцыі асобных палітыкаў, шмат у чым – прыватныя інтарэсы паасобных грамадска-палітычных структураў. Шараговы выбаршчык дэзарыентаваны, заблытаўшыся ў нязвыклай карціне палітычнага жыцця, што страціла чорна-белы характар і набыла больш разнастайных адценняў.

На фоне гэтага багацця кандыдатаў настойліва распаўсюджваецца расчараваная ацэнка, быццам бы айчынны палітычны клас пераўтварыў свой удзел у выбарах у атракцыён для ўласнага задавальнення. Маўляў, цяпер апазыцыйныя палітычныя структуры вырашаюць праблемы ўласнага існавання, а іх сябры вырашаюць праблемы ўласнага забеспячэння. Сцвярджаецца, што крамлёўскія сілы быццам бы дамовіліся  не адхіліць Лукашэнку ад улады, але зрабіць яго больш кіраваным, і з гэтай мэтай каардынуюць супольны ўнутраны і знешні ціск на беларускі рэжым. Частка апазыцыі за някепскі ганарар дапамагае гэтаму супольнаму ціску, а ад звычайнага грамадзяніна тут быццам бы мала што залежыць.

Але беларусам не варта хавацца за ўласную бездапаможнасць перад тварам дыктатрскай улады і моцных знешніх суб’ектаў. Толькі маўклівая згода абыякавых альбо актыўная калабарацыя памагатых рабіла магчмымі самыя чорныя справы, што рабіліся цягам гісторыі на наашай зямлі знешнімі варожымі сіламі.

Насамрэч, няўпэўненасць у стратэгіях палітыкаў, разгубленасць перад наяўнасьцю розных палітычных прапановаў – нармальная сітуацыя для дэмакратычнай палітыкі, звычайныя складанасці грамадзянскага выбару. Трэба вучыцца выбіраць – палітыкі, актывісты апазыцыйных рухаў ці аналітыкі-эксперты не дадуць грамадзяніну унівэрсальнага, гатовага і відавочна адзіна правільнага рашэння.

Выбараў у Беларусі па ранейшаму няма, але грамадзянскі выбар - ёсьць.

Шараговаму выбаршчыку, які прызвычаіўся да спрошчанага палітычнага ландшафту “дэмакраты-лукашысты” – складана разабрацца. Карціна стала больш разнастайнай. Спакуса спрашчэння, спакуса глядзець на палітыку як на гульню адной светлай і адной цёмнай сілаў – гэта рызыка апынуцца на баку цемры. Нажаль, цёмных сілаў можа быць і дзве. Альтэрнатыва “ці за Лукашэнку – ці за любога, хто супраць яго”, якая штучна навязваецца нам, мае на мэце схіліць нас быць “за Крэмль”.

Даўно расейскі чыньнік не адыгрываў такой істотнай ролі на беларускай палітычнай сцэне. Расея з 2008 году, з часу інтэрвенцыі ў Грузію, перайшла да актыўнага ўмяшальніцтва ў палітычнае жыццё краінаў СНД – і цяпер дайшла чарга і да Беларусі. Свядома хлусяць тыя, хто абмяжоўвае ролю Масквы ціскам на Лукашэнку па вузка-эканамічных пытаннях – цяпер Рсея мае амбіцыі для вядзення больш складаных гульняў, і нядаўні досьвед Кыргызстана ёсьць лепшым доказам. Намі заняліся ўсур’ёз.

У гэтых прэзідэнцкіх выбарах Расея рэалізуе ўласны сцэнар. Я казаў пра гэтую пагрозу на мінулым з’ездзе Партыі БНФ у траўні – а цяпер гэтая пагроза відавочна кожнаму. Безадкзнасць некаторых дэмакратычных структураў прывяла да таго, што яны апынуліся саўдзельнікамі гэтага сцэнара. Падкрэсліваю: гаворка ідзе не пра банальную падтрымку асобнага “прарасейскага кандыдата” – справа больш сур’ёзная і сцэнар  асноўнага сюжэту гэтай выбарчай кампаніі пішацца ў Маскве.

Адказнасць палягае на кожным з нас, на кожным з беларускіх патрыётаў. Аналітыкі-публіцысты не выратуюць Беларусь, таксама як яе не выратаюць прадажныя палітыкі, у тым ліку тыя што пры ўладзе. Тыя ж апазыцыянеры, хто занятыя пытаньнямі ўласнага выжываньня, павінныя спыніцца. Кажуць, усё тое добра для краіны, што супраць Лукашэнкі? Кажуць, грошы не пахнуць? Але нават тыя, хто грошаў пакуль не атрымаў, але толькі чуў іх пах – ня могуць падманваць сябе: гэта смярдзіць настоены на стогадовых войнах, інтрыгах і здрадах расейскі імпэрыялізм.

Іншыя кажуць, што наўрадці Расея цяпер пазбавіцца ад “сваяго сукінага сына”. Маўляў, папужаюць, прымусяць аддаць ласыя кавалкі народнай маёмасці – і пакінуць у спакоі. Сапраўды, да планаў юрыдычнай ліквідацыі Рэспублікі Беларусь справа можа і не дойдзе – амбіцыі расейскіх імперыялістаў сёньня абмежаваныя наяўнымі магчымасьцямі. А вось пазбаўленьне нашай краіны сапраўднага сувэрэнытэта і незалежнасьці – пагроза рэальная. Тым хто цяпер падагравае вогнішча ў імя расейскіх інтарэсаў варта памятаць, што расейскі сцэнар можа скончыцца пакіданьнем на пасадзе таго ж Лукашэнкі, ужо ў статусе “губернатара-сматряшчага”. Досьвед такіх аперацыяў у імперыі ёсьць, а ранейшыя апантаныя супернікі Крамля могуць пераўтварыцца ў верных сатрапаў. У выніку ў Беларусі можа ўсталявацца адкрыта марыянеткавы рэжым, які яшчэ мацней будзе прыгнятаць краіну як ў нацыянальна-культурнай, так і ў эканамічнай сферы.

Варта памятаць, што расейскі імперыялізм у адрозьненьне ад 90-х гадоў ідзе на захоп Беларусі пад ліберальнымі і нават псэўдадэмакратычнымі лозунгамі. Але па справах іх пазнаеце іх.  Таксама як пазнаеце і іх памагатых, якія ўсе апошнія 16 гадоў імкнуцца павыгодней прадацца “русским друзьям” – і вось цяпер яны цешацца тым што іх прапанова прынятая і яны ўключаныя ў крамлёўскую п’есу.

Роля Эўропы на гэтых выбарах, нажаль, будзе мінімальная: эўрапэйцы занялі пазыцыю назіральніка. Фокус геапалітычных цікаўнасьцяў Барака Абамы таксама яўна перасунуўся зь Беларусі ў параўнанні з ягоным папярэднікам Бушам-малодшым. А некаторыя амерыканскія інстытуцыі падтрымкі дэмакратыі шакаваныя сітуацыяй, калі вынікі іх шматгадовай працы па падтрымцы дэмакратычных кааліцыяў, маладзёвых рухаў супраціву і іншых дэмакратычных структураў могуць апынуцца сродкамі рэалізацыі расейскіх інтарэсаў.

Што ж гэта за прарасейскія сілы? А яны не так ужо і хаваюцца, дэманструючы элементы “большого русского стиля” вядзення палітычнай барацьбы. Яны не баяцца называцца “прарасейскімі”, яны гатовыя лавіць і трансляваць дэмакратычныя імпульсы з Масквы. Яны не левыя, яны не правыя, яны не пужаюць мінака нацыяналістычнай праграмай і беларускай мовай. Уласна кажучы, праграмы ў іх увогуле ніякай няма, затое ёсць пэўныя грошы. Некаторыя з іх супрацоўнікаў належаць да партыяў з даўнімі традыцыямі – толькі цяпер яны схавалі партыйныя пасьведчанні і начапілі новую сімволіку. І выглядаюць гэтыя людзі зусім не здраднікамі, а проста сціплымі кан’юнктуршыкамі, якія хочуць зарабіць на “актуальным” палітычным праекце. Пра сэнс таго праекта большасьць з іх асабліва не задумваецца. Але гэта не бізнес-праект! Ідзе аперацыя па захопу беларускай дзяржавы. І прыкра глядзець, як нашыя добрыя знаёмыя, з якімі мы прайшлі разам Плошчу, з якімі разам сядзелі на “сутках”– гэтыя людзі пераўтварыліся ў “субпадрадчыкаў” расейскага імперыялізму і  цяпер зарабляюць капейчыну на продажы Бацькаўшчыны.

Дык што, калі не з гэтымі купленымі і перакупленымі “субпадрадчыкамі” – то значыць за Лукашэнку? Не, не за яго, а супраць Лукашэнкі. Супраць любых здраднікаў, супраць будзь-якога гандлю нацыянальнымі інтарэсамі. Менавіта таму Партыя БНФ і вылучыла свайго кандыдата – Рыгора Кастусёва – на прэзідэнцкія выбары.

Мэта гэтай публікацыі – перадусім не ў тым, каб пераканаць чытача галасаваць за Кастусёва, хоць я насамрэч лічу кандыдата ад Партыі БНФ найлепшым на сённяшні момант прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта. Я хачу  растлумачыць матывы, якімі партыя кіруецца, калі робіць самастойную, выразна адрозную ад іншых кампанію ў як ніколі неспрыяльных умовах. Я не ведаю, ці здолеем мы ў гэтых умовах атрымаць падтрымку большасці. Але я перакананы, што няўдзел нацыянальных сілаў у гэтай кампаніі на доўгія гады пакінуў бы айчынную палітычную сцэну без сапраўднага выяўлення нацыянальных інтарэсаў. Наступствамі гэтага магла быць далейшая дэнацыяналізацыя грамадства і страта сувэрэнітэту.

Нельга не сказаць пра байкот выбараў, які зараз, ва ўмовах расцярушанасьці палітычнага жыцьця, шмат каму падаецца апраўданым варыянтам. Здаецца – вось просты шлях, як і не падтрымаць крамлёўскі сцэнар, і не стацца акторам у “выбарчым балаганчыку” Ярмошынай. Але ж безумоўны байкот насамрэч ілюзорнае выйсьце, гэта ўвогуле не выбар. Поўны не ўдзел у выбарах азначае – кінуць краіну на гульнявы стол, за якім сядзяць лукашысты і крамлёўцы. Байкот – гэта пасіўная падтрымка таго ж маскоўскага сцэнара.

Для расейскіх памагатых выбары патрэбныя для таго, каб падагрэць сітуацыю, запусціць рухавік народных пратэстаў пад лозунгамі “у народа скралі галасы” – і пад гэты шумок скрасці у народа нешта больш важнае, магчыма, усю нашу краіну. У сённяшняй Беларусі ёсьць шмат рэчаў, супраць якіх трэба змагацца – але ж незалежнасьць Беларусі (у першую чаргу – ад Крамля) не ёсьць адной з іх. Тыя хто з гэтым сцвярджэннем не згодныя – нашыя палітычныя ворагі.

Пры ўсёй складанасці намаляванай карціны, безадказнасці асобных апазыцыйных структур, асноўная пагроза для Беларусі па-ранейшаму палягае ў аўтарытарным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі. І цяпер гэтая пагроза беларускай незалежнасьці рэальная – нават больш рэальная, чым у часы “гандлю пацалункамі”. Таму Лукашэнка ў імя захавання нацыянальнай еднасці мусіў бы адмовіцца ад удзелу ў маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах. Па-першае, ён не мае на тое ані юрыдычнага, ані маральнага права. Па-другае, ягоны ўдзел азначае эскалацыю вайны на знішчэньне беларускай дзяржавы. Сённяшняя сітуацыя – вынік ягонай шматгадовай палітыкі гандлю нацыянальнымі інтарэсамі. Неўдзел Лукашэнкі ў выбарах і ягоны дабраахвотны сыход  з наступным фармаваннем новаабраным прэзідэнтам ураду народнага даверу з шырокага кола палітычных сілаў мог бы гарантавана разбурыць маскоўскі сцэнар захопу ўлады ў Беларусі.

Аднак Лукашэнка ідзе на выбара і – хто сумняецца? – будзе абвешчаны пераможцам. Што ж тады – ці ісці на плошчу, дзе некаторыя будуць спрабаваць разыграць пад кіраўніцтвам крамлёўскіх рэжысэраў “кіргізкі” сцэнар? Трэба ісці. Толькі ісці не за кандыдатамі пад сцягамі незразумелых колераў – ісці ў абарону незалежнасці пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

У гэтым – добрая навіна для сапраўдных беларускіх патрыётаў, некаторыя з якіх ужо падрыхтаваліся перасядзець гэтыя выбары на печы з сарказмам каментуючы валтузню палітыкаў. Гэтым разам перасядзець выбары не атрымаецца: спадарства, ваш чын зноўку патрэбны Бацькаўшчыне! Перакананы, што нацыянальна сведамыя грамадзяне зробяць слушны выбар – грамадзянскі выбар на карысьць Беларусі.